Шклоў пахваліўся ростам тавараабароту, але амаль 70% пакупак прыйшлося на ежу

Шклоўскія ўлады з гонарам паведамілі, што рознічны тавараабарот Шклоўскага раёна ў першым квартале 2026 года вырас на 4,8 працэнта.

Аднак радавацца рана. Паказчык рознічнага тавараабароту паказвае, на якую суму жыхары і госці раёна купілі тавараў у крамах за пэўны перыяд.

У дадзеным выпадку:

  • за студзень-сакавік 2026 года праз крамы і гандлёвыя арганізацыі Шклоўскага раёна было прададзена тавараў на 42,2 мільёна рублёў;
  • з улікам інфляцыі і змянення цэн аб’ём продажаў аказаўся на 4,8 працэнта большым, чым за той жа перыяд 2025 года;
  • з гэтых 42,2 мільёна рублёў на харчовыя тавары прыпала 27,9 мільёна рублёў;
  • на нехарчовыя тавары прыпала 12,3 мільёна рублёў.

Аднак гэта не азначае, што землякі Лукашэнкі сталі багацейшымі на 4,8 працэнта.

Рост тавараабароту можа быць звязаны з рознымі прычынамі:

  • павелічэннем рэальных даходаў насельніцтва;
  • ростам колькасці пакупнікоў з іншых раёнаў;
  • развіццём гандлёвай сеткі;
  • змяненнем структуры спажывання;
  • адкрыццём новых крам.

Акрамя таго, Шклоўскі раён невялікі. Калі падзяліць 42,2 мільёна рублёў на колькасць насельніцтва раёна (каля 22 тысяч чалавек), атрымаецца прыкладна 1900 рублёў пакупак на аднаго жыхара за квартал або каля 630 рублёў у месяц. Гэта ўжо дазваляе прыкладна ацаніць маштабы спажывання.

Самая цікавая лічба ў гэтай хітрай статыстыцы нават не рост тавараабароту, а тое, што 69,4 працэнта ўсіх пакупак прыпала на харчовыя тавары. 

Гэта вельмі высокая доля. У развітых эканоміках па меры росту дабрабыту доля выдаткаў на ежу звычайна змяншаецца, а больш грошай ідзе на паслугі, адпачынак, тэхніку, жыллё і іншыя нехарчовыя тавары. Таму такая структура выдаткаў ускосна паказвае, што для большасці жыхароў раёна прадукты харчавання застаюцца асноўным артыкулам спажывецкіх выдаткаў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Крычаўляне сталі больш купляць, але жыць лепш не сталі

Жыхары Крычаўскага раёна ў першым квартале 2026 года сталі больш актыўна траціць грошы ў крамах.

Паводле даных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці, рознічны тавараабарот Крычаўскага раёна за студзень-сакавік склаў 55,9 мільёна рублёў. У супастаўных цэнах гэта на 4,6 працэнта больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Асноўная частка продажаў прыйшлася на гандлёвыя арганізацыі. Яны рэалізавалі насельніцтву тавараў на 50,7 мільёна рублёў.

Больш за ўсё крычаўляне трацілі на прадукты. На харчовыя тавары прыйшлося 59,9 працэнта ад агульнага аб’ёму продажаў гандлёвых арганізацый, або 30,4 мільёна рублёў.

Нехарчовых тавараў за першы квартал было прададзена на 20,3 мільёна рублёў.

Рост рознічнага тавараабароту ў Крычаўскім раёне не варта аўтаматычна ўспрымаць як прыкмету рэзкага паляпшэння жыцця. Так, у першым квартале 2026 года жыхары купілі тавараў больш, чым годам раней. Аднак амаль 60 працэнтаў продажаў прыйшлося на прадукты харчавання, гэта значыць на абавязковыя штодзённыя выдаткі. Таму статыстыка хутчэй паказвае ўмеранае ажыўленне гандлю, чым прыкметны рост дабрабыту насельніцтва.

Фота: з адкрытых крыніц.

Амаль паўтоны пратэрміноўкі знайшла магілёўская санстанцыя – вось спіс магазінаў

За першы квартал 2026 года ў 27 магазінах было выяўлена 491,086 кілаграмаў пратэрмінаванай харчовай прадукцыі.

Як адзначае Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, правяраючыя прыходзілі ў магазіны і аб’екты грамадскага ў Магілёве і Магілёўскім раёне. У выніку выяўленых парушэнняў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу шэсць юрыдычных асоб у памеры 168 базавых велічынь (7 560 рублёў) і тры службовыя асобы ў памеры 20 базавых велічынь (900 рублёў).

