Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава.

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах.

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі.

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання.

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу.

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор.

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня).

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі. 9 чэрвеня. Наданне герба Магілёву. Масква згарэла ад капейкавай свечкі. Нарадзіліся Уладзіслаў IV Ваза, Іван Луцкевіч

Міжнародны дзень архіваў (International Archives Day, з 2007 года).

Заснаваны Міжнародным саветам архіваў у 1948 годзе рашэннем ЮНЕСКА.

Для жыцця грамадства ролю архіваў цяжка пераацаніць. Як своеасаблівыя інфармацыйныя цэнтры, яны забяспечваюць доступ да рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыі, садзейнічаюць у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краін, эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, а таксама забяспечваюць навуковае пазнанне мінулага.

Архівы – не толькі сур’ёзны інфармацыйны рэсурс культурнай і гістарычнай спадчыны. У жыцці кожнага асобнага чалавека архівы часам адыгрываюць не меншую ролю. Бо там захоўваюцца індывідуальныя звесткі аб кожным з нас. Разнастайнасць архіўных крыніц і фарматаў вялізная. Таму архіўныя даныя з’яўляюцца каштоўным сведчаннем эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва.

Захаваць дакументальную спадчыну, даць магчымасць людзям знаёміцца з унікальнымі дакументамі – галоўная задача архівістаў.

Міжнародны дзень сяброў (International Friends Day).

Створаны для таго, каб усе мы, незалежна ад жыццёвых абставін і розных перыпетый, нагадалі сваім сябрам аб тым, як яны важныя для нас і парадавалі іх сваёй увагай, тэлефонным віншаваннем, сустрэчай з імі.

Усе народы ва ўсе часы лічылі сяброўства найвялікшай каштоўнасцю, і пры гэтым нязменна лічылі “сапраўднае сяброўства” вельмі рэдкай з’явай.

У кожнага з нас сапраўдных сяброў можа быць 3-5, 5-7. Не болей, як правіла. Чаму б у гэты дзень не сабрацца разам тым, хто даўно не бачыўся, не ручкаўся, не стэлефаноўваўся. Успомніць добрыя старыя часы, падзяліцца добрымі навінамі, дасягненнямі. На самай справе, калі ў сяброў здараецца нешта добрае, то гэта добрае здараецца і ў цябе.

1246 год. Італьянскі падарожнік, францысканскі манах Джавані ды Плана Карпіні вярнуўся ў Кіеў пасля наведвання Каракарума.

Першы з еўрапейцаў дасягнуў сталіцы мангольскай імперыі Каракарума, правёў перамовы з Батыем.

Падарожжа адкрыла спіс вялікіх падарожжаў еўрапейцаў у Азію, а справаздача Карпіні ўпершыню пазнаёміла Еўропу са светам Усходу. 

1595 год. Нарадзіўся Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1632-1648), тытулярны цар маскоўскі (1610-1634) і кароль шведскі (1632-1648).

Пераняў сталец у цяжкі для краіны час, калі была ўжо страчаная Лівонія, праваслаўная грамадскасць расколатая Берасцейскай уніяй. Ён перамог Расію ў Смаленскай вайне і паводле Палянаўскага міру 1634 адваяваў Смаленск і прымусіў маскавітаў адмовіцца ад прэтэнзій на землі Рэчы Паспалітай.

Для міру і спакою, Уладзіслаў адмовіўся ад тытулу маскоўскага цара і прэтэнзій на маскоўскі сталец, пазней – на шведскі сталец.

1661 год. Магілёву нададзены герб.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 года гараджане здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 года ў выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйны гарнізон.

За выяўленую ў час паўстання мужнасць кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй, надаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме – рыцар з узнятым мячом, а над ім герб – “Пагоня”.

Магдебургскаму Магілёву бракавала мураванай ратушы – і 4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе.

1737 год. На святую Троіцу ў Маскве выгарэлі цэнтр горада і Крэмль.

Каля 23:00 гадзін успыхнуў Траецкі пажар – адзін з самых буйных за ўсю расійскую гісторыю гарадскіх пажараў XVIII стагоддзя.

Першым загарэўся дом Міласлаўскіх за Баравіцкім мостам, ад свечкі, якую паставіла перад абразом салдацкая ўдава. Адсюль пайшоў выраз: “Масква згарэла ад капейкавай свечкі”.

Вецер быў моцны, а час сухі. Было знішчана больш за 2 500 двароў, 486 крам і шмат цэркваў.

