У Магілёве котка пасябравала з львом

У Магілёўскім заасадзе чорная котка пасялілася ў адным вальеры са львом.

Хто з іх цар звяроў цяпер не зусім зразумела. Наведвальнікі не хаваюць захаплення і ахвотна дзеляцца здымкамі незвычайнай паркі. Котка трымаецца ўпэўнена – ніякай пашаны да суседа, толькі звыклае пачуццё гаспадыні становішча. Леў, у сваю чаргу, церпіць. Заасад рэкамендуе ўбачыць гэты саюз на ўласныя вочы.

Фота: скрыншот відэа “Падслухана Магілёў”.

Вясна ідзе! У магілёўскім заасадзе прачнуўся мядзведзь Федзя

Мядзведзь у магілёўскім заасадзе ўжо дзесяць гадоў дакладна прадказвае надыход вясны.
Прачынанне бурага мядзведзя Федзі, які пражывае ў Магілёўскім заасадзе, імгненна стала топ-навіной інтэрнэту.
У магілёўскім заасадзе мядзведзя Федзю называюць мясцовым сіноптыкам. За дзесяць гадоў мядзведзь ні разу не памыліўся – пасля яго прачынанне надыходзіла пацяпленне. 

У гэтым годзе Федзя заснуў 10 студзеня, адразу пасля вялікага снегападу. Зараз Фёдар аднаўляе сілы і сілкуецца з чыста мядзведжым апетытам.
Палюбавацца на знакамітага магілёўскага “сіноптыка” можна тут.

Фота тэлеканала СТВ.

Кенгуру, эму, канадскі воўк – у Магілёўскім заасадзе з’явіліся новыя жывёлы

Новых экзатычных звяроў завезлі ў Магілёўскі заасад з Расіі на пачатку снежня, але паглядзець іх пакуль нельга.

Новыя жывёліны – карова шатландскай пароды хайленд, два эму, самец кенгуру Бенета і канадскі воўк, паведамляе тэлеграм-канал ZatestilMogilev. Наведвальнікі заасада яшчэ не могуць пабачыць гэтых звяроў на ўласныя вочы, бо ўсё яны дзіцяняты – узростам да аднаго года і пакуль знаходзяцца на каранціне.

Як піша “СБ”, карова, эму і кенгуру прыехалі з расійскага Ніжняга Ноўгарада, а воўк – з Пензы. Гэта ўжо не першае папаўненне з Ніжагародскага заапарка: толькі сёлета адтуль прыехала бенгальская тыгрыца. З Мінскага заапарка на ПМЖ у Магілёў нядаўна перабраліся сеткаватыя пітоны – цяпер яны дасягаюць усяго толькі 2,5 метра ў даўжыню, а вырастуць да васьмі. 

“У наступным годзе плануем прывезці малпачак – пачнем з маленькіх парод, такіх як ігрункі і чырвонарукія тамарыны. А калі атрымаем дастатковы вопыт у сыходзе за імі, будзем пашырацца” – кажа загадчык вучэбнай лабараторыі “Заасад” Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Іван Ніжнікаў.

Зараз у Магілёўскім заасадзе больш за 50 відаў жывёл, а гэта звыш 400 галоў. З іх самыя шматлікія – плямістыя алені і зубры. Апошніх налічваецца 40 асобін.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Касцюковіцкі бусел ужо трэцюю зіму не ляціць у вырай – яму знайшлі зімоўку

У Касцюковічах бусел ужо стаў мясцовай знакамітасцю. Два гады запар ён адмаўляецца ляцець у вырай і здзіўляе сваім выглядам мінакоў у гарадскіх дварах.

З наступленнем халадоў жыхары Касцюковіч звычайна пачыналі падкормліваць птушку і клапаціцца пра зімоўку для жывёлы. Першую зіму бусла прытулілі ў аграгарадку Шарэйкі. На другую зіму яго забрала да сябе ў хлеў жыхарка аграгарадка Тупічына – піша “Голас Касцюкоўшчыны”. 

Прычыну дзіўных паводзінаў птушкі выданню патлумачылі ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Зімаваць у асноўным застаюцца птушкі, якія атрымалі траўмы і аслабелі. Бывае, што маладыя буслы, якія яшчэ дрэнна ўмеюць лётаць, натыкаюцца на правады лініі электраперадач, могуць нават атрымаць удар токам.
Гэта тлумачыць прычыну, па якой бусел застаўся ў першую зіму. Але далей, відаць, ён проста прывык да людзей і да таго, што яго падкормліваюць. Не ўсім гараджанам гэта суседства падабалася, дарэчы. Знайшліся такія касцікаўчане, каму ён ладна надакучыў у двары шматкватэрнага дома, таму што гадзіць не па-дзіцячы. Гэтыя людзі ўжо якраз звярталіся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем, каб жывёлу кудысьці прыбралі. 

Сёлета сітуацыю з птушкай разбірала камісія “па скаардынаваным узаемадзеянні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый пры выяўленні або выяўленні дзікай жывёлы” – аказваецца, ёсць і такая. Па рашэнні гэтай камісіі птушку аддадуць на зімоўку ў Магілёўскі заасад. Бусел туды ўжо прыбыў і пачаў абжывацца.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”