Хто купіць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў шклоўскага «Спартака»?

У Шклове паведамілі пра новы этап пашырэння папяровай фабрыкі «Спартак»: прадпрыемства будуе другую чаргу вытворчасці санітарна-гігіенічнай паперы са 100-працэнтнай цэлюлозы.

«Спартак» – паспяховае прадпрыемства

Афіцыйная карціна выглядае ўпэўнена: кошт праекта – больш за 80 мільёнаў рублёў, новая машына павінна даць 24 тысячы тон паперы ў год, першую прадукцыю чакаюць да канца 2027 года, а на прадпрыемстве абяцаюць больш за 40 новых працоўных месцаў. Але за гэтым аптымістычным наборам лічбаў застаецца галоўнае пытанне – хто менавіта купіць такі дадатковы аб’ём прадукцыі і на якіх умовах?

Фабрыка «Спартак» – не пусты корпус і не праект з нуля. Гэта старое прамысловае прадпрыемства Шклова, гісторыя якога пачынаецца з 1898 года.

Яно перажыло некалькі мадэрнізацый, даўно выпускае паперу, кардон, гафрапрадукцыю і санітарна-гігіенічныя вырабы. Менавіта таму новы праект нельга аўтаматычна запісваць у разрад бессэнсоўных будоўляў. У прадпрыемства ёсць вытворчасць, вопыт, кадры і рынак, з якім яно ўжо працуе.

На карысць «Спартака» сведчаць і свежыя вытворчыя паказчыкі.

БелТА пісала, што ў першай палове 2025 года фабрыка выпусціла прадукцыі на 66,4 мільёна рублёў, трэць адправіла за мяжу, а экспарт склаў 7,3 мільёна долараў. Знешнегандлёвае сальда было станоўчым – плюс 2,1 мільёна долараў. Гэта не падобна да прадпрыемства, якое існуе толькі дзеля справаздач.

Ёсць і яшчэ адзін паказчык: мадэрнізацыя на фабрыцы ішла не толькі за кошт дзяржаўных уліванняў. У публікацыі на сайце прадпрыемства гаворыцца, што ў 2024 годзе «Спартак» інвеставаў 11,1 мільёна рублёў уласнага прыбытку ў новыя лініі па вытворчасці гафраскрыняў. Значыць, грошы на развіццё ў фабрыкі былі. Аднак гэта не здымае пытанняў да новага праекта, бо цяпер гаворка ідзе ўжо не пра 11 мільёнаў, а пра суму больш за 80 мільёнаў рублёў.

А як з рынкам збыту?

Самае слабое месца афіцыйнага аповеду – рынак збыту. У рэпартажы сцвярджаецца, што «пакупнікі чакаюць першых паставак» і што партфель заказаў распісаны наперад. Але канкрэтныя пакупнікі не названы. Не раскрыты краіны паставак, не названы кампаніі, не пазначаны тэрміны кантрактаў і аб’ёмы будучых закупак. Для праекта такога маштабу гэта важней за прыгожыя словы пра запатрабаванасць.

Гэта асабліва прыкметна на фоне ранейшых публікацый. У 2023 годзе БелТА паведамляла, што за дзевяць месяцаў фабрыка экспартавала прадукцыі на 15,7 мільёна долараў, а ўдзельная вага экспарту ў адгружанай прадукцыі складала 50,3 працэнта. Тады ж прадпрыемства адкрыта гаварыла пра замежныя напрамкі і пра экалагічны праект па зборы ўпакоўкі Tetra Pak. Раней геаграфія выглядала больш прадметна.

Яшчэ раней раённае выданне пісала, што 38 працэнтаў экспартнай прадукцыі фабрыкі пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, прычым пастаўкі ідуць у 22 рэгіёны. Гэтая інфармацыя важная для разумення цяперашняй сітуацыі: калі пасля 2022 года заходнія напрамкі сталі больш складанымі, нагрузка на расійскі рынак магла вырасці. Але тады ўзнікае новае пытанне – ці здольны ён паглынуць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў год без ціску на цану і рэнтабельнасць?

