У Магілёве журналістаў вучылі змагацца з рэальнасцю

У Магілёўскім аблвыканкаме правялі семінар-практыкум для рэдактараў раённых газет і вучылі іх хлусіць крыху якасней.

На фота з семінара некалькі дзясяткаў рэдактараў раёнак і загадчыкаў ідэалагічных аддзелаў выканкамаў – у асноўнай сваёй масе людзі сталага ўзросту. 

Навучыць іх адбіваць атакі каварных маніпулятараў і выяўляць маніпулятыўныя матэрыялы ў лічбавым асяроддзі, значыць упусціць слана ў краму посуду. 

Людзі дзесяцігоддзямі пісалі пра ўнясенне арганікі ў глебу і змагаліся з іншадумствам у аранжарэйных умовах поўнага кантролю над СМІ. Для таго, каб супрацьстаяць таму ж TikTok сіл у іх не хопіць.

Тым не менш:

  • намеснік дырэктара «Магілёўскіх ведамасцей» Анатоль Метто распавёў пра ўказ №630 у рэдакцыі снежня 2024 года – «аб рэагаванні на грамадска значную інфармацыю». Гэта значыць даў інструкцыю, як дзяржаўным СМІ хутка гасіць любую нязручную тэму, якая ўсплыла ў недзяржаўных каналах;
  • дырэктар абласной друкарні Дзмітрый Алямасаў распавёў пра «ўдасканаленне ўзаемадзеяння рэдакцый з друкарняй». Яму проста трэба было нешта сказаць на фоне падзення накладаў;
  • галоўны спецыяліст ідэалагічнага ўпраўлення Лілія Дарашкова далажыла пра кадравае забеспячэнне – маладыя ў раёнкі не ідуць, старыя сыходзяць на пенсію.

Галоўная праблема раёнак у тым, што яны ваююць з тым, што бачаць іх уласныя чытачы. Жыхары Касцюковічаў ведаюць, што ў Саматэвічах радыяцыя, жыхары Магілёва ведаюць, што «Магілёўліфтмаш» у крызісе, жыхарам Крычава вядома, чаму моладзь з’язджае ў абласны цэнтр.

Чым адкажуць на гэта раёнкі, якія ўмеюць толькі:

  • перадрукаваць прэс-рэліз выканкама даслоўна;
  • закрыць праблему агульнымі словамі: «пры падтрымцы кіраўніцтва раёна пытанне знаходзіцца на кантролі»;
  • ніколі не вяртацца да тэмы, калі папярэдні матэрыял аказаўся не адпаведным рэчаіснасці.

Самае ж смешнае, што галоўны куратар інфармацыйнай палітыкі Беларусі – Уладзімір Перцаў, цяпер першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, правал раёнак прызнаваў яшчэ ў 2023 годзе. Даслоўна: «рэдакцыі раённых газет па розных прычынах не маглі наладзіць працу па належным дызайне, вёрстцы, па працы ў сацыяльных сетках, інтэрнэт-асяроддзі ў цэлым».

І што далей? Новы семінар, з якога рэдактары вернуцца ў Чавусы, Крычаў, Хоцімск і Касцюковічы. І будуць пісаць тое ж самае, што пісалі ўчора. Толькі цяпер з набытым веданнем. Нібыта чытачы смяюцца з іх не таму, што ім вешаюць лапшу, а таму што іх «зомбуюць» ворагі.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Журналіст з Хоцімска, 67-гадовы Ляйчынскі называе Пазняка дзедам

Тэорыя адноснасці: у Хоцімску, арыентуючыся на ўзрост Лукашэнкі, лічаць 70 гадоў другой маладосцю і ненавідзяць дэмакратычнасць TikTok.

Хоцімскі журналіст Аляксандр Ляйчынскі, які завіс у думках дзесьці ў раёне ХХVII з’езда КПСС, паразважаў “пра ўнутраныя органы ўспрымання знешняй рэчаіснасці”.