“Ахвярай” бедства таксама стаў 200-тонны Цар-звон. Ён быў адліты 2 гадамі раней, але яшчэ знаходзіўся ў спецыяльнай ліцейнай яме пад бярвеністым падстрэшкам. Ад яго адкалоўся кавалак вагой 700 пудоў (11,5 тоны).

Згарэў у пажары і гадзіннік на Спаскай вежы.

Імператрыца Ганна Іаанаўна сваім указам распарадзілася аднавіць палацавыя і саборныя цэрквы за кошт казны, але нават праз некалькі гадоў, ужо ў валадаранне Лізаветы Пятроўны, сляды пажару ў Крамлі былі па-ранейшаму вельмі прыкметныя.

1868 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Вярыга (1868-1916).

Беларускі філосаф, этнограф, фалькларыст. Доктар філасофіі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Займаўся збіральніцтвам беларускага фальклору. Друкаваўся ў часопісе «Вісла». У 1889 годзе ў часопісе «Збор звестак па айчыннай антрапалогіі» апублікаваў працу «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе», якая змяшчае 45 беларускіх народных песень.

Выдаў кнігу «Беларускія паданні» (1889), якая змяшчае 32 беларускія казкі з Лідскага павета.

Памёр 27 жніўня 1916 года.

Варшаўскі ўніверсітэт.

1873 год. Памёр Венцаслаў Пелікан (1790-1873).

Беларускі медык, грамадскі і палітычны дзеяч, прафесар.

Рэктар Віленскага ўніверсітэта, Прэзідэнт і Ганаровы член-карэспандэнт Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, член Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны і хірургіі.

Працаваў дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства.

З’яўляецца рэфарматарам расійскай медыцыны і ветэрынарыі.

1881 год. Нарадзіўся Іван Луцкевіч (1881-1919).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, краязнавец, археолаг, збіральнік старажытнасцяў. Брат беларускага дзеяча Антона Луцкевіча.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты “Наша ніва”. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады БНР. Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі.

Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI стагоддзя, пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб».

У 1921-1944 гадах працаваў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (зачынены савецкімі ўладамі), з 2001 працуе аб’яднанне “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. У Мінску,  у парку імя Янкі Купалы ўсталяваны памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў.

Памёр 20 жніўня 1919 года.

Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў у час выхаду «Нашай Нівы».

1958 год. Нарадзіўся Алесь Камоцкі.

Беларускі паэт, бард.

Удзельнік гуртоў “Близнецы”, “Zartipo”. Аўтар 9 альбомаў, у тым ліку “З бацькоўскай кружэлкі” – пераклады папулярных песен савецкіх часоў на беларускую мову.

Удзельнік многіх супольных праектаў, у тым ліку “Віно дажджоў” на творы У. Караткевіча, “Бывайце здаровы! Bella Ciao” – італьянскія песні па-беларуску, беларускія – па-італьянску, “Тузін. Перазагрузка”(2009, 2011).

1960 год. Гарадскі пасёлак Шацілкі стаў цэнтрам Парыцкага раёна Гомельскай вобласці.

29 ліпеня 1961 года Шацілкі пераменаваны ў г. Светлагорск, Парыцкі раён стаў Светлагорскім. Новая назва, як палічыла камуністычнае кіраўніцтва, сімвалізуе светлае жыццё савецкага Палесся. 

1970 год. Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку Уладзімір Тамашчык (1900-1970).

Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архібіскуп Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Актывіст беларускага руху ў Заходняй Беларусі, належаў да КПЗБ.

Пасля трох гадоў адбывання тэрміну ў польскай турме, з 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў Пражскі політэхнічны ўніверсітэт.

Працаваў у Пражскім інстытуце заалогіі, браў удзел у грамадскім беларускім жыцці, быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў у беластоцкай газеце «Новая дарога», у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1944 года у эміграцыі ў Германіі. Быў старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта. У 1949 прыняў манаства пад імем Васiль і стаў епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У 1951 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Стаў архіепіскапам Канадска-Амерыканскім. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША.

2011 год. Памёр Павел Місько (1931-2011).

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у многіх газетах, узначальваў аддзелы рэдакцый штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Полымя”, намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, раманаў, сатыры і гумару, кніг твораў для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля “Мёртвыя душы”, казку П. Яршова “Канёк-гарбунок”, творы Я. Носава, К. Чукоўскага і іншых, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Дзень у гісторыі. 7 чэрвеня. Закладзены Тадж-Махал, Наваполацк. Гібель Порт-Раяля. Нарадзіліся гісторык П. Дзмітрачкоў, бард С. Кулягін

1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.

Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.

Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.

Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам  – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.

Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.

Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.

1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.

Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль.

І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян.

Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.

Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.

1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе.

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу.

Удзельнік паўстання 1863 года.

Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

Э. Паўлоўскі. Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848

1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.

Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.

Віленскі ўніверсітэт.

1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).

Беларускі гісторык, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны.

Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.

Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959).

Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе.

Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).

Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).

1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.

Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.

1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.

Дасягнута самая буйная перамога нацыянальнай зборнай у гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.

А вось 30 сакавіка 2021 года разгромна саступіла Бельгіі (0:8) – набуйнейшае паражэнне у гісторыі зборнай Беларусі.

Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Нарадзіўся Высоцкі

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

святая Таццяна

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. 

Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

Халява прыдзі

25 студзеня 1785 года Магілёў атрымаў пацвярджэнне правоў гарадскога самакіравання ў межах “Жалованной грамоты городам” Расійскай імперыі. 

Гэта замацавала статус Магілёва як губернскага цэнтра з уласнымі органамі гарадской улады і стала важным этапам у развіцці гарадской адміністрацыі і купецкага саслоўя.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У. Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня 1885 года ў Варшаве.

Антон Адынец

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

Адам Гурыновіч

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

Нэлі Блай

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года.

Любоў Мазалеўская

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

Ілля Прыгожын

1938 год. У Празе памёр Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

Тамаш Грыб

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

Помнік Высоцкаму
Помнік у Навагрудку

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка. 

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

Аляксандр Лакотка

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Сяргей Украінка

Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч.

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. 

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах. 

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі. 

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка.

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання. 

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. 

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня). 

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі. 9 чэрвеня. Наданне герба Магілёву. Масква згарэла ад капейкавай свечкі. Нарадзіліся Уладзіслаў IV Ваза, Іван Луцкевіч.

Міжнародны дзень архіваў (International Archives Day, з 2007 года). 

Заснаваны Міжнародным саветам архіваў у 1948 годзе рашэннем ЮНЕСКА.

Для жыцця грамадства ролю архіваў цяжка пераацаніць. Як своеасаблівыя інфармацыйныя цэнтры, яны забяспечваюць доступ да рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыі, садзейнічаюць у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краін, эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, а таксама забяспечваюць навуковае пазнанне мінулага.

Архівы – не толькі сур’ёзны інфармацыйны рэсурс культурнай і гістарычнай спадчыны. У жыцці кожнага асобнага чалавека архівы часам адыгрываюць не меншую ролю. Бо там захоўваюцца індывідуальныя звесткі аб кожным з нас. Разнастайнасць архіўных крыніц і фарматаў вялізная. Таму архіўныя даныя з’яўляюцца каштоўным сведчаннем эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва.

Захаваць дакументальную спадчыну, даць магчымасць людзям знаёміцца з унікальнымі дакументамі – галоўная задача архівістаў.

Міжнародны дзень сяброў (International Friends Day)

Створаны для таго, каб усе мы, незалежна ад жыццёвых абставін і розных перыпетый, нагадалі сваім сябрам аб тым, як яны важныя для нас і парадавалі іх сваёй увагай, тэлефонным віншаваннем, сустрэчай з імі. 

Усе народы ва ўсе часы лічылі сяброўства найвялікшай каштоўнасцю, і пры гэтым нязменна лічылі “сапраўднае сяброўства” вельмі рэдкай з’явай. 

У кожнага з нас сапраўдных сяброў можа быць 3-5, 5-7. Не болей, як правіла. Чаму б у гэты дзень не сабрацца разам тым, хто даўно не бачыўся, не ручкаўся, не стэлефаноўваўся. Успомніць добрыя старыя часы, падзяліцца добрымі навінамі, дасягненнямі. На самай справе, калі ў сяброў здараецца нешта добрае, то гэта добрае здараецца і ў цябе.

1246 год. Італьянскі падарожнік, францысканскі манах Джавані ды Плана Карпіні вярнуўся ў Кіеў пасля наведвання Каракарума.

Першы з еўрапейцаў дасягнуў сталіцы мангольскай імперыі Каракарума, правёў перамовы з Батыем.

Падарожжа адкрыла спіс вялікіх падарожжаў еўрапейцаў у Азію, а справаздача Карпіні ўпершыню пазнаёміла Еўропу са светам Усходу. 

1595 год. Нарадзіўся Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1632-1648), тытулярны цар маскоўскі (1610-1634) і кароль шведскі (1632-1648).  

