Дзень у гісторыі. 28 лютага. Судзебнік Казіміра. Газета «Гоман». Нарадзіліся пісьменнікі У. Радзівіл, А. Бадак, гісторык Г. Галенчанка, Нобелеўскі лаўрэат П. Кругман

1468 год. У ВКЛ прыняты крымінальны кодэкс – Судзебнік Казіміра.

Першы зборнік крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены паводле загаду вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка. 

Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. Дату выдання Судзебніка вызначыў ураджэнец Прапойска протаіерэй І. Грыгаровіч. 

У судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, утрымліваліся нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.

Вызначаліся адзіныя віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа. Скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўнымі відамі пакарання паводле судзебніка сталі пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.

1616 год. Памёр Мікалай Радзівіл Сіротка (1549-1616).

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат. 

Удзельнік аблог Улы, Пскова, вызвалення Полацка ад войск Івана Жахлівага. Падарожнік па Еўропе, Блізкаму Усходу. Аўтар кнігі «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», якая вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай, рускай мовах, у 1984 годзе – на беларускай.

Ініцыятар і фундатар выдання першай дакладнай карты ВКЛ (выдадзена ў 1613).

1712 год. Нарадзіўся Удальрык Крыштоф Радзівіл.

 Польскі і беларускі пісьменнік, паэт, гісторык. Канюшы літоўскі, вялікі пісар літоўскі і староста менскі, генерал-лейтэнант войска ВКЛ.

Дзівак i фантазёр, здольны і начытаны, але схільны да авантурызму. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у тым ліку грэцкую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую.

Пакінуў значную літаратурную спадчыну. Аўтар кніг «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў», «Маральныя элегіі», «Агульная гісторыя» (або «Універсальная гісторыя», 3648 старонак), «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Сусветныя крытыкі або сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» і іншых.

Перакладчык твораў на польскую мову.

Спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з герояў пераробкі твора Э. Бруселя «Камедыя Эзопа», прызначаная для нясвіжскага тэатра.

Памёр 21 ліпеня 1770 года.

1812 год. Памёр Гуга Калантай (1750–1812). 

Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст.

Доктар філасофіі і тэалогіі. Актыўны дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, рэктар Кракаўскага ўніверсітэта.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791 года, адзін з вядучых ідэолагаў, кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў паўстанні 1794 года.

Суаўтар Кракаўскага акта паўстання, Паланецкага ўніверсала, пастановы аб надзяленні зямлёй сялян, якія бралі ўдзел у паўстанні.

Пасля паражэння паўстання ў 1794–1802 гадах быў у аўстрыйскім зняволенні.

Пакінуў багатую філасофскую і публіцыстычную спадчыну. Яго працы заснаваны на перадавых на той час ідэях Асветніцтва, вучэнні французскіх фізіякратаў, эвалюцыйнай канцэпцыі развіцця грамадства.

1916 год. У Вільні пачалося выданне газеты «Гоман».

Беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове  2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, Я. Салаўя.

Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае.

Газета друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, артыкулы па сацыяльна-палітычным праблемам, інфармацыю з франтоў, абвесткі беларускіх кнігарняў. Упершыню апублікавала некаторыя творы Я. Коласа, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Нікіфароўскага, А. Луцкевіча.

1937 год. Нарадзіўся Георгій Галенчанка. 

Беларускі гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Доктар гістарычных навук.

Працаваў у БДУ, у Інстытуце гісторыі АН БССР, даследаваў пытанні гісторыі беларускага кнігадруку XVI–XVIII стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў «Малой падарожнай кніжкі» Ф. Скарыны, аўтар кніг «Ідэйныя і культурныя сувязі ўсходнеславянскіх народаў у XVI – сярэдзіне XVII ст.», «Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар», суаўтар з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Францыск Скарына», выдадзенай ЮНЕСКА. 

Укладальнік раздзела «Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII ст.» у каталогу «Кніга Беларусі. 1517–1917 гг.», факсімільнага выдання «Бібліі» Ф. Скарыны (у 3-х тамах).

1942 год. У ГУЛАГу памёр ураджэнец в. Выдранка Краснапольскага раёна Канстанцін Кернажыцкі (1902–1942). 

Беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, БДУ.

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці ў канцы XVII – 1-й паловы XIX стагоддзяў. Займаўся пытаннямі распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеадальнага перыяду на Беларусі.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». Яго працы лічацца важнай вяхой у беларускай гістарыяграфіі ХХ стагоддзя.

11 снежня 1937 года арыштаваны НКУС, прыгавораны як «польскі шпіён» да лагераў.

1953 год. Нарадзіўся Пол Кругман. 

Амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (2008)

Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Брэст-Літоўска. Зацікавіўся эканомікай і гісторыяй яшчэ ў дзяцінстве пад уплывам навукова-папулярных кніг выхадца з беларускіх зямель Айзека Азімава.

Прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Іельскага, Каліфарнійскага, Стэнфардскага ўніверсітэтаў, Лонданскай школы эканомікі, цяпер працуе ў Прынстанскім універсітэце.

1966 год. Нарадзіўся Алесь Бадак. 

Беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык.

Працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Бярозка», «Маладосць», галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман», «Полымя». Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

На шматлікія яго вершы напісаны песні А. Саладухі, А. Ярмоленкі, Алесі.

Аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень.

Выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

1985 год. Памёр Вадзім Жучкевіч (1915–1985). 

Беларускі прыродазнавец, доктар геаграфічных навук, прафесар. Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства БССР.

У школьныя гады займаўся краязнаўчымі даследаваннямі, пісаў вершы, якія дасылаў у “Піянерскую праўду”. Атрымаў філалагічную і геаграфічную адукацыю (1939) у Мінскім педагагічным інстытуце. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў і простым настаўнікам правінцыянальных школ, і ўплывовым чыноўнікам Дзяржплана БССР.

У 1964–1985 гадах працаваў у БДУ: загадчык кафедры фізічнай геаграфіі мацерыкоў, дэкан завочнага факультэта.

Спецыяліст у галіне фізічнай геаграфіі, методыкі выкладання геаграфіі ў школе, стваральнік навуковай тапанімічнай школы Беларусі, аўтар тапанімічнага раянавання, даследчык беларускіх старажытных водных шляхоў, аўтар школьных падручнікаў “Геаграфія БССР. 7–8 класы” (1959–1989), 350 навуковых прац.

1993 год. Памёр Юрый Шчарбакоў (1925-1993).

Савецкі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар, буйны спецыяліст у галіне геамарфалогіі, вывучэння ландшафтаў, член геаграфічнага таварыства.

Герой-танкіст пад час Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на Курскай Дузе. У час вызвалення Еўропы, двойчы гарэў у танку. Ганаровы грамадзянін г. Прагі.

Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Навукова-педагагічную дзейнасць пачаў на геаграфічным факультэце Магілёўскага педінстытута (1955–1958), прымаў актыўны ўдзел ва ўсебаковым вывучэнні Магілёўскай вобласці, у рабоце Беларускага геаграфічнага таварыства.

Пасля Магілёва працаваў у Пермскім, Краснаярскім, Сімферопальскім, Цверскім універсітэтах.

2007 год. Памёр Генадзь Шкуратаў (1949–2007). 

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Сыграў больш дзясятка роляў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, каля 20 – у кіно.

Дзень у гісторыі. 24 лютага. З’яўленне латарэі. Грыгарыянскі каляндар. Гадавіна нападу Расіі на Украіну. Нарадзіўся Рыгор Барадулін

Велесаў дзень. Сярэдзіна зімы. 

Злуецца Марэна – зіма на Вялеса, напускаючы на яго люты мароз, а на скаціну “каровіну смерць”, але ніяк не можа адолець.

Вялесаў дзень, Валоссе, Улас, Аўлас – апякун свойскай жывёлы, каровіна ці конскае свята. На конях у гэты дзень не працавалі. Коням даюць лепшы корм.

