У Магілёўскай вобласці, аказваецца, больш за 250 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лёгкай прамысловасці, які ў 2026 годзе адзначаецца 14 чэрвеня, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Магілёўскай вобласці прадставіла даныя пра стан галіны ў рэгіёне.

Паводле інфармацыі статупраўлення, лёгкая прамысловасць Магілёўшчыны сёння прадстаўлена больш чым 250 арганізацыямі. У 2025 годзе ў іх было занята 12,5 тысясячы чалавек, прычым 80 працэнтаў работнікаў – жанчыны. Сярэдні ўзрост занятых у галіне – 41,4 года.

Адукацыйны ўзровень работнікаў:

  • прафесійна-тэхнічная адукацыя – 60,3 працэнта;
  • сярэдняя спецыяльная – 21,7 працэнта;
  • вышэйшая – 11,9 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата работнікаў лёгкай прамысловасці ў студзені – красавіку 2026 года склала 1 975,2 рубля, што на 9,5 працэнта вышэй за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.

Структура вытворчасці

У 2025 годзе аб’ём выпускаемай прадукцыі галіны размеркаваўся наступным чынам:

  • тканіны і тэкстыльныя вырабы – 55,9 працэнта;
  • пашыў адзення – 34,2 працэнта;
  • вытворчасць абутку – 6,2 працэнта;
  • дубленне і выраб скуры, вырабы са скуры – 3,7 працэнта.

Да ліку вядучых вытворцаў рэгіёна статупраўленне адносіць «Магатекс», «Стужку», «Легпрамразвіццё», «Славянку», «Махіну-ТСТ», «ГроссТэкс», Бабруйскі гарбарны камбінат, «Проммаш», вытворча-тэхналагічную кампанію «Мадэрам-Захад» і «Бабруйсктрыкатаж».

Але ў галіне не ўсё так бясхмарна. Увосень 2025 года Лукашэнка зняў з пасады старшыню канцэрна «Беллегпрам» Таццяну Лугіну і прызначыў на яе месца Надзею Лазарэвіч, былую першую намесніцу старшыні Мінскага гарвыканкама. Лугіну перавялі на праблемнае прадпрыемства «Камволь», у якога назапасіліся даўгі ў 200 мільёнаў рублёў.

Тады ж Лукашэнка, які некалі раіў красці лекалы ў замежных вытворцаў, не выключыў, што канцэрн можа быць пераўтвораны ў паўнавартаснае міністэрства.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве за 30 гадоў змяншалася насельніцтва і слаба раслі заробкі

За тры дзясяткі гадоў Магілёў стаў адзіным з абласных цэнтраў, які страціў насельніцтва, а таксама стаў малапрывабным па заробках.

Калі глядзець на дынаміку апошніх 30 гадоў, то колькасць жыхароў павялічылася ва ўсіх абласных цэнтрах, апроч Магілёва. У 1996 годзе ў горадзе жылі 356 тысяч чалавек супраць амаль 353 тысяч цяпер, піша “Наша ніва”, грунтуючыся на сваім аналізе статыстычных даных.

За студзень-люты 2026 года Магілёў быў на чацвёртым месцы па сярэдніх заробках (2487 рублёў) сярод абласных цэнтраў, абганяючы толькі Віцебск. На першым месцы Брэст – 2726 рублёў. Аднак яшчэ ў 1996 годзе розніца ў заробках сярод абласных гарадоў амаль адсутнічала. У 2006‑м у топ-10 гарадаў і раёнаў Беларусі, апроч Гродна і Брэста, усё яшчэ можна было ўбачыць Магілёў.

Фотаздымак: dolevoe.by

Тыдзень дома: магілёвец з Польшчы вярнуўся ў Магілёў і не пазнаў родны горад

Магілёвец, які з’ехаў у Польшчу некалькі гадоў таму, правёў дома тыдзень. Сваё імя, прозвішча і польскі горад ён просіць не называць – хоча ездзіць дадому і не мець праблем з КДБ. Але тое, што ён убачыў, пагадзіўся расказаць.