Санстанцыя апублікавала спіс некаторых суб’ектаў гаспадарання, дзе, у прыватнасці, была выяўлена пратэрмінаваная прадукцыя:

  • ТАА “Авацыя” сталовая, г. Магілёў, вул. Ленінская, 33 – 16,8 кг; 
  • ЗУВКП “БелВілесдэн” крамы “Гіпа”, г. Магілёў, вул. Каштанавая, 2 вул. Маўчанскага, 6-10,49 кг; 
  • крама «Капеечка», па адрасе: г. Магілёў, пр. Шміта,40, філіяла «Крычаў» ЗАТ “Дабраном” – 9,797 кг; 
  • ТАА «Лёва 14» сталовая №113, г. Магілёў, вул. Ленінская, 81а і аб’ект грамадскага харчавання, г. Магілёў, вул. Ленінская, 68а-8,706 кг; 
  • ААТ «Агракамбінат «Усход» кафэ «Вільчанка», Магілёўскі раён, аг.Узыход-8,1 кг;  
  • крамы ТАА “Трывэ” па адрасе: г. Магілёў, вул. будаўнікоў, 2 вул. Першамайская, 84А-7,62 кг; 
  • Магілёўскае райпо крамы па адрасе: Магілёўскі раён, аг. Махава, в. Навасёлкі (Дашкаўскія), в. Солтанаўка – 7,37 кг; 
  • піцэрыя “Веранда” індывідуальнага прадпрымальніка Задарожнага Я.Б. па адрасе: г. Магілёў, пр. Пушкінскі, 37б – 4,5 л; 
  • ЗТАА “Март Ін Фуд” крама “Марцін”, г. Магілёў, пр. Дзімітрава, 32 – 3,6 кг; 
  • крама “Суседзі” па адрасе: г. Магілёў, пр. Пушкінскі, 36а, ТАА “Лібрэтык” – 3,538 кг; 
  • ААТ «Александрыйскае-Бел» магазін, г. Магілёў, вул. Лепешынскага, 12а – 3,33 кг; 
  • крама “Санта” па адрасе: г. Магілёў, Мінская шаша, 40, ТАА «Санта Рытэйл» -1,92 кг; 
  • міні-кафэ “Фіеста” ТАА “Трыял плюс” па адрасе: г. Магілёў, вул. Першамайская, 61 – 1,636 кг; 
  • ТАА “Джон Доры” гандлёвы аб’ект, г. Магілёў, вул. Астроўскага, 5 – 1,538 кг; 
  • ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» крама №2, г. Магілёў, вул. Каштанава,23а і павільён па адрасе: г. Магілёў, вул. Габраўская, 30-1,428 кг; 
  • крама “Мегаопт” ТУП “Магілёўскі аблкаапкнігаторг”, размешчаны па адрасе: г. Магілёў, пр. Дзімітрава, 31а/11 – 0,6 кг; 
  • Філіял ТАА “Еўраторг” у горадзе Магілёве магазін “Еўраопт”, г. Магілёў, вул. Лазарэнка, 73б – 0,54 кг; 
  • ТАА “Фэмілі Фуд” рэстаран “Мамадома”, г. Магілёў, вул. Мінская шаша, 31 – 0,5 кг; 
  • ТАА “РольфТрэйд” крама “Перекресток”, г. Магілёў, вул. Камсамольская, 10 – 0,415 л; 
  • крама “Вожык” па адрасе: г. Магілёў, вул. Ціміразеўская, 44, ТАА “Юністар груп” – 0,22 кг; 
  • ПГУП  “Відзінол” магазін, Магілёўскі раён, аг. Мяжысеткі – 0,18 кг.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі ЦГЭ”

У чарговым магілёўскім “Белмаркеце” знайшлі дзясяткі кілаграмаў пратэрміноўкі

Звыш 70 кілаграмаў пратэрміноўкі знайшлі кантралёры ў магазіне “Белмаркет” па вуліцы Першамайскай 160 у Магілёве.

У цяперашні час па ўсёй краіне праходзіць праверка данай сеткі рознічнага гандля прадуктамі харчавання, пра гэта паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. 

Днямі такая праверка выявіла 70 кілаграмаў пратэрмноўкі і тавараў сумніўнай якасці ў чарговым магілёўскім магазіне “Белмаркет”, які прыйшлося часова зачыніць з-за шматлікіх парушэнняў. 

