Тры клімавіцкія актывісткі «Белай Русі» рэалізуюць сумесны праект з ЖКГ

Рэспубліканскі рух па добраўпарадкаванні ўсяго недобраўпарадкаванага набірае сілу, і клімавіцкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» да яго далучылася.

Тры актывісткі кішэннай структуры рэжыму пафарбавалі горкі, турнікі і арэлі дзіцячай пляцоўкі ў двары дома № 123 на вуліцы Леніна.

Дзе быў у гэты час другі бок сумеснага праекта – невядома. Магчыма, актывісткі працуюць у мясцовай ЖКГ, і тады пазлы галаваломкі сыходзяцца.

У суседнім Крычаўскім раёне таксама нядаўна прайшла сумесная акцыя па рамонце дзіцячых пляцовак. Праўда, там у ЖКГ быў іншы партнёр – абласны Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Вось ужо дзе ўзаемадзеянне было сапраўды эфектыўным – камунальнікі імгненна навялі парадак на дзіцячых пляцоўках, дзе сам чорт мог бы нагу зламаць.

Фота клімавіцкай раённай газеты.

Магілёўскія камунальнікі наракаюць на невыхаваных дзяцей

Камунальнікам у Магілёве не спадабалася, што добраўпарадкаваная імі дзіцячая пляцоўка была папсаваная за тры дні.

Як сцвярджаюць камунальнікі, 22 траўня 2026 года яны разам з адміністрацыяй Ленінскага раёна добраўпарадкавалі дзіцячыую гульнявую пляцоўку. Паводле Magilev.by, гэтая пляцоўка знаходзіцца на вуліцы Якубоўскага. 

Праз тры дні там ужо было пагнутае баскетбольнае кальцо, парваная сетка на ім і на гандбольных варотах, а таксама адарваныя квадраты гумавага пакрыцця. 

“Зварот да бацькоў: калі ласка, размаўляйце са сваімі дзецьмі. Тлумачце, што гэта месца для гульняў, а не для разбурэнняў. Нашы дзеці – наша будучыня, і выхоўваць павагу да агульнай маёмасці трэба з самага ранняга ўзросту. Давайце разам захаваем тое, што зроблена сёння, для шчаслівага заўтра нашых дзяцей!” – заклікаюць пакрыўджаныя камунальнікі.

Зразумела, што лягчэй за ўсё скардзіцца на невыхаваных дзяцей, забываючы, што рыба гніе з галавы. І хоць даўно, яшчэ ў 1995 годзе, вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы на кавалкі рэзала на той момант дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, прыклад для ўсёй Беларусі быў дадзены паказальны – так рабіць можна і нічога за гэта не будзе. 

Падзеі 2020 года, калі цяперашні намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў разам са сваімі падзельнікамі граміў шкло ў кавярні, каб затрымаць пратэстоўцаў, таксама не забытыя. І паводзіны гэтага, у прыватнасці, чыноўніка таксама ёсць дурным прыкладам для беларусаў і іх дзяцей. Так што не да бацькоў варта звяртацца магілёўскім камунальнікам, а да вышэйшага кіраўніцтва краіны з асуджэннем яго паводзін.

Скрыншот: ТГ ЖРЭУ Ленінскага раёна г. Магілёва

Адкрылі з помпай, закінулі са смеццем: як у Крычаве абыходзяцца з дзіцячымі пляцоўкамі

КДК выявіў аварыйнае абсталяванне і бытавое смецце на тых самых дзіцячых пляцоўках, урачыстае адкрыццё якіх крычаўская прэса асвятляла як свята.

Традыцыя адкрываць з аркестрам

У Крычаўскім раёне склалася ўстойлівая традыцыя: адкрыццё кожнай новай дзіцячай пляцоўкі ператвараецца ва ўрачыстае мерапрыемства з ганаровымі гасцямі, прамовамі і фотаздымкамі для раённых СМІ.

У кастрычніку 2025 года на тэрыторыі дзіцячага сада N19 адкрылі інклюзіўную гульнявую пляцоўку – з манежам, інтэрактыўнымі стэндамі, інклюзіўнай пясочніцай і пражэктарамі для вячэрняга выкарыстання. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі «Белай Русі», Беларускага фонду міру і раённага аддзела адукацыі.

