Геаграфія паказухі – Алег Бойка сноўдае па Магілёўшчыне

Наш жэўжык усюды паспеў – галоўны камсамолец вобласці пачысціў снег у абласным цэнтры, усклаў гірлянды ў Горках, а цяпер прыехаў у Быхаў і Слаўгарад.

Цуды на Раство падарылі дзецям актывісты БРСМ. Першы сакратар абкама БРСМ Алег Бойка ўручыў канцылярскія прыналежнасці, якія сабралі члены БРСМ, быхаўскім і слаўгарадскім дзецям.

Правадыр павятовай камсамоліі Бойка вызначаецца дзіўнай мабільнасцю. Днямі ён пачысціў ад снегу двор у Магілёве, потым пераканаў горацкую моладзь у тым, што яна знойдзе сваё шчасце ў калгасах, а цяпер у межах акцыі «Цуды на Раство» робіць святочны чос па раённых цэнтрах.

Галоўнае ж дзіва ў тым, што Бойка ў жыцці нічым карысным, акрамя камсамольскага актывізму, не займаўся.

А калі падлічыць колькасць гультаёў на заробку, кшталту Алега Васільевіча, якіх распладзіў Лукашэнка, становіцца зразумела, чаму ўсе бюджэты ў Беларусі трашчаць па швах.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Галоўны магілёўскі «цімуравец» Бойка сфатаграфаваўся з лапатай

У Магілёве аказаліся забытымі прынцыпы «цімураўцаў» Гайдара: замест інкогніта – максімальная публічнасць.

У дабрачыннай акцыі «Эстафета дабра» асабіста прыняў удзел першы сакратар магілёўскага абкама БРСМ Алег Бойка. 

Ён чысціў ад снегу прысядзібны ўчастак жыхаркі аграгарадка Межысеткі з такім імпэтам, што толькі цудам не засыпаў снегам фатографа, які ўвекавечыў дабрыню і міласэрнасць галоўнага «цімураўца» Магілёўшчыны.

У адрозненне ад Цімура, які трымаў добрыя справы ў тайне, і Паўкі Карчагіна, што атрымаў у ўзнагароду ад уладаў толькі скураную тужурку, Бойка старанна фіксуе любое праяўленне сваёй дабрыні і клапоціцца пра бонусы.

Пра ўзрост Алега Бойкі афіцыйныя крыніцы маўчаць, але, хутчэй за ўсё, камсамольскія справы яму неўзабаве давядзецца пакінуць і супакоіцца на пасадзе чыноўніка ці функцыянера «Белай Русі».

А для замацавання на гэтых пазіцыях палымянаму патрыёту спатрэбіцца максімальна поўная справаздача па колькасці праяўленай міласэрнасці.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».