У Клічаўскім раёне чыноўнікі эканомілі на дзецях-сіротах

Клічаўскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру на аднаго дзіцёнка мясцовыя ўлады выдаткоўвалі ў 16 разоў менш грошай, чым патрабаваў закон.

Як піша каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў «Бюро медыя», пра тое, як дзяржава павінна была забяспечваць выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, прапісана ў пастанове Саўміна № 840 ад 2006 года. Дакумент устанаўліваў нормы харчавання, адзення, абутку і мяккага інвентару.

Так, дзецям на той час належала пяць пар майткаў, дзесяць пар шкарпэтак, дзве пары штаноў і два швэдры на год. І не больш. З рэчамі асабістай гігіены – нават яшчэ больш строга. На месяц: адзін рулон туалетнай паперы, 50 мілілітраў зубной пасты і 200 грамаў мыла. Адзін дэзадарант на паўгода.

На адно дзіця павінна было вылучацца 320-330 рублёў у год у залежнасці ад узросту. Прычым гэта грошы толькі на адзенне, абутак і мяккі інвентар (коўдры, падушкі, матрацы, пасцельная бялізна, пакрывалы, ручнікі, дываны, сурвэткі, шторы і гэтак далей).

Аднак нават такія сціплыя нормы чыноўнікі не заўсёды выконвалі. Пра гэта раней стала вядома выданню «Зеркало» з ліста Генпракуратуры ў Савет міністраў якое журналісты атрымалі з дапамогай BELPOL. Горш за ўсё аказалася сітуацыя ў Клічаўскім раёне.

Так, у 2022 годзе клічаўскія чыноўнікі залічылі раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру 637 рублёў. Прадугледжвалася, што на гэтыя грошы можна набыць рэчы першай неабходнасці і гігіены, навучальныя прылады, адзенне і абутак для 26 чалавек. То бок на гадавыя патрэбы аднаго дзіцяці выдаткавалі ўсяго 24 рублі. Паводле закона, які дзейнічаў на той час, трэба было амаль у 16 разоў болей сродкаў. Толькі на куплю ўсяго для вучобы дзецям павінны былі вылучыць 2426 рублёў, і яшчэ 7522 – на адзенне і абутак.

На што пайшлі грошы, якія не атрымалі сіроты, у лісце не было згадана.

Фотаздымак: http://spc.klichev.edu.by/

Прыёмная маці ў Магілёве траціла сродкі дзяцей на сябе – пракуратура

За два гады, пачынаючы з красавіка 2021 года і па красвік 2023 прыёмная маці трох дзяцей-сірот выкарыстала на свае асабістыя патрэбы 485 рублёў з тых сродкаў, якія дзяржавай выдзяляліся на ўтрыманне дзяцей – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Каб схаваць факты неправамернага выкарыстання сродкаў, жанчына прадстаўляла ў сацыяльную службу падробленыя фінансавыя справаздачы, заявілі ў ведамстве. Цяпер супраць яе ўзбуджаная крымінальная справа за прысваенне даверанай маёмасці.

Фота ілюстрацыйнае

На Кіраўшчыне адкрыўся дом сямейнага тыпу – і гэта значная падзея

Новыя сямейныя дамы не часта адкрываюцца ў нашай вобласці ў апошнія гады. Таму галоўнай падзеяй мінулага тыдня ў Кіраўску стала адкрыццё ў камфортным і вялікім доме прытулку сямейнага тыпу Алы і Зміцера Перавознікавых. 

Найперш дзякуючы нямецкім партнёрам, якія ў 1990-2000-я гады біліся ў сцяну неразумення беларускіх чыноўнікаў даказваючы, што ніхто не змог прыдумаць лепшую форму выхавання маладога пакалення, чым сям’я. Немцы будавалі першыя сямейныя дамы ў нашай краіне і ў апошняе дзесяцігоддзе адбыўся пералом. Паступова ў краіне перашлі ад дагляду дзяцей-сірот у вялікіх дамах інтэрнатах да іх выхавання ў дамах сямейнага тыпу.  

Вось і на вуліцы Кірава ў Кіраўску ў новым і прыгожым доме бацькі-выхавацелі будуць жыць з чатырма дзецьмі, двое з якіх з’яўляюцца прыёмнымі. 

Званне “бацькі-выхавацелі” з’яўляецца афіцыйнай пасадай Алы і Зміцера. Яны, як і іншыя бацькі-выхавацелі праходзяць спецыяльнае навучанне, шматлікія курсы, атрымоўваюць пасведчанне на прафесійную прыдатнасць. 

Значнай падзеяй ўвядзенне такога шэраговага па інвестыцыях аб’екта стала толькі таму, што  ў 2022 годзе ў Магілеўскім рэгіёне было пабудавана ўсяго два такія дамы – у  Глускім і Кіраўскім раёне.