Магілёвец: на “Зорным выпускным” не было бачна шчаслівых твараў

Перакрытая Першамайская, выпускнікі ў “клетках-аўтобусах” і ніводнага шчаслівага твару. Такім запомніўся “Зорны выпускны” 2026 года магілёўцу Сяргею Стэльмаху.

Сваімі ўражаннямі, значна адрознымі ад афіцыйных расповядаў, спадар Стэльмах, які называе сябе былым афіцэрам міліцыі і педагогам з са стажам, падзяліўся ў тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў”.

Агульнагарадское мерапрыемства адбылося ў пятніцу 12 чэрвеня. Свой допіс магілёвец пакінуў на наступны дзень. 

“Учора ў 17 гадзін ішоў ад пл.Леніна на пл. Арджанікідзэ. Здавалася б, свята, выпускны ў школьнікаў. А вось адчуванне было непрыемнага фарсу. Першае, што рэзанула вочы, вуліца Першамайская была перакрытая так, быццам чакалі танкі. Толькі што бетонныя блокі не паставілі. 

Але калі ўбачыў чараду аўтобусаў пад нумарамі, якая расцягнулася ад Галоўпаштамта да пл.Арджанікідзэ – проста ашалеў.  Аўтобусы, набітыя прыгожа апранутымі  школьнікамі, выклікалі асацыяцыю з “аўтазакамі” для перавозкі зэкаў. Ледзь не ў кожнага стаіць афіцэр міліцыі. Дзяцей, натуральна, не выпускаюць. Дзеці – хто сядзіць, хто стаіць, бо месцаў не хапае. Чакаюць чэргі, калі дарослыя дзядзькі і цёткі іх паклічуць на сцэну. І сядзелі яны ў гэтых аўтобусах не па гадзіне, а значна, значна больш! А на сцэне ў “Атрыума” аб’яўлялі выступаючых з розных устаноў”, – піша магілёвец.

“І вось ішоў я з пачуццём смутку ад такой паказухі, бо не бачыў ніводнага шчаслівага твару сярод тых жа дзяцей, дырэктараў іх школ, якія стаяць у кожнага свайго аўтобуса, у якіх на тварах было напісана, маўляў, хутчэй бы гэта ўсё скончылася, і галоўнае – шчасна. Каб свядомасць ніхто не страціў са школьнікаў, і да т. п. Так, на сцэне ўсё гучала ўрачыста, праўда, ужо каля бібліятэкі імя К. Маркса слоў было не разабраць, толькі вау-вау-вау. Ды справа не ў словах. Рэальна, каму патрэбна такая дурнейшая паказуха???!!!” – задаецца пытаннем Сяргей Стэльмах.

Магілёвец здзіўляецца, чаму для такога вялікага па масавасці мерапрыемства нельга было выкарыстаць стадыён “Спартак”. “Навошта ўзводзіць гэтыя канцэртныя пляцоўкі, якія стояць шалёных грошай?! Гэта такая ж дурата, як выпускныя ў дзіцячых садках, па кошце як вяселле! Гэта для дзяцей?! Не, дарагія таварышы, гэта дарослыя цацкі для ўладутрымаючых, якія потым адрапартуюць чарговы “адабрам”. А чаго не рапартаваць, бо грошы ж не са сваёй кішэні – грошыкі ж з нашых з вамі кішэнькаў, падаткаплацельшчыкаў!” – слушна разважае магілёвец.

Ён узгадвае і пра значна змененыя маршруты гарадскога грамадскага транспарту, з-за чаго людзі былі вымушаны чакаць свой аўтобус ці тралейбус па 1,5 – 2 гадзіны. “Пра тое, якія “кругалі” даваў грамадскі транспарт, якое цярпенне павінна было быць у кіроўцаў аўтобусаў, якія былі коркі і як яны крылі (моўчкі, натуральна) матам, гэтых арганізатараў “свята”, а таксама абурэнне людзей, якія на 1,5 – 2 гадзіны і больш дабіраліся дадому пасля працоўнага тыдня – пра гэта, вядома, ніхто не напіша афіцыйна. Бо святу быць (вырашылі гарадскія ўлады)!” – канстатуе спадар Стэльмах.

Магілёвец мяркуе, што дзеці, сапраўды, надоўга запомняць, як былі зачыненыя ў “клетках – аўтобусах”. “Хоць вонкава – усё прыстойна: прыбраная форма, урачыстыя стужкі, аўтобусы – тралейбусы – усё беленькія, вымытыя, лепата! Я рады, калі ладзяцца гулянні, калі танцы пад духавы аркестр. Але вось учарашні выпускны для школьнікаў – прабачце за рэзкасць, як баль падчас чумы. Магчыма, я згушчаю фарбы, 

але ўжо вельмі, вееельмі цяжкае ўражанне засталося ад убачанай карціны такога мерапрыемства… Падкрэсліваю, святы патрэбныя і павінны быць, гэта класна, аднак, як гаварыў усім вядомы таварыш, “мухі асобна, катлеты – асобна”, – нагадвае Сяргей Стэльмах.

Не абыйшоў увагай і запрошаную на канцэрт зорку. Па ўсёй верагоднасці, гаворка ідзе пра спевака Эльдара Джарахава. “А нікому не вядомы “поп-дзіў” спявак – гэта асобная песня! Вось цікава, дзе такіх толькі выкалупваюць, і наогул: каму такое выгадна? Пытанне, вядома, рытарычнае…” – піша магілёвец.

Таксама ў допісе ён выказвае здагадку адносна стадыёна “Спартак”, якая, пэўна, віруе сярод жыхароў горада. “Ці не таму і не задзейнічаецца стадыён “Спартак”, што даўно і ўпарта цыркулююць чуткі (а дыму без агню не бывае), што наш любімы стадыён дзяцінства перанясуць да “чорту на рогі”, кудысьці за горад?! А гістарычнае месца аддадуць на водкуп камерсантам-гандлярам на пабудову чарговага, нікому не патрэбнага гандлёвага цэнтра. І калі гэтыя гандлёвыя цэнтры так неабходныя, то чаго яны праз пару месяцаў становяцца паўпустымі і мільгаюць абвесткамі “здаецца” і “арэнда”?! Горад да гэтага часу ў парадак (за год!) не могуць прывесці пасля ўрагану, а на паказушнасць грошы заўсёды знойдуцца”, – канстатуе Сяргей Стэльмах.

Дзеля справядлівасці варта прызнаць, што, гледзячы на фота і відэа з “Зорнага выпускнога” можна ўбачыць шмат твараў выпускнікоў, якія смяюцца, ухмыляюцца, разам спяваюць песні. Аднак расповяд магілёўца і выпускнікі ў паліэтыленавых накідках пад дажджом прымушаюць пагадзіцца, што гарадскія ўлады праводзілі свята выключна для сваёй справаздачы і паказухі, а ўзгаданыя ўсмешкі і смех дзяцей былі толькі эмацыянальнай разрадкай ад створанага дарослымі напружання.

Скрыншот: Фэйсбук Могилев Live