У Магілёве юнак сістэматычна краў прадукты з крам

У Магілёве раскрылі серыю крадзяжоў прадуктаў харчавання з крам – злачынца затрыманы.

У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС паведамілі пра знікненне з крам тавараў на агульную суму каля 2 300 рублёў.

Аператыўнікі ўстанавілі, што да крадзяжоў датычны 19-гадовы мясцо жыхар. Аказалася, што малады чалавек складаў тавары, якія спадабаліся, у заплечнік і ўхітраўся пакідаць крамы незаўважаным.

Пазней прадукты ён перапрадаваў праз адзін з сайтаў аб’яў.

Аказваецца камеры відэаназірання і іншыя элементы ахоўных сістэм не заўсёды эфектыўныя.

Фота ілюстрацыйнага характару.

«Белiта» бывае брэсцкая i магiлёўская – у Асіповічах не прынялі сертыфікат

Падарункавы сертыфікат «Белiта», набыты ў Пiнску, адмовіліся прымаць у Магілёўскай вобласці.

На «неканвертаванасць» падарункавага сертыфіката «Белiта» паскардзiлася адна з пакупніц фiрменнай крамы «Белiта». Сертыфікат яна набыла ў Пiнску, а падарыла  яго сваёй маці  ў Магiлёўскай вобласцi. Нягледзячы на тое, што крама таксама мела брэнд «Белiта», сертыфікат там не прынялi.

«Купiла сертыфікат у краме “Белiты” ў Пiнску. Падарылa мацi ў Асiповiчах. А ёй кажуць, што прымаюць сертыфікаты толькi выдадзеныя ў Магiлёўскай вобласцi. Гэта як? Папярэдзiць перад пакупкай было не варыянт?!» – паскардзiлася пакупніца.

Афiцыйны прадстаўнiк кампанii «Белiта» патлумачыў сiтуацыю наступным чынам: акцыю праводзiла не фiрма «Белiта», а канкрэтная крама. Паколькi ж крамы ў Брэсцкай i Магiлёўскай абласцях належаць розным юрыдычным асобам, сертыфікат на Магiлёўшчыне не дзейнiчае.

Пакупніцы параiлi больш уважлiва прачытаць тэкст на адваротным баку сертыфіката, дзе павiнен быць указаны спiс крамаў. Паколькi жанчына не прадставiла фота таго самага сертыфіката, выглядае, што прадаўцы мелi рацыю.

Аднак, улiчваючы тое, што сертыфікат усё ж падарункавы, вельмі хацелася б, каб геаграфiя яго дзеяння не абмяжоўвалася той жа крамай, у якой ты яго набываеш.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У крамах Магілёўшчыны зноў пратэрміноўка і завышэнне цэн

Шэраг парушэнняў выяўлены КДК у гандлёвых аб’ектах Бабруйска, Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі гандлёвыя аб’екты і выявілі шэраг парушэнняў:

  • у трох гандлёвых аб’ектах ІП горада Бабруйска дапушчана завышэнне цэн больш чым на 30 найменняў харчовых тавараў;
  • на некаторыя тавары адсутнічалі дакументы, што пацвярджаюць іх набыццё, якасць і бяспеку;
  • у двух гандлёвых аб’ектах (Касцюковічы і Хоцімск) выяўлены тавары з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці на суму больш за 270 рублёў;
  • выяўлены факты неабгрунтаванага спагнання платы за спажывецкую ўпакоўку не ўпакаваных вытворцам тавараў.

Сітуацыя, увогуле, не новая. Хочацца толькі адзначыць, што, распавядаючы пра праверку, дзяржаўнае СМІ зрабіла акцэнт на парушэннях, дапушчаных індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Не вельмі верыцца, што ў крамах аблспажыўсаюза, які знаходзіцца пад абаронай уладаў, парушэнні ўжо выкаранены.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У крамах Магілёва і вобласці пратэрміноўка, а Лукашэнка лаецца матам

У крамах Магілёўшчыны гандлююць пратэрміноўкай і парушаюць забарону на павышэнне цэн.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў 13 крамаў ў Магілёве, Глускім, Крычаўскім, Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах.

Вось вынікі: 

  • у дзевяці крамах прадавалі тавары з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці;
  • у двух прыватных гандлёвых аб’ектах на рынку Магілёва завышалі цэны на садавіну і гародніну, а гандлёвыя надбаўкі на шэраг тавараў былі завышаныя ў 3,3 раза; 
  • выяўлены факт рэалізацыі больш як 360 адзінак адзення без цэннікаў і прадастаўлення пакупнікам неабходнай інфармацыі пра тавар;
  • у шасці правераных гандлёвых аб’ектах адсутнічалі пералікі тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы.

Усё б нічога, але «завышэнне цэн» і «пералік тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы» – гэта элементы сілавога кіравання эканомікай.

Менавіта гэты метад абраў Лукашэнка месяц таму, калі на нарадзе заявіў падначаленым: «Да похер твой макроуровень людям!»

Пытанне толькі ў тым, наколькі хутка выбар на карысць «спакою людзей» прывядзе да поўнага краху стратнай лукашэнкаўскай эканомікі.

Падкрэслім таксама, што выкарыстанне Лукашэнкам ненарматыўнай лексікі стала больш частым. 

Нядаўна ён хваліўся тым, што “паслаў нах” амерыканцаў.

Такая бескампрамісная блізкасць да народу можа сведчыць як пра ўзраставыя змены, так і пра набліжэнне фіналу кіравання Лукашэнкі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.