Магіляўчанка спагнала грошы з віноўніка свайго падзення на эскалатары

Бацькам магілёўскага падлетка давядзецца заплаціць за свавольствы сына на эскалатары.

Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў пазоў мясцовай жыхаркі, якая ў маі 2025 года атрымала траўмы пры падзенні на эскалатары аднаго з гандлёвых цэнтраў.

Прычынай інцыдэнту сталі паводзіны 14-гадовага падлетка, які ехаў на прыступку вышэй.

Ён убачыў знаёмых, якія спускаліся на сустрэчным эскалатары, у жарт схапіў аднаго з іх за шыю і страціў раўнавагу. Падаючы, хлопец збіў з ног дзяўчыну.

Менавіта яна падала на яго ў суд, паколькі, падаючы, атрымала шэраг траўмаў, уключаючы пералом ключыцы. 

Дзяўчына на той момант была студэнткай выпускнога курса і не магла паўнавартасна працаваць над дыпломам. 

Памер маральнай шкоды ісціца ацаніла ў 25 тысяч рублёў.

Суд прыняў рашэнне спагнаць з віноўніка здарэння на карысць дзяўчыны 7 тысяч рублёў. Пры адсутнасці даходаў у яго самога – з яго законных прадстаўнікоў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёвец праз суд дамогся вяртання грошай за “не вельмі разумны” тэлевізар

Суд у Магілёве скасаваў дамову куплі-продажу дарагога тэлевізара праз падаванне пакупніку недакладнай інфармацыі пра тавар.

У Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва была разгледжана грамадзянская справа па позве мясцовага жыхара да гандлёвай арганізацыі аб абароне правоў спажыўца.

Тэлевізар аказаўся не такім “разумным”

У студзені 2025 года магілёвец набыў у краме адказчыка тэлевізар коштам 10 599 рублёў. Пры куплі ён паведаміў прадаўцу, што шукае мадэль з убудаваным галасавым памочнікам, здольным кіраваць сістэмай «разумны дом», падобна да калонкі «Аліса».

Аднак, пасля куплі высветлілася, што галасавы памочнік актывуецца толькі пры ўключаным экране і працуе выключна праз пульт кіравання. Гэта значыць, выкарыстоўваць яго для галасавога кіравання бытавымі прыборамі без уключэння тэлевізара немагчыма.

Пакупнік палічыў, што прадавец падаў недакладную інфармацыю пра функцыянальнасць прылады і запатрабаваў скасаваць дамову куплі-продажу і вярнуць грошы. Гандлёвая арганізацыя адмовіла, сцвярджаючы, што інфармацыя пра тавар была поўнай і дакладнай.

Схавалі галоўнае

Суд стаў на бок пакупніка, пагадзіўшыся, што пры продажы тэлевізара істцу не была прадстаўлена поўная і праўдзівая інфармацыя пра яго характарыстыкі і магчымасці. Гэта з’яўляецца парушэннем закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», які абавязвае прадаўца паведамляць пакупніку ўсю інфармацыю пра функцыянальныя асаблівасці тавару.

Таксама суд адзначыў, што прадавец быў загадзя папярэджаны пра канкрэтную мэту набыцця тэлевізара. А менавіта – для выкарыстання ў сістэме «разумны дом», аднак прапанаваў тавар, які гэтым патрабаванням не адпавядаў.

Довады адказчыка пра нібыта поўную інфармацыю суд прызнаў неабгрунтаванымі. Паказанні прадаўцоў-кансультантаў былі супярэчлівымі, а відэазапіс дэманстрацыі працы тэлевізара, які мог бы пацвердзіць пазіцыю гандлёвай арганізацыі, суду прадстаўлены не быў.

З улікам усіх абставін суд задаволіў патрабаванні істца і пастанавіў скасаваць дамову куплі-продажу тэлевізара. З адказчыка спагнана вартасць тэлевізара 10 599 рублёў, кампенсацыя маральнай шкоды 150 рублёў, а таксама дзяржаўная пошліна ў даход дзяржавы 336 рублёў.

