Чаму добрую сталовую ў магілёўскім ЦУМе фактычна хаваюць ад наведвальнікаў?

У Магілёве нямала гавораць пра цэны ў кавярнях і рэстаранах, аднак часам добрыя і недарагія месцы аказваюцца літаральна схаванымі ад вачэй наведвальнікаў. Менавіта такая выснова напрошваецца пасля агляду сталовай, размешчанай у Цэнтральным універмагу горада.

Сталовая знаходзіцца на трэцім паверсе ЦУМа. Аднак знайсці яе прыезджаму чалавеку няпроста. Каб трапіць у залу, неабходна прайсці праз гандлёвыя рады аддзела адзення і невялікі калідор. Без падказкі многія наведвальнікі могуць нават не здагадацца, што ва ўнівермагу працуе паўнавартасная ўстанова грамадскага харчавання.

Пры гэтым сама сталовая пакідае цалкам станоўчае ўражанне. Наведвальнікі адзначаюць чыстую залу, прыемную атмасферу, даступныя цэны і годную якасць страў. Нават бліжэй да закрыцця тут працягваюць абслугоўваць кліентаў, а кошт паўнавартаснага абеду застаецца вельмі ўмераным.

Узнікае заканамернае пытанне: чаму месца з добрай рэпутацыяй аказалася практычна схаваным ад людзей? Ва ўмовах высокай канкурэнцыі за наведвальніка большасць устаноў стараюцца прыцягнуць увагу шыльдамі і ўказальнікамі. У выпадку са сталовай ЦУМа сітуацыя выглядае проста супрацьлеглай.

Магчыма, дадатковая навігацыя ўнутры будынка, больш заўважныя ўказальнікі на паверхах або інфармацыя каля ўваходу ва ўнівермаг дапамаглі б прыцягнуць новых наведвальнікаў. Бо галоўная праблема гэтай сталовай, мяркуючы па водгуках, заключаецца не ў якасці ежы і не ва ўзроўні абслугоўвання, а ў тым, што многія магілёўцы і госці горада проста не ведаюць пра яе існаванне.

Фота “МогилевОнлайн”.

Крычаўляне сталі больш купляць, але жыць лепш не сталі

Жыхары Крычаўскага раёна ў першым квартале 2026 года сталі больш актыўна траціць грошы ў крамах.

Паводле даных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці, рознічны тавараабарот Крычаўскага раёна за студзень-сакавік склаў 55,9 мільёна рублёў. У супастаўных цэнах гэта на 4,6 працэнта больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Асноўная частка продажаў прыйшлася на гандлёвыя арганізацыі. Яны рэалізавалі насельніцтву тавараў на 50,7 мільёна рублёў.

Больш за ўсё крычаўляне трацілі на прадукты. На харчовыя тавары прыйшлося 59,9 працэнта ад агульнага аб’ёму продажаў гандлёвых арганізацый, або 30,4 мільёна рублёў.

Нехарчовых тавараў за першы квартал было прададзена на 20,3 мільёна рублёў.

Рост рознічнага тавараабароту ў Крычаўскім раёне не варта аўтаматычна ўспрымаць як прыкмету рэзкага паляпшэння жыцця. Так, у першым квартале 2026 года жыхары купілі тавараў больш, чым годам раней. Аднак амаль 60 працэнтаў продажаў прыйшлося на прадукты харчавання, гэта значыць на абавязковыя штодзённыя выдаткі. Таму статыстыка хутчэй паказвае ўмеранае ажыўленне гандлю, чым прыкметны рост дабрабыту насельніцтва.

Фота: з адкрытых крыніц.

На Магілёўшчыне чыноўнікі знайшлі занадта дарагія касцюмы для выпускнікоў

Інспектары з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявілі на Магілёўшчыне тры выпадкі занадта высокіх цэн на касцюмы і сукенкі для будучых выпускнікоў.

Пры набліжэжэнні выпускных вечароў МАРГ актывізавала праверкі магазінаў, дзе прадаюцца сукенкі і касцюмы для тых, каму сёлета прагучыць апошні званок. І выявілі факты неабгрунтавана высокіх, па іх меркаванні, гандёвых надбавак. У адной з крам такая надбаўка была на ўзроўні 120%, пры ўстаноўленай лімітавай максімальнай – 65%, а таксама там адсутнічаў дакумент, які абгрунтоўваў бы такі ўзровень цэн.

