Вязняў бабруйскай калоніі пазбавілі медыцынскіх перадач

Каля двух тыдняў асуджаныя калоніі №2 у Бабруйску не атрымліваюць медыцынскія бандэролі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасылкі з медыцынскімі прэпаратамі для асуджаных нават не забіраюць з пошты. Такім чынам вязні з хранічнымі захворваннямі застаюцца без неабходных лекаў.

Адной з версій прычын такой сітуацыі з’яўляецца адпачынак начальніка медыцынскай часткі калоніі. 

Варта адзначыць, што атрымаць дазвол на медыцынскую бандэроль даволі складана. Яе змесціва трэба загадзя ўзгадніць і падпісаць у начмеда, прадаставіўшы копіі дыягназаў або выпіскі з бальнічных карт. На такі працэс могуць пайсці месяцы, але толькі пасля таго можна пасылаць лекі, якія ў цяперашняй сітуцый невядома калі трапяць да зняволенага пацыента.

Фотаздымак: komkur.info

У магілёўскай калоніі сваякам вязняў ускладнілі аплату за спатканні

Сваякі вязняў магілёўскай калоніі №15 цяпер не могуць аплаціць карыстанне турэмнай гасцініцай наяўнымі грашыма.

Раней сваякі асуджаных маглі аплаціць наяўнымі грашыма праз касу бухгалтэрыі паслугі пакоя для працяглых спатканняў, якія доўжацца ад адных да трох сутак, на тэрыторыі папраўчай установы. Гэта быў звыклы і зразумелы спосаб аплаты.

Аднак з гэтага тыдня такая паслуга больш недаступная. Грошы спачатку неабходна залічыць на асабісты рахунак асуджанага, адкуль і будзе спісвацца патрэбная сума з разліку 11 руб 25 кап (0,25 базавай велічыні) за адны суткі за аднаго чалавека. 

Пры гэтым, за самога асуджанага грошы таксама спаганяюцца. Трое сутак спаткання асуджанага з адным сваяком абыходзяцца ў суму 67 руб. 50 кап. Адміністрацыя калоніі настойліва рэкамендуе залічаць як мага большую колькасць сродкаў на рахункі ўстановы.

Фотаздымак: БелаПАН

Ад бабруйскіх вязняў патрабуюць хутчэй вырабляць прадукцыю

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод просіць адміністрацыю калоніі №2 у Бабруйску нарасціць тэмпы вытворчасці.

Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BELPOL атрымала інфармацыю пра тое, што Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, які уваходзіць ў «БелАЗ-Холдынг», просіць ад калоніі №2 у Бабруйску тэрмінова нарасціць вытворчасць і закрыць адставанне па пастаўках дэталяў. Гаворка ідзе пра дзясяткі адзінак прадукцыі – з канкрэтнымі тэрмінамі і прамым указаннем «павялічыць тэмпы». Пісьмо з такой просьбай датавана 1 красавіка 2026 года.

Паводе BELPOL, гэта насамрэч не просьба, а патрабаванне, а людзей у калоніях, уключаючы палітвязняў, выкарыстоўваюць як танную і бяспраўную працоўную сілу для выканання планаў прадпрыемства.

Расследвальнікі нагадваюць, што БелАЗ з’яўляецца адным з асноўных «кашалькоў» рэжыму Лукашэнкі, а таксама БелАЗ убудаваны сістэму выканання дзяржаўнага абароннага заказу, займаючыся гальванаапрацоўкай кольцаў для 122 мм рэактыўных снарадаў для РСЗА «Град».

Фотаздымак: komkur.info

Вязням магілёўскіх калоній забаранілі фатахромныя акуляры

Для зняволенных у магілёўскіх папраўчых установах увялі новую забарону: ім больш нельга карыстацца фатахромнымі акулярамі. 

Як стала вядома Mayday ад сваякоў асуджаных, на мінулым тыдні ўсіх вязняў, якія насілі такія акуляры, папярэдзілі аб неабходнасці замяніць іх на іншыя. Ад родных патрабуюць звяртацца да афтальмолагаў, каб падабраць новыя сродкі карэкцыі зроку.