Рашэнне было абскарджана прадаўцом, але бепспаспяхова для яго, і ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак: Магілёўскі аблсуд

У Магілёве жанчына з інваліднасцю спагнала з перавозчыка 1 500 рублёў маральнай шкоды

Суд у Магілёве прысудзіў на карысць жанчыны з ІІ групай інваліднасці 1 500 рублёў у якасці кампенсацыі за падзенне з аўтобуса на прыпынку.

Выпадак адбыўся ў снежні мінулага года. Жанчына-інвалід па агульным захворванні ехала ў аўтобусе, які належыў неўказаннаму перавозчыку, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда. 

“Пры выхадзе з аўтобуса на прыпынку жанчына паставіла правую нагу і кій на асфальт, а левую нагу не паспела паставіць да таго, як дзверы аўтобуса зачыніліся. У гэты час кіроўца пачаў рух, працягнуўшы ісціцу некалькіх метраў па асфальце. Жанчына ўпала, стукнулася аб асфальт галавой, што прывяло да ўдару правага вока і правай скроневай вобласці. Згодна заключэнню эксперта, у выніку ДТЗ ісціцы былі нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні” – гаворыцца ў паведамленні.

Такое здарэнне натуральным чынам пагоршыла стан здароўя і нанесла маральныя пакуты інваліду. Пацярпелая прасіла суд спагнаць з перавозчыка 5000 рублёў кампенсацыі маральнага ўрону і ўсё панесеныя судовыя выдаткі.

Адказчык часткова прызнаў віну, але пагадзіўся сплаціць на карысць жанчыны толькі 210 рублёў кампенсацыі за маральную шкоду і толькі 1200 рублёў судовых выдаткаў.

Суд Кастрычніцкага раёну вырашыў, што пацярпелай хопіць і 1500 рублёў за маральны ўрон, а таксама абавязаў перавозчыка кампенсаваць ёй судовыя выдаткі ў памеры 1300 рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Падрабязнасці гучнай аварыі пад Бабруйскам – абвінавачвалі маршрутчыка, а пасадзілі трактарыста

Пасля сутыкнення маршруткі і трактара летам мінулага года два чалавекі трапілі ў рэанімацыю, васьмярых шпіталізавалі. Гучнае ДТЗ адбылося каля вёскі Брожка ў Бабрйскім раёне на трасе Бабруйск – Мазыр, пісалі mogilev.media. Аварыя з удзелам маршруткі выклікала вялікі рэзананс на фоне іншых падобных дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам маршрутных таксі, што адбываліся па Беларусі. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што першапачаткова Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу менавіта супраць кіроўцы таксі.

Абвінавачанне і нечаканы паварот

32-гадоваму мужчыне інкрымінавалася парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За медыцынскай дапамогай пасля аварыі звярнуліся 13 чалавек. У выніку на лаву падсудных сеў… другі кіроўца – трактарыст. Прэс-служба Магілёўскага абласнога суда паведамляе падрабязнасці.

Следствам было ўстаноўлена, што вадзіцель трактара з прычэпам вырашыў павярнуць налева, каб з’ехаць на прасёлкавую дарогу, не пабачыўшы, што ў гэты момант яго збіраецца абагнаць маршрутка.

Суд і прысуд

Падчас судовага паседжання абвінавачаны віну не прызнаў. Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў трактарыста вінаватым у парушэнні ПДР і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 гадоў.

Было таксама пастаноўлена спагнаць з прадпрыемства, кіроўцам якога з’яўляўся абвінавачаны, на карысць пяцярых пацярпелых матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды на агульную суму 95 000 рублёў. Акрамя таго, з абвінавачанага на карысць аднаго з пацярпелых. спагнаны расходы па аплаце паслуг адваката ў суме 3600 рублёў.

аварыя з маршруткай

Фота: Прэс-служба УУС