На іконах Святы Аўлас заўсёды маляваўся акружаны каровамі, авечкамі. Да яго іконы ў гэты дзень прыносілі масла: “Аўлас на масла лас”, “У Аўласа барада ў масле”.

У цэнтральных і заходніх раёнах Беларусі атрымаў распаўсюджанне «Бабскі Улас», які адзначаўся толькі жанчынамі, што збіраліся разам і балявалі ўсю ноч, мужчыны на святкаванне не дапускаліся, а калі і сустракаліся па дарозе, то павінны былі адкупіцца.

1466 год. Дзень нараджэння сучаснай латарэі. 

У бельгійскім горадзе Бруге ўдава фламандскага мастака Яна Ван Эйка да 25-й гадавіны смерці мастака правяла грашовую латарэю. Атрыманы прыбытак накіравалі на падтрыманне маламаёмасных жыхароў горада.

Латарэя – гэта азартная гульня, пры якой выгада і страты размяркоўваюцца ў залежнасці ад адвольнага вымання таго ці іншага латарэйнага білета або нумара.

Слова “латарэя” – ад франкскага “hlot” – “жэрабя”, потым яно скарацілася да ангельскага “lot” – “доля”. Італьянская версія lotto –  “лёс”.

Сама гісторыя латарэй адыходзіць у далёкае мінулае чалавечай цывілізацыі. Першае згадванне аб латарэі гэта старажытнагрэцкія міфы. Воіны бяруць каменьчыкі з залатога шлема, і адзін з каменьчыкаў даваў права на паядынак з самім Зеўсам, што ў сваю чаргу мела на ўвазе верагоднасць застацца ў жывых або загінуць з гонарам.

Латарэі ў старажытным Рыме звязаны з імем Юлія Цэзара. Менавіта падчас яго праўлення была праведзена першая грамадская латарэя. Сродкі, атрыманыя ад гэтай латарэі, былі накіраваны на муніцыпальныя патрэбы Рыма.

На тэрыторыі ВКЛ латарэя з’явілася прыблізна ў XVIII стагоддзі.

Савецкія латарэі бяруць пачатак з 1921 года, беларускія – з 1990-х гадоў.

1536 год. Нарадзіўся Мацей Казімір Сарбеўскі.

 Новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра.

Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у Полацкім, Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі. Полацкія і віленскія курсы лекцый паэтыкі і рыторыкі ляглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове. 

З яго асобай звязана з’яўленне ў Віленскім універсітэце кола гуманістаў, якое ўключала прафесараў рыторыкі, прамоўцаў і паэтаў, у тым ліку Жыгімонта Лаўксміна, Яна Рывоцкага, Томаша Клягэ, Яна Хадзынскага, Мікалая Кміціца.

Быў каталіцкім прапаведнікам пры двары караля Уладзіслава IV.

Распрацоўваў эстэтычныя пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі.

Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы.

Аўтар зборнікаў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637). Сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Вершы М. Сарбеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы Д. Набароўскім, на польскую мову — У. Сыракомлем. На беларускую мову іх перакладалі Ларыса Чарнышова, Лявон Баршчэўскі.

1582 год. Папа Рымскі Рыгор XIII выдаў булу аб пераходзе на новы каляндар.

Прапанаваўся астранамічна больш дакладны каляндар, які сталі называць “грыгарыянскім” – у адрозненне ад ранейшага, “юліянскага”, які быў уведзенага яшчэ ў 45 годзе да н. э. Юліям Цэзарам.

Да XVI стагоддзя юліянскі каляндар з-за недастатковай дакладнасці моцна разышоўся з рэальнасцю: так, найважнейшы для вызначэння Велікоднай даты дзень вясновага раўнадзенства з 21 сакавіка перамясціўся на 11-е.

Пантыфік пастанавіў: дзень, які надыходзіць пасля чацвярга 4 кастрычніка 1582 года, лічыць пятніцай, 15 кастрычніка 1582 года. Указанне, натуральна, адразу прынялі да выканання толькі каталіцкія краіны: Італія, Іспанія, Партугалія, Францыя, Рэч Паспалітая і ВКЛ. Германскія княствы перайшлі на новы стыль у 1700 годзе, Англія – у 1752-м, Расія – у 1918-м, Югаславія і Грэцыя – у 1925-м, а В’етнам – толькі ў 1967-м.

Папа Рыгор XIII.
Папа Рыгор XIII.

1760 год. Памёр Мацей Догель (1715-1760).

Вялікалітоўскі гісторык-археограф і правазнавец. Быў рэктарам піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў Віленскі піярскі «Калегіум Нобіліум». 

Збіральнік гістарычных і дыпламатычных дакументаў. Выдавец збора міжнародных трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», збора дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», якія не страцілі свайго значэння.

1805 год. У Мсціславе нарадзіўся Сцяпан Кутарга (1805–1861). 

Геолог, прыродазнавец, картограф, падарожнік, стваральнік і першы старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, Галоўнага педагагічнага інстытута. Першы ў Расіі дарвініст і папулярызатар дарвінізму, папулярызатар навукі сярод шырокіх мас. Доктар медыцыны.

Распрацоўшчык шматлікіх пытанняў геалогіі, геалагічных экскурсій.

Аўтар шміатлікіх прац, у тым ліку “Гісторыя зямной кары”, 10-вёрстнай геагнастычнай карты Пецярбургскай губерніі, за якую атрымаў залатую Канстанцінаўскую медаль Рускага Геаграфічнага таварыства

Загадчык кафедры заалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта (1833-1861), настаўнік будучага акадэміка К Ціміразева.

Памёр 7 мая 1861 года.

1852 год.  М. Гогаль спаліў у Маскве другі том “Мёртвых душ”. 

Гогаль жыў сваёй творчасцю, дзеля якой ён вырак сябе на беднасць. Уся яго маёмасць абмяжоўвалася “самым маленькім чамаданам”. Другі том “Мёртвых душ” – галоўная праца жыцця пісьменніка. Аднак у жыцці пісьменніка наступіў пераломны момант, калі з’явілася хвароба – псіханеўроз. Уноч на 24 лютага ён паклікаў свайго слугу Сямёна і загадаў прынесці партфель з рукапісам  працягу “Мёртвых душ”.

Пад маленні слугі не губіць рукапіс, Гогаль паклаў сшыткі рукапіса ў камін і падпаліў іх свечкай.

Але праз 20 гадоў пасля гэтага, з Магілёва-на-Дняпры ў сталіцу паступіў па пошце ліст, які ўвосень 1872 года зрабіў эфект разарванай бомбы не толькі ў рэдакцыі часопіса “Руская даўніна”, якому быў адрасаваны, але і ва ўсім Санкт-Пецярбургу і нават сярод чытачоў з усёй Расіі. 

Гісторыя містыфікацыі такая. Яшчэ ў студзені ў часопісе былі апублікаваны быццам бы “новыя ўрыўкі і варыянты” другой часткі “Мёртвых душ” М. Гогаля, якую перад самай смерцю пісьменнік спаліў. Як паведамляла рэдакцыя, сёе-тое нібыта захаваў у копіях стары прыяцель Гогаля па гімназіі Пракаповіч, які перадаў іх свайму калегу па педагагічнай працы магілёўскаму “палкоўніку М.Ф. Я-му”. Гэты “палкоўнік” – магілёўскі дарожна-маставы інжынер М. Ястржэмбскі, які потым прызнаўся, што сам з’яўляецца аўтарам працяга “Мёртвых душ”, а не Гогаль.

1922 год. Памёр ураджэнец в. Добасна (зараз – Кіраўскі раён) Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). 

Беларускі празаік, публіцыст, фельетаніст, драматург, паэт, перакладчык, літаратуразнавец, палітык, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.

Яго літаратурная творчасць шматжанравая. Вядомы як аўтар аднаго з першых беларускіх раманаў, баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататкаў, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. 