Фатахромныя акуляры, вядомыя таксама як «акуляры-хамелеоны», аўтаматычна змяняюць ступень зацямнення ў залежнасці ад асвятлення. На вуліцы яны цямнеюць, а ў памяшканні становяцца празрыстымі. Гэта дазваляе людзям з парушэннямі зроку не насіць з сабой дзве пары акуляраў асобна для вуліцы і для памяшкання.

Такія акуляры шырока выкарыстоўваюцца людзьмі з блізарукасцю, дальназоркасцю і астыгматызмам, бо спалучаюць у сабе функцыі звычайных і сонцаахоўных лінзаў. Аднак цяпер у папраўчых установах ад гэтай практычнай альтэрнатывы давядзецца адмовіцца.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Горацкай калоніі адключылі таксафоны

Разам з пачаткам адключэння таксафонаў у папраўчых калоніях “Белтэлекам” пачаў абнуляць тэлефонныя карты ў вязняў. 

З першых дзён новага 2026 года “Белтэлекам” пачаў адключаць паслугу карыстання таксафонамі і, адпаведна, тэлефоннымі картамі. Так, у Горацкай калоніі №9 і ў Івацэвіцкай калоніі №22 ўжо цалкам адключаны таксафоны. Пра гэта піша Mayday, мяркуючы, што тое ж самае адбылося і ў іншых калоніях Беларусі.

Ад 1 студзеня таксама ў многіх вязняў калоній былі заблакаваны тэлефонныя карты. Прычына тая ж – скасаваная паслуга карыстання гэтымі картамі і таксафонамі для іх. 

Некаторым сваякам вязняў ужо прыйшлі лісты з просьбай зняць рэшту грашовых сродкаў з заблакаваных карт (грошы прапануецца перавесці ў кошт аплаты, напрыклад, хатняга тэлефона).

У якасці часовай меры адміністрацыя папраўчых калоній замест тэлефонных званкоў з таксафона прапануе асуджаным больш кароткі відэазванок. Аднак кампутарнай тэхнікі не хапае, таму і колькасць такіх званкоў будзе зменшана.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Жыццё вязняў калоніі №15 пагоршылася з прыходам новага начальніка

З прыходам на пасаду начальніка магілёўскай калоніі №15 Івана Ігнаценкі родзічы вязняў больш не могуць выбраць для их тавар у інтэрнэт-магазіне ўстановы.

Як піша Mayday, цяпер у інтэрнэт-магазіне калоніі №15 родзічы вязняў могуць толькі купіць сертыфікат, вартасцю ад 50 да 1500 рублёў, абсалютна не ведаючы, якія прадукты збяруць на яго супрацоўнікі калоніі. Цяпер спіс тавараў больш не публікуецца ў інтэрнэт-магазіне.

Акрамя таго, адміністрацыя калоніі паведаміла, што пры адсутнасці грошай на асабовым рахунку доўгія спатканні могуць быць адменены. Такое патрабаванне ўзнікла з-за таго, што адміністрацыя патрабуе перадаплату за спатканні. Пры гэтым у іншых калоніях заплаціць па-ранейшым можна ў момант засялення ці пасля яго ў бухгалтэрыі пенітэнцыярнай установы.

Як раней паведамлялася, у калоніі №15 у ліпені забаранілі перадаваць сумкі-шопперы, парфюміраваныя крэмы і кепкі устаноўленага ўзору, набытыя па-за калоніі.

У канцы чэрвеня стала вядома, што ў калоніі памяняўся начальнік. У сувязі з дасягненнем 50-гадовага ўзросту Аляксей Лазарэнка пакінуў пасаду. Замест яго быў прызначаны Іван Ігнаценка, які займаў у гэтай жа калоніі пасаду намесніка начальніка па рэжыме і аператыўнай працы. З яго прыходам асуджаным цалкам забаранілі перасылаць кнігі, спасылаючыся на тое, што ў калоніі і так добрая бібліятэка.

Фотаздымак https://rup15mag.by/