230 000 чалавек займаліся азеляненнем, але з высаджаных у Магілёве кустоў не знайшлі ніводнага

Чыноўнікі заяўляюць, што Магілёўшчыну азелянялі 230 тысяч чалавек – а гэта амаль усё дарослае насельніцтва абласнога цэнтра, разам з пенсіянерамі і інвалідамі. Цяпер рознымі прыпіскамі, дрэвамі і кустамі, высаджанымі толькі на паперы, займаецца пракуратура.

Начальніца аддзела добраўпарадкавання і работы з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Жыллёва-камунальная гаспадарка Магілёўскай вобласці» Яна Мамчанка рапартавала аб вялікай рабоце па добраўпарадкаванні, праведзенай у Магілёўскай вобласці.

У рамонтах, мадэрнізацыі і азеляненні ўдзельнічалі:

  • 230 тысяч чалавек;
  • 7,2 тысячы юрыдычных асоб;
  • каля 46 тысяч грамадскіх актывістаў.

Асабліва хочацца спыніцца на поспехах грамадскіх актывістаў па азеляненні. З імі ўжо разбіраецца пракуратура. Масавыя прыпіскі выяўлены па ўсёй Беларусі, але асабліва вызначыўся Магілёў:

На кальцы вуліц Каштанавай і Крупскай пракурорскія работнікі шукалі жывую агароджу з бюрычыны. З дзвюхсот кустоў не знайшлі ніводнага.

На праспекце Шміта за два гады высаджана 600 дрэў – усе яны загінулі ў зарасніках пустазелля, вышэйшым за чалавечы рост.

Ля дома № 8 па вуліцы Крывуліна было нібыта высаджана 79 туй, а знайшлі толькі дзесяць.

Пры гэтым Яна Мамчанка сцвярджае, што “сумесныя намаганні далі станоўчую дынаміку”.

Калі з рамонтамі і мадэрнізацыяй справа ідзе так жа, як з азеляненнем, то не варта распыляць віну на 230 000 удзельнікаў добраўпарадкавання. Цалкам дастаткова прыцягнуць да адказнасці такіх, як Яна Мамчанка.

Фота скрыншот рэпартажа тэлеканала “Магілёў-4”.

Камунальнікі Быхава самі ствараюць умовы для ўзнікнення несанкцыянаваных звалак

У Быхаве камеры фотазапісу зафіксавалі парушальнікаў, а заадно і месца, у якое несанкцыянаваная звалка гарманічна ўпісваецца.

У Быхаве змагаюцца з несанкцыянаванымі звалкамі фотапасткамі, караюць грамадзян за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і сыплюць прымаўкамі кшталту «Не сарыце там, дзе жывяце» або «Чыста не там, дзе прыбіраюць». Пры гэтым галоўным змагаром са смеццем лічыцца мясцовае УКП «Быхаўскі жылкамгас».

Раённая газета паведамляе, што «на мінулым тыдні аб’ектывы фотакамер зафіксавалі адразу некалькі парушэнняў. Быхаўчане на асабістым аўтатранспарце вывезлі бярвенне, будаўнічае смецце і старую мэблю на кантэйнерныя пляцоўкі, размешчаныя на Белагорскіх могілках і прызначаныя для рытуальных патрэб».

Камеры фотафіксацыі аказаліся справай аб’ектыўнай. Яны зафіксавалі не толькі парушальнікаў і іх смецце, але і агульны выгляд тэрыторыі вакол так званай пляцоўкі.

Чаго грахі ўтойваць? Першае жаданне, якое выклікае гэтае месца – акурат выкінуць тут смецце, бо маслам кашы ўжо не сапсуеш, а горш, чым ёсць, ужо не будзе.

Ледзь жывая агароджа могілак, пад’езд, які выглядае як выдатная ілюстрацыя бездарожжа – усё гэта таксама сфера адказнасці камунальнікаў.

Трэба адзначыць, што закрытыя Белагорскія могілкі – даўні галаўны боль мясцовых уладаў.

Ніякія камеры фотафіксацыі не выправяць бязладдзя, што пануе на габрэйскіх пахаваннях. Цытаванне народных мудрасцяў не дапаможа разабрацца з аварыйнымі дрэвамі-гігантамі, што не спілоўваліся дзесяцігоддзямі, а лоўля парушальнікаў ніяк не паўплывае на стан агароджы.

