Магілёўскія функцыянеры Глаз і Бойка здзейснілі штогадовае пацісканне рук

У Магілёве ў чарговы раз сустрэліся старыя і новыя камсамольцы. Яны і падпісалі чарговы план сумесных дзеянняў.

Абласное аб’яднанне прафсаюзаў, арганізацыя ветэранаў і БРСМ падпісалі план сумесных мерапрыемстваў на 2026 год.

«Падзея» гэта чыста ўмоўная: цырымонія праводзіцца штогод і бакі паспелі так добра вывучыць адзін аднаго, што падпісваюць дакумент не гледзячы. Тым не менш, план урачыста замацаваў тое, што і без яго было відавочна: людзі, якія выраслі ў адной сістэме каардынат, працягваюць працаваць у ёй жа.

Анатоль Глаз, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў, вядомы сваёй шчырай любоўю да працы на беларускай зямлі. Хоць гэтая зямля для яго ўсё жыццё была дзесьці там, за акном райкама, абкама і наступнага абкама.

Алег Бойка, першы сакратар абласнога камітэта БРСМ – дакладная копія, малады дубль Анатоля Глаза.

Чалавек, які нібыта матэрыялізаваўся адразу ў байцоўцы і з тэчкай пад пахай. Адкуль ён узяўся – гісторыя маўчыць, затое куды рухаецца – абсалютна зразумела. Нідзе, акрамя структур з прыстаўкай «кам», заўважаны не быў.

У падпісаным плане ёсць усё неабходнае:

  • патрыятычныя акцыі;
  • велапрабегі;
  • ушанаванне працоўных дынастый;
  • і чамусьці «кветнікі каля жылых дамоў».

Першы сакратар Бойка запэўніў, што пагадненне «арыентавана на канкрэтныя вынікі». Якія менавіта – не ведае ніхто, уключаючы яго самога.

Фота “Могилевские ведомости”.

У Бялынічах не засталося ўдзельнікаў Другой Сусветнай, іх функцыі перайшлі ветэранам працы

У Бялыніцкім раёне не засталося ні аднаго ўдзельніка Другой Сусветнай вайны.

Пра адсутнасць на Бялыніччынне людзей, якіх можна было б назваць удзельнікам Другой Сусветнай стала вядома на справаздачна-выбарчым сходзе раённай ветэранскай арганізацыі. Праўда, да такіх можна было б аднесці вязняў фашысцкіх канцлагераў, якіх у раёне засталося два чалавекі, але, пэўна, з бюракратычна-юрыдычных падыходаў такое званне на іх не распаўсюджваецца.

Усе астатнія сябры арганізацыі – 2875 чалавек – ветэраны працы. Па сцвярджэнні іх кіраўніка Яўгена Чарнякова, дзейнасць у наступным справаздачным перыядзе не будзе зніжана. Можна дадаць, што і пра вайну будзе каму распавядаць, прычым гэты рассказчык пойдзе амаль за сведку ваенных падзей. 

Так, у лістападзе мінулага года ў Бялыніцкай сярэдняй школе №1 адкрыўся раённы Цэнтр патрыятычнага выхавання. На ўрачыстай цырымоніі ў ліку ганаровых гасцей выступіла “дачка ветэрана Вялікай айчыннай вайны”, піша Mayday. 

Фотаздымак: “Зара над Друццю”

Пад Нарвай знайшлі лыжку салдата з Хоцімска

Пошукавікі знайшлі ў Эстоніі лыжку, якая належала сяржанту савецкай арміі, ураджэнцу Хоцімска.

Чыноўнікі хоцімскага райвыканкама і старшыня ветэранскай арганізацыі наведалі мясцовага жыхара Мікалая Скачкова, каб уручыць яму кранальны падарунак — алюмініевую лыжку. Яна належала бацьку Мікалая Скачкова — сяржанту Мікалаю Андрыянавічу Скачкову. На ёй выдрапана прозвішча салдата. 

Гэтая каштоўная рэліквія была знойдзена пошукавым атрадам “Front Line” каля Нарвы ў Эстоніі, дзе ваяваў сяржант.

Мікалаю Андрыянавічу пашчасціла вярнуцца на Радзіму жывым і здаровым, паведамляе раённая газета “Шлях кастрычніка”.

Фота: “Шлях Кастрычника”.