Вераснёўскія цэны на ягады: што прадаюць на рынку ў Магілёве

У Магілёве розніца ў цэнах на ягады паміж рынкам і супермаркетам дасягае дзясяткаў рублёў.

На прылаўках Мінскага рынку пакупнікоў сустракае духмяная клубніца, распавядае «Магілёў.анлайн». Хаця многія лічаць яе летняй ягадай, восенню яна радуе не толькі смакам, але і больш даступным коштам па 25 рублёў за кілаграм. 

Гаючыя і карысныя дурніцы прадаюцца па 16,90-19,90 рублёў за кілаграм у залежнасці ад памеру ягад, а ажыну прапануюць у латочках па 0,5 кг за 10 рублёў. Маліну можна купіць як на вагу па 30 рублёў за кілаграм, так і на аб’ём па 10 рублёў за літр. Для аматараў лясных ягад ёсць і брусніца: кілаграм каштуе 11,97 рубля.

Паводле прадаўцоў, клубніцу і маліну можна будзе набываць аж да самых халадоў. Восень багатая не толькі на ягады, але і на грыбы: на рынку ўжо ёсць лісічкі, апенькі, зонцікі, шампіньёны, а таксама рэдкі лячэбны грыб вясёлка. Тым, хто плануе зімовыя нарыхтоўкі, рынак прапануе слоікі і накрыўкі розных памераў.

Цэны ў крамах прыкметна адрозніваюцца ад рынкавых. У гіпермаркеце Green на вуліцы Астроўскага кілаграм дурніц каштуе амаль 40 рублёў, а за маліну прыйдзецца аддаць больш за 74 рублі за кілаграм. Для многіх пакупнікоў гэтыя лічбы выглядаюць «касмічнымі», асабліва ў параўнанні з рынкам.

Таму вераснёўскія рынкі ў Магілёве гэта не толькі выгадная альтэрнатыва магазінам, але і магчымасць акунуцца ў атмасферу восені.

Фотаздымак: “Магілёў.анлайн”

«Фотаальбом Магілёў.media». Багацце ліпеньскага лесу

Сваімі ўражаннямі ад наведвання ліпеньскага лесу падзяліўся жыхар вёскі Расна, што ў Дрыбінскім раёне. Аўтар ліста захоплены прыродаю і абураны безгаспадарлівасцю.

Вясковец даслаў серыю фотаздымкаў з тым, на што багаты лес у ліпеньскую пару і што яго ў ім засмуціла. Ягоныя творы папоўнілі «Фотаальбом Магілёў.media».


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Чытач прызнаецца, што вырашыў «збегчы ў лес», каб адпачыць ад вясковай працы, якой багата ў гаспадарцы заўжды.

Падарожжа да лесу вясковец пачаў апісваць з таго, што: «з поля выскачыў заяц-русак, а за ім прабеглі дзве казулі».

А, як зайшоў у бор, то адчуў водар суніц. «Люблю, піша ён, ласавацца сочывам з гэтай ягады».

Па ягоных словах невялікая паляна была ўсыпаная чырвонымі ягадкамі.

Далей, праз колькі дзясяткаў метраў, «маленькія хмызочкі абсыпаныя даволі буйнымі чарніцамі».

«Хутка набраў амаль літр», – пахваліўся вясковец.

Блукаючы глянуў на гадзіннік і зразумеў, піша далей ён, што адпачынак зацягваецца, трэба вяртацца да гаспадаркі, але лес не адпускаў, хоць і заела жамяра.

«Сярод паваленых дрэў і галля натрапіў на зарасці маліны», – адзначае падарожнік.

«Збор маліны ўпадабаў больш, чым клопат з суніцамі і чарніцамі, – працягвае ён. – Ягада буйная, сакавітая, хутка бярэцца і напаўняецца вядзерка».

Ля малінніку чытач угледзеў ляшчыну. Набраў арэхаў.

На ўзбочынах лясной дарогі назбіраў сыраежак на суп, а на гарбату зёлак.

«Чыстае паветра, лясныя пахі, спевы птушак, ягады, расліны, грыбы, жывёлы – лясная прырода радуе», – піша вясковец у канцы свайго ліста.

«Засмучае негаспадарлівасць лясных службаў, – абураецца ён, падсумоўваючы. – Шмат у лесе непрыбраных дрэў, пнёў, нявывезенага ламачча, разбітыя лесавозамі лясныя дарогі. Усё гэта ляжыць і гніе. А паспрабуй вынесці напаўгнілое бервяно, знойдуць і аштрафуюць».