Хто купіць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў шклоўскага «Спартака»?

У Шклове паведамілі пра новы этап пашырэння папяровай фабрыкі «Спартак»: прадпрыемства будуе другую чаргу вытворчасці санітарна-гігіенічнай паперы са 100-працэнтнай цэлюлозы.

«Спартак» – паспяховае прадпрыемства

Афіцыйная карціна выглядае ўпэўнена: кошт праекта – больш за 80 мільёнаў рублёў, новая машына павінна даць 24 тысячы тон паперы ў год, першую прадукцыю чакаюць да канца 2027 года, а на прадпрыемстве абяцаюць больш за 40 новых працоўных месцаў. Але за гэтым аптымістычным наборам лічбаў застаецца галоўнае пытанне – хто менавіта купіць такі дадатковы аб’ём прадукцыі і на якіх умовах?

Фабрыка «Спартак» – не пусты корпус і не праект з нуля. Гэта старое прамысловае прадпрыемства Шклова, гісторыя якога пачынаецца з 1898 года.

Яно перажыло некалькі мадэрнізацый, даўно выпускае паперу, кардон, гафрапрадукцыю і санітарна-гігіенічныя вырабы. Менавіта таму новы праект нельга аўтаматычна запісваць у разрад бессэнсоўных будоўляў. У прадпрыемства ёсць вытворчасць, вопыт, кадры і рынак, з якім яно ўжо працуе.

На карысць «Спартака» сведчаць і свежыя вытворчыя паказчыкі.

БелТА пісала, што ў першай палове 2025 года фабрыка выпусціла прадукцыі на 66,4 мільёна рублёў, трэць адправіла за мяжу, а экспарт склаў 7,3 мільёна долараў. Знешнегандлёвае сальда было станоўчым – плюс 2,1 мільёна долараў. Гэта не падобна да прадпрыемства, якое існуе толькі дзеля справаздач.

Ёсць і яшчэ адзін паказчык: мадэрнізацыя на фабрыцы ішла не толькі за кошт дзяржаўных уліванняў. У публікацыі на сайце прадпрыемства гаворыцца, што ў 2024 годзе «Спартак» інвеставаў 11,1 мільёна рублёў уласнага прыбытку ў новыя лініі па вытворчасці гафраскрыняў. Значыць, грошы на развіццё ў фабрыкі былі. Аднак гэта не здымае пытанняў да новага праекта, бо цяпер гаворка ідзе ўжо не пра 11 мільёнаў, а пра суму больш за 80 мільёнаў рублёў.

А як з рынкам збыту?

Самае слабое месца афіцыйнага аповеду – рынак збыту. У рэпартажы сцвярджаецца, што «пакупнікі чакаюць першых паставак» і што партфель заказаў распісаны наперад. Але канкрэтныя пакупнікі не названы. Не раскрыты краіны паставак, не названы кампаніі, не пазначаны тэрміны кантрактаў і аб’ёмы будучых закупак. Для праекта такога маштабу гэта важней за прыгожыя словы пра запатрабаванасць.

Гэта асабліва прыкметна на фоне ранейшых публікацый. У 2023 годзе БелТА паведамляла, што за дзевяць месяцаў фабрыка экспартавала прадукцыі на 15,7 мільёна долараў, а ўдзельная вага экспарту ў адгружанай прадукцыі складала 50,3 працэнта. Тады ж прадпрыемства адкрыта гаварыла пра замежныя напрамкі і пра экалагічны праект па зборы ўпакоўкі Tetra Pak. Раней геаграфія выглядала больш прадметна.

Яшчэ раней раённае выданне пісала, што 38 працэнтаў экспартнай прадукцыі фабрыкі пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, прычым пастаўкі ідуць у 22 рэгіёны. Гэтая інфармацыя важная для разумення цяперашняй сітуацыі: калі пасля 2022 года заходнія напрамкі сталі больш складанымі, нагрузка на расійскі рынак магла вырасці. Але тады ўзнікае новае пытанне – ці здольны ён паглынуць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў год без ціску на цану і рэнтабельнасць?

Фармальна логіка праекта зразумелая. Санітарна-гігіенічная папера патрэбная заўсёды, а цэлюлозная аснова дазваляе вырабляць больш мяккую, белую і даражэйшую прадукцыю. Сыравіну абяцаюць беларускую – са Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Для раёна гэта працоўныя месцы, падаткі і загрузка будаўнічых арганізацый. Але эканоміка праекта вымяраецца не тым, колькі грошай асвоена на будоўлі, а тым, колькі прадпрыемства заробіць пасля запуску.

Каб ацаніць рэальны поспех, патрэбныя не лозунгі, а некалькі паказчыкаў:

  • колькі фактычна склаў прыбытак фабрыкі ў 2024 і 2025 гадах;
  • якая частка новага выпуску ўжо закрыта цвёрдымі кантрактамі;
  • на якія рынкі пойдуць дадатковыя 24 тысячы тон паперы;
  • які тэрмін акупнасці праекта коштам больш за 80 мільёнаў рублёў;
  • як зменіцца даўгавая нагрузка прадпрыемства пасля запуску другой чаргі.

