Апошні выпуск Мікіты Мелказёрава на канале “Загляне сонца” быў прысвечаны Магілёву

Перад сваёй раптоўнай смерцю ў эміграцыі таленавіты беларускі журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў распавёў пра гісторыю Магілёва.

Відэападкаст “Горад, які паддалі анафеме” стаў апошнім у праекце “Загляне сонца”. Відавочна, што журналіст не збіраўся спыняцца на гэтым, але Бог распарадзіўся іначай. Мікіта Мелказёраў нечакана памёр уноч на 21 снежня. А 18 снежня на YouTube з’явіўся яго чарговы, стаўшы апошнім, выпуск.

“У новым выпуску “Загляне сонца” – гісторыя праваслаўнага Магілёва, які паўстаў супраць Маскоўскай дзяржавы. Што насамрэч адбылося ў 1661 годзе? Чаму мясцовыя жыхары адкрылі вароты Маскоўскаму войску? За што Магілёў атрымаў анафему – і ці атрымаў насамрэч? І як Пётр I адпомсціў гораду агнём і разбурэннямі? Гэта аповед пра багаты еўрапейскі горад XVII стагоддзя на тэрыторыі Беларусі і пра тое, як на практыцы выглядае маскоўскае «вызваленне» – паведамляў Мікіта Мелказёраў у анонсе да выпуску.

Акрамя таленту, які праявіўся ў Мікіты, у прыватнасці, у гутарках з беларусамі, ён быў адным з тых нешматлікіх, хто звярнуўся да беларушчыны ў дарослым узросце. 

Скрыншот: “Загляне сонца”

У Магілёве прэзентавалі кнігу пра “подзвігі чэкістаў”

«Магілёўскія ведамасці» сумесна з упраўленнем КДБ па Магілёўскай вобласці выдалі кнігу пра “гераізм чэкістаў у гады вайны”. 

Контрразведчыкі Магілёва не хочуць, каб перапісвалі іх “слаўную” гісторыю. З гэтай мэтай яны прэзентавалі кнігу «”Храбрацы“ асаблівага прызначэння».

Мерапрыемства прайшло ў сценах Музея Славы і сабрала ўвесь колер магілёўскай творчай інтэлігенцыі цяперашняга кшталту – галоўнага рэдактара газеты аблвыканкама Ірыну Петрусевіч, прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар», былога КДБіста, а цяпер старшыню абласного аб’яднання саюза пісьменнікаў Алеся Казеку і ўсіх, хто перакананы ў бездакорнасці магілёўскіх чэкістаў.

Тэма не проста спрэчная, а вельмі і вельмі склізкая. Чэкісты, няма словаў, таксама ваявалі, але іх уклад у перамогу над фашызмам – мікраскапічны ў параўнанні з мільёнамі салдат, што засталіся ляжаць пад фанернымі зоркамі і ў безыменных пахаваннях на палях баёў.

А вось пра ролю чэкістаў у фарміраванні загараджальных атрадаў, перадваенных і пасляваенных рэпрэсіях супраць уласнага народа кніжак пісаць не трэба – пра гэта ўсё і ўсім даўно вядома.

«Подзвігі» чэкістаў, у тым ліку і магілёўскіх, здзейсненыя ў апошні час, таксама афіцыйна задукаментаваныя.

За чарговую хвалю рэпрэсій супраць беларускага народа ім давядзецца адказваць паводле закона. І кнігі пра гэта будуць напісаныя зусім іншыя: гісторыю не спатрэбіцца перапісваць, яе трэба будзе толькі дапісаць.

Фота “Магілеўскія ведамасці”.

Магілёўца арыштавалі за адмаўленне “генацыду”, які не даказаны

Васямнаццацігадовы магілёвец стаў ахвярай скажонага і антынавуковага погляду на падзеі нямецка-савецкай вайны на тэрыторыі БССР, які цяпер насаджаецца ў Беларусі.

Васямнаццацігадовага магілёўца ўзялі пад варту па санкцыі пракурора Магілёўскай вобласці за “адмаўленне генацыду беларускага народа”. Паводле матэрыялаў справы, малады чалавек адмаўляў “планамернае знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі і памагатымі насельніцтва БССР”, а таксама існаваннне плана “ОСТ” нацысцкай Германіі.

