У Шклове адкрылі рэканструяваны помнік ахвярам Галакосту

Некропаль ахвяр нацысцкага генацыду адкрылі на мясцовых яўрэйскіх могілках 26 жніўня. Побач з мемарыялам старажытны чысцец, муры якога закансервавалі, каб уратаваць ад разбурэння.

Помнік рэканструяваны, дзякуючы намаганням выхадца са Шклова расійскага прадпрымальніка Ільі Клябанава. Ён прапанаваў праект аднаўлення ўнікальнай мясціны.

На жалобным мітынгу выступілі прадстаўнікі раённай улады, аўтар мастацкага рашэння скульптар Георгій Франгулян, былы міністр культуры Расіі Міхаіл Швыдкой, прадстаўнікі яўрэйскай грамады і сам Ілля Клябанаў.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць 3 200 забітых нацыстамі у 1941 годзе яўрэяў Шклоўшчыны.

«Культавая «Бярозка» у Горках у запусценні – ні ўласнік, ні гарадскія структуры не могуць даць рады праблеме

«Бярозка» – танцпляцоўка ў цэнтры Горкі. Дзесяцігоддзямі яна была асяродкам гуртавання мясцовай моладзі. Тут ладзіліся дыскатэкі, поп і рок канцэрты. У 2000-х змена культурных тэндэнцый прывяла да яе заняпаду.

У 2018 годзе на танцпляцоўку звярнулі ўвагу мясцовыя актывісты. На круглым стале па пытаннях развіцця гарадскіх культурных асяродкаў была ўхваленая прапанова стварыць на месцы «Бярозкі» творчую пляцоўку, нагадвае рэсурс Horki.info.

Мясціна, на якой размяшчаецца танцпляцоўка, ужо мае новага ўласніка. На аўкцыёне зямельны ўчастак у 2015 годзе набыў прадпрымальнік Сяргей Цароў.

Ён планаваў пабудаваць тут жылы дом, але ўжо пасля здзелкі высветлілася, што, паводле генеральнага плана развіцця Горак, на месцы былой танцпляцоўкі, павінна быць размешчана выставачная прастора пад адкрытым небам.

Іншага прызначэння тэрыторыі не дапускаецца, і паўплываць на гэта на мясцовым узроўні немагчыма – генплан зацвярджаецца міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.

«Падчас пакупкі мне ніхто не ўказаў на гэтую дэталь, – каментуе сітуацыю Сяргей Цароў. – Цяпер я проста кожны год плачу падаткі за гэтую тэрыторыю і толькі».

У такой сітуацыі верагодныя два варыянты развіцця – альбо ўласнік зменіць свае планы на тэрыторыю «Бярозкі» і абсталюе тут выставачную прастору пад адкрытым небам, альбо ён дачакаецца зменаў у генеральным плане гораду, што дазволіць рэалізаваць праект з будаўніцтвам жылога дому.