Магілёўліфтмаш праваліў экспарт – чырвоныя стужачкі не дапамаглі

Вымовы і заўвагі атрымалі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў Беларусі. Сярод іх – дырэктары «Магілёўліфтмаша» і «Бабруйскаграмаша».

Міністэрства прамысловасці выказала абурэнне працай прамысловых гігантаў Беларусі. Паводле дакументаў, атрыманых BELPOL, «моцныя гаспадарнікі» Лукашэнкі не выканалі ключавыя паказчыкі, даведзеныя ім на пачатку года.

«Прыляцела», у тым ліку, і магілёўскім летуценнікам, якія кожны год абвяшчаюць пра тое, што вось-вось выберуцца з дрыгвы стратаў планавай эканомікі.

ААТ «Магілёўліфтмаш» Руслана Страхара, нягледзячы на ўсе піяр-хады, што прадпрымае дырэктар, не змагло пераканаць пакупнікоў у тым, што выпускае добрыя ліфты.

Аднак, для беларусаў гэта не навіна – да якасці прадукцыі прадпрыемства заўсёды ўзнікала шмат пытанняў.

У той час як Руслан Страхар пераразаў чырвоныя стужкі на адкрыцці новых вытворчасцяў і пакояў у інтэрнаце, гучна абвяшчаў пра працоўныя перамогі і тэхналагічныя прарывы, ліфты ездзілі куды ім уздумаецца, білі людзей дзвярамі, у іх даводзілася класці цэглу, бо датчыкі не “бачылі” дзяцей з-за іх малой вагі.

Намаганні Страхара былі ацэнены вымовай за правал экспарту.

Нагадаем, што цяперашні дырэктар «Магілёўліфтмаша» ўсяго год таму кіраваў усёй эканомікай вобласці на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама. Там у Страхара таксама нешта не склалася. Папярэдні дырэктар “Ліфтмаша” паспеў падняцца на паверх вышэй, заняўшы крэсла старшыні Магілёўскага гарвыканкама.

Дасталося на арэхі і кіраўніцтву «Бабруйскаграмаша» – прадпрыемства спрацавала ў чысты мінус.

Дзіўна, што ў спісах пакараных няма ААТ «Магілёўхімвалакно» – яшчэ аднаго традыцыйна стратнага прадпрыемства.

Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца не тым, што завод стаў прыбытковым, а проста таму, што там зусім нядаўна змяніўся дырэктар.

У цэлым сітуацыю ў прамысловасці Магілёўшчыны можна назваць стабільнай. Вось ужо трыццаць гадоў прадпрыемствы трымаюцца на плаву толькі за кошт фінансавых ін’екцый ад дзяржавы, а чыноўнікі старанна засакрэчваюць дакументы, што сведчаць пра правалы любых іх планаў.

Але шыла беднасці шторазу пратыкае мяшок беларускага росквіту.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Прадпрыемства ў Магілёве выкупіла б/у пагрузчык на 35% даражэй за новы

Магілёўскае прадпрыемства выкупіла ў арэндадаўца стары электрапагрузчык на 35 працэнтаў даражэй за кошт новага аналага.  І гэта не адзінкавы выпадак.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці выяўляе чарговыя факты «эканамічна немэтазгодных» выдаткаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў.

Вось толькі два прыклады:

  • выдаткі аднаго з прадпрыемстваў на выкарыстанне арэнднага экскаватара за паўтара года перавысілі 335 тысяч рублёў – сумы, якой з лішкам хапіла б на набыццё новага экскаватара;
  • іншае прадпрыемства пасля двух гадоў арэнды выкупіла ў арэндадаўца электрапагрузчык на 35 працэнтаў даражэй за кошт новага пагрузчыка.

Матэрыялы кантролю будуць ацэнены з пункту гледжання закону, але нават без юрыдычнай ацэнкі зразумела: дзяржаўная ўласнасць, пра якую так клапоцяцца беларускія ўлады – далёка не найлепшы спосаб дасягнення эканамічнага дабрабыту.

Прызначаных зверху «моцных гаспадарнікаў» так і цягне ці проста прамарнаваць сродкі, ці ўвязацца ў мутную здзелку, ці банальна нешта скрасці.

Фотоа іллюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.