Кантралёры знялі з паліц гэтага магазіна мясныя паўфабрыкаты, фарш, безалкагольныя напоі, каўбасныя і хлебабулачныя вырабы з прайшоўшымі тэрмінамі прыдатнасці. Таксама забароненая рэалізацыя больш за 20 кг курэй-грыль, час вырабу якіх вызначыць не ўдалося. Нягледзячы на тое, што ў гандлёвай зале крамы ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, якое прадугледжвае аператыўную рэалізацыю курэй-грыль, такая прадукцыя была выраблена загадзя, і чакала яна свайго пакупніка зусім не ў халадзільніку.

У ліку парушэнняў заканадаўства – невыкананне абавязковага пераліку тавараў, неналежнае афармленне цэннікаў, адсутнасць інфармацыі аб таварах, парушэнне санітарных нормаў, неналежная выкладка тавараў, якія змяшчаюць выяву дзяржаўных сімвалаў і іншае.

Адчынецца магазін пасля таго, як усе парушэнні будуць ліквідаваны.

Нагадаем, напрыканцы сакавіка магазін “Белмаркет”, што па Першамайскай 91а ў Магілёве прыпыніў сваю дзейнасць з-за вялікай колькасці выяўленых пратэрмінаваных тавараў.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

У Магілёве афіцыйна закрыўся аўтарынак

Эпоха аўтарынка на Гомельскай шашы ў Магілёве скончылася. 

Амаль 30 гадоў праіснаваў аўтарынак побач з аўтасэрвісам на Гомельскай шашы. Але ўсяму калісьці прыходзіць канец. У студзені 2026 года гэта здарылася і з аўтарынкам, які пэўна яшчэ доўга будуць помніць магілёўскія аўтатаматары. У свой час там можна было купіць шмат чаго – ад фарбаў для аўтамабіля і дробных дэталяў да бэушных калёсных дыскаў і такіх жа ўжываных дэталяў кузава. 

Як сцвярджае тэлеграм-канал Mogilevnews, ў апошні час аўтарынак пераўтварыўся ў барахолку. А ўладальнікі аўтамабіляў для набыцця неабходных запчастак усё больш аддавалі перавагу пакупкам праз інтэрнэт ці ў спецыялізаваных магазінах. 

А калісьці жыццё на аўтарынку віравала. Прычым не толькі гандлёвае, але і грамадскае. Так, гандляры час ад часу праводзілі забастоўкі з прычыны тых ці іншых парушэнняў іх правоў. Былі там і забастоўкі салідарнасці з іншымі прыватнымі прадпрымальнікамі. 

Цяпер гэта ўсё ў мінулым. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Крычаве падчас цыклона можна было купіць нават кветкі

Цыклонабесіе дасягнула свайго піку – цэнтрам надзвычайшчыны ў Магілёўскай вобласці стаў Крычаў.

Амаль не засталося навін з Магілёўшчыны, якія б не ўтрымлівалі клятваў загінуць з лапатай у руках або сабраць усе сілы ў кулак і ўдарыць па снезе талакой. А ўжо пасля таго, як саўковыя лапаты ў рукі ўзялі шэф і з падшэфкам, наша жыццё канчаткова падзялілася на «да» і «пасля» «Улі».

Нішто і ніхто ўжо не застанецца ранейшым – цыклон канчаткова расставіў усё па сваіх месцах. Ён паказаў тых, хто па-сапраўднаму адданы Лукашэнку, і тых, на чыю нестабільную псіхіку «эфект Мадура» аказаў разбуральнае ўздзеянне.

Так склалася, што сталіцай цыкланічнага абсурду на Магілёўшчыне стаў Крычаў. Варта было жыхару гэтага горада паскардзіцца ў “TikTok” на снежныя заносы і парушэнні ў працы маршрутных таксі, як пачаліся разброд і хістанні. Спачатку ўлады наадрэз адмовіліся прызнаваць, што праблемы са снегам існуюць, і падставілі начальніцу аддзела ЖКГ Сямёнаву, якая заявіла, што зваротаў у райвыканкам не паступала. Потым накінуліся на маршрутчыкаў за тое, што тыя ўладкавалі на Новы год доўгія выходныя. Пазней прызналі, што «Улі» ўяўляе сур’ёзную пагрозу і справа пахне керасінам.

Цяпер выступілі прадстаўнікі аддзела крычаўскай эканомікі, заявіўшы, што «гандлёвыя аб’екты працуюць у штатным рэжыме, прадуктаў на прылаўках хапае».

Не ўсё яшчэ ў парадку з аўталавкамі, але ёсць трактар МТЗ-82, які «пры неабходнасці выязджае на ліквідацыю праблем».