Дарэчы, быхаўчанам даўно абяцалі новыя могілкі: з добрымі пад’ездамі, распланаванымі дарожкамі і іншымі элементамі цывілізацыі.

Аднак усе планы рухнулі пасля затрымання ў сакавіку дырэктара УКП «Быхаўскі жылкамгас».

А цяпер улады Быхава выкарыстоўваюць казкі пра фотафіксацыю, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад сапраўды значных праблем, якія яны не ў стане вырашыць.

Фота быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

У Клімавічах чыноўнік выявіў ямку на дарозе

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Шапкін, апрануты ў кепку, спрацаваў наперад і знайшоў яму на асфальце.

Паколькі сацыяльныя сеткі проста завалены скаргамі насельніцтва на стан дарог у абласным цэнтры і раёнах Магілёўшчыны, чыноўнікі, якія не ў стане навесці парадак ні ў год добраўпарадкавання, ні пазней, пачалі працаваць наперад і вырашылі самі інфармаваць грамадскасць пра колькасць ям і выбоін.

Такая “праца”, на іх думку, дазволіць знізіць колькасць скаргаў, якія немагчыма кантраляваць. У выпадку чаго, будзе адгаворка: шукаем, выяўляем, але ж не ўсё адразу.

Адзін з першых гэты метад апрабіраваў намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Шапкін

Ён сфатаграфаваўся побач з ямай на скрыжаванні вуліц Зялёная і Камсамольская ў Клімавічах, і заявіў, што гэта “чарговы маніторынг гарадскіх тэрыторый” з “выяўленнем дэфектаў дарожнага пакрыцця, што ўскладняюць праезд да гандлёвых аб’ектаў” і паабяцаў, што з ямай разбярэцца жылкамгас.

Добра, калі ў Клімавічах усяго адна яма, але выглядае на тое, што штаб добраўпарадкавання крыху прыхарошыў рэальны стан спраў.

Фота клімавіцкай раённай газеты.

Эра беспакаранасці ў Слаўгарадзе прайшла – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі фотапасткі

Жыхарам Слаўгарада больш не дазволяць смеціць у зоне адпачынку, а звярам і птушкам – расцягваць смецце.

За людзей і звяроў вырашыў узяцца старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін на чарговым пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванню.

Ён быў да глыбіні душы абураны тым, што банер «Захаваем родны лес», усталяваны ў месцы адпачынку з паэтычнай назвай Мар’ін Уцёс, ігнаруецца і двухногімі адпачывальнікамі, і ляснымі братамі меншымі.

Райвыканкам зайшоў з козыраў – на кантэйнеры ўсталявалі накрыўкі, каб птушкі і звяры не маглі расцягваць смецце па лесе.

Адпачывальнікам таксама цяпер не атрымаецца схавацца ад усевідушчага вока штаба па добраўпарадкаванню – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі відэаназіранне і фотапасткі.

Раённая газета дакладна абазначыла сітуацыю ўсяго трыма словамі – эпоха беспакаранасці прайшла. Якая там ужо эпоха… Калі гаворка пра Слаўгарад, дык гэта была цэлая эра. Цяпер – усё з чыстага аркуша.

Як кажуць, любіце прыроду, маць вашу!

Фота газеты “Прысожскі край”.

Дарога ў хоцімскай вёсцы – яшчэ не асфальт, але ўжо вялікая палёгка

У самых адсталых вёсках Хоцімшчыны пра нармальныя дарогі ўжо і не мараць. Падсыпка бітай цэглай – ужо радасць.

У той час як Марына Васілеўская бараздзіць прасторы Сусвету, Хоцімшчына жыве сваімі бесхітраснымі радасцямі. У вёсцы Таклеўка, напрыклад, восенню і вясной было цяжка прабрацца да аўталаўкі ці атрымаць пошту праз непраходную гразь.

І вось «дзякуючы сумесным намаганням старшыні Забялышынскага сельскага выканаўчага камітэта Міхаіла Байкова і дырэктара УКП «Жылкамгас» Ігара Бусела праблема пачала вырашацца».

Па вёсцы прайшоў грэйдар, дарогу падсыпалі бутам, цэглай і камянямі.

Да ператварэння Таклеўкі ў вёску будучыні яшчэ далёка, але вялікая палёгка для мясцовых жыхароў, як трапна выказаліся журналісты раённай газеты, ужо наступіла.

