Галоўны магілёўскі «цімуравец» Бойка сфатаграфаваўся з лапатай

У Магілёве аказаліся забытымі прынцыпы «цімураўцаў» Гайдара: замест інкогніта – максімальная публічнасць.

У дабрачыннай акцыі «Эстафета дабра» асабіста прыняў удзел першы сакратар магілёўскага абкама БРСМ Алег Бойка. 

Ён чысціў ад снегу прысядзібны ўчастак жыхаркі аграгарадка Межысеткі з такім імпэтам, што толькі цудам не засыпаў снегам фатографа, які ўвекавечыў дабрыню і міласэрнасць галоўнага «цімураўца» Магілёўшчыны.

У адрозненне ад Цімура, які трымаў добрыя справы ў тайне, і Паўкі Карчагіна, што атрымаў у ўзнагароду ад уладаў толькі скураную тужурку, Бойка старанна фіксуе любое праяўленне сваёй дабрыні і клапоціцца пра бонусы.

Пра ўзрост Алега Бойкі афіцыйныя крыніцы маўчаць, але, хутчэй за ўсё, камсамольскія справы яму неўзабаве давядзецца пакінуць і супакоіцца на пасадзе чыноўніка ці функцыянера «Белай Русі».

А для замацавання на гэтых пазіцыях палымянаму патрыёту спатрэбіцца максімальна поўная справаздача па колькасці праяўленай міласэрнасці.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».