Фармальна логіка праекта зразумелая. Санітарна-гігіенічная папера патрэбная заўсёды, а цэлюлозная аснова дазваляе вырабляць больш мяккую, белую і даражэйшую прадукцыю. Сыравіну абяцаюць беларускую – са Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Для раёна гэта працоўныя месцы, падаткі і загрузка будаўнічых арганізацый. Але эканоміка праекта вымяраецца не тым, колькі грошай асвоена на будоўлі, а тым, колькі прадпрыемства заробіць пасля запуску.

Каб ацаніць рэальны поспех, патрэбныя не лозунгі, а некалькі паказчыкаў:

  • колькі фактычна склаў прыбытак фабрыкі ў 2024 і 2025 гадах;
  • якая частка новага выпуску ўжо закрыта цвёрдымі кантрактамі;
  • на якія рынкі пойдуць дадатковыя 24 тысячы тон паперы;
  • які тэрмін акупнасці праекта коштам больш за 80 мільёнаў рублёў;
  • як зменіцца даўгавая нагрузка прадпрыемства пасля запуску другой чаргі.

Пакуль гэтых даных у адкрытых публікацыях няма. Ёсць даныя пра выпуск, экспарт, мадэрнізацыю і занятасць, але няма ключавога адказу – наколькі рэнтабельным будзе рэзкае пашырэнне вытворчасці. Гэта прынцыповая розніца. Можна пабудаваць сучасны цэх, паставіць новую машыну і стварыць працоўныя месцы, але калі гатовая прадукцыя будзе прадавацца з нізкай маржой, эканамічны эфект апынецца значна больш сціплым за афіцыйныя чаканні.

Усё дзеля лукашэнкаўскага «Адзін раён – адзін праект»?

У гісторыі «Спартака» ўжо былі буйныя ўкладанні ў мадэрнізацыю. Напрыклад, у 2021 годзе БелТА паведамляла пра рэканструкцыю ўчастка перапрацоўкі макулатуры, дзе значная частка сродкаў паступіла праз Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тады задача была зразумелай – пашырыць перапрацоўку нізкасортнай макулатуры і знізіць залежнасць ад сыравіны. Цяперашні праект выглядае больш амбіцыйна: фабрыка фактычна дадае буйны новы аб’ём цэлюлознай санітарна-гігіенічнай паперы.

Таму галоўнае пытанне да шклоўскага праекта гучыць не так, як у афіцыйных рэпартажах. Не «ці пабудуюць новы цэх?» – будоўля, мяркуючы па публікацыях, сапраўды ідзе. І не «ці патрэбная туалетная папера?» – вядома, патрэбная. Галоўнае пытанне іншае: ці ёсць у фабрыкі пацверджаны рынак, які дазволіць прадаць дадатковы выпуск з прыбыткам, а не проста адсправаздачыцца пра ўвод чарговага аб’екта па ініцыятыве «Адзін раён – адзін праект»?

Пакуль адказ на яго застаецца за кадрам. «Спартак» выглядае значна мацней за паўжывых рэгіянальных прадпрыемстваў: ён працуе, экспартуе, мадэрнізуецца і мае ўласную вытворчую гісторыю. Але менавіта таму да праекта на 80 мільёнаў рублёў варта прад’яўляць больш строгія пытанні.

Фота раённай газеты.

Наш адказ Чэмберлену: Магілёўшчына адкрывае Афрыку, якая сама шукае апору

Магілёўская вобласць зноў дэманструе міжнародную актыўнасць. На гэты раз – праз сустрэчы з прадстаўнікамі Замбіі і Анголы. Яно і зразумела. Ну, не з літоўцамі ж супрацоўнічаць і не з палякамі. Першыя чамусьці не любяць нашых кантрабандных шароў, другія чамусьці падаўжаюць тэрмін атрымання грамадзянства.