Вялікае значэнне для станаўлення буйной празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман «Золата». Яго творчасць адыграла значную ролю ў фарміраванні норм беларускай літаратурнай мовы, удасканаленні сістэмы яе стылістычных сродкаў, пашырэнні выяўленчых магчымасцей.

У 1910 годзе ажыццявіў пешую вандроўку па Беларусі. У сваіх падарожных нататках, апублікаваных у «Нашай Ніве» пад назваю «Лісты з дарогі», распавядаў пра мястэчкі і вёскі, цікавых людзей, разважаў над эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі беларускага сялянства, пра родную мову і народную асвету.

Пахаваны ў Вільні на могілках Росы на літарацкай горцы.

1935 год. Нарадзіўся Рыгор Барадулін

Беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Вядомы таксама як Дзядзька Рыгор. Апошні, хто атрымаў званне «Народны паэт Беларусі».

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газетах, часопісах, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (рэдактар, загадчык рэдакцыі).

Адзін са стваральнікаў, прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, член Сойма БНФ, сукіраўнік Беларускага Фонду Сораса, суарганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць (2000 год).

Аўтар вершаў, паэтычных кніг, 100 зборнікаў, сатырычных і гумарыстычных твораў, эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва, шаржаў, перакладаў, твораў для дзяцей, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша», кнігі «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» (лепшая кніга 2013 года па версіі газеты «Наша Ніва»).

Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры.

Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996–2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.

У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі.

Перакладаў на беларускую мову Я. Райніса, Ф. Гарсія-Лорку, І. Драча, Г. Містрал, Амара Хаяма, «Слова пра паход Ігараў», У. Шэкспіра, Дж. Байрана, А.Міцкевіча і іншых.

Песні на яго вершы напісалі А. Камоцкі, І. Барсукоў, Г. Вагнер, З. Галубіцкая, Я. Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дз.Смольскі, М. Хаўхлянцаў і іншыя.

Узнагароджаны ордэнамі СССР, Латвіі, медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. У 2006 годзе быў намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Яму прысвечана аповесць «Ладдзя Роспачы» У. Караткевіча.

Памёр 2 сакавіка 2014 года. Пахаваны ва Ушачах.

У гонар Народнага паэта ўстаноўлены мемарыяльная дошка ў Мінску, помнік ва Ўшачах.

1963 год. Нарадзіўся Алесь Макарэвіч. 

Беларускі літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце працуе з 1984 года. У 2001–2015 гадах з’яўляўся загадчыкам кафедры беларускай літаратуры.

Даследуе гісторыю беларускай лiтаратуры, паэтыку мастацкага тэксту, гістарычную рухомасць мастацкага тэксту, пытанні методыкі выкладання беларускай літаратуры, польскай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй i вышэйшай адукацыі.

Аўтар больш за 170 навуковых i вучэбна-метадычных публікацый.

2022 год. Расія пачала ваеннае ўварванне ва Украіну.

Кампанія была развязана пасля нарошчвання вайсковай моцы, прызнання Расійскай Федэрацыяй самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Урадам Расіі пазначана як «спецыяльная ваенная аперацыя» па “дэнацыфікацыі”. Прэзідэнт Украіны У. Зяленскі перакананы, што галоўная мэта праціўніка – ліквідацыя Украіны як дзяржавы.

За першыя 100 дзён вайны амаль 14 мільёнам украінцаў давялося пакінуць свае дамы.

У справаздачы ААН гаворыцца, што з 24 лютага 2022 па 15 лютага 2023 года зафіксавана 21 293 выпадкі гібелі або ранення грамадзянскіх асоб у 1 141 населеных пунктах Украіны: 8 006 загінуўшых і 13 287 параненых,

Нават калі ўлічваць толькі пацверджаныя дадзеныя, сукупныя страты тых, хто ваюе на баку Расіі, могуць перавысіць 43 000 чалавек загінуўшымі. З улікам параненых агульныя страты прарасійскіх сіл могуць перавышаць 193 000 чалавек.

Па ацэнцы выведкі ЗША, агульныя страты Расіі ва Ўкраіне на канец студзеня 2023 года перавысілі 188 000 чалавек.

Генштаб Украіны ацэньвае страты Масквы ў больш за 145 000 чалавек. Але міністэрства абароны Расіі свае страты ацэньвае каля 10 000 забітымі.

На 22 лютага 2023 года, паводле украінскіх дадзеных, знішчана расійскіх танкаў – 3334, баявых машын – 6569, артылерыі – 2345, рэактыўных сістэм – 471, сродкаў супрацьпаветранай абароны – 243, самалётаў – 299, верталётаў – 287, беспілотных апаратаў – 2026, крылатых ракет – 873, караблёў і катэраў – 18, аўтамабіляў і аўтацыстэрн – 5212, спецтэхнікі – 226, асабовага складу – каля 145 060 чалавек. 

Страты ўкраінскіх войск, паводле розных крыніц, – да 13 000 забітымі, разам з параненымі – каля 100 000.

Быдгашч. Акцыя салідарнасці з Украінай, 24 лютага 2022 года

Дзень у гісторыі. 21 лютага. Міжнародны дзень роднай мовы. Капітуляцыя Смаленска, вяртанне Бабруйска. Нарадзіліся скульптар М. Мікешын, мастацтвазнавец М. Паграноўскі, гісторык М. Нікалаеў

Міжнародны дзень роднай мовы, Міжнародны дзень матчынай мовы (International Mother Language Day, з 1999 года).

Абвешчаны ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш. Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Дата абрана ў сувязі з тым, што ў гэты дзень у 1952 года загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане – усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 000 моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі толькі ад часу залічэння ў 2009 годзе ЮНЕСКА беларускай мовы да ліку тых, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Ад таго часу бібліятэкі прысвячаюць святу кніжныя выставы беларускамоўных выданняў, музеі, установы культуры ладзяць публічныя чытанні беларускамоўных твораў мастацкай літаратуры пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі і дзяржаўнымі дзеячамі.

У 2008–2021 гадах Таварыства беларускай мовы праводзіла ў гэты Дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў, прэзентацыі новых беларускамоўных кніг, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты. Напрыклад, у 2020 годзе самая буйная імпрэза да Дня роднай мовы адбылася ў мінскім культурным хабе ОК16. На шасці пляцоўках праходзілі майстар-клясы, лекцыі, квэсты, фудтракі і канцэрты. Пад канец свята выступіў Лявон Вольскі.

Пасля ліквідацыі Вярхоўным судом Таварыства беларускай мовы 8 лістапада 2021 года, колькасць мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы, іх якасць і ахоп насельніцтва рэзка паменелі.

Дзень землеўпарадкавальніка і картографа-геадэзічнай службы Беларусі. 

Першыя дакументальныя пасведчанні аб дзяржаўных зямельных актах, якія называлі ездакамі, адносяцца на нашых землях да 1398 года. Ужо тады беларусы мералі зямлю і займаліся складаннем карт. 

У 1997 годзе пасля 200–гадовага перапынку ўз’ядналіся землеўпарадкавальная і картографа-геадэзічная службы – створаны Дзяржкамітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. 

З 2002 года на службу былі ўскладзены таксама функцыі па дзяржрэгістрацыі правоў на нерухомую маёмасць і здзелак з ёю. Агульная колькасць супрацоўнікаў службы складае каля 5 500 чалавек..

21 сакавіка святкуецца Сусветны дзень геадэзіста.

1634 год. Падпісаны акт аб ганаровай капітуляцыі Смаленска перад польным гетманам ВКЛ Крыштофам Радзівілам

Крывіцкі горад, вядомы з 863 года. Першы прывілей на Магдэбурскае права надаў гораду яшчэ князь Вітаўт. 

У канцы ХІІІ-ХV стагоддзях быў буйным цэнтрам беларускага летапісання. Смаленскія харугвы бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. У 1508 годзе горад стаў цэнтрам Смаленскага ваяводства ВКЛ. 

