Пекін у захапленні, калгасы ў даўгах: асіповіцкая «Бабуліна крынка» заваёўвае Азію

На форуме «Зроблена ў Беларусі» ў Пекіне «малочка» з Асіповічаў, нібыта, зрабіла фурор. Усе лаўры дасталіся перапрацоўшчыку.

Глазіраванымі сыркамі і сухімі сумесямі для марожанага ад філіяла «Асіповіцкі» ААТ «Бабуліна крынка» зацікавіліся 200 кітайскіх кампаній, паведамляе раённая газета.

Пасол Беларусі Аляксандр Чарвякоў паабяцаў падвоіць экспарт у Кітай за пяць гадоў. Судзячы па рэакцыі азіяцкіх партнёраў, гэта цалкам рэальна.

Прыгожая гісторыя. Толькі вось у яе ёсць адваротны бок, пра які ў Пекіне не расказвалі.

За бліскучым брэндам і натуральным смакам стаяць гаспадаркі Асіповіцкага раёна, многія з якіх ледзь зводзяць канцы з канцамі. Менавіта яны пастаўляюць сыравіну – малако, якое потым ператвараецца ў «пяшчотны дэсерт, што пакарыў сэрцы спакушаных гурманаў».

Самі ж работнікі калгасаў пры гэтым атрымліваюць капейкі, тэхніка старэе, а даўгі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў растуць.

Пры ўсёй павазе, «Бабуліна крынка» валодае толькі ўменнем упакоўваць чужую працу ў прыгожую абгортку і выгадна прадаваць яе на другім канцы свету. Пакуль холдынг прымае кампліменты ад кітайскіх партнёраў, асіповіцкая вёска застаецца ў цені гэтага поспеху.

Чвэрць беларускага харчовага экспарту ідзе ў Кітай. Цудоўна! Пытанне толькі ў тым, каму дастаюцца плады гэтага гандлю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўшчына – кармавая база сціплай «Бабушкінай крынкі»

«Бабушкіна крынка» “ахоплівае” амаль усе раёны Магілёўскай вобласці, але зарплата там сціплая.

Вакансіі, што прапануе ААТ «Бабушкіна крынка», адрозніваюцца высокімі патрабаваннямі, але пры гэтым не абяцаюць работнікам залатых гор.

Напрыклад, інжынеру-праграмісту заплацяць ад дзвюх тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым ён павінен распрацоўваць праграмнае забеспячэнне «1С 8.3 Бухгалтэрыя» і ствараць розныя праграмныя модулі.

Больш чым сціплыя заробкі і па іншых вакансіях:

  • інжынер-электронік – 1700–1800 рублёў;
  • інжынер-механік аддзела па жывёлагадоўлі – 2500–3000 рублёў;
  • мыйшчык-прыбіральшчык рухомага саставу – 950–1100 рублёў;
  • вядучы спецыяліст службы эканамічнай бяспекі – 2000 рублёў;
  • прыбіральшчык памяшканняў – 1000 рублёў;
  • кладоўшчык – 1350–1500 рублёў.

Улічваючы, што паводле звестак Белстата сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі ў верасні 2025 года склала 2 746,4 рубля, работнікаў ААТ «Бабушкіна крынка» багацеямі назваць нельга.

За выключэннем, вядома, былога гендырэктара Элькінда-Скітава, яго сынулі і іншых фігурантаў гучнай крымінальнай справы.

Пры гэтым прадпрыемства – адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і па ўсёй краіне, а таксама лідар па пастаўках «малочкі» ў Расію.

Сыравінная зона, як паведамляецца на ведамасным сайце, ахоплівае 18 з 21 раёна Магілёўскай вобласці. 

Звяртаем увагу, што менавіта спецыялісты па жывёлагадоўлі там цэняцца найбольш – зарплата інжынера-механіка выбіваецца з агульнага шэрагу.

Гэта не выпадковасць. Сыравінную базу «Бабушкінай крынкі» правільней было б назваць базай кармавой. 

Малочнікі лаяць сялян за нізкую якасць малака, выдаюць ім бясплатныя прыборы для кантролю гэтай самай якасці і скупляюць малако за капейкі.

Гэта ўжо потым яно трансфармуецца ў нейкія лішкі, мільённыя хабары і карупцыйныя справы, якія, як правіла, заканчваюцца тым, што злачынцаў злёгку дакараюць вышэйстаячыя крымінальнікі.

Фота з адкрытых крынiц.