Іншая справа – Афрыка!

У афіцыйнай падачы ўсё гучыць урачыста: дыпламатычныя візіты, перспектывы супрацоўніцтва, аграпрамысловы комплекс, абмен досведам, новыя напрамкі ўзаемадзеяння.

Але без адказу застаецца галоўнае пытанне: што менавіта атрымлівае наш рэгіён ад такіх кантактаў і наколькі рэальныя эканамічныя перспектывы?

Замбія і Ангола – не тыя краіны, якія можна назваць буйнымі сусветнымі інвестарамі або эканамічнымі цэнтрамі. Гэта бедныя дзяржавы, якія развіваюцца, якія самі востра маюць патрэбу ў тэхналогіях, кадрах, інфраструктуры і доступе да сучасных вытворчых практык.

Паводле даных Сусветнага банка, ВУП на душу насельніцтва ў Анголе ў 2024 годзе складаў каля 2666 долараў, а па Замбіі – каля 1235 долараў. Для параўнання, у Беларусі гэты паказчык у 2024 годзе быў вышэй за 8300 долараў.

Таму ў гэтай гісторыі важна не пераацэньваць маштаб. Гэта не прыход багатага інвестара, не адкрыццё вялікага рынку з неадкладнымі кантрактамі і не геапалітычны прарыў. Хутчэй, гэта спроба Магілёўшчыны ўбудавацца ў лінію знешняй палітыкі, дзе Беларусь на ўзроўні ўрада заяўляе пра развіццё супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі – у тым ліку праз павелічэнне экспарту тавараў і паслуг.

Афрыка як люстэрка магчымасцей і абмежаванняў

Візіт пасла Замбіі Абдона Лістана Маверы пададзены праз уражанні ад Магілёва, Ратушы, прадпрыемстваў і мясакамбіната. Гэта класічны фармат дыпламатычнай праграмы: паказаць горад, вытворчасць, парадак, тэхналагічнасць, гасціннасць.

З Анголай акцэнт зроблены яшчэ больш зразумела – аграпрамысловы комплекс. Прадстаўнік пасольства наўпрост гаворыць пра цікавасць да беларускага досведу ў сельскай гаспадарцы і падрыхтоўцы спецыялістаў.

І тут якраз праглядаецца рэальная логіка: Беларусь не можа канкурыраваць з сусветнымі эканамічнымі гігантамі грашыма, але можа прапаноўваць тое, што запатрабавана ў бедных краінах – прыкладныя тэхналогіі, аграрную адукацыю, перапрацоўку, тэхніку, арганізацыю вытворчасці.

Для такіх дзяржаў Магілёўшчына можа выглядаць не перыферыяй, а мадэллю: рэгіён з сельскай гаспадаркай, перапрацоўкай, машынабудаваннем, навучальнымі ўстановамі і савецкай па паходжанні, але зразумелай сістэмай кіравання.

Дзе тут магчымая выгада

Калі прыбраць дыпламатычны туман, патэнцыйная карысць можа быць цалкам канкрэтнай:

  • для прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці – шанец шукаць новыя рынкі збыту для прадуктаў харчавання, тэхнікі, абсталявання, тэхналогій захоўвання і перапрацоўкі;
  • для аграрных навучальных устаноў – магчымасць прыцягваць студэнтаў, стажораў або запускаць праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў для афрыканскіх краін;
  • для абласной улады – дэманстрацыя міжнароднай актыўнасці і ўключанасці рэгіёна ў знешнепалітычную павестку;
  • для Замбіі і Анголы – доступ да беларускага досведу ў сельскай гаспадарцы, харчовай прамысловасці, аўтаматызацыі і падрыхтоўцы кадраў;
  • для арганізатараў форумаў кшталту “Мельницы успеха” – пацверджанне, што мерапрыемства можна падаваць не толькі як рэгіянальную выставу, але і як пляцоўку для міжнародных кантактаў.