У 2022 годзе ў Дзіцячым парку з не меншай урачыстасцю адкрылі пляцоўку «О малой родине с любовью» ў рамках абласнога праекта. У аграгарадок Чырвоная Буда на адкрыццё пляцоўкі прыехаў асабіста старшыня райвыканкама, адзначыўшы, што адкрываць пляцоўкі стала «добрай традыцыяй» раёна. Аналагічныя цырымоніі праходзілі ў аграгарадках Маляцічы і Чырвоная Буда.

Што знайшоў КДК

Рэальнасць аказалася далёкай ад святочных рэпартажаў. Па выніках маніторынгу КДК Магілёўскай вобласці на крычаўскіх дзіцячых пляцоўках былі выяўлены парушэнні. На вуліцы Паўднёвай кантралёры зафіксавалі:

  •     разбураную агароджу гульнявой зоны;
  •     аварыйнае абсталяванне, якое ўяўляла небяспеку для дзяцей;
  •     бытавое смецце непасрэдна на тэрыторыі пляцоўкі;
  •     небяспечныя будаўнічыя адходы на прылеглай тэрыторыі;
  •     няскошаную траву і нефарбаваныя лаўкі.

Парушэнні ліквідаваны толькі пасля ўмяшання дзяржкантролю. Падобныя заўвагі былі прад’яўлены яшчэ да трох дзіцячых гульнявых пляцовак райцэнтра.

Гісторыя паўтараецца

Паказальна, што праблемы з крычаўскай ЖКГ маюць сістэмны характар. Яшчэ ў 2021 годзе КДК ужо правяраў камунальную гаспадарку раёна і выявіў куды больш сур’ёзныя парушэнні: незаконнае атрыманне крычаўскім УКВП «Камунальнік» сродкаў раённага бюджэту на суму больш за 190 тысяч рублёў, неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці і прымяненне неправераных прыбораў уліку цяпла.

Карціна, якая складваецца з гэтых фактаў, выглядае так: сродкі на добраўпарадкаванне выдзяляюцца, пляцоўкі будуюцца і ўрачыста адкрываюцца, пасля чаго застаюцца без нармальнага абслугоўвання і паступова занепадаюць. Свята заканчваецца ў дзень разразання стужачкі. І так жыве ўжо трыццаць гадоў не толькі Крычаў, але і ўся Беларусь.

Фота раённай газеты.

Лукашэнка паабяцаў адрадзіць Дрыбіншчыну. Пачалі з смеццевых бакаў

У Дрыбін завезлі 106 новых кантэйнераў для смецця. Адраджэнне пачалося.

Пасля гучных заяў Лукашэнкі пра адраджэнне Дрыбіншчыны раён атрымаў першы адчувальны вынік – 106 новых пластыкавых кантэйнераў для смецця.

Сорак бакаў ужо расстаўлены па вуліцах райцэнтра. Яны з накрыўкамі, на колцах, сумяшчальныя з новымі смеццявозамі – увогуле, Еўропа.

Астатнія 66 адправяцца ў аграгарадкі, каб адраджэнне ахапіла ўвесь раён раўнамерна.

Жыхары, аднак, велічы моманту не адчулі і камунальшчыкі гэтым засмучаны. У кантэйнеры для змешаных адходаў ляціць шкло і пластык, пакеты кладуць міма, а прыватны сектар прывозіць хлам цэлымі прычэпамі.

Зрэшты, чаго чакаць: людзі відавочна разлічвалі на нешта большае, чым новы бак каля пад’езда. Але гэта большае, калі верыць Лукашэнку, наступіць да 2030 года. А верыць яму, як падказвае досвед, нельга.

Фота раённай газеты.

Радасць па графіку: у Магілёве адрапартавалі пра шчасце гараджан на суботніку

У Магілёве прайшоў агульнагарадскі суботнік – мерапрыемства, дзе гараджанам традыцыйна прапануюць адчуць сябе «гаспадарамі горада», заадно выканаўшы частку працы камунальных службаў.

Мяркуючы па афіцыйных каментарыях, галоўнай задачай было не толькі навесці парадак, але і правільна зафіксаваць настрой.

Суботнік стаў першым этапам месячніка па добраўпарадкаванні, які працягнецца да 18 красавіка.

