Паміж царствам вечнай мерзлаты і каралеўствам цяпла ў Касцюковічах – чатыры кіламетры

Ці гатовы гандаль на вёсцы да Новага года? Касцюковіцкія журналісты праверылі гэта на прыкладзе двух магазінаў – у вёсках Дзямідавічы і Тупічына.

Друкаваны орган Касцюковіцкага райвыканкама, правяраючы гандаль на вёсцы, ацаніў сітуацыю ў двух сельскіх магазінах – і вось што атрымалася:

  • магазін № 104 у Дзямідавічах сустрэў журналістаў «шалёным холадам». На паліцах – падгнілыя яблыкі, морква, зморшчаны перац. Навагодніх фруктаў не было зусім. На частцы тавараў адсутнічалі цэннікі. Салодкія падарункі – толькі па замове;
  • у магазіне № 250 у Тупічына ўсё інакш: цёпла, чыста, акуратна, паліцы поўныя, вітрыны блішчаць. Цытрусавыя ёсць, марожанае – ажно 17 відаў, зала ўпрыгожаная па-навагодняму, прадавец працуе ўпэўнена.

Тупичино
Трэба прызнаць, што касцюковіцкая газета, не ў прыклад іншым «раёнкам», дзе ўсё «узвейваецца-развейваецца», часта падымае вострыя тэмы.

Але ў выпадку з двума паралельнымі рэальнасцямі ў магазінах аднаго прадпрыемства, у адным раёне – відавочны перабор. 

Не бывае ні шалёнага холаду, ні пякельнай спёкі ў магазінах райспажыўтаварыства. І рэзкіх кантрастаў там не бывае. Ні шатка, ні валка – вось звычайная норма Белспажыўсаюза. Дзесьці лепш, дзесьці горш, але сітуацыя прыкладна аднолькавая.

Ну, а тое, што намеснік старшыні райвыканкама Святлана Смолікава распавядае пра нейкі маніторынг – казкі венскага лесу.

Сумная сутнасць у тым, што ўлады Касцюковіч нават не змаглі захаваць сваё райспажыўтаварыства як самастойную структуру – цяпер гэта ўсяго толькі падраздзяленне Мсціслава. Усё астатняе – дэталі.

Фота раённай газеты.

Касцюковіцкі бусел ужо трэцюю зіму не ляціць у вырай – яму знайшлі зімоўку

У Касцюковічах бусел ужо стаў мясцовай знакамітасцю. Два гады запар ён адмаўляецца ляцець у вырай і здзіўляе сваім выглядам мінакоў у гарадскіх дварах.

З наступленнем халадоў жыхары Касцюковіч звычайна пачыналі падкормліваць птушку і клапаціцца пра зімоўку для жывёлы. Першую зіму бусла прытулілі ў аграгарадку Шарэйкі. На другую зіму яго забрала да сябе ў хлеў жыхарка аграгарадка Тупічына – піша “Голас Касцюкоўшчыны”. 

Прычыну дзіўных паводзінаў птушкі выданню патлумачылі ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Зімаваць у асноўным застаюцца птушкі, якія атрымалі траўмы і аслабелі. Бывае, што маладыя буслы, якія яшчэ дрэнна ўмеюць лётаць, натыкаюцца на правады лініі электраперадач, могуць нават атрымаць удар токам.
Гэта тлумачыць прычыну, па якой бусел застаўся ў першую зіму. Але далей, відаць, ён проста прывык да людзей і да таго, што яго падкормліваюць. Не ўсім гараджанам гэта суседства падабалася, дарэчы. Знайшліся такія касцікаўчане, каму ён ладна надакучыў у двары шматкватэрнага дома, таму што гадзіць не па-дзіцячы. Гэтыя людзі ўжо якраз звярталіся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем, каб жывёлу кудысьці прыбралі. 

Сёлета сітуацыю з птушкай разбірала камісія “па скаардынаваным узаемадзеянні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый пры выяўленні або выяўленні дзікай жывёлы” – аказваецца, ёсць і такая. Па рашэнні гэтай камісіі птушку аддадуць на зімоўку ў Магілёўскі заасад. Бусел туды ўжо прыбыў і пачаў абжывацца.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”