Аднак усё гэта – пералік магчымасцей, а не вынікаў.

Не інвестыцыі, а дыпламатычны аванс

У апублікаванай інфармацыі няма галоўнага: падпісаных кантрактаў, аб’ёмаў паставак, тэрмінаў, канкрэтных прадпрыемстваў, абавязацельстваў бакоў. Няма адказу на пытанне, хто, што, калі і за якія грошы будзе рабіць.

Менавіта таму падобныя навіны варта чытаць асцярожна. Яны ствараюць адчуванне міжнароднага руху, але не даказваюць эканамічны эфект. Візіт дыпламата – гэта яшчэ не экспарт. Экскурсія на прадпрыемства – яшчэ не кантракт. Пахвала беларускай якасці – яшчэ не грошы ў бюджэт і не загрузка вытворчых ліній.

Асабліва важна ўлічваць палітычны і інстытуцыйны кантэкст саміх партнёраў. Ангола, паводле ацэнкі Freedom House, адносіцца да несвабодных краін: там працяглае дамінаванне адной партыі, ціск на апазіцыю і сістэмныя праблемы з правамі і інстытутамі.

Замбія выглядае мякчэй – яна класіфікуецца Freedom House як часткова свабодная краіна, з рэгулярнымі выбарамі, але і з абмежаваннямі для апазіцыі, медыя і публічнай актыўнасці.

То бок перад намі не саюз з багатымі дэмакратыямі, а кантакт з беднымі і палітычна праблемнымі дзяржавамі, якія самі шукаюць знешнюю падтрымку і прыкладны досвед.

“Наш адказ Чэмберлену”

У гэтым сэнсе гісторыя з Замбіяй і Анголай выглядае як своеасаблівы “наш адказ Чэмберлену”: калі закрываюцца або звужаюцца адны знешнія напрамкі, адкрываюцца іншыя – хай менш багатыя, менш прадказальныя і менш прэстыжныя.

Чыноўнікі Магілёўшчыны паказваюць: у яе ёсць што прадэманстраваць. Мясакамбінаты, аграрны сектар, падрыхтоўка кадраў, прамысловая база – усё гэта сапраўды можа быць цікава краінам, дзе пытанні харчавання, тэхналогій і спецыялістаў стаяць востра.

Але пафас тут павінен быць умераным. Афрыканскі напрамак можа даць карысць толькі тады, калі за візітамі пойдуць дамовы, за кампліментамі – заказы, за форумамі – пастаўкі, а за словамі пра супрацоўніцтва – зразумелыя праекты.

Пакуль жа гэта не столькі эканамічная перамога, колькі дыпламатычны аванс. І галоўнае пытанне застаецца ранейшым: ці здолее Магілёўская вобласць ператварыць цікавасць бедных краін, якія развіваюцца, у рэальныя кантракты – або ўсё скончыцца прыгожымі цытатамі, фотаздымкамі з прыёму і чарговай навіной пра “перспектыўныя перспектывы”.

Фота^ “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёўліфтмаш збіраецца пастаўляць рухавікі ў Славакію. Ці збярэцца?

Пасол Славакіі прыехаў у Магілёў абмяркоўваць закупку электрарухавікоў у ААТ «Магілёўліфтмаш» для атамных станцый. А ў снежні мінулага года дырэктар прадпрыемства Руслан Страхар атрымаў ад Мінпрама вымову за правал экспарту.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Славакіі Йозеф Мігаш пабываў на ААТ «Магілёўліфтмаш», паглядзеў вытворчасць, пачуў ад генеральнага дырэктара Руслана Страхара, што «дадзены вектар супрацоўніцтва вельмі значны і перспектыўны», і сказаў са свайго боку патрэбныя словы: славацкія энергаблокі зношаныя, а ААТ «Магілёўліфтмаш» разглядаецца ў якасці надзейнага партнёра. Прэс-рэліз атрымаўся прыгожы. Цяпер разбярэмся, што стаіць за парадным фасадам.