Пераняў сталец у цяжкі для краіны час, калі была ўжо страчаная Лівонія, праваслаўная грамадскасць расколатая Берасцейскай уніяй. Ён перамог Расію ў Смаленскай вайне і паводле Палянаўскага міру 1634 адваяваў Смаленск і прымусіў маскавітаў адмовіцца ад прэтэнзій на землі Рэчы Паспалітай.

Для міру і спакою, Уладзіслаў адмовіўся ад тытулу маскоўскага цара і прэтэнзій на маскоўскі сталец, пазней – на шведскі сталец.

1661 год. Магілёву нададзены герб.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 года гараджане здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 года ў выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйны гарнізон.

За выяўленую ў час паўстання мужнасць кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй, надаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме – рыцар з узнятым мячом, а над ім герб – “Пагоня”

Магдебургскаму Магілёву бракавала мураванай ратушы – і 4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе.

1737 год. На святую Троіцу ў Маскве выгарэлі цэнтр горада і Крэмль.

Каля 23:00 гадзін успыхнуў Траецкі пажар – адзін з самых буйных за ўсю расійскую гісторыю гарадскіх пажараў XVIII стагоддзя.

Першым загарэўся дом Міласлаўскіх за Баравіцкім мостам, ад свечкі, якую паставіла перад абразом салдацкая ўдава. Адсюль пайшоў выраз: “Масква згарэла ад капейкавай свечкі”.

Вецер быў моцны, а час сухі. Было знішчана больш за 2 500 двароў, 486 крам і шмат цэркваў.

“Ахвярай” бедства таксама стаў 200-тонны Цар-звон. Ён быў адліты 2 гадамі раней, але яшчэ знаходзіўся ў спецыяльнай ліцейнай яме пад бярвеністым падстрэшкам. Ад яго адкалоўся кавалак вагой 700 пудоў (11,5 тоны).

Згарэў у пажары і гадзіннік на Спаскай вежы.

Імператрыца Ганна Іаанаўна сваім указам распарадзілася аднавіць палацавыя і саборныя цэрквы за кошт казны, але нават праз некалькі гадоў, ужо ў валадаранне Лізаветы Пятроўны, сляды пажару ў Крамлі былі па-ранейшаму вельмі прыкметныя.

1868 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Вярыга (1868-1916).

Беларускі філосаф, этнограф, фалькларыст. Доктар філасофіі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Займаўся збіральніцтвам беларускага фальклору. Друкаваўся ў часопісе «Вісла». У 1889 годзе ў часопісе «Збор звестак па айчыннай антрапалогіі» апублікаваў працу «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе», якая змяшчае 45 беларускіх народных песень.

Выдаў кнігу «Беларускія паданні» (1889), якая змяшчае 32 беларускія казкі з Лідскага павета.

Памёр 27 жніўня 1916 года.

Варшаўскі ўніверсітэт.

1873 год. Памёр Венцаслаў Пелікан (1790-1873).

Беларускі медык, грамадскі і палітычны дзеяч, прафесар.

Рэктар Віленскага ўніверсітэта, Прэзідэнт і Ганаровы член-карэспандэнт Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, член Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны і хірургіі.

Працаваў дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства.

З’яўляецца рэфарматарам расійскай медыцыны і ветэрынарыі.

1881 год. Нарадзіўся Іван Луцкевіч (1881-1919).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, краязнавец, археолаг, збіральнік старажытнасцяў. Брат беларускага дзеяча Антона Луцкевіча.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты “Наша ніва”. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады БНР. Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі.

Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI стагоддзя, пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб».

У 1921-1944 гадах працаваў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (зачынены савецкімі ўладамі), з 2001 працуе аб’яднанне “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. У Мінску,  у парку імя Янкі Купалы ўсталяваны памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў.

Памёр 20 жніўня 1919 года.

Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў у час выхаду «Нашай Нівы».

1958 год. Нарадзіўся Алесь Камоцкі.

Беларускі паэт, бард.

Удзельнік гуртоў “Близнецы”, “Zartipo”. Аўтар 9 альбомаў, у тым ліку “З бацькоўскай кружэлкі” – пераклады папулярных песен савецкіх часоў на беларускую мову.

Удзельнік многіх супольных праектаў, у тым ліку “Віно дажджоў” на творы У. Караткевіча, “Бывайце здаровы! Bella Ciao” – італьянскія песні па-беларуску, беларускія – па-італьянску, “Тузін. Перазагрузка”(2009, 2011).

1960 год. Гарадскі пасёлак Шацілкі стаў цэнтрам Парыцкага раёна Гомельскай вобласці.