Паводле афіцыйных дадзеных, 21 сакавіка на ўборку выйшлі больш за 20 тысяч чалавек і звыш 130 адзінак тэхнікі. Асноўныя работы разгарнуліся ў трох пунктах: парку Горкага, парку 60-годдзя Кастрычніка і на схіле па вуліцы Якубоўскага.

Там удзельнікі займаліся тым, што звычайна ўваходзіць у сферу адказнасці камунальных службаў.

Асаблівая ўвага ў справаздачах нададзена эмоцыям. “Мэр” Сяргей Чарткоў падкрэсліў, што жыхары «актыўна адгукнуліся» і атрымліваюць ад таго, што адбываецца, «пазітыў, добры настрой і энергію».

Тэму добраахвотнасці і задавальнення падтрымала і старшыня гарадскога савета “дэпутатаў” Святлана Сташэўская.

Не абышлося і без гісторый актыўных актывістаў «знізу». Адна з удзельніц суботніка расказала, што працуе з усмешкай, бо «патрыёт сваёй краіны» і рада прыносіць карысць. У падобных каментарыях звычайна не ўдакладняецца, ці быў у ўдзельнікаў выбар правесці гэты дзень інакш.

Суботнікі ў Беларусі застаюцца ўстойлівай практыкай, у якой спалучаюцца элементы адміністрацыйнай мабілізацыі і абавязковай публічнай справаздачнасці. Пры гэтым ключавым вынікам такіх мерапрыемстваў становіцца не толькі ўборка тэрыторый, але і дэманстрацыя ўцягнутасці грамадзян.

Наступны агульнагарадскі суботнік прызначаны на 4 красавіка. У гараджан будзе яшчэ адна магчымасць унесці «асабісты ўклад» і адчуць радасць. Яе ж, як вядома, толькі раз прадэманструй – і ўжо не спыніш.

Фота “Беларусь Сегодня”.

Лепшыя гарады Магілёўскай вобласці – Шклоў, Чэрыкаў і Бялынічы

Падведзены вынікі года добраўпарадкавання ў Беларусі. Адпаведную пастанову падпісаў Турчын. На Магілёўшчыне ёсць пераможцы.

Сярод лепшых раёнаў краіны адзначаны Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці – ён стаў пераможцам у сваёй катэгорыі.

Тут ужо, як у беларускім хакеі – каманда-пераможца вядомая на трыццаць гадоў наперад.Таксама ў ліку пераможцаў рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання апынуліся два населеныя пункты Магілёўскай вобласці.

У катэгорыі гарадоў з насельніцтвам да 10 тысяч жыхароў найлепшымі прызнаны Чэрыкаў і Бялынічы.

Усяго па выніках года добраўпарадкавання вызначаны лепшая вобласць – Гомельская, сем раёнаў – па адным у кожнай вобласці і Мінску – а таксама 15 населеных пунктаў у розных катэгорыях.

Пераможцы агляду традыцыйна ўзнагароджваюцца пераходнымі вымпеламі і грашовымі прэміямі з рэспубліканскага бюджэту.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У кіраўніка магілёўскіх “дэпутатаў” Гарошкіна 48 гектараў аптымізму

У Магілёўскай вобласці зноў усё расце. Прынамсі ў дакладах. Пракуратура прытрымліваецца іншага меркавання.

На чарговай, аж дваццаць першай сесіі магілёўскага абласнога “савета дэпутатаў” ужо дваццаць дзявятага склікання старшыня Аляксандр Гарошкін надаў асаблівае месца ў сваім справаздачным выступленні вынікам года добраўпарадкавання. Лічбы прагучалі ўражліва.

У вобласці высаджана:

  • 65 тысяч дрэў;
  • 86 тысяч кустоў;
  • 3,7 мільёна кветак;
  • амаль 48 гектараў новых газонаў.

Слухаючы гэта, хочацца не правяраць, а верыць. Бо 48 гектараў – гэта ўжо не клумба ля пад’езда, гэта амаль батанічны прарыў. Амаль невялікі нацыянальны парк.

Але па лукашэнкаўскай традыцыі пасля натхняльных лічбаў звычайна ідзе другі акт – проза жыцця.

Нагадаем, чым скончылася хваля зялёнага энтузіязму-2025 у абласным цэнтры паводле меркавання пракуратуры.