Што насамрэч робіць завод

ААТ «Магілёўліфтмаш» – гэта перш за ўсё ліфты. Ліфты складаюць аснову вытворчасці. Прадпрыемства выпускае каля 13 тысяч ліфтаў у год, займае прыкладна чвэрць расійскага рынку ліфтавага абсталявання, а па ўласнай статыстыцы, на 1 студзеня 2025 года за ўсю гісторыю вырабіла 416 619 ліфтаў. Больш за 80 працэнтаў прадукцыі ідзе ў Расію.

Электрарухавікі для АЭС – невялікі спецыялізаваны напрамак у межах асобнага цэха, які захаваўся з савецкага часу. Не асноўны хлеб прадпрыемства. Адзіная рэальная “атамная” пастаўка, якой сам завод ганарыцца, – на БелАЭС. Гэта значыць на расійскі праект, пабудаваны «Расатамам».

Перад тым як прадаваць электрарухавікі для еўрапейскіх АЭС, варта паглядзець, як ацэньваюць галоўную прадукцыю завода тыя, хто ёю штодзённа карыстаецца. Mogilev.media вывучаў водгукі. Карціна там месцамі адчайная.

Сярод водгукаў сустракаюцца і станоўчыя. Але агульны тон – не проста сумны. Калі масавы прадукт, які завод робіць дзясяткамі тысяч, выклікае такія нараканні, якой павінна быць аргументацыя, каб пераканаць славацкага ядзернага рэгулятара дапусціць беларускія электрарухавікі ў першы контур еўрапейскай АЭС?

Вымова ад Мінпрама

У снежні мінулага года Міністэрства прамысловасці Беларусі правяло разбор палётаў на найбуйнейшых дзяржпрадпрыемствах галіны. Унутраныя дакументы Мінпрама здабыла арганізацыя «Белпол» і апублікавала «Зеркало» – карціна атрымалася бязлітасная. І Руслан Страхар – у гэтай карціне не старонні назіральнік.

Яму вынеслі вымову за правальную працу з экспартам.

Што атрымліваецца? Кіраўнік, якога Мінпрам афіцыйна, сваім загадам, прызнаў тым, хто не справіўся з экспартам, праз некалькі месяцаў садзіцца за адзін стол з паслом краіны ЕС і абмяркоўвае экспарт беларускіх электрарухавікоў у Еўропу. Для атамных, што важна, станцый.

Хто стаіць за рулём

Руслан Страхар – чалавек, які прыйшоў на “Магілёўліфтмаш” не з прамысловасці, а з кабінета. Да красавіка 2025 года ён быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па эканоміцы. Яго перавялі на пасаду гендырэктара з асабістага ўзгаднення Лукашэнкі.

З таго часу, па назіраннях mogilev.media, у новага дырэктара выявілася любоў да пераразання чырвоных стужак. У новым цэху – урачыста, з гасцямі з Расіі. Пры падсяленні васьмі жыхароў у заводскі інтэрнат – таксама ўрачыста, са стужкай, камерай і кнігай гасцей. Восем чалавек, стужка, пратакол.

Вынік вядомы: вымова ад Мінпрама ў снежні. Стужку пры падсяленні васьмі чалавек Страхар пераразаў умела, а экспарт праваліў. І вось пачаў абмяркоўваць электрарухавікі са Славакіяй.

Што з прадпрыемствам насамрэч

Лічбы не радуюць, і яны пацвярджаюць тое, за што Страхара пакаралі ў Мінпраме.

Прадукцыйнасць працы: каля 13 тысяч ліфтаў на прыкладна 5 тысяч работнікаў – гэта 2,6 ліфта ў год на аднаго супрацоўніка. У еўрапейскіх вытворцаў супастаўнага маштабу – у разы вышэй.

