Глускі суд стаў на бок ахвяры махляроў, але грошы пакуль засталіся ў іх

Жыхарка Глускага раёна аддала шэсць тысяч рублёў крэдыту махлярам, якіх не здолеў знайсці нават суд.

У Глускім раёне суд разгледзеў грамадзянскую справу аб абароне правоў спажыўцоў, у якой мясцовая жыхарка стала ахвярай агрэсіўных продажаў, а насамрэч, махлярскай схемы.

У траўні 2025 года жанчына трапіла на мерапрыемства, якое арганізавала гандлёвая кампанія нібыта для прэзентацыі тавараў. Падчас сустрэчы ўдзельнікам прапанавалі бясплатнае “абследаванне здароўя”. Па яго выніках гераіні гісторыі паведамілі, што пітная вада ў яе доме мае «надзвычай нізкую якасць» і нібыта сур’ёзна шкодзіць здароўю.

Пасля гэтага жанчыну пераканалі, што ёй неабходна набыць дарагую сістэму ачысткі вады. Дзеля гэтага даверлівая глушчанка нават аформіла банкаўскі крэдыт на шэсць тысяч рублёў і купіла не толькі фільтр, але і іншыя тавары: камплект пасцельнай бялізны, азанатар і масажор для ног.

Пазней высветлілася, што пры продажу пакупніцы паведамілі недакладную інфармацыю: пра характарыстыкі тавару, умовы ўстаноўкі, а на вырабах увогуле не было звестак пра дату продажу, вырабу і тэрмін службы. Акрамя таго, у дамове быў указаны несапраўдны адрас прадаўца.

Праз два тыдні жанчына паспрабавала вярнуць фільтр і скасаваць дамову, але па названым адрасе кампанію не знайшла. Пісьмовую прэтэнзію прадавец таксама адмовіўся прымаць.

З-за сітуацыі, якая склалася, пакупніца перажыла моцны стрэс і маральныя пакуты. Яна звярнулася ў суд з патрабаваннем скасаваць дамову куплі-продажу і спагнаць з адказчыка кампенсацыю маральнай шкоды.

Прадстаўнік прадаўца, хоць і быў належным чынам паведамлены пра судовае пасяджэнне, у суд не з’явіўся.

Ацаніўшы сабраныя доказы, суд Глускага раёна прызнаў патрабаванні жанчыны абгрунтаванымі. Суд пацвердзіў факт парушэння заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, у тым ліку ў частцы прадастаўлення дакладнай інфармацыі пра тавар.

Завочным рашэннем суду дамова куплі-продажу была скасаваная, а з адказчыка пастанавілі спагнаць 400 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Рашэнне ўступіла ў законную сілу. Аднак фактычна грошы за непатрэбны тавар пакуль так і засталіся ў прадаўцоў, знайсці якіх не здолелі ні пацярпелая, ні суд.

Фотаздымак: aquaphorkirov.ru

«Белiта» бывае брэсцкая i магiлёўская – у Асіповічах не прынялі сертыфікат

Падарункавы сертыфікат «Белiта», набыты ў Пiнску, адмовіліся прымаць у Магілёўскай вобласці.

На «неканвертаванасць» падарункавага сертыфіката «Белiта» паскардзiлася адна з пакупніц фiрменнай крамы «Белiта». Сертыфікат яна набыла ў Пiнску, а падарыла  яго сваёй маці  ў Магiлёўскай вобласцi. Нягледзячы на тое, што крама таксама мела брэнд «Белiта», сертыфікат там не прынялi.

«Купiла сертыфікат у краме “Белiты” ў Пiнску. Падарылa мацi ў Асiповiчах. А ёй кажуць, што прымаюць сертыфікаты толькi выдадзеныя ў Магiлёўскай вобласцi. Гэта як? Папярэдзiць перад пакупкай было не варыянт?!» – паскардзiлася пакупніца.

Афiцыйны прадстаўнiк кампанii «Белiта» патлумачыў сiтуацыю наступным чынам: акцыю праводзiла не фiрма «Белiта», а канкрэтная крама. Паколькi ж крамы ў Брэсцкай i Магiлёўскай абласцях належаць розным юрыдычным асобам, сертыфікат на Магiлёўшчыне не дзейнiчае.

Пакупніцы параiлi больш уважлiва прачытаць тэкст на адваротным баку сертыфіката, дзе павiнен быць указаны спiс крамаў. Паколькi жанчына не прадставiла фота таго самага сертыфіката, выглядае, што прадаўцы мелi рацыю.

Аднак, улiчваючы тое, што сертыфікат усё ж падарункавы, вельмі хацелася б, каб геаграфiя яго дзеяння не абмяжоўвалася той жа крамай, у якой ты яго набываеш.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёвец праз суд дамогся вяртання грошай за “не вельмі разумны” тэлевізар

Суд у Магілёве скасаваў дамову куплі-продажу дарагога тэлевізара праз падаванне пакупніку недакладнай інфармацыі пра тавар.

У Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва была разгледжана грамадзянская справа па позве мясцовага жыхара да гандлёвай арганізацыі аб абароне правоў спажыўца.

Тэлевізар аказаўся не такім “разумным”

У студзені 2025 года магілёвец набыў у краме адказчыка тэлевізар коштам 10 599 рублёў. Пры куплі ён паведаміў прадаўцу, што шукае мадэль з убудаваным галасавым памочнікам, здольным кіраваць сістэмай «разумны дом», падобна да калонкі «Аліса».

Аднак, пасля куплі высветлілася, што галасавы памочнік актывуецца толькі пры ўключаным экране і працуе выключна праз пульт кіравання. Гэта значыць, выкарыстоўваць яго для галасавога кіравання бытавымі прыборамі без уключэння тэлевізара немагчыма.

Пакупнік палічыў, што прадавец падаў недакладную інфармацыю пра функцыянальнасць прылады і запатрабаваў скасаваць дамову куплі-продажу і вярнуць грошы. Гандлёвая арганізацыя адмовіла, сцвярджаючы, што інфармацыя пра тавар была поўнай і дакладнай.

Схавалі галоўнае

Суд стаў на бок пакупніка, пагадзіўшыся, што пры продажы тэлевізара істцу не была прадстаўлена поўная і праўдзівая інфармацыя пра яго характарыстыкі і магчымасці. Гэта з’яўляецца парушэннем закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», які абавязвае прадаўца паведамляць пакупніку ўсю інфармацыю пра функцыянальныя асаблівасці тавару.

Таксама суд адзначыў, што прадавец быў загадзя папярэджаны пра канкрэтную мэту набыцця тэлевізара. А менавіта – для выкарыстання ў сістэме «разумны дом», аднак прапанаваў тавар, які гэтым патрабаванням не адпавядаў.

Довады адказчыка пра нібыта поўную інфармацыю суд прызнаў неабгрунтаванымі. Паказанні прадаўцоў-кансультантаў былі супярэчлівымі, а відэазапіс дэманстрацыі працы тэлевізара, які мог бы пацвердзіць пазіцыю гандлёвай арганізацыі, суду прадстаўлены не быў.

З улікам усіх абставін суд задаволіў патрабаванні істца і пастанавіў скасаваць дамову куплі-продажу тэлевізара. З адказчыка спагнана вартасць тэлевізара 10 599 рублёў, кампенсацыя маральнай шкоды 150 рублёў, а таксама дзяржаўная пошліна ў даход дзяржавы 336 рублёў.

Рашэнне было абскарджана прадаўцом, але бепспаспяхова для яго, і ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак: Магілёўскі аблсуд