Вось дык візіт: у асіповіцкую вёску Слабада зайшоў зубр

Жыхары вёскі Слабада Асіповіцкага раёна заўважылі зубра, які некалькі дзён знаходзіўся побач з населеным пунктам, а потым зайшоў у вёску.

Зубр зайшоў у вёску Слабада Асіповіцкага раёна і павёў сябе па-гаспадарску

Па словах мясцовай жыхаркі, спачатку жывёлу бачылі на полі і на дарозе Свіслач – Ялізава. 

Увечары зубр прыйшоў у Слабаду. Ён паводзіў сябе спакойна, рухаўся павольна, да прынесенай людзьмі ежы не дакранаўся.

Зубра прыцягвалі вулічныя ліхтары: ён доўга стаяў пад імі і пераходзіў ад аднаго да другога. 

У нейкі момант жывёла перагародзіла ўезд у двор, і гаспадару дома давялося шукаць абыходны шлях.

Пазней зубр прылёг, а каля другой гадзіны ночы пайшоў у бок Ялізава.

Фота: раённай газеты.

У Клічаве рысь прыйшла ў «Кулінарыю»

Жыхароў Клічава не вельмі здзівіла рысь, якая гуляла па горадзе.

Рысь шпацыравала па Клічаве – мясцовы жыхар, які выклаў ролік пра звера ў TikTok, распавёў, што, у рэшце рэшт, рысь завярнула ў двор мясцовай «Кулінарыі».

Яшчэ адзін клічаўчанін, у той жа дзень бачыў дзве дзікія кошкі, якія пераплывалі раку недалёка ад горада, і зняў адну з іх на відэа.

Чаму рысі вырашылі наведацца ў Клічаў – загадка. Магчыма, яны вырашылі папаляваць на курэй, якіх разводзяць жыхары прыватнага сектара горада.

Аднак гэта толькі здагадка, агучаная ў каментарыях да ролікаў. 

Дзіўным паводзінам рысяў могуць быць і іншыя тлумачэнні. Бо чаго толькі не здараецца ў Магілёўскай вобласці.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Касцюковіцкі бусел ужо трэцюю зіму не ляціць у вырай – яму знайшлі зімоўку

У Касцюковічах бусел ужо стаў мясцовай знакамітасцю. Два гады запар ён адмаўляецца ляцець у вырай і здзіўляе сваім выглядам мінакоў у гарадскіх дварах.

З наступленнем халадоў жыхары Касцюковіч звычайна пачыналі падкормліваць птушку і клапаціцца пра зімоўку для жывёлы. Першую зіму бусла прытулілі ў аграгарадку Шарэйкі. На другую зіму яго забрала да сябе ў хлеў жыхарка аграгарадка Тупічына – піша “Голас Касцюкоўшчыны”. 

Прычыну дзіўных паводзінаў птушкі выданню патлумачылі ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Зімаваць у асноўным застаюцца птушкі, якія атрымалі траўмы і аслабелі. Бывае, што маладыя буслы, якія яшчэ дрэнна ўмеюць лётаць, натыкаюцца на правады лініі электраперадач, могуць нават атрымаць удар токам.
Гэта тлумачыць прычыну, па якой бусел застаўся ў першую зіму. Але далей, відаць, ён проста прывык да людзей і да таго, што яго падкормліваюць. Не ўсім гараджанам гэта суседства падабалася, дарэчы. Знайшліся такія касцікаўчане, каму ён ладна надакучыў у двары шматкватэрнага дома, таму што гадзіць не па-дзіцячы. Гэтыя людзі ўжо якраз звярталіся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем, каб жывёлу кудысьці прыбралі. 

Сёлета сітуацыю з птушкай разбірала камісія “па скаардынаваным узаемадзеянні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый пры выяўленні або выяўленні дзікай жывёлы” – аказваецца, ёсць і такая. Па рашэнні гэтай камісіі птушку аддадуць на зімоўку ў Магілёўскі заасад. Бусел туды ўжо прыбыў і пачаў абжывацца.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”

Дазволена паляванне на мядзведзя – ўпершыню ў незалежнай Беларусі

З 1 ліпеня ў Беларусі дазволена паляванне на мядзведзя. Як паведамляюць у міністэрстве лясной гаспадаркі, гэта звязана з рэзкім павелічэннем іх колькасці. Сезон палявання на мядзведзя будзе доўжыцца да 31 снежня. Раней mogilev.media пісалі, што апошнія 20 гадоў колькасць папуляцыі мядзведзяў наогул не падлічвалі. А калі падлічылі, то ахнулі. Аказалася, што іх колькасць у бліжэйшыя гады можа дасягнуць 1 000 асобінаў у нашай краіне. Дагэтуль меркавалася, што папуляцыя мядзведзяў налічвае не больш за 80-100.

Беларускае дзяржаўнае прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” прадае туры на арганізаванае паляванне на мядзведзя. Пакуль што гэта былі паездкі ў Расію, і кошт для аднаго ўдзельніка складаў 3 495 еўра на сем дзён за сам удзел. У выпадку забойства трафея, неабходна яшчэ даплаціць суму ад 1 350 да 2 250 еўра і больш у залежнасці ад памераў мядзведзя.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Сумная навіна: лось, якога эвакуявалі з дому ў Бабруйску, загінуў

Мы ўжо паведамлялі, што ў Бабруйску раніцай 25 мая лось трапіў на тэрыторыю прыватнага дома і стаў прычынай сапраўднай надзвычайнай сітуацыі. Як стала вядома, жывёла загінула.

У нядзелю раніцай у адзін з прыватных дамоў па вуліцы Сялянскай заблукаў малады лось вагой каля 200 кілаграмаў. Жывёла трапіла на тэрыторыю падворка, пераскочыўшы цераз плот, разбіла вакно і апынулася ў доме.

На месца здарэння выехалі супрацоўнікі некалькіх гарадскіх службаў. Была аператыўна сфарміравана спецыяльная камісія, каб вызначыць далейшыя дзеянні.

Паводле пратаколаў, жывёла павінна была быць усыплена дзвюма ін’екцыямі. Аднак спецыялісты паспелі зрабіць толькі адзін укол. Лось моцна параніўся пры спробе ўцячы — а менавіта, калі пераскокваў цераз плот і разбіў шкляное вакно. Жывёла загінула ад страты крыві, паведамляе “Вечерний Бобруйск”.

Інцыдэнт адбіўся і на гаспадарах дома. Па іх словах, дачцэ, якая стала сведкай інцыдэнту, можа спатрэбіцца псіхалагічная падтрымка. Матэрыяльная шкода ацэньваецца ў суму каля 5 000 рублёў. Акрамя таго, уласнікі паведамілі, што маёмасць не была застрахаваная.

Фота: “Вечерний Бобруйск”.