Магілёвец: на “Зорным выпускным” не было бачна шчаслівых твараў

Перакрытая Першамайская, выпускнікі ў “клетках-аўтобусах” і ніводнага шчаслівага твару. Такім запомніўся “Зорны выпускны” 2026 года магілёўцу Сяргею Стэльмаху.

Сваімі ўражаннямі, значна адрознымі ад афіцыйных расповядаў, спадар Стэльмах, які называе сябе былым афіцэрам міліцыі і педагогам з са стажам, падзяліўся ў тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў”.

Агульнагарадское мерапрыемства адбылося ў пятніцу 12 чэрвеня. Свой допіс магілёвец пакінуў на наступны дзень. 

“Учора ў 17 гадзін ішоў ад пл.Леніна на пл. Арджанікідзэ. Здавалася б, свята, выпускны ў школьнікаў. А вось адчуванне было непрыемнага фарсу. Першае, што рэзанула вочы, вуліца Першамайская была перакрытая так, быццам чакалі танкі. Толькі што бетонныя блокі не паставілі. 

Але калі ўбачыў чараду аўтобусаў пад нумарамі, якая расцягнулася ад Галоўпаштамта да пл.Арджанікідзэ – проста ашалеў.  Аўтобусы, набітыя прыгожа апранутымі  школьнікамі, выклікалі асацыяцыю з “аўтазакамі” для перавозкі зэкаў. Ледзь не ў кожнага стаіць афіцэр міліцыі. Дзяцей, натуральна, не выпускаюць. Дзеці – хто сядзіць, хто стаіць, бо месцаў не хапае. Чакаюць чэргі, калі дарослыя дзядзькі і цёткі іх паклічуць на сцэну. І сядзелі яны ў гэтых аўтобусах не па гадзіне, а значна, значна больш! А на сцэне ў “Атрыума” аб’яўлялі выступаючых з розных устаноў”, – піша магілёвец.

“І вось ішоў я з пачуццём смутку ад такой паказухі, бо не бачыў ніводнага шчаслівага твару сярод тых жа дзяцей, дырэктараў іх школ, якія стаяць у кожнага свайго аўтобуса, у якіх на тварах было напісана, маўляў, хутчэй бы гэта ўсё скончылася, і галоўнае – шчасна. Каб свядомасць ніхто не страціў са школьнікаў, і да т. п. Так, на сцэне ўсё гучала ўрачыста, праўда, ужо каля бібліятэкі імя К. Маркса слоў было не разабраць, толькі вау-вау-вау. Ды справа не ў словах. Рэальна, каму патрэбна такая дурнейшая паказуха???!!!” – задаецца пытаннем Сяргей Стэльмах.

Магілёвец здзіўляецца, чаму для такога вялікага па масавасці мерапрыемства нельга было выкарыстаць стадыён “Спартак”. “Навошта ўзводзіць гэтыя канцэртныя пляцоўкі, якія стояць шалёных грошай?! Гэта такая ж дурата, як выпускныя ў дзіцячых садках, па кошце як вяселле! Гэта для дзяцей?! Не, дарагія таварышы, гэта дарослыя цацкі для ўладутрымаючых, якія потым адрапартуюць чарговы “адабрам”. А чаго не рапартаваць, бо грошы ж не са сваёй кішэні – грошыкі ж з нашых з вамі кішэнькаў, падаткаплацельшчыкаў!” – слушна разважае магілёвец.

Ён узгадвае і пра значна змененыя маршруты гарадскога грамадскага транспарту, з-за чаго людзі былі вымушаны чакаць свой аўтобус ці тралейбус па 1,5 – 2 гадзіны. “Пра тое, якія “кругалі” даваў грамадскі транспарт, якое цярпенне павінна было быць у кіроўцаў аўтобусаў, якія былі коркі і як яны крылі (моўчкі, натуральна) матам, гэтых арганізатараў “свята”, а таксама абурэнне людзей, якія на 1,5 – 2 гадзіны і больш дабіраліся дадому пасля працоўнага тыдня – пра гэта, вядома, ніхто не напіша афіцыйна. Бо святу быць (вырашылі гарадскія ўлады)!” – канстатуе спадар Стэльмах.