Горад будуецца. Але нешта не так

Магілёў змяняецца. Новыя дамы, адрамантаваныя вуліцы, дагледжаныя паркі – горад, як кажуць, прыгажэе.

Наш суразмоўца прызнае: візуальна стала лепш. З ім нельга не пагадзіцца. Пацверджанні ёсць. Напрыклад, маштабны спартыўны комплекс “Айсберг”, які цяпер будуецца ў пойме Дняпра: лядовая арэна і першы ў горадзе аквапарк за 335 мільёнаў рублёў. Увогуле знешняму выгляду Магілёва надаецца шмат увагі

Але пры гэтым наш суразмоўца адразу агаворваецца: агульнае адчуванне ад знаходжання дома можна апісаць адным словам – прыгнятальнае. Як і агульная атмасфера. З моманту ад’езду магілёвец паспеў прывыкнуць да іншага рытму жыцця, іншай атмасферы. Вярнуўшыся, адчуў розніцу фізічна – у паветры, у размовах, у тым, як людзі глядзяць адзін на аднаго на вуліцы.

Знаёмыя, з якімі бачыўся мужчына, гаварылі вельмі асцярожна. Узважвалі кожнае слова. “Яны сказалі, што я па паводзінах ужо еўрапеец. – расказвае ён – І што жыць тут зноў я ўжо не змагу”.

Тэлевізар і рэальнасць

Маці нашага суразмоўцы глядзіць БТ – іншага тэлебачання ў яе няма. Спадарожнікавая антэна ёсць, але пасля яго ад’езду за яе перасталі плаціць. Таму карціна свету ў яе – выключна дзяржаўная.

Па тэлевізары ён паглядзеў, як хор спявае песню “Бацька ў нас такі”. Паглядзеў візіт Лукашэнкі ў КНДР. І злавіў сябе на думцы: вельмі падобна, што менавіта так бачыць Беларусь сам састарэлы кіраўнік – краіна без падаткаў, без квартплаты, але і без заробкаў. Дзе ўсе сыты па змаўчанні і ніхто не задае лішніх пытанняў.

Па дзяржаўным тэлебачанні актыўна распавядалі, што ў Польшчы і Германіі растуць цэны – на ежу, на камунальныя паслугі, на паліва, пасля пачатку вайны ў Іране. Жыццё на Захадзе, калі верыць БТ, становіцца ўсё цяжэйшым. На самой справе ўсё з дакладнасцю да наадварот.

2700 па тэлевізары, 800 у кішэні

Цэны на прадукты ў Магілёве прыкладна такія ж, як у Польшчы. Наш суразмоўца параўноўваў асабіста, хадзіў па крамах. Малако, хлеб, мяса – узровень супастаўны. А вось заробкі – прынцыпова іншыя.

Знаёмы расказаў: яго заробак быў 1 300 рублёў, цяпер 800. І гэта не выключэнне – Магілёўская вобласць стабільна трымаецца сярод аўтсайдараў па заробках сярод усіх беларускіх рэгіёнаў. Сярэдняя па вобласці ў студзені 2026 года – 2 271,9 рубля, і гэта пры тым што сярэдняя па краіне – 2 757 рублёў. У раёнах – яшчэ ніжэй: у Мсціслаўскім 1 861 рубель, у Краснапольскім – 1 898.

Між тым Лукашэнка адрапартаваў пра сярэдні заробак у 2 693 рублі па выніках 2025 года. Афіцыйная лічба і рэальнасць, якую бачыць чалавек, які вярнуўся з Еўропы – гэта два розныя Магілёвы.

Як людзі выжываюць пры такіх цэнах на прадукты і здымныя кватэры, атрымліваючы ў два-тры разы менш за афіцыйную сярэднюю заплату па Беларусі і Польшчы – незразумела. Пра гэта ўголас не гавораць. Пра многае наогул не гавораць уголас.