  1. Колькасць не скарачаецца: палітычная забарона на скарачэнні трымае на заводзе больш людзей, чым трэба для цяперашняга аб’ёму.
  2. Рост за кошт санкцый: месца, якое ААТ «Магілёўліфтмаш» заняў на расійскім рынку, вызвалілі сыходзячыя Otis, Schindler, Kone і Thyssen. Знікнуць санкцыі – пачнецца зваротны рух. Акрамя таго, ужо зараз магілёўцаў з расійскага рынку выціскаюць кітайскія вытворцы.
  3. Склады забітыя: магілёўская прамысловасць у цэлым за 2025 год упала амаль на 4 працэнты, запасы ў вобласці выраслі на 45 працэнтаў. Па дадзеных Мінпрама, праблема складскіх рэшткаў – сістэмная для ўсёй галіны.
  4. Атрымліваецца, што прадпрыемства, якое жыве на часовай кан’юнктуры аднаго рынку, з забаронай на аптымізацыю і з дырэктарам, які ўжо атрымаў ад профільнага міністэрства вымову, прапануюць як «надзейнага партнёра для славацкіх АЭС».

Ці купіць Славакія

Атамная энергетыка ў ЕС – адна з самых жорстка рэгуляваных сфер. Любое крытычнае абсталяванне для АЭС праходзіць шматгадовую сертыфікацыю, незалежны аўдыт, комплексныя выпрабаванні ва ўмовах праектных і запраектных аварый. Пастаўшчык павінен мець сістэму якасці па міжнародных стандартах і палітычнае адабрэнне рэгулятара.

У Беларусі няма ніводнай з гэтых умоў. Рэкамендацыя толькі адна – БелАЭС, расійскі праект, на які ЕС глядзіць крытычна. Санкцыі ЕС супраць Беларусі дзейнічаюць. А славацкі ядзерны рэгулятар ÚJD SR наўрад ці ў агляднай будучыні выдасць дазвол на беларускія камплектуючыя для дзеючых энергаблокаў.

Тады што гэта было?

Першае: палітычны жэст дружалюбнага Мінску пасла. Мігаш у свой час быў спікерам славацкага парламента і паслом Славакіі ў Расіі. Яго візіт і прыгожыя словы – частка палітыкі прэм’ер-міністра Славакіі Робарта Фіца па дэманстрацыі самастойнасці ад Бруселя. Кантрактаў за гэтым можа і не паследаваць. Хутчэй за ўсё.

Другое: піяр-карцінка для ўнутранага карыстання. Пасля снежаньскай вымовы ад Мінпрама дырэктару крытычна патрэбна хоць нейкая гучная перамога, хаця б у выглядзе карцінкі. Пасол Славакіі ля варотаў Магілёўліфтмаша – ідэальная нагода для бадзёрага рэпартажу, для дакладу наверх, для чарговай чырвонай стужкі. Кантракт не абавязковы. Дастаткова таго, што пра візіт напісалі газеты.

Што гэта значыць для магілёўцаў?

ААТ «Магілёўліфтмаш» – найбуйнейшы працадаўца Магілёва. Ад яго залежаць тысячы сем’яў. І менавіта таму размова пра яго рэальнае становішча – не зласлівасць. Пакуль галоўную прадукцыю завода ў Расіі просяць не ўсталёўваць у новых дамах, пакуль дырэктар з сумнеўным бэкграўндам угаворвае пасла Славакіі купіць рухавікі для АЭС, пакуль прамысловасць вобласці падае, а складскія запасы растуць – ніякі «прарыўны візіт» не дапаможа.

Славацкі пасол прыехаў і з’ехаў. Чырвоная стужка вісіць напагатове. А Магілёў застаецца горадам, дзе чарговае «стратэгічнае партнёрства» абарочваецца чарговай фотасесіяй.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Пекін у захапленні, калгасы ў даўгах: асіповіцкая «Бабуліна крынка» заваёўвае Азію

На форуме «Зроблена ў Беларусі» ў Пекіне «малочка» з Асіповічаў, нібыта, зрабіла фурор. Усе лаўры дасталіся перапрацоўшчыку.

