Журналіста mogilev.media паспрабавалі дыскрэдытаваць, выкарыстаўшы яго ж архіўны запіс

У сетцы Telegram быў распаўсюджаны відэазапіс з аўтарскай праграмы быхаўскага журналіста і пісьменніка Сяргея Антонава. Але ў прадстаўленым выглядзе ён існуе толькі ў адным месцы – на камп’ютары, які быў канфіскаваны КДБ.

Пра спробу дыскрэдытацыі Сяргей Антонаў даведаўся ад аднаго з калег. Той патэлефанаваў журналісту са словамі, што яго – Антонава – нехта спрабуе ачарніць у вачах мясцовай супольнасці. Зараз Сяргей Антонаў знаходзіцца ў Беластоку, і ў чатах беластоцкіх беларусаў-уцекачоў з’явіўся ролік Сяргея Антонава, у якім журналіст крытыкуе аднаго з ўдзельнікаў быхаўскіх пратэстаў 2020 года. 

Гэты ролік быў запісаны аўтарам яшчэ ў студзені 2022 года, падчас супрацоўніцтва з рэсурсам 6tv.by і дагэтуль захоўваецца на платформе. Цяпер жа ён стаў рассылацца праз Telegram, дадзеныя якога схаваныя карыстальнікам. Ролік, аднак, не мае лагатыпа 6tv.by. Сяргей Антонаў узгадвае, што ў такім выглядзе, без лагатыпа, ролік публікаваўся на яго асабістым Youtube-канале ў студзені 2022 года. Тады гэта было неабходна дзеля бяспекі, бо матэрыялы рэсурса 6tv.by ужо былі прызнаныя экстрэмісцкімі. 

Пазней журналіст выдаліў матэрыял з Youtube, але ў першапачатковым выглядзе ён захаваўся на жорсткім дыску яго камп’ютара. Гэты кампутар, разам з астатняй асабістай тэхнікай, быў канфіскаваны супрацоўнікамі упраўлення КДБ па Быхаўскаму і Слаўгарадскаму раёнах падчас затрымання Сяргея Антонава ў снежні 2023 года. Паяўленне роліка зараз журналіст звязвае з дзеяннямі спецслужб. 

– Я думаю, тут логіка такая. – каментуе сам журналіст – Маўляў – палюбуйцеся, а Сяргей Антонаў крытыкуе быхаўскія пратэсты. Значыць, ён на баку ўлады! І што ж тады ў такім выпадку гэты чалавек робіць на Захадзе?

У чым сутнасць прэтэнзій з боку Антонава

У сваім выступе ў роліку Сяргей Антонаў распавядае кароткую гісторыю дэмакратычных пратэстаў у Быхаве – гратэскную і сумную. Назіраючы за грамадскай актыўнасцю ў райцэнтры, Антонаў прыходзіць да несуцяшальнай высновы, што горад заўсёды быў чырвонай зонай для апазіцыі. Некаторую актыўнасць у 1990-х узяў на сябе мясцовы галоўны рэдактар раёнкі. Наракаючы на адсутнасць фінансавання газеты, ён на старонках “Маяка Прыдняпроўя” прама прыгразіў прадстаўнікам вертыкалі – не забяспечыце газету сродкамі, тады буду прасіць у Пазняка.

У 2020 годзе ў Быхаве падчас усенароднай хвалі пратэстаў лідарам апазіцыі нечакана выступіў чалавек, які раней ніколі не быў заўважаны ў палітычнай актыўнасці. “Даведаўшыся пра імя лідара апазіцыі – гаворыць Антонаў у роліку – я зразумеў, што ўсё ўпіраецца ў склаўшуюся на той момант кан’юнктуру і, канечне ж, фінансы.” 

Антонаў не называе імя гэтага чалавека ў запісе, але ў прыватнай размове агучыў, што гаворка вядзецца пра быхаўскага фатографа Алега Караваева, які цяпер жыве ў Літве. На думку журналіста, ад дзейнасці Караваева пацярпелі жыхары Быхава, якія шчыра ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. Алег Караваеў запісаў ролік, на якім добра бачныя твары ўдзельнікаў вулічнай дэманстрацыі, выклаў яго на сваёй старонцы ў Facebook і дагэтуль захоўвае там у першапачатковым выглядзе, нягледзячы на пагрозу, якую запіс нясе людзям, што засталіся ў Беларусі.