Больш за ўсё такіх парушэнняў цэнаўтварэння кантралёры выявілі ў Гомельскай вобласці – чатыры выпадкі. У Магілёўскай і Віцебскай – па тры, а ў Мінскай – адзін. Цяпер датычныя да такіх звышнадбавак быдуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Згодна пастанове ўрада “Аб сістэме рэгулявання цэн” ад 2022 года, цэнавае рэгуляванне на сукенкі і касцюмы прадугледжвае надбаўкі ад 55% да 65%. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Тыдзень дома: магілёвец з Польшчы вярнуўся ў Магілёў і не пазнаў родны горад

Магілёвец, які з’ехаў у Польшчу некалькі гадоў таму, правёў дома тыдзень. Сваё імя, прозвішча і польскі горад ён просіць не называць – хоча ездзіць дадому і не мець праблем з КДБ. Але тое, што ён убачыў, пагадзіўся расказаць.

Горад будуецца. Але нешта не так

Магілёў змяняецца. Новыя дамы, адрамантаваныя вуліцы, дагледжаныя паркі – горад, як кажуць, прыгажэе.

Наш суразмоўца прызнае: візуальна стала лепш. З ім нельга не пагадзіцца. Пацверджанні ёсць. Напрыклад, маштабны спартыўны комплекс “Айсберг”, які цяпер будуецца ў пойме Дняпра: лядовая арэна і першы ў горадзе аквапарк за 335 мільёнаў рублёў. Увогуле знешняму выгляду Магілёва надаецца шмат увагі

Але пры гэтым наш суразмоўца адразу агаворваецца: агульнае адчуванне ад знаходжання дома можна апісаць адным словам – прыгнятальнае. Як і агульная атмасфера. З моманту ад’езду магілёвец паспеў прывыкнуць да іншага рытму жыцця, іншай атмасферы. Вярнуўшыся, адчуў розніцу фізічна – у паветры, у размовах, у тым, як людзі глядзяць адзін на аднаго на вуліцы.

Знаёмыя, з якімі бачыўся мужчына, гаварылі вельмі асцярожна. Узважвалі кожнае слова. “Яны сказалі, што я па паводзінах ужо еўрапеец. – расказвае ён – І што жыць тут зноў я ўжо не змагу”.

Тэлевізар і рэальнасць

Маці нашага суразмоўцы глядзіць БТ – іншага тэлебачання ў яе няма. Спадарожнікавая антэна ёсць, але пасля яго ад’езду за яе перасталі плаціць. Таму карціна свету ў яе – выключна дзяржаўная.

Па тэлевізары ён паглядзеў, як хор спявае песню “Бацька ў нас такі”. Паглядзеў візіт Лукашэнкі ў КНДР. І злавіў сябе на думцы: вельмі падобна, што менавіта так бачыць Беларусь сам састарэлы кіраўнік – краіна без падаткаў, без квартплаты, але і без заробкаў. Дзе ўсе сыты па змаўчанні і ніхто не задае лішніх пытанняў.

Па дзяржаўным тэлебачанні актыўна распавядалі, што ў Польшчы і Германіі растуць цэны – на ежу, на камунальныя паслугі, на паліва, пасля пачатку вайны ў Іране. Жыццё на Захадзе, калі верыць БТ, становіцца ўсё цяжэйшым. На самой справе ўсё з дакладнасцю да наадварот.

2700 па тэлевізары, 800 у кішэні

Цэны на прадукты ў Магілёве прыкладна такія ж, як у Польшчы. Наш суразмоўца параўноўваў асабіста, хадзіў па крамах. Малако, хлеб, мяса – узровень супастаўны. А вось заробкі – прынцыпова іншыя.

Знаёмы расказаў: яго заробак быў 1 300 рублёў, цяпер 800. І гэта не выключэнне – Магілёўская вобласць стабільна трымаецца сярод аўтсайдараў па заробках сярод усіх беларускіх рэгіёнаў. Сярэдняя па вобласці ў студзені 2026 года – 2 271,9 рубля, і гэта пры тым што сярэдняя па краіне – 2 757 рублёў. У раёнах – яшчэ ніжэй: у Мсціслаўскім 1 861 рубель, у Краснапольскім – 1 898.

Між тым Лукашэнка адрапартаваў пра сярэдні заробак у 2 693 рублі па выніках 2025 года. Афіцыйная лічба і рэальнасць, якую бачыць чалавек, які вярнуўся з Еўропы – гэта два розныя Магілёвы.