Глазіраванымі сыркамі і сухімі сумесямі для марожанага ад філіяла «Асіповіцкі» ААТ «Бабуліна крынка» зацікавіліся 200 кітайскіх кампаній, паведамляе раённая газета.

Пасол Беларусі Аляксандр Чарвякоў паабяцаў падвоіць экспарт у Кітай за пяць гадоў. Судзячы па рэакцыі азіяцкіх партнёраў, гэта цалкам рэальна.

Прыгожая гісторыя. Толькі вось у яе ёсць адваротны бок, пра які ў Пекіне не расказвалі.

За бліскучым брэндам і натуральным смакам стаяць гаспадаркі Асіповіцкага раёна, многія з якіх ледзь зводзяць канцы з канцамі. Менавіта яны пастаўляюць сыравіну – малако, якое потым ператвараецца ў «пяшчотны дэсерт, што пакарыў сэрцы спакушаных гурманаў».

Самі ж работнікі калгасаў пры гэтым атрымліваюць капейкі, тэхніка старэе, а даўгі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў растуць.

Пры ўсёй павазе, «Бабуліна крынка» валодае толькі ўменнем упакоўваць чужую працу ў прыгожую абгортку і выгадна прадаваць яе на другім канцы свету. Пакуль холдынг прымае кампліменты ад кітайскіх партнёраў, асіповіцкая вёска застаецца ў цені гэтага поспеху.

Чвэрць беларускага харчовага экспарту ідзе ў Кітай. Цудоўна! Пытанне толькі ў тым, каму дастаюцца плады гэтага гандлю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Крычаве пачалі выпускаць цэмент для мастоў

Пакуль у Бабруйску спрабуюць прадухіліць абвал моста, у Крычаве выпусцілі новы від цэменту – якраз для мастоў.

Новы від цэменту запусціла ў вытворчасць ААТ «Крычаўцэментнашыфер».

Ён прызначаны спецыяльна для вырабу канструкцый, якія працуюць ва ўмовах павышаных нагрузак: апор мастоў, пралётных будынкаў і іншых элементаў транспартных збудаванняў.

Спецыялісты завода заяўляюць, што “гэта падзея адкрывае перад нашым прадпрыемствам новыя гарызонты для экспарту і ўдзелу беларускіх будаўнічых матэрыялаў у праектах расійскага федэральнага значэння па развіцці транспартных калідораў”.

Пакуль на Магілёўшчыне спрабуюць вырашыць праблему транспартных калідораў Расіі, айчынныя транспартныя калідоры перажываюць не найлепшыя часы.

Непадалёк, у Бабруйску, улады спрабуюць прадухіліць абвал моста 1972 года пабудовы.

Тут ужо нічога не зробіш: лукашэнкаўскія ўлады любяць даваць мудрыя парады ўсяму свету і настолькі занятыя асветай іншых, што зусім забываюць пра тое, што адбываецца ў іх пад носам.

Фота крычаўскай раённай газеты.

«Бабушкіна крынка» прывезла з выставы 25 залатых медалёў

Магілёўскі холдынг «Бабушкіна крынка» з’ездзіў на расійскую выставу і сабраў там салідны ўраджай узнагарод.

Магілёўскі холдынг «Бабушкіна крынка» прывёз 27 узнагарод з міжнароднай харчовай выставы «Продэкспа-2026», якая прайшла 9-12 лютага ў Маскве. 25 з іх – залатыя медалі.

Прызы дасталіся розным падраздзяленням: у конкурсе «За высокія спажывецкія ўласцівасці» перамагла прадукцыя Магілёўскага і Бабруйскага філіялаў, у конкурсе «Лепшы харчовы прадукт» – Магілёўскага, Бабруйскага, Асіповіцкага, Мсціслаўскага, Быхаўскага і Слаўгарадскага. 