Магілёвец мяркуе, што дзеці, сапраўды, надоўга запомняць, як былі зачыненыя ў “клетках – аўтобусах”. “Хоць вонкава – усё прыстойна: прыбраная форма, урачыстыя стужкі, аўтобусы – тралейбусы – усё беленькія, вымытыя, лепата! Я рады, калі ладзяцца гулянні, калі танцы пад духавы аркестр. Але вось учарашні выпускны для школьнікаў – прабачце за рэзкасць, як баль падчас чумы. Магчыма, я згушчаю фарбы, 

але ўжо вельмі, вееельмі цяжкае ўражанне засталося ад убачанай карціны такога мерапрыемства… Падкрэсліваю, святы патрэбныя і павінны быць, гэта класна, аднак, як гаварыў усім вядомы таварыш, “мухі асобна, катлеты – асобна”, – нагадвае Сяргей Стэльмах.

Не абыйшоў увагай і запрошаную на канцэрт зорку. Па ўсёй верагоднасці, гаворка ідзе пра спевака Эльдара Джарахава. “А нікому не вядомы “поп-дзіў” спявак – гэта асобная песня! Вось цікава, дзе такіх толькі выкалупваюць, і наогул: каму такое выгадна? Пытанне, вядома, рытарычнае…” – піша магілёвец.

Таксама ў допісе ён выказвае здагадку адносна стадыёна “Спартак”, якая, пэўна, віруе сярод жыхароў горада. “Ці не таму і не задзейнічаецца стадыён “Спартак”, што даўно і ўпарта цыркулююць чуткі (а дыму без агню не бывае), што наш любімы стадыён дзяцінства перанясуць да “чорту на рогі”, кудысьці за горад?! А гістарычнае месца аддадуць на водкуп камерсантам-гандлярам на пабудову чарговага, нікому не патрэбнага гандлёвага цэнтра. І калі гэтыя гандлёвыя цэнтры так неабходныя, то чаго яны праз пару месяцаў становяцца паўпустымі і мільгаюць абвесткамі “здаецца” і “арэнда”?! Горад да гэтага часу ў парадак (за год!) не могуць прывесці пасля ўрагану, а на паказушнасць грошы заўсёды знойдуцца”, – канстатуе Сяргей Стэльмах.

Дзеля справядлівасці варта прызнаць, што, гледзячы на фота і відэа з “Зорнага выпускнога” можна ўбачыць шмат твараў выпускнікоў, якія смяюцца, ухмыляюцца, разам спяваюць песні. Аднак расповяд магілёўца і выпускнікі ў паліэтыленавых накідках пад дажджом прымушаюць пагадзіцца, што гарадскія ўлады праводзілі свята выключна для сваёй справаздачы і паказухі, а ўзгаданыя ўсмешкі і смех дзяцей былі толькі эмацыянальнай разрадкай ад створанага дарослымі напружання.

Скрыншот: Фэйсбук Могилев Live

Геаграфія паказухі – Алег Бойка сноўдае па Магілёўшчыне

Наш жэўжык усюды паспеў – галоўны камсамолец вобласці пачысціў снег у абласным цэнтры, усклаў гірлянды ў Горках, а цяпер прыехаў у Быхаў і Слаўгарад.

Цуды на Раство падарылі дзецям актывісты БРСМ. Першы сакратар абкама БРСМ Алег Бойка ўручыў канцылярскія прыналежнасці, якія сабралі члены БРСМ, быхаўскім і слаўгарадскім дзецям.

Правадыр павятовай камсамоліі Бойка вызначаецца дзіўнай мабільнасцю. Днямі ён пачысціў ад снегу двор у Магілёве, потым пераканаў горацкую моладзь у тым, што яна знойдзе сваё шчасце ў калгасах, а цяпер у межах акцыі «Цуды на Раство» робіць святочны чос па раённых цэнтрах.

Галоўнае ж дзіва ў тым, што Бойка ў жыцці нічым карысным, акрамя камсамольскага актывізму, не займаўся.

А калі падлічыць колькасць гультаёў на заробку, кшталту Алега Васільевіча, якіх распладзіў Лукашэнка, становіцца зразумела, чаму ўсе бюджэты ў Беларусі трашчаць па швах.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Палітзняволены расказаў пра калгасную паказушнасць з прыкметамі карупцыі ў магілёўскай калоніі

На святкаванне 80-годдзя Перамогі адміністрацыя калоніі №15 у Магілёве загадала зняволеным пабудаваць фанерны танк і самалёт. Пайшлі дажджы і ўсё абвісла – руля ў танка, крыло самалёта, а можа быць і фанабэрыя ў адмінстрацыі вязніцы.