Як людзі выжываюць пры такіх цэнах на прадукты і здымныя кватэры, атрымліваючы ў два-тры разы менш за афіцыйную сярэднюю заплату па Беларусі і Польшчы – незразумела. Пра гэта ўголас не гавораць. Пра многае наогул не гавораць уголас.

Расіяне скупляюць кватэры

Пакуль магілёўцы з’язджаюць у Польшчу, іх кватэры займаюць расіяне. І зноў словам нашага суразмоўцы ёсць пацверджанне.

Магілёў уваходзіць у пяцёрку беларускіх гарадоў, дзе грамадзяне Расіі найбольш актыўна купляюць нерухомасць – разам з Мінскам, Віцебскам, Брэстам і Гродна.

Толькі за сакавік 2026 года ў адным Мінску расіяне купілі кожную дзясятую кватэру – 126 здзелак з 1284. Эксперты адзначаюць: расіян цікавіць не таннае жыллё, а камфорт-клас і вышэй. Менавіта таму сярэдняя цана квадратнага метра ў Магілёве расце – нягледзячы на тое што колькасць здзелак з мясцовымі пакупнікамі падае.

Логіка простая: беларускія заробкі не даюць купіць прэстыжную кватэру, расійскія – толькі дай. У выніку рост коштаў на рынку нерухомасці адбываецца за кошт пакупнікоў з краіны саюзніка-саагрэсара, а не за кошт дабрабыту саміх магілёўцаў.

Што кінулася ў вочы

Калі падсумаваць тое, пра што расказаў наш суразмоўца-магілёвец, то карціна атрымліваецца наступная:

  1. Горад будуецца і прыгажэе знешне – новыя фасады, плітка, дарагія спартыўныя аб’екты.
  2. Людзі ў размовах вельмі асцярожныя – тэмы палітыкі, грошай і ўлады фактычна пад забаронай.
  3. Цэны на прадукты супастаўныя з польскімі (мяса нават крыху танней), заробкі – у два-тры разы ніжэй.
  4. Расіяне купляюць кватэры – мясцовым жыхарам яны ўжо не па кішэні.
  5. Дзяржаўнае тэлебачанне малюе рэальнасць, якая не супадае з тым, што відаць няўзброеным вокам.

У Магілёве не салодка. А што ў раёнах?

Калі ў абласным цэнтры ўсё так дрэнна – што адбываецца ў раёнах? Адказ несуцяшальны.

Пасля 2020 года краіну пакінулі ад 350 да 600 тысяч чалавек. Магілёўцы таксама ўдзельнічаюць у гэтым зыходзе – паводле падлікаў, за мяжой цяпер ад 35 да 60 тысяч жыхароў вобласці. У раёнах сітуацыя вастрэй: людзі з’язджаюць не толькі за мяжу, але і проста ў Магілёў або Мінск – абы ўцячы з калгаса.

У Слаўгарадскім раёне за ўвесь 2025 год створана 16 новых працоўных месцаў. Шаснаццаць. Пяць паказчыкаў з 14, даведзеных да раёна аблвыканкамам, не выкананы.

У Касцюковічах падуліковым грамадзянам рэгулярна прапануюць вакансіі на кірмашах працы. Яны адмаўляюцца – і аддаюць перавагу раз у месяц выходзіць на грамадскія работы. Прычына простая: прапанаваныя вакансіі ў калгасах па ўзроўні заробку амаль не адрозніваюцца ад грамадскіх работ.

У самім Магілёве тым часам на 23 прадпрыемствах затрымлівалі заробак, а дзесяць працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці. Гэта абласны цэнтр. Не вёска.

Наш суразмоўца вярнуўся назад у Польшчу. Ён хоча наведваць маці. Але, калі справа так пойдзе і далей, кожны раз вяртанне будзе становіцца ўсё больш дзіўным падарожжам – у месца, якое добра ведаеш, але ўжо не пазнаеш.

Са станоўчых эмоцый: у Польшчу мужчына прывёз маникюрныя нажніцы. Якасць “Красного металлиста” па-ранейшаму б’е ўсе рэкорды.

Фота з адкрытых крыніц.

Колькі зараз каштуе гародніна ў Магілёве?

ТіkТоk-акаўнт zatestilmogilev выклаў відэа з актуальнымі коштамі на гародніну на Мінскім базары ў Магілёве. Так, за невялікі латок клубніц (прыкладна 0,5 кг) просяць 20 рублёў. 120 рублёў каштуе кілаграм дурніц. Кілаграм памідораў абыйдзецца, калі не старгавацца за меншы кошт, у 9,5 рублёў. 

