Вязням магілёўскіх калоній забаранілі фатахромныя акуляры

Для зняволенных у магілёўскіх папраўчых установах увялі новую забарону: ім больш нельга карыстацца фатахромнымі акулярамі. 

Як стала вядома Mayday ад сваякоў асуджаных, на мінулым тыдні ўсіх вязняў, якія насілі такія акуляры, папярэдзілі аб неабходнасці замяніць іх на іншыя. Ад родных патрабуюць звяртацца да афтальмолагаў, каб падабраць новыя сродкі карэкцыі зроку.

Фатахромныя акуляры, вядомыя таксама як «акуляры-хамелеоны», аўтаматычна змяняюць ступень зацямнення ў залежнасці ад асвятлення. На вуліцы яны цямнеюць, а ў памяшканні становяцца празрыстымі. Гэта дазваляе людзям з парушэннямі зроку не насіць з сабой дзве пары акуляраў асобна для вуліцы і для памяшкання.

Такія акуляры шырока выкарыстоўваюцца людзьмі з блізарукасцю, дальназоркасцю і астыгматызмам, бо спалучаюць у сабе функцыі звычайных і сонцаахоўных лінзаў. Аднак цяпер у папраўчых установах ад гэтай практычнай альтэрнатывы давядзецца адмовіцца.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Цыклон «Улі» паралізаваў працу папраўчых калоній Магілёўскай вобласці

Сваякі асуджаных не могуць дабрацца да калоній. Іншыя не могуць выехаць з ПК.

Снегапад заблакаваў пад’езды да ўсіх папраўчых калоній Магілёўшчыны, якія, як правіла, знаходзяцца за межамі гарадоў.

Сваякі асуджаных, якія планавалі доўгатэрміновыя спатканні, вымушаныя спешна адмяняць іх, бо няма ніякай магчымасці дабрацца да калоній.

Спатканні «згараюць» – адміністрацыі калоній не бяруць пад увагу надвор’е і нічога кампенсаваць не збіраюцца.

Нягледзячы на тое, што ў Бабруйску тэхніка працавала круглыя суткі, ачышчаліся толькі дарогі. Снег зграбаўся на ўзбочыны і тратуары. У выніку пешаходам практычна немагчыма дабрацца да прыпынкаў, а аўтобусы ўсё роўна не могуць даехаць да ПК-2.

У Магілёве людзі, якія пабывалі на спатканнях у ПК-15, не могуць выехаць да горада. Таксісты адмаўляюцца браць заказы з тэрыторыі калоніі, а калі хтосьці і згаджаецца давезці пасажыра ад ПК-15 да цэнтра, просяць 50 рублёў.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

У калоніях Магілёўшчыны вязні абмарожваюць рукі, а перадаваць ім крэмы забаранілі

Зняволеным у магілёўскіх калоніях вязняў забаранілі атрымліваць у перадачах крэмы для рук і твару. Цяпер вязні церпяць на абмарожаную да кровацёкаў скуру.

Як піша Mayday, забаранілі перадаваць зняволеным крэмы для абароны скуры, напрыклад, у Бабруйскай калоніі №2. З-за рэзкага пахаладання асуджаныя, якія працуюць у прамзоне, сутыкаюцца з праблемамі растрэсканай скуры на руках, у некаторых да кровацёку.

Адміністрацыя калоніі лічыць, што асуджаныя маюць магчымасць набыць неабходныя гігіенічныя сродкі пры “атаварцы” ў турэмнай краме. Так адказваюць сваякам асуджаных. Аднак, колькасць грошай, даступных на гэтыя мэты, абмежавана. Перадаваць у перадачах дазволена цяпер толькі крэмы для галення.

Праблема абмаражэння рук зафіксавана і ў Папраўчай калоніі №15 у Магілёве пасля ўзмацнення маразоў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц