Апошні таксафон дэмантавалі ў Магілёве

У Магілёве больш няма тэлефонаў-аўтаматаў – знялі апошні, які стаяў каля білетных кас на Прывакзальнай плошчы.

Па даных назіральнікаў, яшчэ 28 сакавіка таксафон стаяў на сваім месцы, але на сёння яго ўжо там няма. Праўда, гуку ў трубцы і тады ўжо не было. На тратуарнай плітцы застаўся толькі след ад слупа, на якім трымаўся уласна апарат і навес над ім. 

Пра тое, што таксафоны знікнуць з вуліц беларускіх гарадоў, “Белтэлекам” паведаміў яшчэ ў снежні 2025 года. Цяпер у Магілёве іх не стала канчаткова. Прычына – паўсюдная мабільная сувязь.

Фотаздымак: ТГ “МагілёўАнлайн”

У Горацкай калоніі адключылі таксафоны

Разам з пачаткам адключэння таксафонаў у папраўчых калоніях “Белтэлекам” пачаў абнуляць тэлефонныя карты ў вязняў. 

З першых дзён новага 2026 года “Белтэлекам” пачаў адключаць паслугу карыстання таксафонамі і, адпаведна, тэлефоннымі картамі. Так, у Горацкай калоніі №9 і ў Івацэвіцкай калоніі №22 ўжо цалкам адключаны таксафоны. Пра гэта піша Mayday, мяркуючы, што тое ж самае адбылося і ў іншых калоніях Беларусі.

Ад 1 студзеня таксама ў многіх вязняў калоній былі заблакаваны тэлефонныя карты. Прычына тая ж – скасаваная паслуга карыстання гэтымі картамі і таксафонамі для іх. 

Некаторым сваякам вязняў ужо прыйшлі лісты з просьбай зняць рэшту грашовых сродкаў з заблакаваных карт (грошы прапануецца перавесці ў кошт аплаты, напрыклад, хатняга тэлефона).

У якасці часовай меры адміністрацыя папраўчых калоній замест тэлефонных званкоў з таксафона прапануе асуджаным больш кароткі відэазванок. Аднак кампутарнай тэхнікі не хапае, таму і колькасць такіх званкоў будзе зменшана.

Фотаздымак з адкрытых крыніц