Доўгія цяплічныя агуркі – 5,9 рублёў за кілаграм, а “грунтовыя” – 9,9 рублёў. За кілаграм салодкага перцу просяць 15,9 рублёў. За 100 грамаў зялёнай цыбулі трэба заплаціць 1,5 рублі. За такую ж вагу пятрушкі і кропа трэба аддаць 2,5 рублі. Кілаграм капусты каштуе 6,9 рублёў, а радыскі – 18 рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Вытворца бытавой хіміі ў Магілёве не змог абгрунтаваць свае цэны

Магілёўскае прадпрыемства не змагло даказаць, чаму цэны на прадукцыю менавіта такія. Штраф – 400 000 рублёў.

КДК Магілёўскай вобласці выявіў парушэнні цэнаўтварэння ў вытворцы бытавой хіміі. Праверка паказала, што прадпрыемства павышала цэны на прадукцыю без абавязковага ўзгаднення з аблвыканкамам і не магло пацвердзіць іх эканамічнымі разлікамі.

Як паведамілі ў КДК, гаворка ідзе пра кампанію, якая выпускае мыйныя і чыстячыя сродкі, а таксама парфумерна-касметычную прадукцыю.

Парушэнні:

  • рэалізацыя прадукцыі па цэнах, не пацверджаных эканамічнымі разлікамі;
  • сістэматычнае павышэнне адпускных цэн без абавязковага ўзгаднення з аблвыканкамам;
  • невыкананне ўстаноўленага парадку дзяржаўнага рэгулявання цэн.

Сітуацыя дэманструе тыповую праблему адміністрацыйнага рэгулявання цэн: прадпрыемствы вымушаныя балансаваць паміж ростам сабекошту і жорсткім кантролем з боку дзяржавы, што нярэдка прыводзіць да канфлікту паміж эканомікай вытворчасці і патрабаваннямі планавай сістэмы.

Жорсткая мадэль лукашэнкаўскага кантролю цэн нярэдка прыводзіць да парадаксальнай сітуацыі: прадпрыемствы фактычна працуюць ва ўмовах планавай эканомікі, але пры гэтым нясуць рынкавыя выдаткі – рост сыравіны, лагістыкі і энергарасурсаў.

У выніку спробы кампенсаваць страты праз павышэнне цэн заканчваюцца штрафамі, што робіць вытворчасць яшчэ менш рэнтабельнай.

Па выніках праверкі прадпрыемства аштрафавана на 400 тысяч рублёў.

Вось што атрымліваецца, калі беларускія “селекцыянеры” спрабуюць скрыжоўваць сацыялізм з капіталізмам.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Крама “Сем Пятніц” адкрылася на Дняпроўскім бульвары ў Магілёве

Новая крама ў Магілёве працуе да 22.05. На выпадак, калі каму-небудзь не хопіць пяці хвілін.

Крама сеткі “Сем Пятніц”, якая адкрылася ў Магілёве на Дняпроўскім бульвары, абяцае здзівіць пакупнікоў дэмакратычнымі цэнамі і шырокім асартыментам тавараў.

Сетка «Сем Пятніц» уключае больш за 200 крамаў па ўсёй краіне. Аб шырокім выбары прадуктаў і нізкіх цэнах у новай краме – судзіць магілёўцам-пакупнікам.

Пакуль жа зразумела, што ў крэатыве “Сямі Пятніцам” адмовіць нельга: гандлёвы аб’ект працуе да 22.05 – на той пажарны выпадак, калі каму-небудзь не хопіць тых самых пяці хвілін.

Фота: mycity.by

У крамах Магілёўшчыны зноў пратэрміноўка і завышэнне цэн

Шэраг парушэнняў выяўлены КДК у гандлёвых аб’ектах Бабруйска, Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі гандлёвыя аб’екты і выявілі шэраг парушэнняў:

  • у трох гандлёвых аб’ектах ІП горада Бабруйска дапушчана завышэнне цэн больш чым на 30 найменняў харчовых тавараў;
  • на некаторыя тавары адсутнічалі дакументы, што пацвярджаюць іх набыццё, якасць і бяспеку;
  • у двух гандлёвых аб’ектах (Касцюковічы і Хоцімск) выяўлены тавары з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці на суму больш за 270 рублёў;
  • выяўлены факты неабгрунтаванага спагнання платы за спажывецкую ўпакоўку не ўпакаваных вытворцам тавараў.