Андрэй Войніч, які адсядзеў пяць гадоў па палітычных артыкулах, у сваім Facebook падзяліўся камічнай гісторыяй з магілёўскай калоніі. “Да святкавання 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне кіраўніцтва ПК-15 вырашыла зрабіць пару інсталяцый: адзін савецкі самалёт і нейкі савецкі танк таго перыяду. Судзячы па ўсім, гэта былі Як і Т-34, прычым у арыгінальным памеры” – распавёў палітвязень.

Паказуха з фанеры і кардону

“Рабілася ўсё з фанеры, усё гэта фарбавалася: кожная гусенічка, колца, прапелер – усё цалкам. Кардон, фанера – усё размалёўвалася, і выдаткавана на гэта было велізарная колькасць рэсурсаў і часу. І стаяла гэта на стадыёне, проста на пяску, амаль так, як на малюнку. І калі ўсё гэта было зроблена, пайшлі дажджы – усё размокла, выглядала як калгас, асабліва абвіслая руля танка і крыло самалёціка.

І ўсё гэта было зроблена ўсяго толькі, як я зразумеў, для таго, каб прыехала нейкая камісія ці госці: паглядзелі на гэта, парадаваліся псеўдаэстэтыцы і з’ехалі. Што можна сказаць на гэты конт? У дадзеным выпадку, як мне здаецца, эстэтыка прыкрываецца звычайнымі пантамі. А дакладней – панты, дастаткова дарагія, але не самыя якасныя, выдаюцца за эстэтыку.

У прынцыпе, на дзвюх мадэлях ваеннай тэхнікі лёгка разгледзець мадэль развіцця і ладу Беларусі.”

“Праз фірму-пракладку і з прэміямі”

У каментарыях да гэтага паста іншыя карыстальнікі соцсеткі падзяліліся сваімі заўвагамі і разважаннямі. Так, карыстальнік з нікам Alexei Kireev узгадаў, што “Там было ж яшчэ шмат чаго. І кулямётны дзот і уселякія дробныя цацкі. А руля ў танка абвісала штотыдзень”. Ён таксама не пагадзіўся, што ўся інсталяцыя атрымалася дарагой – маўляў, грошы былі патрачаны толькі на будаўнічыя матэрыялы, а ўзялі гэтыя грошы ў зняволеных-карупцыянераў. Праца зэкаў, нібыта, пры гэтым была бясплатнай. З ім у сваю чаргу не пагадзілася карыстальніца з нікам Veronika Mishchanka: “Чаму бясплатна? Яны ж справаздачу па працаднях робяць. Там яшчэ сабе і прэміі павыпісвалі, а матэрыялы купілі праз сваю фірму-пракладку і бабкі таксама падзялілі. Мне яшчэ годзе так у 2004 г. расказваў знаёмы, як бізнэс рабіў з магілёўскай і бабруйскай калоніяй. Тамака такія схемы!”

Фота: сімвалічная ілюстрацыя з старонкі Андрэя Войніча на Facebook.

Ва ўсіх гарадах сетка дзяржаўных крамаў “Родны кут”, а ў Крычаве — магазін “Родны хмель”, фотафакт

Дзяржаўная крама ў Крычаве, дзе барыжаць алкаголем, называецца вельмі паказальна — “Родны хмель”. Знаходзіцца яна недалёка ад аўтастанцыі і мясцовага рынку ў раёне так званай “Маскоўскай”, на досыць бойкім месцу. 

На мясцовым узроўні не проста не робяць з тым, каб людзі сталі менш піць, а наадварот каб піткоў пабольшала. Хмель мусіць стаць родным, каб такую “цёплую” назву ўспрынялі крычаўляне і пачалі актыўна набываць розныя алкагольныя напоі, папаўняючы мясцовы бюджэт. 

Але для паказухі варта правесці два-тры дні ў год “дзень цвярозасці”, пагэтаму паведамленне пра гэтыя мерапрыемствы вешаецца на дзверы і пішацца вялікімі літарамі, каб бачылі як мясцовае чынавенства нібыта турбуецца за людзей. 

Але да такога наймення крамы мала дзе дадумаліся, але ў Крычаве яна мала ў каго выклікае дысананс, а тым больш у “клапатлівых” дзяржаўных служачых мясцовага райвыканкама. Атрымліваецца, што родны кут ніяк не можа абыйсціся без роднага хмеля, бо іначай і не пражывеш у цяперашняй суворай беларускай рэчаіснасці.

Фота mogilev.media