Расіяне скупляюць кватэры

Пакуль магілёўцы з’язджаюць у Польшчу, іх кватэры займаюць расіяне. І зноў словам нашага суразмоўцы ёсць пацверджанне.

Магілёў уваходзіць у пяцёрку беларускіх гарадоў, дзе грамадзяне Расіі найбольш актыўна купляюць нерухомасць – разам з Мінскам, Віцебскам, Брэстам і Гродна.

Толькі за сакавік 2026 года ў адным Мінску расіяне купілі кожную дзясятую кватэру – 126 здзелак з 1284. Эксперты адзначаюць: расіян цікавіць не таннае жыллё, а камфорт-клас і вышэй. Менавіта таму сярэдняя цана квадратнага метра ў Магілёве расце – нягледзячы на тое што колькасць здзелак з мясцовымі пакупнікамі падае.

Логіка простая: беларускія заробкі не даюць купіць прэстыжную кватэру, расійскія – толькі дай. У выніку рост коштаў на рынку нерухомасці адбываецца за кошт пакупнікоў з краіны саюзніка-саагрэсара, а не за кошт дабрабыту саміх магілёўцаў.

Што кінулася ў вочы

Калі падсумаваць тое, пра што расказаў наш суразмоўца-магілёвец, то карціна атрымліваецца наступная:

  1. Горад будуецца і прыгажэе знешне – новыя фасады, плітка, дарагія спартыўныя аб’екты.
  2. Людзі ў размовах вельмі асцярожныя – тэмы палітыкі, грошай і ўлады фактычна пад забаронай.
  3. Цэны на прадукты супастаўныя з польскімі (мяса нават крыху танней), заробкі – у два-тры разы ніжэй.
  4. Расіяне купляюць кватэры – мясцовым жыхарам яны ўжо не па кішэні.
  5. Дзяржаўнае тэлебачанне малюе рэальнасць, якая не супадае з тым, што відаць няўзброеным вокам.

У Магілёве не салодка. А што ў раёнах?

Калі ў абласным цэнтры ўсё так дрэнна – што адбываецца ў раёнах? Адказ несуцяшальны.

Пасля 2020 года краіну пакінулі ад 350 да 600 тысяч чалавек. Магілёўцы таксама ўдзельнічаюць у гэтым зыходзе – паводле падлікаў, за мяжой цяпер ад 35 да 60 тысяч жыхароў вобласці. У раёнах сітуацыя вастрэй: людзі з’язджаюць не толькі за мяжу, але і проста ў Магілёў або Мінск – абы ўцячы з калгаса.

У Слаўгарадскім раёне за ўвесь 2025 год створана 16 новых працоўных месцаў. Шаснаццаць. Пяць паказчыкаў з 14, даведзеных да раёна аблвыканкамам, не выкананы.

У Касцюковічах падуліковым грамадзянам рэгулярна прапануюць вакансіі на кірмашах працы. Яны адмаўляюцца – і аддаюць перавагу раз у месяц выходзіць на грамадскія работы. Прычына простая: прапанаваныя вакансіі ў калгасах па ўзроўні заробку амаль не адрозніваюцца ад грамадскіх работ.

У самім Магілёве тым часам на 23 прадпрыемствах затрымлівалі заробак, а дзесяць працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці. Гэта абласны цэнтр. Не вёска.

Наш суразмоўца вярнуўся назад у Польшчу. Ён хоча наведваць маці. Але, калі справа так пойдзе і далей, кожны раз вяртанне будзе становіцца ўсё больш дзіўным падарожжам – у месца, якое добра ведаеш, але ўжо не пазнаеш.

Са станоўчых эмоцый: у Польшчу мужчына прывёз маникюрныя нажніцы. Якасць “Красного металлиста” па-ранейшаму б’е ўсе рэкорды.

Фота з адкрытых крыніц.

Ад Магілёва да Рублёўкі: магілёўскі будаўнік больш не працуе ў Расіі

Будаўнік Андрэй з 20-гадовым стажам з Магілёва распавёў, якія грошы можна атрымаць у сезон, колькі плацяць за фасады і чаму ён адмовіўся ад заробкаў у Расіі.