1 жніўня 1514 года быў захоплены маскоўскімі войскамі. Пасля 20-месячнай аблогі, 3 чэрвеня 1611 года войскі Жыгімонта Вазы вярнулі горад да Вялікага Княства Літоўскага. Увосень 1611 года гораду нададзена Магдэбурскае права і герб «у чырвоным полі постаць арханёла Міхала». 

У 1632–1634 гадах Смаленск вытрымаў вялікую маскоўскую аблогу. Маскоўскія войскі на чале з М. Шэіным спрабавалі ўзяць горад, але з’яўленне войска караля і вялікага князя Уладзіслава Вазы змяніла ход кампаніі – і маскоўцы капітулявалі. 

Капітуляцыю прымаў Крыштаф Радзівіл. 

У 1641 годзе ў межах сучаснага горада (мясцовасць Шэінаўка) на загад Уладзіслава Вазы паставілі першы ў Смаленску помнік – абеліск на Кургане Славы ў гонар перамогі над войскам Міхаіла Шэіна.

Капітуляцыя маскоўскіх войскаў на чале з Шэіным
Капітуляцыя маскоўскіх войскаў на чале з Шэіным

1649 год. Месцічы Бабруйска адчынілі гарадскія вароты перад войскамі ВКЛ, скончылася абарона Бабруйска ў ходзе казацкага паўстання 1648–1651 гадоў.

У кастрычніку 1648 года паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гарадскога старасту і занялі горад. Не змаглі вярнуць горад атрады Паца, Кішкі, Валовіча. 

20 лютага да Бабруйска падышоў атрад Я. Радзівіла, які схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21 лютага месцічы адчынілі гарадскія вароты і горад быў узяты. 

Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, былі забіты некалькі тысяч гараджан і казакоў. Кіраўнік абаронай Паддубскі і яшчэ 9 чалавек былі пасаджаны на кол, 40 пакаралі смерцю, 270 казакам была адсечана правая рука, каб застрашыць іншых.

Януш Радзівіл

1835 год. Нарадзіўся Міхаіл Мікешын.

Вядомы расійскі скульптар, мастак, жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар беларускага паходжання.

Пераможца конкурса (1858) на праект помніка «Тысячагоддзе Расіі» для ўвядзення ў Ноўгарадзе. 8 верасня 1862 года помнік урачыста адкрыты. Вышыня манумента з крыжом і фігурай анёла ўверсе – каля 16 метраў, дыяметр – каля 9 метраў, вага – 65,5 тон.

На помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе над фігурамі расійскіх асветнікаў рэстаўратары знайшлі адліты ў бронзе нецэнзурны надпіс, які можна разгледзіць у моцны бінокль.

На помніку адлюстраваны сярод іншых, хрысціцель Русі Уладзімір Святаслававіч – муж Рагнеды Рагвалодаўны, Пётр Магіла – заснавальнік царквы ў магілёўскім Падміколлі, архібіскуп Георгі Каніскі, вялікія князі Яраслаў Мудры – сын Рагнеды, Аляксандр Неўскі – зяць полацкага князя Брачыслава, Гедымін, Альгерд, Вітаўт, князь Пскоўскі Даўмонт – сын Міндоўга, князь Канстанцін Астрожскі, выхадцы з літоўскіх зямель Р. Пацёмкін, кампазітар М. Глінка.

У 1865 годзе Мікешын наведвае малую радзіму, Клімавічы, і потым, на працягу 27 гадоў прыязджаў, каб пакінуць жывыя сведчанні эпохі, жыцця, побыту жыхароў. Апошняя замалёўка Мікешына з Клімавіч датуецца 1892 годам.

У 1888 годзе па яго праекце ўзведзены помнік Б. Хмяльніцкаму ў Кіеве, пазней — помнік Кацярыне II у Пецярбургу.

Памёр 31 студзеня 1896 года. 

1881 год. Пайшоў з жыцця Язэп Ходзька.

Беларускі геадэзіст, тапограф, географ, генерал-лейтэнант.

Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гродзенскай і Мінскай губернях.

Лідары паўстання 1830–1831 гадоў меркавалі прызначыць яго камендантам Вільні. Пасля гэтага быў затраманы рускімі ўладамі і накіраваны на правядзенне тапаграфічных работ на Дунаі і Басфоры.

Склаў ваенны агляд румынскіх княстваў Малдавіі і Валахіі, правеў Закаўказскую трыянгуляцыю. Узнагароджаны вялікім Канстанцінаўскім медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

1905 год. Нарадзіўся Філафей (Уладзімір Нарко).

Праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя. 

Да Другой сусветнай вайной служыў настаяцелем беларускага праваслаўнага прыхода ў Варшаве. У гады вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ, быў епіскапам Слуцкім, пазней – Магілёўскім і Мсціслаўскім.

У 1946 годзе перайшоў у Рускую праваслаўную царкву за мяжой, стаў архіепіскапам Берлінскім і Германскім.

1952 год. Нарадзіўся Мікалай Паграноўскі. 

Беларускі мастацтвазнавец.

Працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі, Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, Беларускай акадэміі мастацтваў, кіраўніком мастацкай галерэі «ONIK», дырэктарам гісторыка-культурнага музея-запаведніка „Заслаўе“.

Працуе на радыё, тэлебачанні, піша сцэнарыі. Эксперт і старшыня мастацкага савету антыкварнага дому «Paragis».

Аўтар 22 каталогаў, 7 альбомаў і кніг, шматлікіх артыкулаў па выяўленчым мастацтве Беларусі ХІХХХІ стагоддзяў.

Вядомы у сувязі з скандалам вакол сапраўднасці новазнойдзенага жывапіснага твора М. Шагала «Певень» – ён адзіны з беларускіх мастацтвазнаўцаў, хто лічыць карціну сапраўднай.

1955 год. Нарадзіўся Мікалай Нікалаеў. 

Беларускі гісторык і грамадскі дзеяч. Доктар філалагічных навук. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Адзін з заснавальнікаў і членаў прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, адзін з стваральнікаў і член Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.

Скончыў БДУ. Працаваў у Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН СССР,  Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, удзельнічаў у раскопках старажытнага Навагрудка, Старой Ладагі. 

Даследуе гісторыю культуры Беларусі, беларускае мастацтва, гісторыю праваслаўнай царквы ў Беларусі.

Пераклаў на беларускую мову працу І. Грыгаровіча «Беларуская іерархія». 

Аўтар манаграфіі «Палата кнігапісная», прысвечанай пытанням традыцый кніжнай культуры Беларусі, гісторыі старажытнай кірылічнай кнігі, богаслужбовых кніг на лацінскай мове, беларускай рукапіснай кнігі.

1964 год. У Нью-Ёрку памёр Леон Гаспар (Лейб Шульман, 1882–1964). 

Амерыканскі мастак. Падарожнік па Еўропе, Амерыцы, Кітаю і Манголіі.

Вучыўся ў Віцебску ў Ю. Пэна. У 1900 годзе на сродкі Пэна пераехаў у Парыж, дзе займаўся ў акадэміі Р. Жульена, у Э. Тудуза і А.-У. Бугра, удзельнічаў у шматлікіх выставах.

Часта вяртаўся ў родны Віцебск. У 1907 годзе ўдзельнічаў у віцебскай выставе разам з Пэнам, К. Калем і Я. Паўлоўскай, прадставіў 89 палоцен і эцюдаў. У 1912 годзе вянчаўся ў віцебскай Ільінскай царкве з амерыканкай Эвелін Адэл, у 1959 годзе здзейсніў вясельнае падарожжа з другой жонкай Дорай Камінскай у Беларусь, СССР, каб пабачыцца з братамі, нагадаць пра сваё мастацтва.

Пад час Першай Сусветнай вайны служыў у французскім авіяцыйным палку. У 1916 годзе пераехаў у ЗША, дзе яго творчасць мела поспех.  

