Бабруйскую моладзь прымалі ў БРСМ у памяць памерлых ад СНІДу

У Бабруйскім механіка-тэхналагічным каледжы прыём навучэнцаў у БРСМ прымяркавалі да Дня памяці людзей, памерлых ад СНІДу.

Незвычайная па сваім змесце падзея адбылася 13 траўня 2026 года ў актавай зале каледжа. Навучэнцаў сабралі на т.зв. інфармацыйна-пазнавальную размову “Выбірай разумнае жыццё”. Аднак пачалося ўсё з тэмы далёкай ад прафілактыкі СНІДу і памяці аб памерлых. Прысутных навучэнцаў пачалі прымаць у шэрагі БРСМ. 

Членскія білеты выдаваліся пад вітальныя авацыі, якіх патрабавала першы сакратар Першамайскага райкама БРСМ Алена Еўладава. Вядоўца выклікаў на сцэну па чарзе каля дзясятка будучых актывістаў, якім функцыянер праўладнай арганізацыі абяцала вялікую будучыню.

Толькі пасля гэтага да прысутных звярнуўся псіхіятр-нарколаг Бабруйскага наркалагічнага дыспансера Юрый Куземка. Тут варта адзначыць, што Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу прыпадае штогод на трэцюю нядзелю траўня (у 2026 годзе – 17 траўня). 

У выніку атрымалася даволі незвычайнае спалучэнне тэм – прыём у БРСМ і памяць людзей, памерлых ад СНІДу. Магчыма, арганізатары сходу бачаць у гэтых тэмах нейкую сувязь.

Фотаздымак: Bobrlife

Магілёўшчына пад прыцэлам: ад клуба «Патрыёт» у Горках да ДТСААФ у кожным раёне

У Горках студэнтак БДСГА вучаць страляць і называюць гэта «трактарным біятлонам», а Лукашэнка ў той жа дзень называе ДТСААФ, якое працуе ў кожным раёне Магілёўшчыны, «ваеннай партыяй».

У галоўнай газеце адміністрацыі Лукашэнкі – «Беларусь Сегодня», выйшаў тэкст, галоўная гераіня якога – студэнтка з Горкаў. Саму дзяўчыну вінаваціць няма ў чым, яна вучыцца ў БДСГА, стараецца, мае сярэдні бал дзевяць, расце ў шматдзетнай сям’і, хоча стаць інжынерам на вёсцы. Гаворка не пра яе. Гаворка пра тое, як «СБ» праз яе партрэт малюе ўзор правільнага беларускага студэнта – і што менавіта ў гэты ўзор сёння ўкладае.

Узорны студэнт: што ў яго ўшыта

У апісанні студэнткі нашай БДСГА ў Горках, акрамя вучобы, пералічана:

клуб «Патрыёт» – дзе яна займаецца стральбой;

акадэмічны трактарны біятлон – дзе яна перамагла ў асабістым заліку сярод дзяўчат;

патрыятычныя, дабрачынныя акцыі ВНУ;

студэнцкія атрады;

БРСМ – у які, паводле слоў акадэмічнага сакратара, уваходзіць каля 80 працэнтаў студэнтаў.

Што такое «трактарны біятлон»? Звычайны – лыжы плюс стральба з вінтоўкі. Трактарны біятлон у сельгасакадэміі – гэта трактар плюс, відавочна, таксама стральба. Студэнтка, якая прыехала вучыцца кіраваць камбайнам і рамантаваць сеялку, паралельна вучыцца трапляць у мішэнь. І гэта падаецца як норма і нават узор для пераймання.

Пытанне. Калі ты рыхтуеш інжынера для калгаса, навошта яму страляць? Калі ты хочаш, каб моладзь захаплялася спортам, чым звычайны біятлон горшы? Чаму менавіта ў сельскагаспадарчай акадэміі з’яўляецца дысцыпліна, дзе студэнткі спаборнічаюць у стральбе побач з трактарам?

Балы за лаяльнасць: сістэма вярнулася

Тут трэба сказаць галоўнае, пра што «СБ» не піша, але што стаіць за карцінкай.