29 ліпеня 1961 года Шацілкі пераменаваны ў г. Светлагорск, Парыцкі раён стаў Светлагорскім. Новая назва, як палічыла камуністычнае кіраўніцтва, сімвалізуе светлае жыццё савецкага Палесся. 

1970 год. Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку Уладзімір Тамашчык (1900-1970). 

Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архібіскуп Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Актывіст беларускага руху ў Заходняй Беларусі, належаў да КПЗБ.

Пасля трох гадоў адбывання тэрміну ў польскай турме, з 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў Пражскі політэхнічны ўніверсітэт.

Працаваў у Пражскім інстытуце заалогіі, браў удзел у грамадскім беларускім жыцці, быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў у беластоцкай газеце «Новая дарога», у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1944 года у эміграцыі ў Германіі. Быў старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта. У 1949 прыняў манаства пад імем Васiль і стаў епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У 1951 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Стаў архіепіскапам Канадска-Амерыканскім. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША.

2011 год. Памёр Павел Місько (1931-2011).

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у многіх газетах, узначальваў аддзелы рэдакцый штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Полымя”, намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. 

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, раманаў, сатыры і гумару, кніг твораў для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля “Мёртвыя душы”, казку П. Яршова “Канёк-гарбунок”, творы Я. Носава, К. Чукоўскага і іншых, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Фота з адкрытых крыніц.

“Вялікая бард-рыбалка-2023” – вызначаны тэрміны і праграма фэста

У апошнія выходныя ліпеня на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне адбудзецца ХIІ Музычны фэст «Вялікая бард-рыбалка» – паведамляе сайт фэста.

Штогадовы летні мультыкультурны фестываль пройдзе 28-30 ліпеня на пляцоўцы базы адпачынку Магілёўскага металургічнага завода. Як чакаецца, пройдзе як заўсёды – з яркай і насычанай музычнай праграмай, творчымі праектамі, выставамі і конкурсамі, з жывой музыкай, зоркамі аўтарскай песні, шансона, рок, кантры і фолька, з мясцовымі прысмакамі, забавамі для дарослых і дзяцей. 

Арганізатары мерапрыемства прапануюць на кожны з 3 дзён фэста новыя праграмы з удзелам больш за 200 удзельнікаў на Галоўнай і Лясной сцэнах, на 7 пляцоўках.

Мерапрыемствы фэста пачнуцца 27 ліпеня, у чацвер, з канцэрта-прэзентацыі творчага праекта “Песні нашага кола” у малой зале Магілёўскага Палаца культуры вобласці (а 19.00).

Непасрэдна на беразе Чыгірынскага вадасхвішча, у асноўныя дні фэста з пятніцы 28 да нядзелі 30 ліпеня, будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, “Лазневая паляна”, “Кірмаш Смаку”, конкурсы, рыбалоўныя спаборніцтвы, канцэрты аўтарскай песні і паэзіі. 

Запланавана і цырымонія закладкі валуноў у бард-сцежку з удзелам гасцей фестывалю. Падрабязней з праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца тут

За тры дні наведвання фестывалю кошт уваходнага білета на аднаго чалавека складае 20 рублёў.

Як даехаць – на сваім аўтатранспарце, маршрутнымі таксоўкамі, рэйсавымі аўтобусамі з Магілёва, Бабруйска да в. Чачэвічы. Далей па дарожным ўказальнікам.

Музычны фестываль стартаваў у 2010 годзе і за кароткі час стаў адной з галоўных візітовак музычна-фестывальнага жыцця Магілёўскай вобласці. Ён адраджае традыцыі сямейнага турыстычнага адпачынку, аб’ядноўвае сяброўскія і карпаратыўныя кампаніі. За 12 гадоў музычны форум наведалі каля 18 тысяч гледачоў, музыкантаў і артыстаў з 16 краін: Расіі, Літвы, Славакіі, Германіі, Чэхіі, Ізраіля, ЗША, Іспаніі, Кітая і іншых. 

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 7 чэрвеня. Закладзены Тадж-Махал, Наваполацк. Гібель Порт-Раяля. Нарадзіліся дзеяч БНР В. Іваноўскі, гісторык П. Дзмітрачкоў, бард С. Кулягін.

1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.

Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.

Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.

Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам  – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.

Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.

Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.

1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.

Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль. 

І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян. 

Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.

Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.

1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года. 

Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

Э. Паўлоўскі. Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848

1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.

Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.

Віленскі ўніверсітэт.

1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).

Беларускі гісторык, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны. 

Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.

Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959). 

Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе. 

Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).

Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).

1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.

Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.

1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.

Дасягнута самая буйная перамога ў гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.