У Магілёве ствараюць дворык у гонар чарговага расійскага горада

Яраслаўскі дворык па вуліцы Ленінскай 34 плануюць адкрыць бліжэйшым часам у Магілёве.

Па гэтым адрасе ўжо з’явілася арка і працягваецца дабраўпарадкаванне тэрыторыі. “Галоўнай адметнасцю стане скаладром ў выглядзе мядзведзя – сімвала горада Яраслаўля”, – паведамляе тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”.

Такім чынам Яраслаўскі дворык стане чарговым месцам у тапаніміцы Магілёва, названым у гонар яшчэ аднаго расійскага горада. Сцвярджаецца, што гэта робіцца ў рамках міжрэгіянальнага, нават не міжнароднага, супрацоўніцтва. Гэта будзе ўжо чацвёртая падобная лакацыя ў Магілёве.

Зараз у цэнтры горада на не вельмі вялікай адлегласці адзін ад аднаго ужо існуюць Маскоўскі дворык (вул. Ленінская), Тульскі дворык (вул. Будзёнага) і Хабараўскі дворык (вул. Піянерская).

Скрыншот ТГ “Магілёў – мой горад”.

Дазволена паляванне на мядзведзя – ўпершыню ў незалежнай Беларусі

З 1 ліпеня ў Беларусі дазволена паляванне на мядзведзя. Як паведамляюць у міністэрстве лясной гаспадаркі, гэта звязана з рэзкім павелічэннем іх колькасці. Сезон палявання на мядзведзя будзе доўжыцца да 31 снежня. Раней mogilev.media пісалі, што апошнія 20 гадоў колькасць папуляцыі мядзведзяў наогул не падлічвалі. А калі падлічылі, то ахнулі. Аказалася, што іх колькасць у бліжэйшыя гады можа дасягнуць 1 000 асобінаў у нашай краіне. Дагэтуль меркавалася, што папуляцыя мядзведзяў налічвае не больш за 80-100.

Беларускае дзяржаўнае прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” прадае туры на арганізаванае паляванне на мядзведзя. Пакуль што гэта былі паездкі ў Расію, і кошт для аднаго ўдзельніка складаў 3 495 еўра на сем дзён за сам удзел. У выпадку забойства трафея, неабходна яшчэ даплаціць суму ад 1 350 да 2 250 еўра і больш у залежнасці ад памераў мядзведзя.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц