Магілёўліфтмаш праваліў экспарт – чырвоныя стужачкі не дапамаглі

Вымовы і заўвагі атрымалі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў Беларусі. Сярод іх – дырэктары «Магілёўліфтмаша» і «Бабруйскаграмаша».

Міністэрства прамысловасці выказала абурэнне працай прамысловых гігантаў Беларусі. Паводле дакументаў, атрыманых BELPOL, «моцныя гаспадарнікі» Лукашэнкі не выканалі ключавыя паказчыкі, даведзеныя ім на пачатку года.

«Прыляцела», у тым ліку, і магілёўскім летуценнікам, якія кожны год абвяшчаюць пра тое, што вось-вось выберуцца з дрыгвы стратаў планавай эканомікі.

ААТ «Магілёўліфтмаш» Руслана Страхара, нягледзячы на ўсе піяр-хады, што прадпрымае дырэктар, не змагло пераканаць пакупнікоў у тым, што выпускае добрыя ліфты.

Аднак, для беларусаў гэта не навіна – да якасці прадукцыі прадпрыемства заўсёды ўзнікала шмат пытанняў.

У той час як Руслан Страхар пераразаў чырвоныя стужкі на адкрыцці новых вытворчасцяў і пакояў у інтэрнаце, гучна абвяшчаў пра працоўныя перамогі і тэхналагічныя прарывы, ліфты ездзілі куды ім уздумаецца, білі людзей дзвярамі, у іх даводзілася класці цэглу, бо датчыкі не “бачылі” дзяцей з-за іх малой вагі.

Намаганні Страхара былі ацэнены вымовай за правал экспарту.

Нагадаем, што цяперашні дырэктар «Магілёўліфтмаша» ўсяго год таму кіраваў усёй эканомікай вобласці на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама. Там у Страхара таксама нешта не склалася. Папярэдні дырэктар “Ліфтмаша” паспеў падняцца на паверх вышэй, заняўшы крэсла старшыні Магілёўскага гарвыканкама.

Дасталося на арэхі і кіраўніцтву «Бабруйскаграмаша» – прадпрыемства спрацавала ў чысты мінус.

Дзіўна, што ў спісах пакараных няма ААТ «Магілёўхімвалакно» – яшчэ аднаго традыцыйна стратнага прадпрыемства.

Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца не тым, што завод стаў прыбытковым, а проста таму, што там зусім нядаўна змяніўся дырэктар.

У цэлым сітуацыю ў прамысловасці Магілёўшчыны можна назваць стабільнай. Вось ужо трыццаць гадоў прадпрыемствы трымаюцца на плаву толькі за кошт фінансавых ін’екцый ад дзяржавы, а чыноўнікі старанна засакрэчваюць дакументы, што сведчаць пра правалы любых іх планаў.

Але шыла беднасці шторазу пратыкае мяшок беларускага росквіту.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўская тынкоўшчыца даверылася кіраўніцтву і атрымала вымову

Работніца адной з будаўнічых арганізацый Магілёўшчыны па вуснай згодзе з кіраўніцтвам сыходзіла з працы раней, і за гэта тое ж самае кіраўніцтва вынесла ёй вымову.

Жанчына, якая працуе маляром-тынкоўшчыкам, спасылаючыся на сямейныя абставіны, вусна дамовілася з кіраўніцтвам аб карэкціроўцы графіка: яна стала заканчваць працу ў 17:00 замест звычайных 17:30. Аднак з часам адсутнасць на працоўным месцы пасля 17:00 скончылася для яе вымоваю. Пра гэта піша сайт Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

“То бок, наймальнік спачатку загадзіўся, што я сыходжу ў 17.00, а потым вынес мне вымову за адсутнась на працоўным месцы” – распавяла тынкоўшчыца, якая звярнулася ў праўладны прафсаюз па дапамогу ў такой несправядлівасці.

У прафсаюзе патлумачылі, што такія змены, калі няма жадання трапляць пад дысцыплінарнае спагнанне, трэба рабіць на паперы, то бок праз загад па арганізацыі, падаўшчы адпаведную заяву. Такую паперу прававы прафсаюзны інспектар дапамог скласці, і працоўны графік жанчыны быў зменены. Цяпер яна мае менш часу на абед і сыходзіць з працы на паўгадзіны раней. Вымову ёй ніхто не адмяніў.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

Дацыфравізаваліся – вымовы ў Магілёве ўжо выносяць па электроннай пошце

Не так даўно чыноўнікаў Магілёва лаялі за расход паперы. Цяпер яны сталі сапраўднымі юзерамі і камунікуюць з падначаленымі толькі на лічбе.

Загадчыца склада лясагаспадарчага прадпрыемства атрымала дысцыплінарную вымову па электроннай пошце, але здолела яе абскардзіць з дапамогай профільнага прафсаюза.

Прававы інспектар працы прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання на пальцах патлумачыў начальству загадчыцы склада, што часам яму належыць дзейнічаць у аналагавых межах і наогул не перагінаць палку, паколькі:

  • зносіны праз сацсеткі і email не былі прапісаныя ў лакальных актах кампаніі;
  • дысцыплінарная вымова была вынесена з грубымі працэдуральнымі парушэннямі;
  • супрацоўніцы ўсталявалі немагчымыя планавыя паказчыкі, якія яна расцаніла як ціск.

У выніку незаконная вымова была адменена.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.