На кальцы вуліц Каштанавай і Крупскай па дакументах павінна была расці густая жывая агароджа з бірючыны – больш за 200 кустоў. Пракуратура разам са спецыялістамі абышла ўсё кальцо. Ніводнага куста. Калі камунальнікаў папрасілі паказаць, дзе менавіта гэта агароджа, паказваць аказалася няма чаго. Бірючына існавала выключна ў справаздачнасці.

На праспекце Шміта за два гады «высадзілі» 600 дрэў. У гэтай пасадцы ўдзельнічала паплечніца Гарашкіна – сенатар і галоўны рэдактар інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці” Ірына Пятрусевіч. Яна там пазіравала з лапатай. Пракурорская ж праверка паказала: калі што і вырасла, то толькі пустазелле вышэй чалавечага росту. Дрэвы – не.

Ля дома № 8 па вуліцы Крывуліна нібыта пасадзілі 79 туй. Знайшлі дзесяць. Астатнія, верагодна, пайшлі ў тую ж зялёную зону, што і бірючына.

Усё гэта прыпіскі толькі «Магілёўзелянбуду». А колькі іх было ў вобласці?

Адказ просты: гектары хлусні і цэнтнеры прыпісак.

 

Фота “Магілёскія ведамасці”.

Прагулкі ў святле ліхтароў – у Чавусах улада засяродзілася на электрычнасці

Старшыня чавускага райвыканкама вырашаў пытанні асвятлення і ўтылізацыі батарэек.

Старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч падыходзіць да вырашэння надзённых задач метадычна і не звальвае ўсё ў адну кучу.

Гэтым разам ён засяродзіўся выключна на электрычнасці. Разам з «дэпутатам палаты» Аляксандрам Лук’янавым праверыў хуткасць усталявання слупоў вулічнага асвятлення для таго, каб жыхары вуліц Азарава і Івуценкі «ў навагоднюю ноч змаглі прагуляцца пад святлом ліхтароў».

Акрамя таго, Акуліч вывучыў пытанне ўтылізацыі другасных адходаў, у прыватнасці батарэек.

Логіка ў кіраўніка Чавусаў жалезная – калі на вуліцах уключаць асвятленне, ліхтарыкі больш не спатрэбяцца, і народ пачне масава пазбаўляцца ад батарэек.

Фота раённай газеты.

Глускі прадпрымальнік упарадкоўвае могілкі за свой кошт

Уладальнік рытуальнага агенцтва з Глуска дапамагае добраўпарадкоўваць мясцовыя могілкі. Грошай за гэта не бярэ.

Гаспадар глускага рытуальнага агенцтва “Мемарыял-2” нядаўна па ўласнай ініцыятыве ўсталяваў новыя вароты на могілках у вёсцы Хвастовічы.

Старшыня мясцовага сельвыканкама кажа, што гэта не першы выпадак, калі ўладальнік пахавальнага бюро звяртае ўвагу на праблемы, што датычацца яго сферы дзейнасці, і бязвыплатна іх вырашае.

Так было з перазахаваннем на Мыслачанскай гары астанкаў дзяцей, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсталяваннем новай агароджы могілак у вёсцы Карніца.

На тэрыторыі іншага сельсавета, на месцы спаленай вёскі Восы-Калёсы, мецэнат вырабіў і ўсталяваў памятную пліту.

Што тут скажаш? Свет не без добрых людзей.

Фота раённай газеты “Радзіма”.

На Ленінскай у Магілёве з’явіліся прыгожыя коцікі

Вуліцу Ленінскую ў Магілёве ўпрыгожылі два мілых коцікі – іх можна пагладзіць і “пачаставаць” манеткай.

У двары дома № 26 па вуліцы Ленінскай у Магілёве з’явіліся два прыгожыя металічныя каты. Адзін загінае спіну, як бы заклікаючы: пагладзь мяне. Другі відавочна напрошваецца на пачастунак.

Мы часта крытыкуем магілёўскіх камунальнікаў, але калі ў іх нешта атрымліваецца – чаму б і не пахваліць?

Такія каты-прыгажуны, вядома, паднімуць настрой магілёўцам.

Хочацца спадзявацца, што такое стаўленне да добраўпарадкавання не спыніцца на цэнтры Магілёва, а дакоціцца і да ўскраін.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.