Цыклон «Улі» дайшоў да Асіповічаў і закрануў БРСМ

Першы сакратар камсамольскай ячэйкі Асіповічаў прызнала, што цыклон нагнаў нават іх і абвясціла эстафету дабра.

У Асіповічах да насельніцтва звярнуўся старшыня райвыканкама Геворг Мелканян, які распавёў пра тое, як раён змагаецца з цыклонам «Улі» і чаго варта ад яго чакаць. Аднак лепш за ўсё выступленне ўдалося першаму сакратару мясцовага БРСМ Яўгеніі Ільевай

Дзяўчына абвясціла, што асіповіцкія камсамольцы гатовыя дапамагчы ўсім ахвотным, пры гэтым вельмі дакладна сфармуляваўшы тое, што ўсё ж адбылося. 

На думку спадкаемніцы Цыцэрона, цыклон іх усё ж-такі «настиг». 

Прасцей кажучы, выкруціцца гэтым разам не ўдалося – «Улі» асаблівай выбіральнасцю не адрозніваецца і шпурляецца снегам як у беспартыйных, так і ў тых, хто вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Фота газеты «Асіповіцкі край».

У Крычаве падчас цыклона можна было купіць нават кветкі

Цыклонабесіе дасягнула свайго піку – цэнтрам надзвычайшчыны ў Магілёўскай вобласці стаў Крычаў.

Амаль не засталося навін з Магілёўшчыны, якія б не ўтрымлівалі клятваў загінуць з лапатай у руках або сабраць усе сілы ў кулак і ўдарыць па снезе талакой. А ўжо пасля таго, як саўковыя лапаты ў рукі ўзялі шэф і з падшэфкам, наша жыццё канчаткова падзялілася на «да» і «пасля» «Улі».

Нішто і ніхто ўжо не застанецца ранейшым – цыклон канчаткова расставіў усё па сваіх месцах. Ён паказаў тых, хто па-сапраўднаму адданы Лукашэнку, і тых, на чыю нестабільную псіхіку «эфект Мадура» аказаў разбуральнае ўздзеянне.

Так склалася, што сталіцай цыкланічнага абсурду на Магілёўшчыне стаў Крычаў. Варта было жыхару гэтага горада паскардзіцца ў “TikTok” на снежныя заносы і парушэнні ў працы маршрутных таксі, як пачаліся разброд і хістанні. Спачатку ўлады наадрэз адмовіліся прызнаваць, што праблемы са снегам існуюць, і падставілі начальніцу аддзела ЖКГ Сямёнаву, якая заявіла, што зваротаў у райвыканкам не паступала. Потым накінуліся на маршрутчыкаў за тое, што тыя ўладкавалі на Новы год доўгія выходныя. Пазней прызналі, што «Улі» ўяўляе сур’ёзную пагрозу і справа пахне керасінам.

Цяпер выступілі прадстаўнікі аддзела крычаўскай эканомікі, заявіўшы, што «гандлёвыя аб’екты працуюць у штатным рэжыме, прадуктаў на прылаўках хапае».

Не ўсё яшчэ ў парадку з аўталавкамі, але ёсць трактар МТЗ-82, які «пры неабходнасці выязджае на ліквідацыю праблем».

Мяркуючы па фотаздымках з Крычава, там сапраўды ўдаецца спраўляцца з наступствамі цыклона – пры жаданні можна нават купіць кветкі. Ну і падарыць іх крычаўскім чыноўнікам, якія нарэшце ўсвядомілі, што часам добры трактар бывае патрэбнейшы за «Арэшнік».

кветкі

Фота крычаўскай раённай газеты.

Цыклон «Улі» паралізаваў працу папраўчых калоній Магілёўскай вобласці

Сваякі асуджаных не могуць дабрацца да калоній. Іншыя не могуць выехаць з ПК.

Снегапад заблакаваў пад’езды да ўсіх папраўчых калоній Магілёўшчыны, якія, як правіла, знаходзяцца за межамі гарадоў.