Ад рэдакцыі

Mogilev.media пакуль не можа дакладна вызначыць паходжанне роліка Сяргея Антонава, распаўсюджанага праз Telegram. Мы будзем спрабаваць праліць святло на гэтую гісторыю ў далейшым.

Экстрэмізм на экстрэмізме і экстрэмізмам паганяе

Сайты, соцсеткі mogilev.media зноўку прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі” – цяпер судом Ленінскага раёна і Міністэрствам інфармацыі. 

Наш рэгіянальны паблік mogilev.media і яго сайт-люстэрка mogilev.news разам са старонкамі ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, VK і OK а таксама ў мэсенджары Telegram рашэннем суда Ленінскага раёна ад 22 снежня 2023 года былі прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі” – паведамляюць праваабаронцы. Следам за гэтым Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь уключыла ўсе названыя рэсурсы ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прычым гэта адбылося пасля таго, як яшчэ 29 лістапада Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абвясціў рэдакцыю партала ні мала ні многа, а цэлым “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Continue reading “Экстрэмізм на экстрэмізме і экстрэмізмам паганяе”

“А можа, гэта Крупская” – матэрыял пра запуск фантана выклікаў абурэнне і жарты чытачоў

Нядаўняя публікацыя mogilev.media фотаздымкаў запушчанага на вуліцы Крупскай фантана выклікала змяшаныя пачуцці ў чытачоў рэсурса.

“Дзіўна глядзяцца тыя дзяўчыны на фоне шматпавярховак” – адрэагавала карыстальніца ў Instagram.

На старонцы выдання ў Facebook таксама знайшлося месца абурэнню:

“Якое дачыненне гэтыя скульптуры напаўголых баб маюць да гандлёвага цэнтра і ўвогуле да агульнага пейзажа? Выглядае нягегла” – пракаментавала адна з чытачак.

На што ёй парыраваў карыстальнік – “А можа, гэта Крупская”  – і сабраў найбольш лайкаў.

Падпісвайцеся на нашы старонкі ў соцсетках і месенджэры – Facebook, Instagram, Telegram, VK, OK!

Фота: mogilev.media

Як зручней чытаць mogilev.media – некалькі парадаў

Ва ўмовах праблем з доступам да інфармацыйных рэсурсаў у Беларусі, мы сабралі для вас самыя простыя рэкамендацыі па тым, як можна бяспечна выходзіць у сеціва і дакладна мець магчымасць чытаць mogilev.media і іншыя незалежныя крыніцы.

Калі вы выходзіце ў сеціва праз кампутар ці ноўтбук, то самы лёгкі спосаб – карыстацца браўзэрам Opera. Гэты браўзэр мае ўбудаваны VPN, які дазваяе атрымаць доступ да ўсіх сайтаў, якія абмежаваныя ў Беларусі.

Алгарытм наладкі VPN у Opera вельмі просты – трэба зайсці ў налады і даць дазвол на аўтаматычнае выкарыстанне VPN – гл. на фота.

Таксама можна ўсталяваць бясплатны VPN на свой кампутар і карыстацца іншым браўзэрам, да якога вы больш прывыклі. Гэтая самая парада адрасуецца тым, хто чытае з тэлефона ці планшэта.

Просты і эфектыўны VPN, напрыклад – Psiphon. Па гэтай спасылцы можна знайсці кнопкі для спампоўвання як на любую мадэль тэлефона з самых распаўсюджаных (Android, iPhone) так і для Windows і ўсіх гаджэтаў на iOS. Яшчэ адзін выдатны бясплатны VPN для ўсіх самых распаўсюджаных гаджэтаў – X-VPN

Таксама можна назваць праграму Tachyon, але гэты VPN працуе толькі з прыладамі на MacOS ад Apple. 

Выява: expertreviews.co.uk