«Продэкспа» лічыцца найбуйнейшай харчовай выставай Расіі. Паводле дадзеных яе арганізатараў, у выставе ўдзельнічалі больш за 2000 кампаній з 37 краін.

Лічба з прэс-рэлізаў, незалежнай праверцы не паддаецца.

Удзел абыходзіцца нятанна: арэнда стэнда з забудовай і спадарожнымі выдаткамі – ад 30 000 да 80 000 беларускіх рублёў.

Улічваючы, што 70% прадукцыі «Бабушкінай крынкі» ідзе на экспарт, перш за ўсё ў Расію, медалі істотнага значэння не маюць. Карысць ад іх хутчэй іміджавая, чым рэальная.

Аднак «Бабушкіна крынка» можа дазволіць сабе любую раскошу: бо малако закупляецца ў беларускіх аграрыяў па нізкай цане.

Фота “Могилевские ведомости”.

Магілёўліфтмаш праваліў экспарт – чырвоныя стужачкі не дапамаглі

Вымовы і заўвагі атрымалі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў Беларусі. Сярод іх – дырэктары «Магілёўліфтмаша» і «Бабруйскаграмаша».

Міністэрства прамысловасці выказала абурэнне працай прамысловых гігантаў Беларусі. Паводле дакументаў, атрыманых BELPOL, «моцныя гаспадарнікі» Лукашэнкі не выканалі ключавыя паказчыкі, даведзеныя ім на пачатку года.

«Прыляцела», у тым ліку, і магілёўскім летуценнікам, якія кожны год абвяшчаюць пра тое, што вось-вось выберуцца з дрыгвы стратаў планавай эканомікі.

ААТ «Магілёўліфтмаш» Руслана Страхара, нягледзячы на ўсе піяр-хады, што прадпрымае дырэктар, не змагло пераканаць пакупнікоў у тым, што выпускае добрыя ліфты.

Аднак, для беларусаў гэта не навіна – да якасці прадукцыі прадпрыемства заўсёды ўзнікала шмат пытанняў.

У той час як Руслан Страхар пераразаў чырвоныя стужкі на адкрыцці новых вытворчасцяў і пакояў у інтэрнаце, гучна абвяшчаў пра працоўныя перамогі і тэхналагічныя прарывы, ліфты ездзілі куды ім уздумаецца, білі людзей дзвярамі, у іх даводзілася класці цэглу, бо датчыкі не “бачылі” дзяцей з-за іх малой вагі.

Намаганні Страхара былі ацэнены вымовай за правал экспарту.

Нагадаем, што цяперашні дырэктар «Магілёўліфтмаша» ўсяго год таму кіраваў усёй эканомікай вобласці на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама. Там у Страхара таксама нешта не склалася. Папярэдні дырэктар “Ліфтмаша” паспеў падняцца на паверх вышэй, заняўшы крэсла старшыні Магілёўскага гарвыканкама.

Дасталося на арэхі і кіраўніцтву «Бабруйскаграмаша» – прадпрыемства спрацавала ў чысты мінус.

Дзіўна, што ў спісах пакараных няма ААТ «Магілёўхімвалакно» – яшчэ аднаго традыцыйна стратнага прадпрыемства.

Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца не тым, што завод стаў прыбытковым, а проста таму, што там зусім нядаўна змяніўся дырэктар.

У цэлым сітуацыю ў прамысловасці Магілёўшчыны можна назваць стабільнай. Вось ужо трыццаць гадоў прадпрыемствы трымаюцца на плаву толькі за кошт фінансавых ін’екцый ад дзяржавы, а чыноўнікі старанна засакрэчваюць дакументы, што сведчаць пра правалы любых іх планаў.

Але шыла беднасці шторазу пратыкае мяшок беларускага росквіту.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.