У беларускія ВНУ вярнулася савецкая сістэма налічэння балаў за грамадскую актыўнасць. Ты можаш быць троечнікам – але калі ты актывіст БРСМ, патрыёт, член клуба і ўдзельнік акцый, ты ідзеш у рэйтынгах вышэй за выдатніка, які сядзіць над падручнікамі і нікуды не ўступае. Можа адсюль і ўсе праблемы ў сектары АПК? Лукашэнка, як вядома, сам не вызначаўся поспехамі ў вучобе, але быў вельмі актыўным.

Можа таму ў БРСМ акадэміі «складаюць каля 80 працэнтаў студэнтаў»? Не таму што моладзь масава рвецца ў рады. А таму што інакш ты ў сістэме становішся нязручным, і сістэма нагадвае пра гэта рознымі тонкімі спосабамі.

«Ваенная партыя» адкрытым тэкстам

І вось адкуль растуць ногі. Ваенізаваная студэнтка – не выпадковасць. 22 красавіка 2026 года Лукашэнка наведаў Мінскі аэраклуб ДТСААФ. Старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ Андрэй Някрашэвіч даклаў, што школы і класы арганізацыі размяшчаюцца па ўсёй краіне, у кожным раёне. Рэакцыя Лукашэнкі даслоўна:

«Ваенная партыя».

Гэта не агаворка і не жарт журналістаў. Арганізацыя, якую яе куратар называе «ваеннай партыяй», адначасова займаецца турызмам, дзіцячымі пляцоўкамі, грамадзянскімі пілотамі і вольным часам для моладзі. І ўсё гэта – у кожным раёне краіны.

Як адно чапляецца за другое

Такім чынам, у сельгасакадэміі – клуб «Патрыёт» з урокамі стральбы і «трактарны біятлон». У Мінску – «ваенная партыя» ДТСААФ з цірамі, замаскіраванымі пад «спартыўна-патрыятычныя цэнтры». У кожным раёне вобласці – свая школа гэтай жа арганізацыі. У рэйтынгах ВНУ – балы за грамадскую актыўнасць, якія дабіраюць троечнікі.

У БРСМ – 80 працэнтаў студэнтаў акадэміі. У галоўнай лукашэнкаўскай газеце – бадзёрыя матэрыялы пра правільных студэнтак, якія «паспяваюць усюды», уключаючы стральбу.

Мяжа, якая аддзяляе нармальную любоў да роднай зямлі, да мовы, да суседзяў і да свайго горада ад ваенізаванай падрыхтоўкі моладзі, у гэтай ланцужку проста знікае. Яе метадычна сціраюць:

  • у школе – праз лінейкі з партрэтамі загінулых і стралковыя гурткі;
  • у ссузе – праз ціры і «Зарніцу»;
  • у ВНУ – праз клубы «Патрыёт» з вінтоўкамі, трактарны біятлон і балы за БРСМ;
  • у ДТСААФ – ужо прамым тэкстам, праз самавызначэнне «ваенная партыя».

Калі стары, выхаваны на ваяўнічых наратывах СССР, услых называе «ваеннай партыяй» арганізацыю, якая ёсць у кожным раёне, калі яго галоўная газета ставіць у ўзор студэнтку з трактарным біятлонам, і калі паралельна ў ВНУ вяртаюць балы за грамадскую працу – гэта не тры выпадковыя эпізоды.

Гэта сістэмная праца па ператварэнні ўсёй моладзевай інфраструктуры краіны ў адну вялікую дапрызыўную падрыхтоўку.

Фота “Беларусь Сегодня”.

Магілёўскія функцыянеры Глаз і Бойка здзейснілі штогадовае пацісканне рук

У Магілёве ў чарговы раз сустрэліся старыя і новыя камсамольцы. Яны і падпісалі чарговы план сумесных дзеянняў.

Абласное аб’яднанне прафсаюзаў, арганізацыя ветэранаў і БРСМ падпісалі план сумесных мерапрыемстваў на 2026 год.

«Падзея» гэта чыста ўмоўная: цырымонія праводзіцца штогод і бакі паспелі так добра вывучыць адзін аднаго, што падпісваюць дакумент не гледзячы. Тым не менш, план урачыста замацаваў тое, што і без яго было відавочна: людзі, якія выраслі ў адной сістэме каардынат, працягваюць працаваць у ёй жа.