Пакуль гэтых даных у адкрытых публікацыях няма. Ёсць даныя пра выпуск, экспарт, мадэрнізацыю і занятасць, але няма ключавога адказу – наколькі рэнтабельным будзе рэзкае пашырэнне вытворчасці. Гэта прынцыповая розніца. Можна пабудаваць сучасны цэх, паставіць новую машыну і стварыць працоўныя месцы, але калі гатовая прадукцыя будзе прадавацца з нізкай маржой, эканамічны эфект апынецца значна больш сціплым за афіцыйныя чаканні.

Усё дзеля лукашэнкаўскага «Адзін раён – адзін праект»?

У гісторыі «Спартака» ўжо былі буйныя ўкладанні ў мадэрнізацыю. Напрыклад, у 2021 годзе БелТА паведамляла пра рэканструкцыю ўчастка перапрацоўкі макулатуры, дзе значная частка сродкаў паступіла праз Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тады задача была зразумелай – пашырыць перапрацоўку нізкасортнай макулатуры і знізіць залежнасць ад сыравіны. Цяперашні праект выглядае больш амбіцыйна: фабрыка фактычна дадае буйны новы аб’ём цэлюлознай санітарна-гігіенічнай паперы.

Таму галоўнае пытанне да шклоўскага праекта гучыць не так, як у афіцыйных рэпартажах. Не «ці пабудуюць новы цэх?» – будоўля, мяркуючы па публікацыях, сапраўды ідзе. І не «ці патрэбная туалетная папера?» – вядома, патрэбная. Галоўнае пытанне іншае: ці ёсць у фабрыкі пацверджаны рынак, які дазволіць прадаць дадатковы выпуск з прыбыткам, а не проста адсправаздачыцца пра ўвод чарговага аб’екта па ініцыятыве «Адзін раён – адзін праект»?

Пакуль адказ на яго застаецца за кадрам. «Спартак» выглядае значна мацней за паўжывых рэгіянальных прадпрыемстваў: ён працуе, экспартуе, мадэрнізуецца і мае ўласную вытворчую гісторыю. Але менавіта таму да праекта на 80 мільёнаў рублёў варта прад’яўляць больш строгія пытанні.

Фота раённай газеты.

На Магілёўшчыне рэалізавалі 25 праектаў, але старыя выдавалі за новыя

У Магілёве Дзмітрый Круты прызнаўся, што ў рэгіёнах мухлююць з ініцыятывай «Адзін раён – адзін праект».

Расказваючы пра пераможнае шэсце па Магілёўскай вобласці ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект», Дзмітрый Круты агучваў ужо парадкам надакучылыя ўсім лічбы пра тое, як мудрая ідэя Лукашэнкі падымае народную гаспадарку і як старыя і маладыя радуюцца рэалізацыі розных праектаў.

Адзінай свежай навіной і, магчыма, нечаканым прызнаннем Крутога стала тое, што ў раёнах «старыя праекты спрабуюць выдаць за новыя, частка аб’ектаў пераходзіла на наступны пяцігадовы цыкл праз затрымкі з будаўнікамі і набыццём абсталявання».

Што да паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, то сем раёнаў удзельнічалі ў падпраграме паводле індывідуальнага ўказа змагара з асвятленнем.

Хоць фармальны тэрмін яе дзеяння завяршыўся ў 2025 годзе, Лукашэнку будзе прапанавана працягнуць падатковыя і іншыя «цыклы» да 2030 года.

А калі абысціся без цыклічнай хлусні, то ўсё проста: прымусам мілым не станеш, і праект не рэалізуеш.

Фота: БелТА.

Хоцімск мяняецца на вачах – па вуліцах стала можна спакойна ездзіць на ровары

У горадзе з’явіліся роўныя дарогі, а пасля “Дажынак”, як сцвярджае мясцовы дэпутат, змянілася мысленне людзей. 

У Хоцімску пачалося будаўніцтва сучаснага комплексу па вырошчванні фарэлі — адной з самых каштоўных парод рыбы. Як паведамляе тэлеканал «Магілёў-4», магутнасць новага аб’екта складзе да тысячы тон прадукцыі штогод.

Праект рэалізуецца ў межах дзяржаўнай праграмы «Адзін раён — адзін праект». Развіваюцца не толькі прамысловыя аб’екты, але і сацыяльная сфера. У раённай бальніцы з’явіўся дзіцячы пакой, а матэрыяльна-тэхнічная база мясцовага аддзялення МНС была значна ўмацавана. 

Паводле слоў аднаго з мясцовых жыхароў, удзячнага ўладам, цяпер па вуліцах можна спакойна ездзіць нават на ровары — настолькі якасным стала дарожнае пакрыццё.

Як адзначае старшыня раённага савета “дэпутатаў” Яўген Мікалаенка, штуршком да ўсіх гэтых змен сталі праведзеныя ў Хоцімску абласныя «Дажынкі». Пасля гэтага ў раёне пачалося новае жыццё: з’явіліся ініцыятывы і змянілася мысленне людзей.

Страшна нават падумаць, што здарылася б з “жамчужынай” усходу Магілёўшчыны, калі б не “Дажынкі”.

Фота з адкрытых крыніц.