Сваякі асуджаных, якія планавалі доўгатэрміновыя спатканні, вымушаныя спешна адмяняць іх, бо няма ніякай магчымасці дабрацца да калоній.

Спатканні «згараюць» – адміністрацыі калоній не бяруць пад увагу надвор’е і нічога кампенсаваць не збіраюцца.

Нягледзячы на тое, што ў Бабруйску тэхніка працавала круглыя суткі, ачышчаліся толькі дарогі. Снег зграбаўся на ўзбочыны і тратуары. У выніку пешаходам практычна немагчыма дабрацца да прыпынкаў, а аўтобусы ўсё роўна не могуць даехаць да ПК-2.

У Магілёве людзі, якія пабывалі на спатканнях у ПК-15, не могуць выехаць да горада. Таксісты адмаўляюцца браць заказы з тэрыторыі калоніі, а калі хтосьці і згаджаецца давезці пасажыра ад ПК-15 да цэнтра, просяць 50 рублёў.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

Снегапад: улады Магілёўшчыны загадзя распісаліся ў бяссіллі

Бітву за ўраджай у Магілёўскай вобласці выйгралі, бітву са снегам, падобна, прайграюць.

Востры дэфіцыт тэхнікі і рабочай сілы ў камунальных прадпрыемствах Магілёўскай вобласці прымусілі ўлады распісвацца ў бяссіллі яшчэ да прыходу цыклона.

Расказваць казкі пра ўсеагульны дабрабыт і ладзіць паказальныя весялухі магілёўскім чыноўнікам значна прасцей, чым арганізаваць працу па ўборцы снегу на вуліцах гарадоў Магілёўшчыны. Пра «вёску будучыні» гаворка не ідзе ўвогуле.

Першыя згадкі пра снежны калапс з’явіліся ў Крычаве, пасля чаго ўлады ўсіх раёнаў пачалі наракаць на прыход цыклона, разумеючы, што цацачныя трактары не здольныя расчысціць снежныя заносы.

У Крычаве, дзе заяўлялі, што «зваротаў пра снежныя заносы не паступала», ужо прызналі, што «снег, які накрые нашу краіну, прынясе не толькі беласнежную прыгажосць, але і немалыя цяжкасці, з якімі нам усім давядзецца сутыкнуцца».

У Кіраўску намеснік старшыні райвыканкама на ўсялякі выпадак папярэдзіў грамадзян, што «жыхары горада і раёна павінны разумець: дарогі і вуліцы не могуць быць пачышчаныя ўсюды адначасова».

У Слаўгарадзе запэўнілі, што «раённыя службы гатовыя аператыўна рэагаваць на магчымыя ўскладненні».

Касцюковіцкія прапагандысты працуюць пад дэвізам: «Сёлетнія снегапады – не падстава для панікі!»

У Чавусах, дзе чыноўнікі вельмі любяць фатаграфавацца на фоне сваіх «дасягненняў», яшчэ да прыходу «Улі» прарвала гнілы водаправод, і жыхары пятнаццаці вуліц засталіся без вады.

У Чэрыкаве ўлады заклікаюць народ “дружна ачысціць горад ад сумётаў”.

Гарачая пара наступіла не толькі для камунальнікаў вобласці, але і для прапагандыстаў. Ва ўсіх сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца ролікі, у якіх па вуліцах раённых цэнтраў бадзёра ездзяць трактары, а вяселыя жыхары вырываюць адзін у аднаго рыдлёўкі.

Аднак той факт, што міністр Кубракоў дакладвае Лукашэнку пра тое, што міліцыя часова спыніла рэпрэсіі і занялася ўборкай снегу, сведчыць: усё трэшчыць па швах.

Менавіта ў такіх сітуацыях і выяўляецца слабасць рэжыму Лукашэнкі, прадстаўнікі якога ўмеюць толькі круціць кукіш цывілізаваным краінам, для якіх уборка снегу даўно перастала быць надзвычайшчынай.

Хочаш, не хочаш, а дворнікам трэба плаціць.