У 1960-я гады, дзякуючы намаганням Д. Камінскай, яго карціны актыўна набываліся амерыканскімі галерэямі і музеямі.

1967 год. Памёр Юрый Тарыч. 

Беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінематаграфіі. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР.

У 1905 годзе як член Варшаўскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі быў высланы ў в. Тара Табольскай губерні. Адсюль і псеўданім – Тарыч, сапраўднае прозвішча Аляксееў.

Працаваў акцёрам у Табольску, Чыце, Ліпецку, Тамбове, Вільні, Маскве.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны. Паручнік.

У кінематографе з 1914 года, калі напісаў сцэнарый фільма «Трагедыя сям’і Набатавых».

У 1926 годзе сумесна з Я. Івановым-Барковым зняў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» па аповесці М. Чарота «Свінапас».

Працаваў на студыі «Савецкая Беларусь», дырэктарам і мастацкім кіраўніком «Манголкіно» (1943-1945), супрацоўнічаў з “Беларусьфільмам”.

Сцэнарыст і рэжысёр 20 кінафільмаў.

Дзень у гісторыі. 17 лютага. Першы падзел Рэчы Паспалітай. Трагедыя Росіцы. Марш “недармаедаў”. Нарадзіліся археолаг К. Тышкевіч, падарожнік па Амерыцы К. Ельскі

Міжнародны Дзень спантанай праявы дабрыні (International Spontaneous Kindness Day, з 1998 года). 

Устаноўлены па ініцыятыве міжнародных дабрачынных арганізацый на канферэнцыі ў Токіа. У гэты дзень, як заклікаюць арганізатары, трэба імкнуцца быць добрым да ўсіх, і не проста добрым, а добрым бязмежна і бескарысліва.

Калі чалавек чакае падзякі за сваю дабрыню, гэта не можа лічыцца сапраўднай дабрынёй.

Добрыя справы самі па сабе павінны дастаўляць вам задавальненне, і пры гэтым, даючы нешта іншым ці дапамагаючы ім, вы не павінны чакаць узнагароды. Такая сапраўдная дабрыня.

Нямногія ў наш неспакойны час здольныя на такі “подзвіг” – у стане стомленасці і раздражненні ад надзённых клопатаў мы ўсё часцей абыякава праходзім міма чужых праблем, пакуль яны не закрануць нас саміх.

І тады мы шукаем падтрымку і ўдзел у людзей, для якіх “бескарыслівая дапамога”, “міласэрнасць” і “спагадлівасць” не проста словы, а сэнс жыцця, які стаў пакліканнем.

1772 год.  Прускі кароль Фрыдрых II і Кацярына II падпісалі Пецярбургскую канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.  

5 жніўня 1772 года набыла моц аналагічная руска-аўстрыйская канвенцыя. У верасні 1772 года рускія, аўстрыйскія і прускія войскі занялі адпаведныя тэрыторыі. 

Рэч Паспалітая працягвала існаваць, але яе тэрыторыя істотна скарацілася. У верасні 1773 года кароль Станіслаў Панятоўскі прызнаў новыя межы, падпісаўшы мірныя дамовы з Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. 

Наступныя падзелы Рэчы Паспалітай адбыліся ў 1793 і 1795 гадах.

1806 год. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч. 

Беларускі археолаг, гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі. На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. 

Член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана. 

Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў. 

У памяць аб вучоным з 2007 года праводзіцца водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» па Віліі. 

Памёр 13 ліпеня 1868 года.

1837 год. Нарадзіўся Канстанцін Ельскі. 

Беларускі вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік.

Сваяк кампазітара С. Манюшкі.

Вучыўся ў  Маскоўскім і Кіеўскім універсітэтах. Адзін з першых у Расійскай імперыі дарвіністаў.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 гадоў ва Украіне. Жыў у эміграцыі. 

Займаўся геалагічнай практыкай у Турцыі, працаваў у парыжскім Прыродазнаўчым інстытуце, даследаваў Французскую Гвіяну ў Паўднёвай Амерыцы (1865-1869), Перу (1869-1878), Кардыльеры, вярхоўі Мараньёна – аднаго з вытокаў Амазонкі. Прэпараваныя ім пудзілы адпраўляліся ў музеі Еўропы, адных толькі павукоў даслаў каля 300 экзэмпляраў, адкрыў невядомыя віды жывёл. Сустваральнік і захавальнік прыродазнаўчага музея ў перуанскай Ліме.

Па вяртанні з Амерыкі, працаваў у Варшаве, захавальнікам прыродазнаўчых калекцый Кракаўскай акадэміі навук, у Турцыі, Германіі. Удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях на французскі паўвостраў Брэтань, у балканскай Далмацыі.

У гонар вучонага названы від лаўра, некаторыя віды птушак і звяроў.

Памёр 26 лістапада 1896 года.

1937 год. У вёсцы Машанакі Магілёўскага раёна нарадзілася Зінаіда Бандарэнка. 

Герой Сацыялістычнай працы, Ганаровы хімік СССР.

Усё яе працоўнае жыццё прайшло на Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно»: прадзільшчыца, апаратчыца. Выбіралася ад калектыва Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1976-1981). 

Упершыню ў СССР разам з напарніцай выйшла з брыгады каб на дваіх абслугоўваць адразу 15 станкоў. Пераможца пяці пяцігодак.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу  Міхась Багун. 

Беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва», у Белдзяржвыдавецтве.

Аўтар лірычных рамантычна-акрыленых твораў: шэрагу зборнікаў, паэм. Пісаў і апавяданні для дзяцей.  Перакладчык на беларускую мову М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», вершаў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і іншых.

Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, увайшлі ў фальклорныя запісы.

Арыштаваны ў лістападзе 1936 года, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі.

1943 год. Нацысты спалілі 1530 жыхароў, уключая двух каталіцкіх святароў, вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна. 

16-18 лютага тут прайшла карная аперацыя «Зімовы цуд». Карнікі звезлі мясцовых жыхароў у стайню і падпалілі яе. Святары Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і прынялі разам з імі пакутніцкую смерць.

У 1999 годзе Ян Павал II абвясціў ксяндзоў Ю. Кашыру і А. Ляшчэвіча блаславёнымі. 19 жніўня 2000 года ў Росіцы адбылося паўторнае асвячэнне касцёла.

Па колькасці ахвяр Росіца – трэцяя на Беларусі апасля в. Боркі Кіраўскага раёна (2000), былой в. Ала Светлагорскага раёна (1758 чалавек).

1949 год. Заступіў на пасаду першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман (1874–1952). 

Ураджэнец м. Моталь пад Пінскам. Выбітны навуковец-хімік, палітык, прэзідэнт (1929-1946) Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Заснавальнік даследчага інстытуту, які цяпер носіць ягонае імя.

Ганаровы доктар Ерусалімскага універсітэта, Ганаровы грамадзянін Ерусаліма.

1952 год. Нарадзіўся Уладзімір Крываблоцкі. 

Беларускі мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (дыпломнай працай стаў вялізны два з паловай метры ў вышыню трыпціх «Хатынь»), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Маляваць пачаў у дзяцінстве, свае малюнкі дасылаў у газету «Піонэр Беларусі» і тройчы перамагаў у конкурсах.

Асновай творчасці з’яўляецца Беларусь, яе мінуўшчына, людзі, прырода. Прымаў удзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, аздабленні будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім гісторыі і культуры, Магілёўскім абласным мастацкім, Віцебскім краязнаўчым музеях.

Яго вітражы ўпрыгожваюць многія будынкі Мінска, Кобрына, Брэста, Цэнтральнага Батанічнага сада,  Ушацкага Музея народнай славы, Палаца Культуры Мсціслава. Паліпціх «Рэквіем» памерам 33 м² – у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Жывапіс прысвечаны вязням канцлагеру ў Азарычах ствараўся 3,5 гады. За гэту працу быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

«Зямля», мазаіка на фасадзе Брэсцкага электра-механічнага завода

1955 год. Нарадзіўся Уладзімір Вішнеўскі. 

Беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, скульптар, педагог. Акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Загадчык кафедры графікі Беларускай Акадэміі мастацтваў. Выдатны майстар станковай і кніжнай графікі, працуе ў тэхніках афорта, літаграфіі, тэмперы.

Аўтар шматлікіх графічных серый, сярод іх «Птушкаловы», «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека», «Туга страчанага сусвету», ілюстрацый да кніг У. Ягоўдзіка, Якуба Коласа, К. Крапівы, А. Разанава, М. Лужаніна, Ф. Дастаеўскага, А. Пашкевіч (Цёткі).

За ілюстрацыі кніг «Вянок беларускіх народных песень» і «Палата кнігапісная» М. Нікалаева атрымаў дыпломы беларускіх рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.

2013 год. Памёр Сакрат Яновіч. 

Беларускі, польскі пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч Беласточчыны. Працаваў ў газеце «Ніва», узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, займаўся актыўнай літарганізатарскай дзейнасцю. У яго Villa Socrates праходзілі шматлікія беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя спатканні. 

Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр, каля 30 кніг, сярод якіх «Беларусь, Беларусь», «Доўгая смерць Крынак» і інш. Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я. Брыля, п’есу Я. Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатра імя Я. Вянгеркі ў Беластоку.

2017 год. У Мінску адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 і эканамічнай палітыкі ўлад. 

Удзельнічала больш за 2 000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі М. Статкевіч, У. Някляеў і іншыя. Марш прайшоў ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, каля якога адбыўся кароткі мітынг.

Затым пратэсты перакінуліся на іншыя гарады Беларусі: Гомель, Магілёў (каля 500 чалавек прайшлі па вуліцы Ленінскай), Брэст, Гродна, Віцебск і іншыя. Удзельнікі маршу актыўна даводзілі, што яны не “дармаеды”, і пратэставалі супраць уторгнення непразрыстай дзяржавы ў зоны асабістай свабоды грамадзян.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як Дэкрэт аб дармаедстве, быў выдадзены 2 красавіка 2015 года. Ён не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і іншым заканадаўчым актам краіны. 

Падобны ўказ быў прыняты ў 1961 годзе ў СССР, там дармаедства адносілі да крымінальна-каральных злачынстваў.

Улады Беларусі рабілі спробы ўвесці падатковы збор з беспрацоўных грамадзян з 2013 года, з ініцыятывы прэм’ер-міністра М. Мясніковіча.

Дзень у гісторыі. 11 лютага. Заснаванне Японіі і Ватыкана. Ялцінская канферэнцыя. Нарадзіліся мастак Н. Орда, тэлевядучы Ю. Жыгамонт

Сусветны дзень хворага (World Day of the Sick, з 1993 года). 

Дзень заснаваны 13 мая 1992 года па ініцыятыве Папы Рымскага Іаана Паўла II. Пантыфік мэту Дня вызначыў так: “даць адчуць супрацоўнікам шматлікіх медыцынскіх каталіцкіх арганізацый, вернікам, усёй грамадзянскай супольнасці неабходнасць забеспячэння лепшага догляду хворых і нямоглых, аблягчэння іх пакут”.

Дата была абраная ў сувязі з тым, што менавіта ў гэты дзень у французскім мястэчку Лурд шмат стагоддзяў таму адбылася з’ява Маці Божай. Святая Дзева, Лурдская Маці Божая, якая ацаліла хворых і стала сімвалам выратавальніцы хворых.

Ігнат (народны каляндар). 

«Ігнат Грамніцам рад», «падае руку грамнiцам», радуецца пералому зімы.

660 год да нашай эры. Дзень заснавання японскай дзяржавы.

Ураджэнец вострава Кюсю Дзіму (? – 585 да н. э.), які лічыў сваёй прамаці багіню сонца Аматэрасу, заваёўвае краіну Ямата і займае яе пасад.

Ён прымае тытул Сына Неба і засноўвае імператарскую дынастыю, якая кіруе ў Японіі і дагэтуль. Гэты дзень лічыцца датай заснавання японскай дзяржавы. З 1336 святкуецца як самурайскае свята “Кігэнсэцу” – Дзень заснавання дзяржавы.

Сёння Японія – адзіная ў свеце імперыя, член “Вялікай сямёркі”, вялікая эканамічная дзяржава, што займае 3-4 месцы ў свеце па ВУП, 4-е – па аб’ёму экспарта і 6-е па імпарту, 11-е па колькасці насельніцтва (125 мільёнаў чалавек), з вельмі высокім узроўнем жыцця і з самай высокай сярэдняй працягласцю жыцця (85 гадоў). 

Адзіная краіна ў свеце, супраць якой была выкарыстана ядзерная зброя.

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады – калі лічыць па новым стылі.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” 1 лютага – гэта 11 лютага па грыгарыянскім календары. 

У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без боя на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

1807 год. Нарадзіўся Напалеон Орда. 

Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. 

Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узору 2000 года).

Памёр 26 красавіка 1883 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены адзіны ў Еўропе помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.

1877 год. Нарадзіўся Антон Неканда-Трэпка. 

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.

Удзельнік пецярбургскага Беларускага гуртка народнай прасветы, студэнцкага руху. Сустваральнік Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».

У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.

З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса. Памёр 12 лютага 1942 года на наступны дзень апасля 65-годдзя па дарозе да месца дыслакацыі вайсковай часці.

Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй

1924 год. Памёр урадэнец Полацка Дзміцер Кайгародаў (1846–1924)

Прыродазнавец, падарожнік, аўтар феналагічных карт, заснавальнік рускай феналогіі, аўтар першых радыёперадач па прыродазнаўстве, прафесар. 

Пасля выйсця ў адстаўку з армейскай службы, заняўся навукай. У 1875-1905 гадах узначальваў кафедры лясной тэхналогіі, ляснога інжынернага мастацтва ў Пецярбургскім лясным інстытуце.

Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-папулярных работ, дапаможнікаў, падручнікаў, у тым ліку «Кароткі агляд расліннага царства па кліматычных паясах»,  комплекснай праграмы па прыродазнаўстве. Распрацоўшчык экскурсійнага метаду, першых календароў назіранняў для школы, заснавальнік Дня птушак.

Стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раянавання еўрапейскай часткі Расіі, сярод яго карэспандэнтаў былі і жыхары Беларусі, у тым ліку навучэнцы магілёўскіх школ.

Як папулярызатар прыроды, мноства сваіх артыкулаў, казак прыродазнаўчага зместу рэгулярна размяшчаў у дзясятках часопісаў.

Лічыў прыроду крыніцай музычнай, мастацкай, паэтычнай творчасці, натхнення. Аўтар некалькіх рамансаў.

Імя Кайгародава носіць Феналагічная камісія Рускага Геаграфічнага таварыства, вуліца ў Пецярбургу.

Ягоны ўнучаты пляменнік – А. Кайгарадаў (1881-1951) – беларускі акадэмік, кліматолаг, рэктар БДСГА, сустваральнік гідраметэаралагічнай службы, першы кіраўнік Беларускай навукова-даследчай геафізічнай абсерваторыі.

1929 год. Утварэнне суверэннай дзяржавы Ватыкан. 

Ватыкан стаў суверэнным у выніку Латэранскіх (па назве палаца) пагадненняў паміж Італьянскім каралеўствам  і Апостальскай Сталіцай, паміж прадстаўніком караля Віктара Эмануіла III прэм’ер-міністрам Б. Мусаліні і кардыналам П’етра Гаспары. 

Пагадненнямі скончыўся канфлікт паміж бакамі, які цягнуўся з 1870 года.

Ватыкан – карлікавая дзяржава, самая маленькая ў свеце, размешчана ў заходняй частцы Рыма, на Ватыканскім пагорку(“vaticinia” – “прадказанне”), на плошчы ў 44 гектары. Насельніцтва каля 900 чалавек. 

