Рэдкія фотаздымкі з Магілёва пачатку ХХ ст. знайшліся ў старадаўнім часопісе

У расійскім часопісе “Столица и усадьба” №66 за 15 верасня 1916 года знайшліся ўнікальныя фотаздымкі, якія паказваюць унатраныя інтэр’еры першага магілёўскага музея.

Тры магілёўскіх фотаздымкі размешчаны на 18-ай старонцы часопіса і пазначаны “Магілёў на Дняпры”. На першым можна пабачыць выяву экспазіцыі Музея царкоўнай даўніны Магілёўскай губерні, які знаходзўся ў будынку былога Бернардынскага манастыра. Гэта першая музейная ўстанова ў нашым рэгіёне.

Пад другім здымкам, які пазначаны, як “Музей у БеларусІ”, ідзе апісанне “У глыбіні – трон-крэсла Кацярыны ІІ, на якім яна сядзела падчас прыёма германскага прынца, які прыязджаў сюды”. Нагадем, што сустрэча германскага прынца Іосіфа ІІ і расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ прайшла ў Магілёве ў 1780 годзе, праз восем гадоў пасля таго, як адбыўся першы раздзел Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і Магілёў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі.

На трэцім фотаздымку – выява Сабора Св. Іосіфа і брама Кацярыны ІІ, якія былі пабудаваныя ў гонар той сустрэчы. 

Як пазначана ў сучаснай анатацыі да часопіса, ён быў прысвечаны рускай сядзібе ў аспекце архітэктурнага, ландшафтнага, інтэр’ернай мастацтва. “Кожны выпуск змяшчае матэрыялы, якія распавядаюць аб мінулым і сучаснасці найбольш характэрных сядзіб Расійскай імперыі, іх гаспадарах і мастацкіх сходах. Часопіс багата ілюстраваны творам выяўленчага мастацтва і фотаздымкамі” – адзначаецца там.

Фотаздымак: “Столица и усадьба”

Незалежны тэлеграм-канал запусціў анлайн-гульню на веданне Магілёва

Здагадацца, якое з вядомых магілёўскіх мясцін знаходзіцца на фота, прапануе тэлеграм-канал «Магілёў анлайн».

“Гарадскія хованкі” – так назвалі сваю гульню журналісты выдання ў сваім тэлеграм-канале. Мэта гульні – праверыць, наколькі кожны ўдзельнік ведае мясціны Магілёва, якія павінны быць яму знаёмыя, але знятыя з нечаканага і нязвыклага ракурсу. Такія фотаздымкі яны плануюць выстаўляць кожную нядзелю.

Пасля адказу, якім мусіць быць адпаведны смайлік, у стужцы тэлеграм-канала праз некалькі гадзін з’явіцца правільны адказ і ўдзельнікі змогуць праверыць сваю здагадку, абяцаюць арганізатары анлайн-гульні. 

Да першага здымку, які ўжо сёння размешчаны для адгадвання, даецца падказка, што гэта адна са славутасцяў Магілёва, якую “відаць з арбіты”. 

Фотаздымак: «Магілёў анлайн»

«Фотаальбом Магілёў.media». Багацце ліпеньскага лесу

Сваімі ўражаннямі ад наведвання ліпеньскага лесу падзяліўся жыхар вёскі Расна, што ў Дрыбінскім раёне. Аўтар ліста захоплены прыродаю і абураны безгаспадарлівасцю.

Вясковец даслаў серыю фотаздымкаў з тым, на што багаты лес у ліпеньскую пару і што яго ў ім засмуціла. Ягоныя творы папоўнілі «Фотаальбом Магілёў.media».


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Чытач прызнаецца, што вырашыў «збегчы ў лес», каб адпачыць ад вясковай працы, якой багата ў гаспадарцы заўжды.

Падарожжа да лесу вясковец пачаў апісваць з таго, што: «з поля выскачыў заяц-русак, а за ім прабеглі дзве казулі».

А, як зайшоў у бор, то адчуў водар суніц. «Люблю, піша ён, ласавацца сочывам з гэтай ягады».

Па ягоных словах невялікая паляна была ўсыпаная чырвонымі ягадкамі.

Далей, праз колькі дзясяткаў метраў, «маленькія хмызочкі абсыпаныя даволі буйнымі чарніцамі».

«Хутка набраў амаль літр», – пахваліўся вясковец.

Блукаючы глянуў на гадзіннік і зразумеў, піша далей ён, што адпачынак зацягваецца, трэба вяртацца да гаспадаркі, але лес не адпускаў, хоць і заела жамяра.

«Сярод паваленых дрэў і галля натрапіў на зарасці маліны», – адзначае падарожнік.

«Збор маліны ўпадабаў больш, чым клопат з суніцамі і чарніцамі, – працягвае ён. – Ягада буйная, сакавітая, хутка бярэцца і напаўняецца вядзерка».

Ля малінніку чытач угледзеў ляшчыну. Набраў арэхаў.

На ўзбочынах лясной дарогі назбіраў сыраежак на суп, а на гарбату зёлак.

«Чыстае паветра, лясныя пахі, спевы птушак, ягады, расліны, грыбы, жывёлы – лясная прырода радуе», – піша вясковец у канцы свайго ліста.

«Засмучае негаспадарлівасць лясных службаў, – абураецца ён, падсумоўваючы. – Шмат у лесе непрыбраных дрэў, пнёў, нявывезенага ламачча, разбітыя лесавозамі лясныя дарогі. Усё гэта ляжыць і гніе. А паспрабуй вынесці напаўгнілое бервяно, знойдуць і аштрафуюць».