У Клічаўскім раёне чыноўнікі эканомілі на дзецях-сіротах

Клічаўскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру на аднаго дзіцёнка мясцовыя ўлады выдаткоўвалі ў 16 разоў менш грошай, чым патрабаваў закон.

Як піша каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў «Бюро медыя», пра тое, як дзяржава павінна была забяспечваць выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, прапісана ў пастанове Саўміна № 840 ад 2006 года. Дакумент устанаўліваў нормы харчавання, адзення, абутку і мяккага інвентару.

Так, дзецям на той час належала пяць пар майткаў, дзесяць пар шкарпэтак, дзве пары штаноў і два швэдры на год. І не больш. З рэчамі асабістай гігіены – нават яшчэ больш строга. На месяц: адзін рулон туалетнай паперы, 50 мілілітраў зубной пасты і 200 грамаў мыла. Адзін дэзадарант на паўгода.

На адно дзіця павінна было вылучацца 320-330 рублёў у год у залежнасці ад узросту. Прычым гэта грошы толькі на адзенне, абутак і мяккі інвентар (коўдры, падушкі, матрацы, пасцельная бялізна, пакрывалы, ручнікі, дываны, сурвэткі, шторы і гэтак далей).

Аднак нават такія сціплыя нормы чыноўнікі не заўсёды выконвалі. Пра гэта раней стала вядома выданню «Зеркало» з ліста Генпракуратуры ў Савет міністраў якое журналісты атрымалі з дапамогай BELPOL. Горш за ўсё аказалася сітуацыя ў Клічаўскім раёне.

Так, у 2022 годзе клічаўскія чыноўнікі залічылі раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру 637 рублёў. Прадугледжвалася, што на гэтыя грошы можна набыць рэчы першай неабходнасці і гігіены, навучальныя прылады, адзенне і абутак для 26 чалавек. То бок на гадавыя патрэбы аднаго дзіцяці выдаткавалі ўсяго 24 рублі. Паводле закона, які дзейнічаў на той час, трэба было амаль у 16 разоў болей сродкаў. Толькі на куплю ўсяго для вучобы дзецям павінны былі вылучыць 2426 рублёў, і яшчэ 7522 – на адзенне і абутак.

На што пайшлі грошы, якія не атрымалі сіроты, у лісце не было згадана.

Фотаздымак: http://spc.klichev.edu.by/

Навагоднюю ёлку ў Клайпедзе будуць прапаноўваць самі жыхары

Гэта дазволіць сэканоміць сродкі, таксама для эканоміі яе запаляць на тыдзень пазней. 

Да новага года застаецца 73 дні, да Калядаў 67. І па традыцыі да зімовых святаў Клайпеда збіраецца ўпрыгожыць жывую ёлку. Вітаюцца прапановы клайпедчанаў і жыхароў раёна, паведамляе Klaipėdos šventės. 


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


За два месяцы да зімовых свят грамадзянам даюць магчымасць прапанаваць свае ўласныя ёлкі, якія стануць галоўным калядным сімвалам партовага горада.

Жыхароў Клайпеды ўпершыню запрасілі падарыць елкі сем гадоў таму. Такая ініцыятыва атрымала станоўчыя водгукі і стала візітнай карткай каляднага перыяду ў горадзе.

Клайпедчане поўныя рашучасці ахвяраваць елкі, якія растуць не адзін дзясятак гадоў, таму што яны, напрыклад, ім надакучылі, загароджваюць сонечнае святло або электрычны дрот, займаюць шмат месца.

Арганізатары абяцаюць вырашыць усе праблемы, якія звязаны з высечкай дрэва, яго перавозкай і ўборкай месца, дзе яно расце.

Елка павінна быць не менш за 10 метраў вышынёй, з шырокай і багатай кронай галін. Усе прапанаваныя варыянты будуць правераны, ацэнены і прадстаўлены грамадскасці.

Створаная камісія абярэ самае прыдатнае і дастойнае звання Клайпедскай гарадской елкі дрэва.

Падбор святочнай елкі і яе ўстаноўка на такіх умовах значна эканоміць гарадскі бюджэт, сродкі кожнага гараджаніна.

У мэтах эканоміі энергарэсурсаў галоўны сімвал зімовых свят на Тэатральнай плошчы запаляць на тыдзень пазней, чым было запланавана — вечарам 10 снежня.

Прапановы з фатаграфіямі арганізатары просяць накіроўваць да 25 кастрычніка.

Тым часам мэр Вільні прадставіў планы эканоміі на Каляды. Ён прапануе ўсталяваць сціплую ёлку, а астатнія грошы ахвяраваць братэрскай Украіне. 


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: dcdn.lt