Гэта – абсалютная тэакратычная манархія на чале з Папай Рымскім. 

Значную частку тэрыторыі займае сабор святога Пятра і аднайменны пляц, якія з’яўляюцца цэнтрам пакланення каталікоў усяго свету, акрамя іх тут яшчэ месцяцца саборы Санта-Марыя-Маджорэ, Латэранскі, Ватыканская абсерваторыя. 

Практычна ўвесь перыметр краіны – каля 3200 метраў – абмежаваны сцяной, якая спыняе незаконныя пранікненні.

Ватыкан мае сваю армію са 117 швейцарскіх гвардзейцаў. Грашовая адзінка – еўра. Чаканіцца абмежавана і ватыканскі еўра (у асноўным для нумізматаў).

1945 год. Завяршылася Крымская (Ялцінская) канферэнцыя “вялікай тройкі”. 

Кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі быў прыняты план пасляваенага ўладкавання Еўропы, узгоднены дзеянні для дасягнення капітуляцыі Германіі. У «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» былі уключаны раздзелы пра разгром, акупацыю Германіі, рэпарацыі, аб Польшчы, Югаславіі, Кітаі і Японіі і іншыя. У выніку выканання СССР дамоў па Польшчы, БССР страціла Беластоцкую вобласць.

1952 год. У в. Ялізава Асіповіцкага раёна нарадзілася Людміла Паўлікава (Хейдарава). 

Беларуская паэтэса.

Працавала ў навукова-даследчых установах Мінска,  на Беларускім тэлебачанні.

Аўтар вершаў, многіх зборнікаў паэзіі, паэм, філасофскай кнігі, кніг апавяданняў, раманаў, перакладаў на беларускую мову асобных твораў  А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Ахматавай, М. Валошына, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з літоўскай, украінскай, польскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Адамовіча, часопіса “Дзеяслоў”, “Залаты апостраф”.

1959 год. У Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага цырку з першым паказам. 

Умяшчальнасць залы цырка – 1668 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў – ад воднай феерыі да паветраных нумароў. 

Першы ў Беларусі цырк «Цырк братоў Нікіціных» на 800 месцаў быў адкрыты ў Мінгску 16 лістапада 1884 года.

Будаўніцтва новага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года на беразе р. Свіслач. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара. 

Будынак рэканструяваны ў 2008–2010 гадах.

Зараз у Беларусі працуюць толькі Мінскі і Гомельскі цыркі.  А вось у 1930-я гады працавалі ў Віцебску, Мінску, Магілёве, Гомеле, Бабруйску.

1968 год. Нарадзіўся Юрый Жыгамонт. 

Беларускі акцёр і тэлевядучы.

Яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць. “Стопрацэнтны беларускі падарожнік” бо вандруе толькі ў межах Беларусі і аб гэтым ніколькі не шкадуе.

Акцёр тэатру і кіно, працуе ў Тэатры юнага гледача, прымае ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».

З 2006 года быў вядучым тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». З 2017 года «Падарожжа дылетанта» выходзіў на партале TUT.BY.

Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Дзень у гісторыі. 19 студзеня. Вадохрышча. Першы магілёўскі тралейбус і апошні “Фольксваген-жук”. Нарадзіліся падарожнік Міхал Урончанка, “Ляпіс” Сяргей Міхалок. Памёр краязнавец Міхаіл Без-Карніловіч

Вадохрышча, або Багаяўленне. Апошняе свята каляднага цыкла (з 7 па 19 студзеня). 

“Святое Хрышчэнне – Калядам прашчэнне”. У гэты дзень, які гістарычна звязваюць з хрэсьбінамі Ісуса Хрыста, людзі асвячалі ваду.

Адно з самых старажытных святаў хрысціянскай Царквы, адносіцца да часоў апосталаў. Старажытная назва свята – “Епіфанія” – з’ява, або “Тэафанія” – Багаяўленне, таксама яго называлі “свята Свету”. Бо Бог прыходзіць у свет у гэты дзень, каб явіць свету Святло.

Само слова “хрысціць” на мове арыгінала азначае “апускаць” (грэц. βάπτιση – “апусканне ў ваду”).

У памяць аб тым, што Хрыстос сваім Вадохрышчам асвяціў ваду, напярэдадні свята вада асвячаецца ў храмах, у само свята Богаяўлення – у рэках або іншых месцах, дзе бяруць ваду. Для подступу да вады напярэдадні свята мужчыны выразаюць у лёдзе вялікую палонку ў выглядзе крыжа – Іардань, а сам ледзяны крыж усталёўваюць побач. Над ракой каля крыжа адбываецца абрад Іарданскага водаасвячэння. Вакол палонкі, святары і мясцовыя жыхары здзяйсняюць хрэсны ход, служаць малебен і, тым самым, асвячаюць ваду. Асвечаная вада лічыцца гаючай.

Лічыцца, што Вадохрышчанская вада змывае ўсе грахі, таму на Вадохрышча людзі тры разы з галавой апускаюцца ў ваду. Гэтак жа лічыцца, што ў вадохрышчанскую ноч вада прыходзіць у рух, як бы, у памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста. І сіла вады становіцца цудадзейнай. З боскай дапамогай вады – вылечваліся хворыя, ваду давалі піць дзецям. У старажытнасці народ верыў, што на Богаяўленне свеціць сонца, а ў вадохрышчанскую ноч адкрываецца неба, што сімвалізуе адкрытыя зносіны з Богам.

Дзень ратавальніка Беларусі (з 2000 года).

Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях (МНС) было зацвероджана ў гэты дзень у 1999 годзе. 

МНС створана ў 1994 годзе на базе атрада службы выратавання – Рэспубліканскага спецатрада па правядзенні першачарговых аварыйна-выратавальных работ, які бярэ пачатак з 1991 года.

МНС выконвае шырокі спектр работ – гэта ліквідацыя пажараў, наступстваў стыхійных бедстваў, аварый на сістэмах жызнезабеспячэння, ратаванне людзей на вадзе і іншае.

Беларуская служба выратавання сёння – гэта каля 1 000 баявых падраздзяленняў, на ўзбраенні якіх знаходзіцца больш за 6 000 адзінак тэхнікі.

Сёння ў структуры МНС функцыянуюць 17 спецыяльных службаў, у тым ліку службы пажаратушэння і аварыйна-выратавальных работ, хімічнай і радыяцыйнай бяспекі, інжынерных работ, вадалазная, медыцынская, выбухатэхнічная, авіяцыйная, пошукава-выратавальная, парашутна-дэсантная, пантонная і іншыя.

Дзень Магілёўскага географа. 

У 1934 годзе адчынены кафедра фізічнай геаграфіі і геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута. 

Першым дэканам і загадчыкам кафедры стаў Даніла Васілеўскі. 

На геаграфічным факультэце працавалі дактары навук, прафесары, знакамітыя ў свеце і Еўропе географы, падарожнікі Г. Шэнберг, П. Бардакоў, М. Баднарскі, М. Мікалаеў, М. Самбікін, А. Мядзведзеў, А. Гожаў, Б. Бажэнаў, І. Сілініч, Б. Нешатаеў, С. Сідор, Р. Дулаева, М. Звераў, М. Клюкін, Ю. Шчарбакоў, Б. Крубіч-Лебедзеў, М. Плоткін, планавалася і праца ў даваенны час Аркадзя Смоліча.

Праз 25 гадоў, у гэты ж дзень у 1959 годзе зарэгістраваны першы ў Беларусі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства. Першым старшынёй стаў Мікалай Нешатаеў, вучоным сакратаром – Пятро Лярскі.

1630 год. Памёр Яўстах Валовіч. 

Дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат і бібліяфіл. Вялікі пісар, падканцлер вялікі літоўскі, біскуп віленскі. Удзельнік пасольства Рэчы Паспалітай да Папы рымскага і іншых пасольстваў.

У час яго біскупства пабудавана 26 касцёлаў, галоўным чынам на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі.

