Дзень у гісторыі. 16 чэрвеня

Дзень у гісторыі. 16 чэрвеня. Заснаваны Ford i Pepsi. Пакарэнне космасу беларускай. Нарадзіўся А. Казарскі.

1797 год. У беларускай Дуброўне нарадзіўся Аляксандр Казарскі (1797-1833).

Ваенна-марскі дзеяч, падарожнік.

У 1831 годзе адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург, па якому пазней пракладзены Беламорска-Балтыйскі канал.

14 мая 1829 года на чале 18-гарматнага брыгу “Меркурый” уступіў у бой з турэцкімі караблямі, якія ўдзесяцёра пераўзыходзілі па сілах, і выйшаў пераможцам.

У гонар нашага земляка і яго гераізму пастаўлены помнікі і памятныя знакі ў Дуброўна, Севастопалі, Мікалаеве, прысвечаны палотны мастака Айвазоўскага.

Памёр 16 (28) чэрвеня 1833 года.

1828 год. Нарадзіўся Пётр Бяссонаў (1828-1898).

Рускі славянафіл, гісторык літаратуры, выдавец беларускага фальклору, этнолаг і публіцыст.

Служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства замежных спраў, сінадальнай друкарні, старшынём Віленскай археаграфічнай камісіі, дырэктарам Віленскіх рэальнага вучылішча, гімназіі, бібліятэкарам Маскоўскага ўніверсітэта.

Вынікам яго дзейнасці ў Вільні стаў зборнік «Беларускія песні», у які ўвайшлі валачобныя, юр’еўскія, куставыя, мікольскія, пятроўскія, купальскія, калядныя і масленічныя песні.

Аўтар працы «Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца» ў выглядзе палемікі аўтара з умоўным апанентам. Апанент, пецярбургскі ліберал, сумняецца ў мэтазгоднасці прымусовай русіфікацыі края, папракае чыноўнікаў у няведанні спецыфікі і празмернай жорсткасці. П. Бяссонаў у адказ тлумачыць сваё разуменне праблемы беларускага і польскага сепаратызму, апраўдвае палітыку расійскага ўрада. 

1834 год. Нарадзіўся Аляксандр Ельскі (1834-1916).

Беларускі пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнавец.

Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў, патрыярх прафесійнага беларусазнаўства.

Яму належаць словы: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, стварыць дабрачыннасці!»

Памёр 10 верасня 1916 года.

1875 год. Нарадзіўся Канстанцін Галкоўскі (1975-1963).

Літоўскі і беларускі кампазітар, дырыжор, прафесар Літоўскай кансерваторыі. Народны артыст Літвы.

Бацька яго паходзіў з Магілёўшчыны.

Вучань М. Рымскага-Корсакава, А. Глазунова, А. Лядава. Сябра Максіма Танка, Рыгора Шырмы.

Аўтар многіх твораў, заснаваных на беларускім фальклоры, музыкі рамансаў і хораў на вершы беларускіх паэтаў Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Зм. Бядулі, К. Буйло.

Р. Шырма і К. Галкоўскі разам з маладымі беларускімі літаратарамі Н. Арсенневай, Максімам Танкам, Х. Ільяшэвічам, Я. Бартулем, М. Шчорсам і іншымі. Канец 1920-х гг.

1897 год. Нарадзіўся Аляксандр Шлюбскі (1897-1942).

Беларускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст, бібліёграф. 

Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.

Арганізатар архіўнай справы ў Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку,  працаваў у Інбелкульце, Інстытуце гісторыі АН БССР. Сябра і паплечнік Вацлава Ластоўскага.

Склаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі». 

Арыштаваны ДПУ у красавіку 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1931 годзе высланы ў Ніжні Ноўгарад. Паўторна арыштаваны ў Ленінградзе ў 1935 годзе.

Мабілізаваны ў ліпені 1942 года ў армію. Лічыцца зніклым без вестак з 26 жніўня 1942 года.

1903 год. Заснавана аўтамабільная фірма “Форд мотар компані”. 

Малады амерыканскі інжынер Генры Форд, заручыўшыся падтрымкай групы фінансістаў, заснаваў сваю ўласную фірму з мэтай ператварэння аўтамабіля з прадмета раскошы ў прадмет першай неабходнасці.

Форд імкнуўся выпускаць надзейныя і недарагія аўтамабілі. Напрыклад, ў 1908 годзе “Форд-Т” каштаваў 825 долараў, у 1912 – 375, што зрабіла яго самым даступным сродкам перамяшчэння ў Амерыцы.