Мяркуючы па фотаздымках з Крычава, там сапраўды ўдаецца спраўляцца з наступствамі цыклона – пры жаданні можна нават купіць кветкі. Ну і падарыць іх крычаўскім чыноўнікам, якія нарэшце ўсвядомілі, што часам добры трактар бывае патрэбнейшы за «Арэшнік».

кветкі

Фота крычаўскай раённай газеты.

Знаёмімся з магіляўчанкай Інэсай Караткевіч: з Арменіі ў Белкаапсаюз

Выпускніца МТІ, інжынер-тэхнолаг, Інэса Караткевіч адразу пайшла ў гандаль і стала чыноўніцай аблвыканкама.

Старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч часта мільгае на экранах тэлевізараў, дзе распавядае пра тое, што яе прадпрыемства не ў стане змагацца з новымі веяннямі, але заўсёды гатова абслугоўваць вёску, у якой новымі веяннямі таксама не пахла.

Лукашэнка пастаянна крытыкуе Белкаапсаюз і з такой жа пастаяннасцю яго падтрымлівае – ўспаміны пра сельмаг у вёсцы Александрыя яго ніяк не адпускаюць.

Хто ж такая Інэса Караткевіч, якая ў свае 48 год стала членам урада і кіраўніком лядашчай, але пакуль яшчэ ўплывовай структуры пад назвай Белкаапсаюз?

Інэса Леанідаўна – ўраджэнка Магілёва. У 2000 годзе яна скончыла Магілёўскі тэхналагічны інстытут і атрымала спецыяльнасць інжынер-тэхнолаг. 

Якая менавіта спецыялізацыя ў Караткевіч – у афіцыйнай біяграфіі не ўдакладняецца. А між тым, у тыя гады самай прэстыжнай прафесіяй лічыўся інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання, але інжынерамі-тэхнолагамі былі таксама спецыялісты па кансервах, хлебе і збожжы. Аднак, конкурс менвіта на факультэт грамадскага харчавання быў самым высокім.

У 2007 годзе Інэса Караткевіч скончыла інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання” па спецыяльнасці эканаміст-таваравед. Гэта – той жа тэхналагічны інстытут, перайменаваны ва ўніверсітэт у 2002 годзе.

А вось працоўную дзейнасць Інеса Леанідаўна пачала ў тым жа 2002 годзе, прычым адразу ва ўпраўленні гандлю аблвыканкама. 

Чаму выпускніцу МТІ, ні дня не прапрацаваўшую на вытворчасці, адразу прынялі ў чыноўнікі дастаткова высокага ўзроўню – незразумела.

Да 2017 года кар’ера Караткевіч фактычна стаяла на месцы – праз 11 гадоў яна дабралася толькі да пасады начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама і прапрацавала на ёй чатыры гады.

Чым тлумачыцца рэзкі ўзлёт 2017-га – яшчэ адна загадка кар’еры Інэсы Леанідаўны. Яна раптам была прызначана намеснікам старшыні праўлення Белкаапсаюза, у 2022 годзе пераведзена на пасаду дарадцы пасольства Рэспублікі Беларусь у Арменіі, а ў  пачатку 2024 года ўзначаліла Белкаапсаюз.

Паколькі гэтае прадпрыемства з’яўляецца формай кааператыўнай уласнасці толькі дэ-юрэ, а дэ-факта прыроўнена да міністэрства, то Караткевіч па сутнасці справы была і застаецца чыноўніцай. А ўлюбёным месцам умяшальніцтва для гандлёвых функцыянераў Беларусі заўсёды быў Белкаапсаюз.

Таму Інэса Караткевіч прымала непасрэдны ўдзел у шматлікіх правальных спробах ажывіць Магілёўскі аблспажыўсаюз. 

Яна выдатна памятае, як крамы гэтай структуры спрабавалі зрабіць вонкава падобнымі на гандлёвыя аб’екты прыватнікаў-сеткавікоў, як прымушалі райпо купляць загадзя непатрэбнае абсталяванне і бескарысныя скідкавыя карты самых розных відаў, як спрабавалі зарабляць на мутных рэкламных кампаніях кшталту “Магілёўскай СПМК” і затрымлівалі за прысваенне маёмасці  прадпрыемства Сяргея Шуркала.

Такім чынам, досвед Інэсы Леанідаўны фактычна абмяжоўваецца веданнем кіруючай і накіроўваючай ролі партыі. Адсюль і частая крытыка з боку Лукашэнкі.

