Прадпрыемства ў Магілёве выкупіла б/у пагрузчык на 35% даражэй за новы

Магілёўскае прадпрыемства выкупіла ў арэндадаўца стары электрапагрузчык на 35 працэнтаў даражэй за кошт новага аналага.  І гэта не адзінкавы выпадак.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці выяўляе чарговыя факты «эканамічна немэтазгодных» выдаткаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў.

Вось толькі два прыклады:

  • выдаткі аднаго з прадпрыемстваў на выкарыстанне арэнднага экскаватара за паўтара года перавысілі 335 тысяч рублёў – сумы, якой з лішкам хапіла б на набыццё новага экскаватара;
  • іншае прадпрыемства пасля двух гадоў арэнды выкупіла ў арэндадаўца электрапагрузчык на 35 працэнтаў даражэй за кошт новага пагрузчыка.

Матэрыялы кантролю будуць ацэнены з пункту гледжання закону, але нават без юрыдычнай ацэнкі зразумела: дзяржаўная ўласнасць, пра якую так клапоцяцца беларускія ўлады – далёка не найлепшы спосаб дасягнення эканамічнага дабрабыту.

Прызначаных зверху «моцных гаспадарнікаў» так і цягне ці проста прамарнаваць сродкі, ці ўвязацца ў мутную здзелку, ці банальна нешта скрасці.

Фотоа іллюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.

Горацкіх камунальнікаў злавілі на растраце мільёна бюджэтных грошай

КДК Магілёўскай вобласці праверыў горацкае УКПП «Камунальнік». Вынікі ўражваюць і шакуюць.

Незаконнае атрыманне больш за мільён рублёў бюджэтных сродкаў выяўлена Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці пры праверцы горацкага УКПП «Камунальнік». 

Устаноўлена, што горацкія камунальнікі:

  • неабгрунтавана завышалі планавыя выдаткі пры фарміраванні планавых разліковых цэн на паслугі па цеплазабеспячэнню;
  • уключалі ў акты выкананых работ па ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі лішнія сумы да аплаты;
  • парушалі правілы бухгалтарскага ўліку пры прыёме лому чорных і каляровых металаў; 
  • хімічылі са здаваемай у арэнду дзяржаўнай маёмасцю;
  • парушалі правілы праезду цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання.

Вынік – мільён рублёў, незаконна атрыманы з бюджэту. Здаецца, няма такога правіла, якое б камунальнікі Горак не парушылі. Карацей кажучы, наш пастрэл усюды паспеў.

Вось толькі фармулёўка «вінаватыя ў парушэннях службовыя асобы і прадпрыемствы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці» наводзіць на думку, што растраты сродкаў падаткаплацельшчыкаў не спыняцца.

Фота ілюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.

Прадпрымальнік пяць гадоў распрадаваў перададзеныя яму на захоўванне ванны

Тры гады калоніі атрымаў прадпрымальнік, якому, як аказалася, нельга было давяраць на захоўванне маёмасць.

Як паведамляе Магілёўскі абласны суд, у 2019 годзе мужчына заключыў дамову захоўвання з арганізацыяй, па якой яму было перададзена 189 розных ваннаў. Пачынаючы з таго года і аж да 2024-га ён іх распрадаваў, нягледзячы на тое, што не меў на гэта права. Удалося прадаць 162 ванны на суму амаль 39 тыс. рублёў.

Як гаворыцца ў судовым рашэнні, усякія патрабаванні аб вяртанні перададзенай на захоўванне маёмасці прадпрымальнік ігнараваў. У выніку дырэктар арганізацыі пайшла ў праваахоўныя органы. Яны выявілі ў мужчыны 27 нераспрададзеных на той момант ваннаў на суму больш за 6,6 тыс.рублёў.

У судзе прадпрымальнік сваю віну прызнаў часткова, не пагадзіўшыся з ацэнкай кошту ваннаў. Таксама часткова кампенсаваў шкоду.

Спачатку суд Магілёўскага раёна прызнаў яго вінаватым у спробе растраты маёмасці асобай, якой яна даверана, у асабліва буйным памеры, і прызначыў падсуднаму тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 16,8 рублёў. Затым Магілёўскі аблсуд пакінуў прысуд без змены.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Прыёмная маці ў Магілёве траціла сродкі дзяцей на сябе – пракуратура

За два гады, пачынаючы з красавіка 2021 года і па красвік 2023 прыёмная маці трох дзяцей-сірот выкарыстала на свае асабістыя патрэбы 485 рублёў з тых сродкаў, якія дзяржавай выдзяляліся на ўтрыманне дзяцей – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Каб схаваць факты неправамернага выкарыстання сродкаў, жанчына прадстаўляла ў сацыяльную службу падробленыя фінансавыя справаздачы, заявілі ў ведамстве. Цяпер супраць яе ўзбуджаная крымінальная справа за прысваенне даверанай маёмасці.

Фота ілюстрацыйнае

Прадавачка ў Горках траціла выручку з крамы ў онлайн-казіно

Сума страты склала 16 тысяч рублёў. 

Пачынаючы з ліпеня 2022 года 42-гадовая жанчына, касір адной з крам у мікрараёне Будаўнікоў у Горках, перастала здаваць выручку ад гандлю – паведамляе “Горацкі веснік”. Усе грошы яна пускала на стаўкі ў онлайн-покер у адным з віртуальных казіно. Калі кіраўніцтва крамы пачало высвятляць прычыну непаступлення сродкаў ад продажаў, высветлілася, што сума растрачаных грошай склала 16 тысяч. Супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле “Прысваенне”.