Бабруйская калонія просіць не прывозіць на спатканні дзяцей

У Папраўчай калоніі №2 у Бабруйску задумалі рамонт і дзіцячы гульнявы пакой ператварылі ў гасцінічны нумар.

Лічыцца, што гульнявы пакой для дзяцей, якія прыязджаюць са сваякамі на працяглыя спатканні да асуджаных, закрылі часова. Памяшканне пераабсталявалі пад гасцінічны нумар з-за рамонту ў будынку для наведвальнікаў.

Працяглыя спатканні ў ПК-2 могуць працягвацца да трох сутак. Каб не скарачаць графік сустрэч для асуджаных, адміністрацыя калоніі вырашыла выкарыстоўваць дзіцячы пакой як дадатковае месца для размяшчэння сваякоў.

Гасцініца для працяглых спатканняў знаходзіцца на тэрыторыі папраўчай установы, аднак, па словах наведвальнікаў, умовы там мала адрозніваюцца ад звычайнага гасцінічнага пражывання. Пакоі абсталяваны ўсім неабходным, а сама тэрыторыя ізаляваная ад асноўнай часткі калоніі.

Пасля завяршэння рамонту памяшканне абяцаюць вярнуць дзецям. Пакуль жа сваякам рэкамендуюць па магчымасці не прыязджаць на спатканні з маленькімі дзецьмі.

Фотаздымак: komkur.info

Цыклон «Улі» паралізаваў працу папраўчых калоній Магілёўскай вобласці

Сваякі асуджаных не могуць дабрацца да калоній. Іншыя не могуць выехаць з ПК.

Снегапад заблакаваў пад’езды да ўсіх папраўчых калоній Магілёўшчыны, якія, як правіла, знаходзяцца за межамі гарадоў.

Сваякі асуджаных, якія планавалі доўгатэрміновыя спатканні, вымушаныя спешна адмяняць іх, бо няма ніякай магчымасці дабрацца да калоній.

Спатканні «згараюць» – адміністрацыі калоній не бяруць пад увагу надвор’е і нічога кампенсаваць не збіраюцца.

Нягледзячы на тое, што ў Бабруйску тэхніка працавала круглыя суткі, ачышчаліся толькі дарогі. Снег зграбаўся на ўзбочыны і тратуары. У выніку пешаходам практычна немагчыма дабрацца да прыпынкаў, а аўтобусы ўсё роўна не могуць даехаць да ПК-2.

У Магілёве людзі, якія пабывалі на спатканнях у ПК-15, не могуць выехаць да горада. Таксісты адмаўляюцца браць заказы з тэрыторыі калоніі, а калі хтосьці і згаджаецца давезці пасажыра ад ПК-15 да цэнтра, просяць 50 рублёў.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўская калонія пераняла вопыт шклоўскай па нажыве на зняволеных

Новыя негалосныя правілы ўводзяцца ў калоніі №15 у Магілёве – асуджаныя больш не могуць насіць робу, пашытую ў атэлье.

Як піша Mayday, новыя правілы ўводзяцца з новага года, аб чым асуджаныя ўжо папярэджаныя. Узамен адміністрацыя плануе адкрыць на тэрыторыі папраўчай калоніі сваю краму турэмнага адзення. Плаціць за яе трэба будзе сваякам зняволеных шляхам пералічэння сродкаў на рахунак калоніі.

У дадзены момант Магілёўская калонія апранае вязняў у камплект адзення нізкай якасці (сінтэтычныя тканіны становяцца “шклянымі” у халодную пару года і “не дыхаюць” у спякоту). Таму сваякі асуджаных аддаюць перавагу замаўляць камплект робы ў некаторых атэлье, якія спецыялізуюцца на падобнай вопратцы. У саміх атэлье ведаюць правілы для кожнай калоніі і могуць вырабіць вопратку “пад ПК-15”.

Нагадаем, што ў верасні такая ж самая забарона на робу з атэлье была ўведзена ў шклоўскай калоніі №17.

Фотаздымак з адкрытых крыніц