Чакаць ад Караткевіч якіх-небудзь здзяйсненняў, акрамя пазіравання на камеры, не варта. Нават з улікам досведу, набытага ёю ў Арменіі.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

Паміж царствам вечнай мерзлаты і каралеўствам цяпла ў Касцюковічах – чатыры кіламетры

Ці гатовы гандаль на вёсцы да Новага года? Касцюковіцкія журналісты праверылі гэта на прыкладзе двух магазінаў – у вёсках Дзямідавічы і Тупічына.

Друкаваны орган Касцюковіцкага райвыканкама, правяраючы гандаль на вёсцы, ацаніў сітуацыю ў двух сельскіх магазінах – і вось што атрымалася:

  • магазін № 104 у Дзямідавічах сустрэў журналістаў «шалёным холадам». На паліцах – падгнілыя яблыкі, морква, зморшчаны перац. Навагодніх фруктаў не было зусім. На частцы тавараў адсутнічалі цэннікі. Салодкія падарункі – толькі па замове;
  • у магазіне № 250 у Тупічына ўсё інакш: цёпла, чыста, акуратна, паліцы поўныя, вітрыны блішчаць. Цытрусавыя ёсць, марожанае – ажно 17 відаў, зала ўпрыгожаная па-навагодняму, прадавец працуе ўпэўнена.

Тупичино
Трэба прызнаць, што касцюковіцкая газета, не ў прыклад іншым «раёнкам», дзе ўсё «узвейваецца-развейваецца», часта падымае вострыя тэмы.

Але ў выпадку з двума паралельнымі рэальнасцямі ў магазінах аднаго прадпрыемства, у адным раёне – відавочны перабор. 

Не бывае ні шалёнага холаду, ні пякельнай спёкі ў магазінах райспажыўтаварыства. І рэзкіх кантрастаў там не бывае. Ні шатка, ні валка – вось звычайная норма Белспажыўсаюза. Дзесьці лепш, дзесьці горш, але сітуацыя прыкладна аднолькавая.

Ну, а тое, што намеснік старшыні райвыканкама Святлана Смолікава распавядае пра нейкі маніторынг – казкі венскага лесу.

Сумная сутнасць у тым, што ўлады Касцюковіч нават не змаглі захаваць сваё райспажыўтаварыства як самастойную структуру – цяпер гэта ўсяго толькі падраздзяленне Мсціслава. Усё астатняе – дэталі.

Фота раённай газеты.

Ні этыкетак, ні цэннікаў – у Магілёве зачынілі дзве прыватныя крамы

Гандаль тысячамі тавараў у Магілёве праходзіў з такімі грубымі парушэннямі, што нават спецыялісты дзяржкантроля не вытрымалі. “У продажы знаходзіліся больш за 3 тыс. найменняў нехарчовых тавараў (адзенне, абутак) без прадстаўлення пакупнікам усёй неабходнай інфармацыі аб тавары (аб вытворцу, памеры вырабу, складзе сыравіны і інш.) і без наяўнасці цэннікаў” – паведамляе прэс-служба ведамства. Больш чым на 1 800 найменнях тавараў наогул не было ніякіх сродкаў ідэнтыфікацыі.

У выніку, дзве прыватныя крамы ў Магілёве былі зачыненыя. У прэс-службе Камітэта дзяржкантроля не паведамляецца, пра якія менавіта крамы вядзецца гаворка, але сыходзячы з асартымента і інавацыйнага падыхода да арганізацыі гандлю, гэта можа быць штосьці накшталт крамы з кітайскімі таварамі на Мінскім рынку – дапускае аддзел аналітыкі mogilev.media.

Фота: onliner

У Магілёве пройдуць “Дні цвярозасці” з-за заканчэння навучальнага года

У Магілёве 24 траўня і 13 чэрвеня будзе абмежаваны продаж алкагольных напіткаў.

У межах акцыі “Дзень цвярозасці” 24 траўня з 00:00 да 24:00 на тэрыторыі абласнога цэнтра будзе абмежаваны продаж алкагольных напіткаў, за выключэннем рознічнага гандлю на аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў. Пра гэта піша Mycity са спасылкай на Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал. 

Забарона звязана з тым, што ў гэты дзень у дзявяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў прагучыць апошні званок.

Таксама ў сувязі з правядзеннем выпускных вечароў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абмежаванне на продаж алкаголю будзе дзейнічаць з 00:00 да 24:00 13 чэрвеня.

Дарэчы, у 2024 годзе колькасць “Дзён цвярозасці” ў першай палове года была на адзін большая. Тады такі дзень абвяшчалі яшчэ 27 красавіка, прымеркаваўшы яго да адкрыцця веласезона.

Фота: Mogilevnews