Шчодры мецэнат. Спрыяў утварэнню ў складзе Віленскай акадэміі факультэтаў права і медыцыны. Заснаваў на ўласныя сродкі лякарню Святых Нікадзіма і Язафата ў Вільні.

Уладальнік каштоўнай асабістай бібліятэкі. Асобныя кнігі з яго збору захоўваюцца ў бібліятэках Віленскага ўніверсітэту, Акадэміі навук Літвы і іншых бібліятэках.

1656 год. Памёр Казімір Леў Сапега. 

Вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі, маршалак дворны літоўскі, падканцлер літоўскі, адміністратар Берасцейскай эканоміі.

Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634).

Браў удзел у вайне з казакамі ва Украіне (1648-1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667) выставіў уласны полк. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў.

Дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак, у тым ліку для Бялынічаў.

1802 год. Нарадзіўся Міхал Урончанка. 

Геадэзіст, картограф, усходазнаўца, кадравы разведчык, генерал-маёр, генерал-губернатар Тыфліса, першы падарожнік па Малой Азіі, аўтар паняцця меандраванне, літаратар, паліглот, першы перакладчык на рускую мову Т. Мура, У. Шэкспіра, Дж. Байрана, А Міцкевіча і іншых. 

Адзін з 17 заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства. Старшыня Камітэта па адукацыі яўрэяў.

Яго імя значыцца на мемарыяльнай дошцы ў гонар найлепшых выпускнікоў Магілёўскай гімназіі.

Сябар А.Пушкіна, Н. Языкава, А. Міцкевіча.

Правёў топагеадэзічныя здымкі ў Бесарабіі, на Балканах, у Беларусі, Малой Азіі, на Каўказе, у Прычарнамор’і, Цэнтральнай Расіі, у Наварасійскім краі і Паволжы.

Памёр 26 лістапада 1855 г. у Харкаве.

Яго імя ўшанавана ў Балгарыі, Турцыі, Расіі, Беларусі (у Магілёве – толькі на дошцы гімназіі; пры гэтым няма ні бюста, ні помніка, ні вуліцы яго імя).

1862 год. Памёр Міхаіл Без-Карніловіч. 

Беларускі тапограф і статыстык, гісторык, этнограф, краязнавец, генерал-маёр. Брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

Карніловіч стаў Без-Карніловічам у выніку бюракратычнай памылкі.

Праводзіў тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай і іншых губерняў, Беластоцкай акругі. Збіраў звесткі аб беларускіх старажытнасцях.

Аўтар ваенна-статыстычнага агляду Віцебскай губерніі, кнігі «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (1855).

Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў нашчадкаў крывічоў, гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ.

Імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй.

1900 год. У Мінску нарадзіўся Віктар Баркоўскі. 

Мовазнавец, прафесар, доктар філалагічных навук, акадэмік АН СССР, Берлінскай акадэміі навук, ганаровы доктар філасофіі ГДР, член-карэспандэнт Акадэміі навук і літаратуры ў Майнцы (ФРГ). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Спецыяліст па гістарычным сінтаксісе рускай і беларускай моў, наўгародскіх берасцяных граматах, рускай дыялекталогіі.

З яго імем звязана развіццё даследаванняў у галіне параўнальна-гістарычнага сінтаксісу рускай і – шырэй – усходнеславянскіх моў. У гэтай галіне ён выступіў як даследчык, аўтар шырока вядомых прац, як арганізатар кірунку параўнальна-гістарычных даследаванняў усходнеславянскіх моў.

Пасля грамадзянскай вайны займаў пасады памочніка начальніка аддзела ўпраўлення вышэйшымі марскімі вучэбнымі ўстановамі, памочніка начальніка аддзела Штаба камандуючага марскімі сіламі РСФСР. Зяць акадэміка Яўхіма Карскага.

У 1930-1950 гады працаваў у шэрагу педінстытутаў і ўніверсітэтаў, у тым ліку, у першай палове 1930-х гадоў у Магілёўскім педінстытуце, дзе займаўся пытаннямі рэформы беларускага правапісу.

Аўтар прац па гісторыі вывучэння беларускай мовы, аналізу спадчыны Я. Карскага.

Памёр 26 студзеня 1982 года ў Маскве.

1910 год. Нарадзіўся Іван Ушакоў. 

Беларускі тэатральны мастак. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, у тым ліку ў якасці  галоўнага мастака.

У афармленні спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, сэнсавы і эмацыйны акцэнт рабіў на пейзажы. Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка, «Фландрыя» Э. Сарду, «Ірынка» К. Чорнага, «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава.

Памёр 26 жніўня 1966 года.

1931 год. Нарадзілася Наталля Паплаўская. 

Беларуская мастачка. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працавала ў станковай, кніжнай графіцы, у тэхніцы акварэлі (цыкл «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»), літаграфіі (серыі «Палессе», «Героі беларускіх казак»), афорта, лінагравюры. Шмат працуе над афармленнем дзіцячай кнігі, школьных падручнікаў.

Яе работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, фондах Саюза Мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака» у Маскве, мастацкім музеі г. Магілёва, галерэях Аполе і Варшавы, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Еўропы.

1944 год. Загінуў Мікола Чарнецкі

Беларускі публіцыст, педагог, палітычны дзеяч. Доктар філасофіі.

Актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гродне, студэнцкіх арганізацый у Празе, Пражскім універсітэце, Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны, член пражскага бюро Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У 1929-1944 гадах працаваў у Заходняй Беларусі: выкладчык беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку, сурэдактар віленскага часопіса «Золак», дырэктар школы ў в. Крынкі, кіраўніком асветы Крынкаўскага раёна пры Саветах.

Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас вайны працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку.

Па-зверску забіты польскімі тэрарыстамі. Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі

1970 год. Пуск першага тралейбуса ў Магілёве

Першыя тралейбусы паехалі па маршруце чыгуначны вакзал – завод імя Куйбышава. 

Зараз у Магілёве працягласць тралейбусных ліній складае каля 81 км. 

Плануецца будаўніцтва новых ліній, у тым ліку да мікрараёна “Спадарожнік”, у жылы раён “Казіміраўка”.

1972 год. Нарадзіўся Сяргей Міхалок. 

Беларускі спявак, аўтар музыкі і тэкстаў, акцёр. У 1990-2014 гадах вакаліст і галоўны ідэолаг гурта “Ляпіс Трубяцкі”, з 2014 года — вакаліст гурта “Brutto”.

Супрацоўнічаў з тэатрам «Бамбукі», гуртом «Крамбамбуля», працаваў арт-дырэктарам ў клубе «Аддис-Абеба», разам з Аляксеем «Хацонам» Хацкевічам удзельнічаў у комік-дуэце «Саша і Сірожа», сузаснавальнік творчага аб’яднання «Дети солнца».

У 2011 годзе за смелыя выказванні ў адрас уладаў, за асуджэнне за разгон акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, «Ляпіс Трубяцкі» трапіў у «чорны спіс» творчых калектываў.

Жыве ва Украіне з 2014 года. Заслужаны артыст Украіны (2020).

На фоне ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, аднавіў дзейнасць у групе “Ляпіс Трубяцкі” і запусціў тур па Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў падтрымку ўкраінскага боку.

1978 год. У Германіі выпушчаны апошні аўтамабмль “фольксваген-жук”, Volkswagen Käfer. 

Ён выпускаўся з 1938 года. Гэта самы масавы аўтамабіль у гісторыі. Усяго было выраблена 21 529 464 аўтамабіля. На зборачным канвееры аўтамабіль быў заменены мадэллю “Гольф”.

Зараз “Жукі” выпускаюць у Мексіцы і Бразіліі.

У 2021 годзе дызайн “Жука” без адпаведнага дазволу быў скапіяваны кітайскай кампаніяй “Great Wall” і прадстаўлены ў якасці ўласнага канцэпта кампактнага хэтчбэка.