Анатоль Глаз, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў, вядомы сваёй шчырай любоўю да працы на беларускай зямлі. Хоць гэтая зямля для яго ўсё жыццё была дзесьці там, за акном райкама, абкама і наступнага абкама.

Алег Бойка, першы сакратар абласнога камітэта БРСМ – дакладная копія, малады дубль Анатоля Глаза.

Чалавек, які нібыта матэрыялізаваўся адразу ў байцоўцы і з тэчкай пад пахай. Адкуль ён узяўся – гісторыя маўчыць, затое куды рухаецца – абсалютна зразумела. Нідзе, акрамя структур з прыстаўкай «кам», заўважаны не быў.

У падпісаным плане ёсць усё неабходнае:

  • патрыятычныя акцыі;
  • велапрабегі;
  • ушанаванне працоўных дынастый;
  • і чамусьці «кветнікі каля жылых дамоў».

Першы сакратар Бойка запэўніў, што пагадненне «арыентавана на канкрэтныя вынікі». Якія менавіта – не ведае ніхто, уключаючы яго самога.

Фота “Могилевские ведомости”.

Геаграфія паказухі – Алег Бойка сноўдае па Магілёўшчыне

Наш жэўжык усюды паспеў – галоўны камсамолец вобласці пачысціў снег у абласным цэнтры, усклаў гірлянды ў Горках, а цяпер прыехаў у Быхаў і Слаўгарад.

Цуды на Раство падарылі дзецям актывісты БРСМ. Першы сакратар абкама БРСМ Алег Бойка ўручыў канцылярскія прыналежнасці, якія сабралі члены БРСМ, быхаўскім і слаўгарадскім дзецям.

Правадыр павятовай камсамоліі Бойка вызначаецца дзіўнай мабільнасцю. Днямі ён пачысціў ад снегу двор у Магілёве, потым пераканаў горацкую моладзь у тым, што яна знойдзе сваё шчасце ў калгасах, а цяпер у межах акцыі «Цуды на Раство» робіць святочны чос па раённых цэнтрах.

Галоўнае ж дзіва ў тым, што Бойка ў жыцці нічым карысным, акрамя камсамольскага актывізму, не займаўся.

А калі падлічыць колькасць гультаёў на заробку, кшталту Алега Васільевіча, якіх распладзіў Лукашэнка, становіцца зразумела, чаму ўсе бюджэты ў Беларусі трашчаць па швах.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Цыклон «Улі» дайшоў да Асіповічаў і закрануў БРСМ

Першы сакратар камсамольскай ячэйкі Асіповічаў прызнала, што цыклон нагнаў нават іх і абвясціла эстафету дабра.

У Асіповічах да насельніцтва звярнуўся старшыня райвыканкама Геворг Мелканян, які распавёў пра тое, як раён змагаецца з цыклонам «Улі» і чаго варта ад яго чакаць. Аднак лепш за ўсё выступленне ўдалося першаму сакратару мясцовага БРСМ Яўгеніі Ільевай

Дзяўчына абвясціла, што асіповіцкія камсамольцы гатовыя дапамагчы ўсім ахвотным, пры гэтым вельмі дакладна сфармуляваўшы тое, што ўсё ж адбылося. 

На думку спадкаемніцы Цыцэрона, цыклон іх усё ж-такі «настиг». 

Прасцей кажучы, выкруціцца гэтым разам не ўдалося – «Улі» асаблівай выбіральнасцю не адрозніваецца і шпурляецца снегам як у беспартыйных, так і ў тых, хто вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Фота газеты «Асіповіцкі край».

Сяло як кропка росту – Горкі прымалі Магілёў і прайгралі

У Горках чыноўнік Мікалай Арлёнак і псеўдачыноўнік Алег Бойка па чарзе пераконвалі моладзь у прэстыжнасці працы ў калгасе. Але нават валейбольны матч паказаў прэстыжнасць працы ў аблвыканкаме.

У Горацкім раёне прайшоў абласны форум сельскай працуючай моладзі «Сяло – тэрыторыя развіцця». У ім узялі ўдзел 40 маладых спецыялістаў з сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці.