Ад “калыма” да стабільных заказаў

 

У будаўніцтве Андрэй з юнацтва. “Пачынаў з таварышам, ён і навучыў азам. Мы давалі аб’яву ў газету, прымалі званкі, выязджалі на аб’ект. Браліся за ўсё: шпатлевали падлогі, абівалі балконы вагонкай, асвойвалі цяслярскую і малярную справу. Пазней навучыліся класці кафлю і ламінат, працаваць з дэкаратыўнай тынкоўкай”, – успамінае ён.

 

Першы самастойны заказ запомніўся не заробкам, а праблемамі. Устаноўленая балконная рама апынулася негерметычнай, і пасля моцнага дажджу балкон заліло. Памылку давялося выпраўляць за свой кошт. Гэты выпадак, па словах майстра, стаў добрым урокам: за якасць адказваеш заўсёды сам.

 

З часам Андрэй выпрацаваў уласную сістэму разлікаў з кліентамі. “Я працую па выразным графіку выплат. Дамаўляемся аб цане, і ў канцы кожнага тыдня я забіраю грошы за выкананы аб’ём. Дрэнна, калі ты зрабіў велізарны кавалак працы, а табе засталіся вінны кучу грошай. Так што напрацаваў умоўна на тысячу даляраў – забраў гэтую суму і спіш спакойна”, – кажа будаўнік.

Колькі можна зарабіць

 

Прыбытак у будаўніцтве напрамую залежыць ад сезону. Увесну Андрэй разам з напарнікам працаваў на аб’екце ў Магілёўскім раёне з дзевяці раніцы да сямі вечара. У выніку атрымалася салідная па рэгіянальных мерках сума – за 35 рабочых дзён кожны зарабіў каля 8 тыс. рублёў.

 

Улетку за касметычны рамонт офіса за паўтара тыдня працы ўдалося зарабіць яшчэ каля 2 тыс. рублёў чыстымі.

 

Падыход да фарміравання расцэнак у майстра просты: ён загадзя ацэньвае, колькі дзён зойме праца, і разлічвае жаданы дзённы даход. “Разлічваю, каб у дзень выходзіла ад 150 рублёў зімой і ад 200 – летам», – кажа ён.

 

З яго слоў, у Мінску даходы вышэйшыя, таму там будаўнікі могуць за месяц зарабляць 6-7 тыс. рублёў. У рэгіёнах лічбы больш сціплыя, а зімой заказаў традыцыйна менш.

 

Самым прыбытковым напрамкам Андрэй называе фасадныя працы. “За квадратны метр фасада цяпер плацяць 40-50 рублёў, але, калі аб’ект складаны, можна дамовіцца і на 80-100. Хоць памятаю часы пазалетась, калі працавалі і за 15-20 рублёў”, – тлумачыць Андрэй.

 

Праца на вышыні і ў любое надвор’е патрабуе вынослівасці, але здараюцца і кур’ёзы. “Людзі ў нас добрыя. Часта з вокнаў прапануюць чай ці кава. Аднойчы дзядуля з дзевятага паверха падрыхтаваў нам па кубку. Мы робім глыток, а там замест цукру – соль. Выпадкова пераблытаў дзед, але мы выгляду не падалі, каб не крыўдзіць”, – кажа будаўнік.

Рублёўка і мармур за дзясяткі тысяч долараў

 

Больш за 15 гадоў таму Андрэй адправіўся на заробкі ў Падмаскоўе. “Месяц укалывалі на даху, ставілі кроквенную сістэму. Зарабіў тады па тых часах трохі, крыху больш за тысячу долараў”, – распавядае магілёвец.

 

Пазней яму давялося працаваць з элітным італьянскім мармурам – усталёўваць каміны, падлогі і ванны. Памылка ў такіх праектах каштавала занадта дорага. “Камін мог складацца з сямі элементаў, якія трэба было склеіць філігранна. Прымаў працу не гаспадар, а прадстаўнік фірмы або дызайнер. Ён літаральна вадзіў пальцам па швах: калі шоў не зроблены ідэальна ў тон каменя ці адчуваецца хоць найменшы грудок – перарабляй”, – успамінае Андрэй.

 

Асаблівую адказнасць патрабавалі мармуровыя ванны. “Камплект каменя каштаваў тады больш за 30 тыс. долараў. Усе слэбы выразаныя з адной скалы. Калі ты памыліўся на міліметр і малюнак не супаў – усё, унікальны прыродны ўзор страчаны. Гэта была каласальная адказнасць”, – кажа будаўнік.

 

Нават невялікі пралік мог абярнуцца сур’ёзнымі фінансавымі стратамі. “Памятаю, напарнік няправільна замерыў стальніцу коштам 2 тыс. долараў. Памыліўся зусім няшмат, але камень ужо не падрэжаш. Давялося яму ехаць на вытворчасць, за свае грошы дамаўляцца з майстрамі, неяк выкручвацца і перарабляць”, – успамінае ён.

 

На прэміяльных аб’ектах дзейнічалі строгія правілы паводзін. “Хадзілі байкі, як рабочы зайшоў у гаспадарскую прыбіральню, а ўладальнік потым прымусіў яго мяняць унітаз. Таму правіла нумар адзін: нікуды не хадзіць без дазволу кіраўніка. Прарабы нас адразу папярэджвалі, каб з гаспадарамі ў дыялогі не ўступалі, а ўсе пытанні вырашалі толькі праз пасярэдніка. Але аднойчы працавалі ў губернатара. Апынуўся нармальны мужык: заходзіў, пытаўся па справе, без лішніх пантоў”, – распавядае Андрэй.

Чаму больш не едзе ў Расію?

 

Сёння Андрэй аддае перавагу працаваць у Беларусі. Галоўная прычына – фінансавыя рызыкі. “У Расію цяпер ехаць не хачу. Зарабіць можна і ў нас, а там занадта шмат пасярэднікаў і левых фірмаў. Грошы асляпляюць людзей. Часта гаспадар аб’екта плаціць сумленна, але да працоўнага грошы даходзяць праз тры калена пасярэднікаў. І кожны хоча адкусіць кавалак. Табе лёгка могуць сказаць: “Ты тут накасячыў”, – і проста не аддаць рэшту. Мы так у Падмаскоўі працавалі: асноўную частку выплацілі, а “хвосцік” у тысячу долараў так і завіс. Мы гэтых грошай больш не ўбачылі. Каб табе спраўна плацілі ў такіх структурах, трэба ўмець падлізваецца, зазіраць у вочы. А ў мяне характар не той”, – кажа магілёвец.

 

Камфортней за ўсё, прызнаецца майстар, працаваць са звычайнымі людзьмі. “У тых, хто разбагацеў нядаўна, часта праскоквае гэтае стаўленне: “Хто ты, а хто я?”. Глядзяць пагардліва. З простымі заказчыкамі прасцей, там чалавечыя адносіны на першым месцы”, – адзначае Андрэй.

Здароўе + інструмент = грошы

 

Будаўніцтва патрабуе ўкладанняў у інструмент, але Андрэй прытрымліваецца прагматычнага падыходу. Дарагую тэхніку не купляе: калі інструмент адпрацаваў і акупіўся, яго мяняюць на новы.

 

Мяняць прафесію ён не плануе. “Пакуль у цябе ёсць здароўе і інструмент у руках – ты пры грошах. Гэта праца не для беларучак, тут трэба і спіну пагнуць, і пылам падыхаць. Але затое я сам сабе гаспадар. Мне не трэба чакаць авансу ад завода або выпрошваць прэмію ў начальніка. Зрабіў аб’ект – атрымаў разлік”, – сцвярджае майстар.

 

Галоўная парада тым, хто толькі прыходзіць у прафесію, гучыць лаканічна: “Галоўнае – рэпутацыя. Горад у нас невялікі, а будаўнічы свет яшчэ менш. Адзін раз накасячыш і знікнеш з радараў. А калі робіш на сумленне, то і рэклама не патрэбна, сарафаннае радыё працуе лепш любых аб’яў. Грошы прыходзяць і сыходзяць, а майстэрства застаецца”.

 

Фотаздымак: myfin.by

Магілёўскія дактары добра зарабляюць

Дактары – ў шакаладзе, заробак медыкаў Магілёўшчыны – самы высокі ў краіне.

Паводле звестак Myfin.by, урачы Магілёўскай вобласці абагналі па ўзроўні сярэдніх заробкаў нават сталіцу.

У хвасце ж зарплатнага рэйтынгу чамусьці цягнуцца медыкі самых, здавалася б, дабрабытных абласцей краіны – Гродзенскай і Брэсцкай.

Статыстыка выглядае так:

  • Магілёўская вобласць – 4129 рублёў;
  • Мінская вобласць – 4029,4 рубля;
  • Віцебская вобласць – 3909,1 рубля;
  • Гомельская вобласць – 3865 рублёў;
  • Гродзенская вобласць – 3618,8 рубля;
  • Брэсцкая вобласць – 3603,4 рубля.

Праўда, прыведзеныя лічбы адлюстроўваюць заробак да выліку падаткаў і ўзносаў. Таксама трэба ўлічваць, што сярэдні заробак адлюстроўвае хутчэй звышдаходы кіраўніцтва, чым агульны дабрабыт.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўшчына – кармавая база сціплай «Бабушкінай крынкі»

«Бабушкіна крынка» “ахоплівае” амаль усе раёны Магілёўскай вобласці, але зарплата там сціплая.

Вакансіі, што прапануе ААТ «Бабушкіна крынка», адрозніваюцца высокімі патрабаваннямі, але пры гэтым не абяцаюць работнікам залатых гор.

Напрыклад, інжынеру-праграмісту заплацяць ад дзвюх тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым ён павінен распрацоўваць праграмнае забеспячэнне «1С 8.3 Бухгалтэрыя» і ствараць розныя праграмныя модулі.

Больш чым сціплыя заробкі і па іншых вакансіях:

  • інжынер-электронік – 1700–1800 рублёў;
  • інжынер-механік аддзела па жывёлагадоўлі – 2500–3000 рублёў;
  • мыйшчык-прыбіральшчык рухомага саставу – 950–1100 рублёў;
  • вядучы спецыяліст службы эканамічнай бяспекі – 2000 рублёў;
  • прыбіральшчык памяшканняў – 1000 рублёў;
  • кладоўшчык – 1350–1500 рублёў.

Улічваючы, што паводле звестак Белстата сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі ў верасні 2025 года склала 2 746,4 рубля, работнікаў ААТ «Бабушкіна крынка» багацеямі назваць нельга.

За выключэннем, вядома, былога гендырэктара Элькінда-Скітава, яго сынулі і іншых фігурантаў гучнай крымінальнай справы.

Пры гэтым прадпрыемства – адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і па ўсёй краіне, а таксама лідар па пастаўках «малочкі» ў Расію.

Сыравінная зона, як паведамляецца на ведамасным сайце, ахоплівае 18 з 21 раёна Магілёўскай вобласці. 

Звяртаем увагу, што менавіта спецыялісты па жывёлагадоўлі там цэняцца найбольш – зарплата інжынера-механіка выбіваецца з агульнага шэрагу.

Гэта не выпадковасць. Сыравінную базу «Бабушкінай крынкі» правільней было б назваць базай кармавой. 

Малочнікі лаяць сялян за нізкую якасць малака, выдаюць ім бясплатныя прыборы для кантролю гэтай самай якасці і скупляюць малако за капейкі.

Гэта ўжо потым яно трансфармуецца ў нейкія лішкі, мільённыя хабары і карупцыйныя справы, якія, як правіла, заканчваюцца тым, што злачынцаў злёгку дакараюць вышэйстаячыя крымінальнікі.

Фота з адкрытых крынiц.