Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лёгкай прамысловасці, які ў 2026 годзе адзначаецца 14 чэрвеня, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Магілёўскай вобласці прадставіла даныя пра стан галіны ў рэгіёне.
Паводле інфармацыі статупраўлення, лёгкая прамысловасць Магілёўшчыны сёння прадстаўлена больш чым 250 арганізацыямі. У 2025 годзе ў іх было занята 12,5 тысясячы чалавек, прычым 80 працэнтаў работнікаў – жанчыны. Сярэдні ўзрост занятых у галіне – 41,4 года.
Адукацыйны ўзровень работнікаў:
- прафесійна-тэхнічная адукацыя – 60,3 працэнта;
- сярэдняя спецыяльная – 21,7 працэнта;
- вышэйшая – 11,9 працэнта.
Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата работнікаў лёгкай прамысловасці ў студзені – красавіку 2026 года склала 1 975,2 рубля, што на 9,5 працэнта вышэй за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.
Структура вытворчасці
У 2025 годзе аб’ём выпускаемай прадукцыі галіны размеркаваўся наступным чынам:
- тканіны і тэкстыльныя вырабы – 55,9 працэнта;
- пашыў адзення – 34,2 працэнта;
- вытворчасць абутку – 6,2 працэнта;
- дубленне і выраб скуры, вырабы са скуры – 3,7 працэнта.
Да ліку вядучых вытворцаў рэгіёна статупраўленне адносіць «Магатекс», «Стужку», «Легпрамразвіццё», «Славянку», «Махіну-ТСТ», «ГроссТэкс», Бабруйскі гарбарны камбінат, «Проммаш», вытворча-тэхналагічную кампанію «Мадэрам-Захад» і «Бабруйсктрыкатаж».
Але ў галіне не ўсё так бясхмарна. Увосень 2025 года Лукашэнка зняў з пасады старшыню канцэрна «Беллегпрам» Таццяну Лугіну і прызначыў на яе месца Надзею Лазарэвіч, былую першую намесніцу старшыні Мінскага гарвыканкама. Лугіну перавялі на праблемнае прадпрыемства «Камволь», у якога назапасіліся даўгі ў 200 мільёнаў рублёў.
Тады ж Лукашэнка, які некалі раіў красці лекалы ў замежных вытворцаў, не выключыў, што канцэрн можа быць пераўтвораны ў паўнавартаснае міністэрства.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.