У тым, што за вёскай будучыня, моладзь пераконвалі старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай Арлёнак і першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Алег Бойка.

І калі аргументы Арлёнка, які ў нядаўнім мінулым кіраваў адным з нешматлікіх прыстойных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, маглі гучаць пераканаўча, то да шапказакідальных лозунгаў штатнага ўскладальніка гірлянд Бойкі наўрад ці хто прыслухаўся.

Як і да выступу намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Савіцкага, які хоць і аддаў дваццаць гадоў жыцця сельскай гаспадарцы вобласці, але зрушыць яе з мёртвай кропкі фактычна так і не здолеў.

Маладым спецыялістам арганізавалі экскурсію па горацкіх прадпрыемствах, правялі дэгустацыю прадукцыі.

Напрыканцы форуму адбыўся таварыскі матч па валейболе паміж камандамі «Горцы» і «Магілёў» – «Мяч дружбы». Спартыўнае спаборніцтва прадказальна выйгралі магілёўцы.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Галоўны магілёўскі «цімуравец» Бойка сфатаграфаваўся з лапатай

У Магілёве аказаліся забытымі прынцыпы «цімураўцаў» Гайдара: замест інкогніта – максімальная публічнасць.

У дабрачыннай акцыі «Эстафета дабра» асабіста прыняў удзел першы сакратар магілёўскага абкама БРСМ Алег Бойка. 

Ён чысціў ад снегу прысядзібны ўчастак жыхаркі аграгарадка Межысеткі з такім імпэтам, што толькі цудам не засыпаў снегам фатографа, які ўвекавечыў дабрыню і міласэрнасць галоўнага «цімураўца» Магілёўшчыны.

У адрозненне ад Цімура, які трымаў добрыя справы ў тайне, і Паўкі Карчагіна, што атрымаў у ўзнагароду ад уладаў толькі скураную тужурку, Бойка старанна фіксуе любое праяўленне сваёй дабрыні і клапоціцца пра бонусы.

Пра ўзрост Алега Бойкі афіцыйныя крыніцы маўчаць, але, хутчэй за ўсё, камсамольскія справы яму неўзабаве давядзецца пакінуць і супакоіцца на пасадзе чыноўніка ці функцыянера «Белай Русі».

А для замацавання на гэтых пазіцыях палымянаму патрыёту спатрэбіцца максімальна поўная справаздача па колькасці праяўленай міласэрнасці.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

У Клімавічах зазываюць у БРСМ, выйсця з якога няма

Можна зарэгістраваць асабісты кабінет – так у Клімавічах патлумачылі перавагі ўдзелу ў БРСМ. 

У клімавіцкім аграрным каледжы 23 першакурснікі атрымалі новенькія смарт-білеты ад першага сакратара райкама БРСМ Наталлі Судзілоўскай.

Судзілоўская расказала пра «бліскучыя перспектывы», якія дасць пластыкавая картка:

  • рэгістрацыя асабістага кабінета з магчымасцю рэдагавання даных, дадання фота і дакументаў;
  • сістэма балаў за ўдзел у мерапрыемствах;
  • апавяшчэнні пра апошнія навіны і карысную інфармацыю;
  • рэгістрацыя на мерапрыемствы праз дадатак у смартфоне;
  • інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі;
  • рэйтынг актыўнасці карыстальніка.

Навошта ўся гэтая мітусня, сакратар не патлумачыла. Бо і тлумачыць асабліва няма чаго – апісаныя функцыі даступныя кожнаму непартыйнаму карыстальніку любой сацсеткі.

Затое партал CityDog правёў апытанне сярод чальцоў БРСМ і высветліў, што білет арганізацыі не дае зусім нічога – ні розуму, ні сэрцу.

І галоўнае – у секту БРСМ прасцей уступіць, чым выйсці з яе:

  • заявы на выхад з арганізацыі не прымаюцца;
  • неаплата членскіх узносаў не дапамагае;
  • нават з’ехаўшы з Беларусі, усё адно лічышся чальцом БРСМ.

Чым не сапраўдная злачынная групоўка – пакінуць яе можна толькі паводле рашэння «талкавішча».