Фота чэрыкаўскай раённай газеты.

Магілёўшчыну сёння заваліць снегам – сінопыкі

Самы моцны снегапад чакаецца вечарам і ў ноч на 9 студзеня, пераважна па паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах Магілёўскай вобласці. Цягам усяго сённяшняга дня па ўсім рэгіёне прагназуецца моцная завіруха. Чакаецца, што таўшчыня снежнага покрыва складзе тут да 50 сантыметраў.

Цыклон «ULLI» рухаецца з паўднёвага захаду, яго эпіцэнтр сёння з самай раніцы рэгістраваўся над тэрыторыяй Малдовы, а пазней перамясціўся на Украіну. Львоўскія паблікі сёння раніцай размяшчалі трывожныя ролікі пра транспартны калапс, які наступіў у горадзе праз моцны снегапад.
Lviv

Тэлеграм-канал @nadvorje, аднак, супакойвае, што паводле навейшага маніторынга ад Белгідрамета “атрымліваецца сняжок крыху слабейшы, але ўсё роўна на паўднёвым усходзе і поўдні Беларусі заўтра да 15 гадзін мясцовага часу будуць паўмятровыя гурбы.”

Прагноз

Фота: mogilev.media

У Крычаве спрабуюць знайсці крайніх у тым, што горад заваліла снегам

«Хачу – не хачу» не пройдзе. Улады Крычава спрабуюць узяць пад кантроль маршрутчыкаў.

Крычаўскія ўлады паспрабавалі высветліць, чаму і з якой прычыны мясцовыя вадзіцелі маршрутных таксі сышлі на навагоднія канікулы і не працавалі з 1 па 4 студзеня.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ярмоленка паспрабавала заклікаць да адказу аператара аўтамабільных перавозак. 

Старшыня крычаўскага «савета дэпутатаў» Ірына Пруднікава ніяк не магла зразумець, чаму маршрутчыкі не падпарадкоўваюцца яе загадам, па звычцы спасылалася на «дабро народа» і заявіла, што «хачу – не хачу выязджаць сёння, гэта не пройдзе».

На самай справе праблема значна шырэйшая: улады Крычава не падрыхтавалі раён да зімы, і снегапад паралізаваў рэгіён. Цяпер яны спрабуюць знайсці крайняга і зваліць усё на прыватнікаў.

Што да вадзіцеляў маршрутных таксі, то агульную мову з імі каманднымі метадамі ў Крычаве спрабуюць знайсці даўно. Старшыня райвыканкама Аляксей Шарай у верасні асабіста ўдзельнічаў у перадрэйсавым аглядзе вадзіцеляў маршрутных таксі і выявіў у іх праблемы з артэрыяльным ціскам.

Што да праблем з уборкай снегу, то ўлады спачатку паспрабавалі зрабіць выгляд, што іх не існуе. Начальніца аддзела ЖКГ райвыканкама Святлана Сямёнава заявіла, што «зваротаў не паступала за перыяд выпадзення ападкаў. Да ўсіх сацыяльных сфер доступ не абмежаваны».

Калі ж стала зразумела, што пераканаць людзей у адсутнасці праблем з расчышчэннем снегу не атрымаецца, у «Tik-Tok» выпусцілі заспакаяльны ролік. Наступны крок выглядае цалкам лагічна – наезд на маршрутчыкаў. Аднак прыватнікам для працы ў святы патрэбны стымул, а натоўп чыноўнікаў, якія праціраюць штаны ў выканкаме, такім стымулам, на жаль, не з’яўляецца.

У выніку ўсё скончылася тым, што Ірына Пруднікава запатрабавала сувязі з маршрутчыкамі «дваццаць чатыры на сем» і адрасавала аператару аўтамабільных перавозак пісьмовую прэтэнзію.

Цяпер крычаўскім уладам застаецца наладзіць сувязь з нябеснай канцылярыяй і накіраваць пісьмовую прэтэнзію Усявышняму, запатрабаваўшы ад яго неадкладнага спынення снегападу.

Фота раённай газеты.