Вось так, сумеснымі намаганнямі сціплых герояў накшталт Байкова і Бусела, Хоцімшчына перайшла на новы віток адраджэння сяла.

Фота раённай газеты “Шлях Кастрычніка”.

У Магілёве бясследна зніклі тры тысячы гранітных блокаў

Дэкаратыўнае пакрыццё, якім дзесяцігоддзямі карысталіся магілёўскія будаўнікі, бясследна знікае з вуліц горада. Каля былой 16-й школы яго замянілі на танную бетонную плітку. Расправіліся таксама з брукаванкай на вуліцы Камсамольскай.

Гранітныя сцены ператварыліся ў бетонныя

На YouTube-канале магілёўскага карыстальніка з нікам @chaschasov7994 з’явіўся ролік, зняты каля Магілёўскай Спецыяльнай школы №1 на вуліцы Мігая (былая 16-я школа). Параўноўваючы падпорную сцяну каля школы ў ранейшым выглядзе – у 2023 годзе і зараз, пасля яе рэканструкцыі, аўтар відэа адзначае – усе гранітныя блокі, з якіх калісьці складалася канструкцыя, былі замененыя на танныя і недалгавечныя бетонныя пліткі. 

Гранітныя блокі

Граніт Магілёў

Граніт – гэта вечны матэрыял, адзначае аўтар відэа. Для таго, каб ён працягваў служыць, дастаткова было проста перакласці падпорную сцяну ў адпаведнасці з тэхналогіяй. Але замест гэтага сцяну перарабілі цалкам, замяніўшы гранітныя блокі на танныя цэментныя пліты. У выніку каля 3 000 блокаў проста бясследна зніклі – падсумоўвае аўтар відэа.

Гісторыя паўтараецца

Гэта ўжо не першае знікненне гранітных блокаў у Магілёве. У 2023 годзе праходзіла рэканструкцыя ў цэнтры горада, і падчас яе беззваротна была знішчаная брукаванка на вуліцы Камсамольскай. Прычым падчас работ на гэтай вуліцы былі парушаныя нормы ахоўнага заканадаўства – заявілі спецыялісты Беларускай Акадэміі навук.

Брукаванка Магілёў
Рэшткі даваеннай брукаванкі на вуліцы Камсамольскай у Магілёве падчас рэканструкцыі дарогі ў 2023 годзе

Гісторыкі мяркуюць, што гранітныя блокі як з падпорнай сцяны каля школы, так і з вуліцы Камсамольскай з’явіліся ў Магілёве незадоўга да Другой Сусветнай вайны – калі ў горад планавалася перанесці сталіцу Беларусі. Тады ў Магілёве была пакладзеная новая брукаванка, але ў 1950-х гадах яе паступова пачалі мяняць на асфальт. Гранітныя блокі, з якіх будавалася брукаванка, выкарыстоўвалі ў іншых канструкцыях па ўсім горадзе, у тым ліку падчас узвядзення падпорных сцен.

Раней, такім чынам, каштоўны будаўнічы матэрыял занава выкарыстоўвалі ў горадзе. Цяпер жа ён проста знікае – і пакуль невядома, гэта быў наўмысны крадзёж, ці безгаспадарлівасць.

Фота: mogilev.media

Кіраўскія журналісты прымусілі атынкаваць вугал вакзала, пакуль вярсталася газета

Журналісты газеты “Кiравецзвярнулі увагу на занядбаны вугал мясцовага аўтавакзала – і за час вёрсткі нумару сітуацыя змянілася.

Знакамітая кіраўская смажанка, якая прадаецца побач з аўтавакзалам, як і раней, прыцягвае натоўпы мясцовых жыхароў і гасцей горада. 

Але побач з кулінарнымі пахамі наведвальнікаў сустракаў не надта прыемны пейзаж – абшарпаны вугал будынка аўтавакзала, які мог сапсаваць агульнае ўражанне ад горада.

І гэта ў той час, калі па ўсёй краіне шырокім фронтам, сямімільнымі крокамі ідзе год добраўпарадкавання! 

Яшчэ да публікацыі крытычнага матэрыялу, уладальнікі аўтавакзала аператыўна адрэагавалі: злашчасны вугал быў атынкаваны. Што ні кажы, а газета “Кіравец” – справа ўплывовая.

Фота: “Кiравец