Дарэчы, для Беларусі тут няма нічога новага – большасць дзяржаўных структур працуе не паводле закона, а паводле крымінальных паняццяў.

Фота раённай газеты.

Галоўны рэдактар слаўгарадскай газеты паказала школьнікам найкарацейшы шлях да ШІ

Галоўрэд слаўгарадскай раёнкі Вікторыя Гарадзецкая, якая пастаянна пазычае ідэі ў нейрасеткі, вучыла дзяцей мысліць самастойна. 

Пра Вікторыю Гарадзецкую, што ўзначаліла газету «Прысожскі край» пасля дзясяткаў гадоў напружанай працы першым сакратаром слаўгарадскай ячэйкі БРСМ, мы распавядалі не раз. Актывістка вядомая тым, што любіць спяваць і ствараць тэксты для газеты, якія на 90 працэнтаў напісаныя чатам GPT. Пасля таго, як mogilev.media некалькі разоў злавілі Гарадэцкую за гэтым заняткам, галоўрэд зайшла з козыраў і закрыла доступ да капіравання старонак ведамаснага сайта газеты «Прысожскі край». Гэты чыста дзіцячы і зусім бескарысны з пункту гледжання карыстальнікаў учынак сведчыць не толькі пра ўзровень ведаў Вікторыі Гарадэцкай у справах камп’ютарных, але і пра тое, што праўладныя СМІ Магілёўшчыны баяцца пільнай увагі незалежнай прэсы да сваіх «цяп-ляп» артыкулаў.

А верная сяброўка штучнага інтэлекта тым часам адправілася да школьнікаў 9 «Б» класа СШ №2 на «інтэрактыўную перазагрузку». Толькі ў адным Гарадзецкая аказалася правай, калі вешала падлеткам лапшу на вушы – “цифровой след, как и печатное слово, остается навсегда”. Што, уласна кажучы, для галоўнай акулы слаўгарадскай журналістыкі, факт вельмі сумны.

Вынік сустрэчы яшчэ раз паказаў, што суровую школу БРСМ Гарадзецкая прайшла не дарма: “ученики 9 «Б» на общем собрании постановили: их класс должен быть обязательно подписан на «РАЙОНКУ»”.

Вынікі свайго дыялогу з навучэнцамі Вікторыя Гарадэцкая неадкладна адлюстравала ў чарговым артыкуле, выдаўшы новы перл, відавочна, абышоўшыся без GPT – “перо журналиста дополняется искренним интересом нового поколения”. Вось такое друкаванае слова, пра якое так і падмывае сказаць некалькімі непрыдатнымі да друку словамі.

Фота раённай газеты «Прысожскі край».

У Слаўгарадзе правялі сустрэчу з пажылымі камсамолкамі

Слаўгарадскія камсамолкі часоў СССР спрабавалі распаліць агеньчык у сэрцах моладзі. Падаецца, не атрымалася.

У Слаўгарадскім цэнтры дзіцячай творчасці правялі сустрэчу, прысвечаную 107-й гадавіне камсамола. Дата не круглая, таму і сустрэча прайшла вяла і без агеньчыка.

Школьнікам паказвалі чорна-белыя савецкія фатаграфіі, спрабуючы зацікавіць іх адчайным выглядам камсамольцаў-добраахвотнікаў, дзеля большага пераканання дэманстравалі старую байцоўку студатрада і нават спявалі камсамольскія песні.

Аднак, наладзіць масты паміж мінулым і будучыняй, мяркуючы па тварах падлеткаў на фота з месца падзей, не ўдалося.

Удзелам у капанні мёрзлай зямлі для вузкакалейкі і датычнасцю да пераносу цэглы на будоўлях, хай сабе і тры разы вялікіх, моладзь ужо не зацікавіш.

Ды і пераконваць юных беларусаў у тым, што БРСМ дасць ім пуцёўку ў жыццё, бессэнсоўна.

Школьнікі занадта прасунутыя і цудоўна разумеюць, што пуцёўку ў жыццё можа даць толькі прэстыжная адукацыя, веданне замежных моў і, па магчымасці, пераезд у краіну, дзе ўсё гэта сапраўды мае вагу.

Фота газеты “Прысожскі край”.