Запазычанасць па заробку ў 2 млн рублёў выявілі пракуроры на Магілёўшчыне

За першае паўгоддзе ў Магілёўскай вобласці своечасова не выплачваўся заробак 1,8 тыс. работнікаў.

Як вынікае з афіцыйных звестак, 1843 работнікі розных прадпрыемстваў своечасова не атрымалі заробленыя грошы. Агульная сума запазычанасці перавысіла два мільёны рублёў. Пры гэтым у пракуратуры падаюць гэтыя лічбы як вынік эфектыўнага пракурорскага нагляду. Аднак самі яны сведчаць пра іншае: праблема з невыкананнем аднаго з асноўных правоў работнікаў у рэгіёне мае далёка не адзінкавы характар.

Паводле пракуратуры, толькі пасля яе ўмяшання прадпрыемствы пачалі выплачваць людзям заробак. Так, у Магілёве кіраўніцтва камерцыйнай арганізацыі, якая выпускае аўтамабільныя камплектуючыя, разлічылася з 18 супрацоўнікамі, выплаціўшы ім каля 36 тыс. рублёў.

Аналагічная сітуацыя склалася і ў Асіповіцкім раёне, дзе пасля патрабавання пракурора сельскагаспадарчае прадпрыемства пагасіла запазычанасць перад 98 работнікамі на суму 177,5 тыс. рублёў.

Кіраўнікі гэтых арганізацый былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Адзін атрымаў штраф у памеры дзесяці базавых велічынь, другі – трыццаці.

Усяго ж за шэсць месяцаў пракуроры Магілёўшчыны былі вымушаныя ўнесці 52 акты пракурорскага рэагавання, а да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 14 службовых асоб.

Фактычна гэтыя лічбы сведчаць не толькі пра «эфектыўнасць пракурорскага нагляду», як гэта падаецца ў афіцыйных паведамленнях, але і пра тое, што нават своечасовая выплата заработнай платы ў рэгіёне нярэдка адбываецца толькі пасля ўмяшання наглядных органаў. Без іх, як вынікае з самой пракурорскай статыстыкі, тысячы людзей маглі б яшчэ доўга чакаць сваіх законна заробленых грошай.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Супрацоўніцы магілёўскага прадпрыемства недаплацілі больш за 9 тысяч рублёў

На адным з прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці супрацоўніцы кампенсавалі запазычанасць па зарплаце, якая назапасілася больш як за два гады. Парушэнне выявілі юрысты галіновага прафсаюза.

Прычынай недаплаты стаў перавод жанчыны на вышэйшую пасаду. У новым кантракце ёй устанавілі аклад ніжэйшы за той, што быў прадугледжаны калектыўным дагаворам для гэтай прафесіі. Штомесячная розніца перавышала 300 рублёў і аўтаматычна змяншала ўсе вытворныя выплаты – прэміі, надбаўкі, адпускныя і бальнічныя.

Паводле слоў прававога інспектара працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Дзмітрыя Мардачова, факт парушэння пацвердзіўся ўжо пры першай праверцы кантрактаў і разліковых лісткоў. Наймальнік з высновамі праверкі пагадзіўся.

З супрацоўніцай падпісалі дадатковае пагадненне, выправілі тарыфны разрад і пералічылі ўсе выплаты за перыяд недаплаты. Выніковая сума кампенсацыі перавысіла 9 тысяч рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Дацыфравізаваліся – вымовы ў Магілёве ўжо выносяць па электроннай пошце

Не так даўно чыноўнікаў Магілёва лаялі за расход паперы. Цяпер яны сталі сапраўднымі юзерамі і камунікуюць з падначаленымі толькі на лічбе.

Загадчыца склада лясагаспадарчага прадпрыемства атрымала дысцыплінарную вымову па электроннай пошце, але здолела яе абскардзіць з дапамогай профільнага прафсаюза.

Прававы інспектар працы прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання на пальцах патлумачыў начальству загадчыцы склада, што часам яму належыць дзейнічаць у аналагавых межах і наогул не перагінаць палку, паколькі:

  • зносіны праз сацсеткі і email не былі прапісаныя ў лакальных актах кампаніі;
  • дысцыплінарная вымова была вынесена з грубымі працэдуральнымі парушэннямі;
  • супрацоўніцы ўсталявалі немагчымыя планавыя паказчыкі, якія яна расцаніла як ціск.

У выніку незаконная вымова была адменена.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На Дрыбіншчыне студатрад ледзьве не застаўся без заробку

Толькі з дапамогай пракуратуры 15 студатрадаўцам удалося атрымаць заробак пасля працы на адну сельгасарганізацыю ў Дрыбінскім раёне.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, сельгасарганізацыя заключыла з 15 непаўналетнімі студэнтамі працоўныя дамовы. Аднак пры заканчэнні іх сельгаспрац і натуральным звальненні выплочваць заробак адмовілася. У выніку студэнты аказаліся без 4,2 тыс. рублёў заробленых грошай.

На сайце не распавядаецца, якім чынам звесткі аб нявыплаце дайшлі да пракуратуры. Верагодна, да яе звярнуліся бацькі пакрыўджаных сельгасарганізацыяй студэнтаў. Так ці інакш, але тая выявіла парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства і працоўных працоў непаўналетніх.

Пракуратура вынесла прадпісанне кіраўніку сельгасарганізацыі і студэнтам выплацілі заробкі.

Дарэчы, паводле даных нагляднага ведамства, у Дрыбінскім раёне за летні перыяд было восем студэнцкіх атрадаў, у якіх працавалі 96 чалавек, з іх 88 непаўналетніх.

Фотаздымак: Генпракуратура