Пра гэта, паводле пракуратуры, хлопец напісаў у верасні 2024 года ў каментары ў Тэлеграме ў агульнадаступным чаце.

Сапраўды, сёння ў Беларусі адмаўленне т.зв. генацыду беларускага народа пераследуецца Крымінальным кодэксам. За такое “злачынства” прадугледжана пакаранне ў выглядзе да пяці гадоў пазбаўленнен волі. І гэта пры тым, што факт менавіта “генацыду беларускага народу” ніяк і нікім не даказаны.

Паводле Канвенцыі ААН 1948 года і Міжнароднага крымінальнага суда, генацыд – гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае або частковае знішчэнне пэўнай нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы як такой. Галоўнае тут – наяўнасць наўмыснага намеру знішчыць групу менавіта як этнас або нацыю.

Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь была арэнай масавых забойстваў, спаленых вёсак і карных аперацый. Але галоўная мэта нацыстаў была – каланізацыя і эксплуатацыя тэрыторый, а не поўнае знішчэнне беларусаў. План «Ост» прадугледжваў рэзкае скарачэнне мясцовага насельніцтва праз гвалт, галодную смерць і высяленне, але юрыдычна гэта часцей трактуецца як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, а не як генацыд у чыстым выглядзе.

Падчас вайны на тэрыторыі Беларусі адбылося масавае вынішчэнне яўрэяў – гэта прызнана сусветнай супольнасцю як Халакост, то бок генацыд яўрэйскага народа. Таксама быў генацыд цыганскага народу – Параймос, і гэта таксама задакументавана і прызнана міжнароднымі структурамі. Для беларусаў не было дакументаванага асобнага плана, які б дакладна апісваў іх знішчэнне менавіта як этнічнай групы.

Для юрыдычнага прызнання патрэбен судовы працэс: ці Міжнародны крымінальны суд, ці спецыяльны трыбунал. У выпадку Беларусі ніколі не праводзіўся міжнародны суд, які б прызнаў факт генацыду беларускага народа на аснове расследавання з дакументамі, сведчаннямі і вывадамі.

Ніхто не спрачаецца, што беларусы панеслі страшэнныя страты і пацярпелі ад жорсткіх і сістэмных злачынстваў нацыстаў. Але па строгіх юрыдычных крытэрах генацыд – гэта дакументальна зафіксаваная спроба знішчыць народ як этнас. Такіх прамых дакументаў і міжнароднага прысуду па «генацыдзе беларускага народу» няма. Таму гісторыкі і юрысты ўжываюць тэрміны «злачынствы супраць чалавечнасці», «ваенныя злачынствы», «масавыя рэпрэсіі», але не «генацыд» у прававым сэнсе. Але ці мае гістарычная праўда якое-небудзь значэнне для сённяшняй улады ў Беларусі, калі яе скажэнне ва ўгоду ідэалогіі ёсць значна важнейшым?

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Унікальны малюнак Магілёва ХІХ стагоддзя быў прададзены на маскоўскім аўкцыёне

Стала вядома пра продаж на аўкцыёне “Літфонд” у Маскве арыгінальнага малюнка з відам Магілёва 1822 года. Навіной пра гэта падзяліўся вядомы магілёўскі калекцыянер і краязнавец Алег Давід Лісоўскі.

Упершыню гэты акварэльны малюнак стаў вядомы восем гадоў таму, калі ён з’явіўся на адным з амерыканскіх аўкцыёнаў. “Акварэль была ўнікальная сваім ракурсам, які дапамог удакладніць канфігурацыю замкавых умацаванняў.” – адзначае Лісоўскі. На малюнку на пярэднім плане выяўлены спуск з Замкавай гары ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца прыступкі бакавога спуска з парка Горкага да Быхаўскага рынку. Выяўлены на акварэлі вал дэманструе рэальныя памеры і структуру старажытнага магілёўскага замка ў гэтым месцы.

Акварэль невядомага мастака “Від горада Магілёва” была прададзеная 9 кастрычніка 2025 года ў аўкцыённым доме “Літфонд”. Канчатковы кошт пакупкі не паведамляецца на афіцыйным сайце, але крыніцы mogilev.media са спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў аўкцыённага дома адзначаюць, што кошт малюнка аказаўся параўнальна невысокім для падобнай унікальнай выявы – усяго некалькі соцень еўра ў эквіваленце.