Сітуацыя, увогуле, не новая. Хочацца толькі адзначыць, што, распавядаючы пра праверку, дзяржаўнае СМІ зрабіла акцэнт на парушэннях, дапушчаных індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Не вельмі верыцца, што ў крамах аблспажыўсаюза, які знаходзіцца пад абаронай уладаў, парушэнні ўжо выкаранены.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Жыллё ў Магілёве на другім месцы па цане сярод абласных цэнтраў

Магілёўскі квадратны метр жылля – адзін з найбольш дарагіх сярод абласных гарадоў Беларусі.

Нацыянальнае кадастравае агенцтва прывяло статыстыку па здзелках з нерухомасцю за трэці квартал па абласных гарадах. Згодна яму, у абласных цэнтрах здзейснена 2,9 тысяч здзелак, што супастаўна з папярэднім кварталам бягучага года. Найбольшую колькасць кватэр набылі ў Гародні (758 здзелак), а менш, чым у іншых гарадах – у Магілёве (435 здзелак).

Адзначаецца запаволенне актыўнасці ў верасні ва ўсіх абласных цэнтрах, пры гэтым у Берасці, Гомелі і Магілёве верасень стаў самым малаактыўным месяцам пасля студзеня. У Гародні найбольшая доля здзелак на першасным рынку.

Пры гэтым у Берасці цікавасць пакупнікоў паступова зрушылася да двухпакаёвых кватэр. У Віцебску прыкметна павялічылася доля трохпакаёвых кватэр у здзелках. А ў Магілёве процілеглая дынаміка – часцей за ўсё куплялі аднапакаёвыя кватэры.

Сярэдняя цана здзелак па выніках трэцяга квартала адносна другога павялічылася ва ўсіх абласных цэнтрах на 30-50 долараў ЗША за кв. м:

  • у Берасці – 1 090 долараў (+3%),
  • у Магілёве – 930 долараў (+4%),
  • у Гародні – 910 долараў (+6%),
  • у Гомелі – 900 долараў (+3%),
  • у Віцебску – 840 долараў (+6%).

За гэты перыяд самая дарагая кватэра сярод абласных цэнтраў была прададзеная ў Гародні. Трохпакаёвая кватэра ў доме 2018 года пабудовы абышлася пакупніку ў 151,4 тыс. долараў ЗША.

Фотаздымак: mogilev.in

Вераснёўскія цэны на ягады: што прадаюць на рынку ў Магілёве

У Магілёве розніца ў цэнах на ягады паміж рынкам і супермаркетам дасягае дзясяткаў рублёў.

На прылаўках Мінскага рынку пакупнікоў сустракае духмяная клубніца, распавядае «Магілёў.анлайн». Хаця многія лічаць яе летняй ягадай, восенню яна радуе не толькі смакам, але і больш даступным коштам па 25 рублёў за кілаграм. 

Гаючыя і карысныя дурніцы прадаюцца па 16,90-19,90 рублёў за кілаграм у залежнасці ад памеру ягад, а ажыну прапануюць у латочках па 0,5 кг за 10 рублёў. Маліну можна купіць як на вагу па 30 рублёў за кілаграм, так і на аб’ём па 10 рублёў за літр. Для аматараў лясных ягад ёсць і брусніца: кілаграм каштуе 11,97 рубля.

Паводле прадаўцоў, клубніцу і маліну можна будзе набываць аж да самых халадоў. Восень багатая не толькі на ягады, але і на грыбы: на рынку ўжо ёсць лісічкі, апенькі, зонцікі, шампіньёны, а таксама рэдкі лячэбны грыб вясёлка. Тым, хто плануе зімовыя нарыхтоўкі, рынак прапануе слоікі і накрыўкі розных памераў.

Цэны ў крамах прыкметна адрозніваюцца ад рынкавых. У гіпермаркеце Green на вуліцы Астроўскага кілаграм дурніц каштуе амаль 40 рублёў, а за маліну прыйдзецца аддаць больш за 74 рублі за кілаграм. Для многіх пакупнікоў гэтыя лічбы выглядаюць «касмічнымі», асабліва ў параўнанні з рынкам.

Таму вераснёўскія рынкі ў Магілёве гэта не толькі выгадная альтэрнатыва магазінам, але і магчымасць акунуцца ў атмасферу восені.

Фотаздымак: “Магілёў.анлайн”