У Магілёве бясследна зніклі тры тысячы гранітных блокаў

Дэкаратыўнае пакрыццё, якім дзесяцігоддзямі карысталіся магілёўскія будаўнікі, бясследна знікае з вуліц горада. Каля былой 16-й школы яго замянілі на танную бетонную плітку. Расправіліся таксама з брукаванкай на вуліцы Камсамольскай.

Гранітныя сцены ператварыліся ў бетонныя

На YouTube-канале магілёўскага карыстальніка з нікам @chaschasov7994 з’явіўся ролік, зняты каля Магілёўскай Спецыяльнай школы №1 на вуліцы Мігая (былая 16-я школа). Параўноўваючы падпорную сцяну каля школы ў ранейшым выглядзе – у 2023 годзе і зараз, пасля яе рэканструкцыі, аўтар відэа адзначае – усе гранітныя блокі, з якіх калісьці складалася канструкцыя, былі замененыя на танныя і недалгавечныя бетонныя пліткі. 

Гранітныя блокі

Граніт Магілёў

Граніт – гэта вечны матэрыял, адзначае аўтар відэа. Для таго, каб ён працягваў служыць, дастаткова было проста перакласці падпорную сцяну ў адпаведнасці з тэхналогіяй. Але замест гэтага сцяну перарабілі цалкам, замяніўшы гранітныя блокі на танныя цэментныя пліты. У выніку каля 3 000 блокаў проста бясследна зніклі – падсумоўвае аўтар відэа.

Гісторыя паўтараецца

Гэта ўжо не першае знікненне гранітных блокаў у Магілёве. У 2023 годзе праходзіла рэканструкцыя ў цэнтры горада, і падчас яе беззваротна была знішчаная брукаванка на вуліцы Камсамольскай. Прычым падчас работ на гэтай вуліцы былі парушаныя нормы ахоўнага заканадаўства – заявілі спецыялісты Беларускай Акадэміі навук.

Брукаванка Магілёў
Рэшткі даваеннай брукаванкі на вуліцы Камсамольскай у Магілёве падчас рэканструкцыі дарогі ў 2023 годзе

Гісторыкі мяркуюць, што гранітныя блокі як з падпорнай сцяны каля школы, так і з вуліцы Камсамольскай з’явіліся ў Магілёве незадоўга да Другой Сусветнай вайны – калі ў горад планавалася перанесці сталіцу Беларусі. Тады ў Магілёве была пакладзеная новая брукаванка, але ў 1950-х гадах яе паступова пачалі мяняць на асфальт. Гранітныя блокі, з якіх будавалася брукаванка, выкарыстоўвалі ў іншых канструкцыях па ўсім горадзе, у тым ліку падчас узвядзення падпорных сцен.

Раней, такім чынам, каштоўны будаўнічы матэрыял занава выкарыстоўвалі ў горадзе. Цяпер жа ён проста знікае – і пакуль невядома, гэта быў наўмысны крадзёж, ці безгаспадарлівасць.

Фота: mogilev.media