Будынак псіхбальніцы з жудаснай гісторыяй прадаюць у Магілёве

Будынак лабараторыі Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы, дзе былі расстраляны каля тысячы чалавек, выстаўлены на аўкцыён.

Пабудова знаходзіцца на вул. Сурганава, 53. Цяпер гэта пустуючы аднапавярховы будынак, які пабудавалі ў 1804 годзе. 

Аб’ект знаходзіцца пад статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі «будынак пачатак XIX стагоддзя». У перыяд нямецка-савецкай вайны фашысты знішчылі ў яго сценах звыш 1200 хворых.

Варта адзначыць, што падчас вайны большасць будынкаў бальніцы было разбурана, але пасля 1945 года яе працу аднавілі. У 2009 годзе на адным з карпусоў бальніцы з’явіўся памятны знак ахвярам фашызму.

Пачатковы кошт лота – 481 243 рублі. Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне можна да 18 снежня. Таргі пройдуць на пляцоўцы «БУТБ-маёмасць» 22 снежня 2025 года.

Фотаздымак: БУТБ-маёмасць

Здымак магілёўскіх паліцаяў прадставіў Беларускі інстытут публічнай гісторыі

У тэлеграм-канале арганізацыі “Беларускі інстытут публічнай гісторыі” з’явіўся рэдкі здымак паліцыянтаў Магілёва часоў гітлераўскай акупацыі.

На чорна-белым здымку можна пабачыць шасцёх мужчын, якія выстраены ў шэраг. Пры кожным – агнястрэльная зброя. Апранутыя яны кожны ў сваё. Толькі адзін мае нямецкую форму, якую насіў, імаверна, як звыклае адзенне, бо на ёй няма пагонаў.  

Як адзначаецца ў паведамленні, гэта – паліцыянты ў Магілёве 1943 года. Таксама ў тэксце распавядаецца пра даследаванне навукоўца Уладзіміра Лобача пра вобраз дапаможнай паліцыі ва ўспамінах вяскоўцаў паўночнай Беларусі. Яно было апублікавана ў часопісе Studia Białorutenistyczne (2023/17).

“У вусных апавяданнях частым ёсць параўнанне паліцаяў з немцамі, дзе калабаранты, якія заплямілі сябе крывёю і гвалтам, выступаюць як большае зло, нават у параўнанні з акупантамі («горш за немцаў»). Жорсткая ацэнка грунтуецца на непрыняцці чалавека, які быў «сваім», але перайшоў на бок «чужых» дзеля гвалту над аднавяскоўцамі”, – гаворыцца ў даследаванні.

У той жа час адзначаецца іншае стаўленне да тых, хто апынуўся ў паліцыі пад прымусам. Напрыклад, у маладога чалавека, які дасягнуў прызыўнога ўзросту, выбар часта быў невялікі: ці ісці ў паліцыю, ці быць вывезеным на працы ў Германію. Такія людзі, звычайна, не рабілі нічога кепскага і ў крытычных сітуацыях дапамагалі простым жыхарам («Ну, паліцаі, сматра якія, былі і добрыя»). Пакаранне такіх савецкай судовай сістэмай лічылася празмерна жорсткім і несправядлівым.

Фотаздымак: ТГ “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”

Стогадовая настаўніца з Магілёва рашае дыферэнцыяльныя ўраўненні

Настаўніца матэматыкі з Магілёва адзначае стогадовы юбілей.

Прымаючы высокае начальства, якое прыйшло павіншаваць яе са 100-гадовым юбілеем, Маргарыта Васільеўна Ікусава сказала, што яе бянтэжыць такая пільная ўвага. 

Між тым Маргарыта Ікусава – партрэт цэлай эпохі. Яна сустрэла вайну 15-гадовым падлеткам, а як толькі атрымала пашпарт, скончыла школу малодшых авіяспецыялістаў. Пасля вайны пятнаццаць гадоў вучыла матэматыцы дзяцей у Быхаве, потым выкладала фізіку ў адным з магілёўскіх інстытутаў.

Да гэтага часу пенсіянерка, замест таго каб разгадваць красворды, вырашае дыферэнцыяльныя ураўненні, а яснасці яе розуму могуць пазайздросціць і маладыя людзі.