Самы час – Ляйчынскаму 67 гадоў, і ўспрымаць навакольную рэчаіснасць з дапамогай унутраных органаў становіцца ўсё цяжэй.

Таму Аляксандр Ляйчынскі лічыць, што:

  • Савецкі Саюз прайграў капіталістычнаму лагеру ў вайне сэнсаў;
  • ад сусветна вядомага палітыка і “дзеда” Зянона Пазняка пара хаваць запалкі;
  • TikTok – прамы шлях да інфармацыйнага бясчынства;
  • у Беларусі можа быць прынята рашэнне пра стварэнне кібервойскаў, а Лукашэнка падтрымлівае гэтую ідэю.

Ляйчынскі, з яго загартоўкай у школе савецкай журналістыкі, у шоку ад таго, што любы ахвотны можа зняць на тэлефон звычайную для Беларусі сельскую дарогу, традыцыйна складзеную з ям і лужын, а пасля выкласці гэта без адпаведнага рашэння сельвыканкама ў інтэрнэт.

Само сабой, больш за ўсё хоцімскага пенсіянера напружвае бесшабашнасць сучаснай моладзі, якая мае магчымасць паведаміць усяму свету, што вяртаецца дадому падпітай.

Усе свае надзеі Ляйчынскі звязвае з магутнымі кібервойскамі Беларусі, якія абавязкова здабудуць перамогу над TikTok і прымусяць папулярную сацсетку распавядаць праваслаўнаму народу пра такія цікавыя рэчы, як падняцце зябліва і тонкая наладка плугоў у Хоцімску.

Узрост, узрост і яшчэ раз узрост. Менавіта ён не дазваляе такім, як Ляйчынскі і Лукашэнка, зразумець, што вайна сэнсу і бессэнсоўя даўно скончылася не на карысць савецкіх наратываў. Таксама як і двубой праўладных прапагандыстаў з незалежнымі СМІ на тэрыторыі TikTok. Мы проста ўмеем падаваць інфармацыю хутчэй, якасней і цікавей, чым дзедаўскія кібервойскі.

Ну, а што да Зянона Пазняка, дык у свае 81 год ён выглядае значна лепш, чым 70-гадовы Аляксандр Лукашэнка, ад якога хутка і запалкі хаваць не спатрэбіцца, бо ён да іх самастойна ўжо не дабярэцца.

Фота хоцімскай раённай газеты «Шлях Кастрычніка»

Галоўны рэдактар слаўгарадскай газеты паказала школьнікам найкарацейшы шлях да ШІ

Галоўрэд слаўгарадскай раёнкі Вікторыя Гарадзецкая, якая пастаянна пазычае ідэі ў нейрасеткі, вучыла дзяцей мысліць самастойна. 

Пра Вікторыю Гарадзецкую, што ўзначаліла газету «Прысожскі край» пасля дзясяткаў гадоў напружанай працы першым сакратаром слаўгарадскай ячэйкі БРСМ, мы распавядалі не раз. Актывістка вядомая тым, што любіць спяваць і ствараць тэксты для газеты, якія на 90 працэнтаў напісаныя чатам GPT. Пасля таго, як mogilev.media некалькі разоў злавілі Гарадэцкую за гэтым заняткам, галоўрэд зайшла з козыраў і закрыла доступ да капіравання старонак ведамаснага сайта газеты «Прысожскі край». Гэты чыста дзіцячы і зусім бескарысны з пункту гледжання карыстальнікаў учынак сведчыць не толькі пра ўзровень ведаў Вікторыі Гарадэцкай у справах камп’ютарных, але і пра тое, што праўладныя СМІ Магілёўшчыны баяцца пільнай увагі незалежнай прэсы да сваіх «цяп-ляп» артыкулаў.