Зараз “Форд” выпускае кожны 20-ты аўтамабіль у свеце. Акрамя гэтага кампанія вырабляе беспілотнікі, ваенную тэхніку.

1903 год. У ЗША зарэгістравана гандлёвая марка «Pepsi».

Сама рэцэптура была вынайдзена ў 1893 годзе фармацэўтам  Калебам Брэдхэмам: газіраваная вада, цукар, ваніль, алеі, арэхі колы. 

Спачатку гандлявалася ў аптэках у якасці напою, які дае весялосць, умацоўвае і спрыяе страваванню. Падчас Другой сусветнай вайны “Пепсі-Кола” абыйшла папулярныя “Royal Crown” і “Dr. Pepper” і стала № 2 пасля “Кока-Колы”. 

Упершыню савецкія грамадзяне масава пасмакавалі напой у 1959 годзе на прамысловай выставе ЗША ў маскоўскім парку Сакольнікі (выпіта больш за 3 млн шклянак).

Першы завод “Пепсі Колы” ў СССР быў пабудаваны ў 1974 годзе ў Наварасійску. 

У нас у краіне працуе PepsiCo-Беларусь. Выпускае PepsiCo з ліпеня 2015 года ААТ «Лідскае піва».

1911 год. Нарадзіўся Дзмітрый Лукас (1911-1979).

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў кіраўніком аддзела музыкі Упраўлення па справах мастацтваў БССР, адказным рэдактарам музычнага вяшчання Беларускага радыё, загадчыкам кафедры спеваў Мінскага педінстытута імя М. Горкага.

Аўтар шэрагу опер, у тым ліку «Кастусь Каліноўскі», «Песня о счастье», «Дочь пограничника», твораў для салістаў, хора і аpкестраў, да драматычных спектакляў і фільмаў, у тым ліку «Человек не сдается», «Нестерка», «Дети партизана», апрацовак беларускіх народных песень.

1927 год. У Магілёве скончана будаўніцтва летняга тэатра.

Меў залу на 900 месцаў, добрую акустыку. Вакол тэатра размяшчаліся арэлі, більярдная, бібліятэка, танцпляцоўка. Тэатр у парку імя М. Горкага працаваў да канца 1980-х гадоў.

1928 год. Пайшоў з жыцця Эдвард Вайніловіч (1847-1928).

Гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі і Расійскай імперыі. Патрыёт Беларусі.

Старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, лідар дваран літоўска-беларускіх губерняў, фундатар касцёлу Св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл у Мінску), праваслаўных цэркваў, заснавальнік камітэта абароны яўрэяў і татар, кіраўнік дэпутацкай фракцыі «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» у Дзяржсавеце. 

Фінансава падтрымаў Беларускі Нацыянальны камітэт, член Рады БНР. Катэгарычна выступаў супраць паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Польшчы.

Памёр у Польшчы. 11 чэрвеня 2006 года ўрачыста перапахаваны ў  Мінску каля Чырвонага касцёла.

1963 год. На трое сутак космас пакарыўся Валянціне Церашковай.

Церашкова – беларуска, 6-ы ў свеце касманаўт і першая жанчына-касманаўт. Яна зрабіла 48 віткоў вакол Зямлі.

Яе бацька родам з в. Выйлава Бялыніцкага раёна, маці – з в. Ерамееўшчына Дубровенскага раёна.

У дзяцінстве выхоўвалася на беларускай мове.

1979 год. Памёр ураджэнец Віцебска Лазар Лагін (Гінзбург, 1903-1979).

Савецкі пісьменнік і паэт, вядучы прадстаўнік савецкай сатырычнай, фантастычнай і дзіцячай літаратуры, аўтар аповесці-казкі “Стары Хатабыч”.

Псеўданім Лагін – скарачэнне ад Лазар Гінзбург.

Скончыў школу ў Мінску, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, у арганізацыі камсамола ў Беларусі.

Сябраваў з У. Маякоўскім, які ацаніў яго вершы.

Працаваў у рэдакцыях цэнтральных газет, у тым ліку ў “Праўдзе”, у часопісе “Кракадзіл”.

Падчас вайны працаваў у газеце «Чырвоны чарнаморец», удзельнічаў у абароне Адэсы, Севастопаля, Керчы, Наварасійска, у вызваленні Румыніі.

Аўтар фантастычных твораў: «Патэнт АВ», «Востраў расчаравання», «Атавія Проксіма», «Эліксір Сатаны», «Бялявая шэльма» і іншых.