Фота БелТА.

«Наш зубр»: як Ігар Марзалюк стаў героем TikTokу

Прафесар з Краснаполля раптам стаў папулярны сярод моладзі. Чаму часам нават хочацца з ім пагадзіцца?

Гісторык, прафесар і ураджэнец Краснаполля Ігар Маразалюк актыўна падтрымлівае Лукашэнку, але БНФ-скае мінулае не-не, ды й дае пра сябе ведаць.

Ігар Аляксандравіч нечакана стаў папулярным у TikTokу. Моладзь называе Маразалюка «наш зубр», «наш ваўкалак» і лічыць, што ён «выдаў базу».

Некаторыя выказванні Маразалюка сапраўды трапляюць у самае яблычка.

Ён, напрыклад, цалкам слушна лічыць, што масавая расійская самасвядомасць узнікла не на ўзроўні эліты. Не ў часы Пушкіна або Лермантава.

Яна сфарміравалася значна пазней – у перыяд ленінска-сталінскай мадэрнізацыі.

І калі беларусы называлі сябе «тутэйшымі», то расіяне – «скамскімі», гэта значыць «пскоўскімі».

Ёсць і іншыя выказванні, якія міжволі выклікаюць, калі не павагу да Маразалюка, дык згоду з ім.

Сярод папулярных відэа ёсць фрагмент, у якім прафесар сцвярджае, што беларусы – ніякія не малодшыя браты Расіі, а нашае Палессе – зыходная тэрыторыя, з якой славянства пачало набіраць сілу.

Фота з адкрытых крыніц.

“Гэты знак – не проста ўказальнік” – у Мсціславе і Крычаве паднавілі ў’язныя знакі

У Крычаве і Мсціславе былі ў чарговы раз ўпарадкаваны ўяўзныя зкакі: першы кардынальна змяніў свой выгляд, другі абнавіў афарбоўку.   

Уяздны знак Крычава, які знаходзіцца пры заездзе у горад з боку Чэрыкава і Слаўгарада зноўку змяніў свой знешні выгляд. Верхняя яго частка была пафарбавана ў чырвоны колер, а таксама быў нанесены раслінны арнамент. На самім пастаменце з’явіўся герб горада: чырвоны крыж са срэбраным мячом на чырвоным шчыце. Такім чынам, уяздны знак стаўся больш каляровым і заўважным з боку дарогі чым папярэдні яго варыянт, пра што раней згадвалі  mogilev media.  

Не адстаюць ад суседзяў і жыхары Мсціслава. Падчас суботніку супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў перафарбавалі ўяздны знак горада, што знаходзіцца на вуліцы Магілёўскай.

Мсціслаў знак

“Гэты знак – не проста ўказальнік, а сімвал гонару за родны горад, візітоўка, якая гасцінна сустракае кожнага, хто, як кажуць, пераступае парог Мсціслава. Таму важна, каб ён заўсёды меў акуратны выгляд.” цытуе словы жырэктара Дома рамёстваў Арцёма Сяргеева мсціслаўская газета “Святло Кастрычніка”

У Крычаве з’явілася выданне пра гісторыю мясцовай футбольнай каманды

Спартыўны краязнавец з Крычава Сяргей Пятроў падрыхтаваў і выдаў брашуру, прысвечаную выступленню мясцовай каманды «Сож» ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе ў другой лізе.

 “У ёй сабраныя не толькі статыстычныя даныя пра выступленне каманды “Сож”, але і падрабязныя агляды матчаў, падрыхтаваныя журналістамі раённых газет тых мясцін, дзе праходзілі гульні «Сажа». Чытачы змогуць акунуцца ў атмасферу кожнага матчу, а таксама даведацца пра найлепшыя моманты, якія запомніліся гледачам і заўзятарам” распавядае пра новае выданне раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Адзначым, што для Беларусі гэта адметная падзея, бо рэгіянальным спортам ў нашай краіне займаецца вельмі малая колькасць людзей, а тым больш рыхтуе спецыялізаваныя выданні. У сваю чаргу Сяргей Пятроў вядомы спартыўным краязнаўцам і гісторыкам беларускага футбола як аўтар выданняў “Страницы футбольной истории Кричева” і “Четыре памятных сезона”, якія прысвечаны гісторыі футбола ў Крычаве.