А верная сяброўка штучнага інтэлекта тым часам адправілася да школьнікаў 9 «Б» класа СШ №2 на «інтэрактыўную перазагрузку». Толькі ў адным Гарадзецкая аказалася правай, калі вешала падлеткам лапшу на вушы – “цифровой след, как и печатное слово, остается навсегда”. Што, уласна кажучы, для галоўнай акулы слаўгарадскай журналістыкі, факт вельмі сумны.

Вынік сустрэчы яшчэ раз паказаў, што суровую школу БРСМ Гарадзецкая прайшла не дарма: “ученики 9 «Б» на общем собрании постановили: их класс должен быть обязательно подписан на «РАЙОНКУ»”.

Вынікі свайго дыялогу з навучэнцамі Вікторыя Гарадэцкая неадкладна адлюстравала ў чарговым артыкуле, выдаўшы новы перл, відавочна, абышоўшыся без GPT – “перо журналиста дополняется искренним интересом нового поколения”. Вось такое друкаванае слова, пра якое так і падмывае сказаць некалькімі непрыдатнымі да друку словамі.

Фота раённай газеты «Прысожскі край».

Памёр палітык і журналіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч

Журналісцкая супольнасць Магілёўскага рэгіёна панесла страту – учора пайшоў з жыцця Валерый Каронкевіч.

Валерый Міхайлавіч Каранкевіч нарадзіўся ў 1955 годзе. Усё яго жыццё было цесна звязана з Хоцімшчынай. Тут ён узначальваў буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства, быў першым намеснікам старшыні райвыканкама.

З прыходам да ўлады так званых «моцных гаспадарнікаў» Каранкевіч палічыў немагчымым працягваць працу чыноўнікам. 

Ён далучыўся да Партыі БНФ і пачаў актыўна займацца палітычнай дзейнасцю. 

У Хоцімску ў яго была своеасаблівая грамадская прыёмная – людзі ішлі да Валерыя Міхайлавіча з надзеяй на дапамогу там, дзе мясцовая ўлада аказвалася бяссільнай.

Ён неаднаразова ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях у якасці кандыдата ад БНФ.

Каранкевіч цесна супрацоўнічаў з магілёўскім рэгіянальным парталам 6tv.by, дзякуючы чаму жыццё Хоцімшчыны гучала ў медыйнай прасторы. Яго тэксты былі пра людзей, праблемы і надзеі – заўсёды шчырыя і бескампрамісныя.

Абставіны смерці Валерыя Каранкевіча пакуль невядомыя. Вядома, што трагедыя здарылася ўчора ў першай палове дня, цела Валерыя Міхайлавіча знайшлі ў яго дома. Ёсць падставы меркаваць, што апошнія гады пераслед з боку спецслужбаў аказаў уплыў на яго стан здароўя.

Светлая памяць. 

Успамін пра Валерыя Міхайлавіча застанецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў і шанаваў.

Кіраўскія журналісты прымусілі атынкаваць вугал вакзала, пакуль вярсталася газета

Журналісты газеты “Кiравецзвярнулі увагу на занядбаны вугал мясцовага аўтавакзала – і за час вёрсткі нумару сітуацыя змянілася.

Знакамітая кіраўская смажанка, якая прадаецца побач з аўтавакзалам, як і раней, прыцягвае натоўпы мясцовых жыхароў і гасцей горада. 

Але побач з кулінарнымі пахамі наведвальнікаў сустракаў не надта прыемны пейзаж – абшарпаны вугал будынка аўтавакзала, які мог сапсаваць агульнае ўражанне ад горада.

І гэта ў той час, калі па ўсёй краіне шырокім фронтам, сямімільнымі крокамі ідзе год добраўпарадкавання! 

Яшчэ да публікацыі крытычнага матэрыялу, уладальнікі аўтавакзала аператыўна адрэагавалі: злашчасны вугал быў атынкаваны. Што ні кажы, а газета “Кіравец” – справа ўплывовая.

Фота: “Кiравец