Танк у Магілёве вяртаюць на гістарычнае месца

Знікненне танка Т-34-85 з пляцоўкі на вуліцы Якубоўскага выклікала актыўнае абмеркаванне ў магілёўскіх сацыяльных сетках. Многія гараджане звярнулі ўвагу на дэмантаж баявой машыны і пачалі будаваць здагадкі пра яе далейшы лёс. Падстаў для турбот, як высветлілася, няма. Гарадскія ўлады паведамілі, што танк адпраўлены на рэстаўрацыю і пасля завяршэння работ зноў стане часткай гарадской прасторы.

Першапачаткова афіцыйны тэлеграм-канал гарвыканкама паведаміў толькі пра рэстаўрацыю помніка, не ўдакладніўшы месца яго будучай устаноўкі. Аднак менавіта гэтая недагаворанасць стала прычынай шматлікіх чутак. У каментарыях жыхары горада выказалі здагадку, што танк можа з’явіцца на новым кальцы каля гандлёвага цэнтра «Перакрыжаванне», дзе цяпер працягваюцца будаўнічыя работы.

Неўзабаве гэтыя здагадкі атрымалі афіцыйнае пацвярджэнне.

Намеснік дырэктара ДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Магілёва» Андрэй Сухараў пацвердзіў, што пастамент з танкам сапраўды будзе ўсталяваны на новым кальцы. Такім чынам, горад фактычна вяртае помнік на месца, з якім звязана важная частка яго гісторыі.

Для старэйшага пакалення магілёўцаў гэтая навіна мае асаблівае значэнне. Да сярэдзіны 1980-х гадоў на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў знаходзілася плошча Перамогі. Менавіта там быў усталяваны танк Т-34, які стаў адным з самых пазнавальных сімвалаў горада. Пасля маштабнай рэканструкцыі транспартнай схемы плошча знікла з карты, а помнік быў перанесены на вуліцу Якубоўскага.

Цяпер гісторыя нібыта робіць поўнае кола. Вяртанне танка на ранейшае месца прымусіла многіх гараджан задумацца пра тое, ці не стане гэта першым крокам да адраджэння самой плошчы Перамогі. Пакуль афіцыйных заяў на гэты конт не прагучала, аднак сам выбар месца выглядае вельмі сімвалічным.

На сённяшні дзень можна казаць пра некалькі фактаў:

  • танк Т-34 быў дэмантаваны для правядзення рэстаўрацыйных работ;
  • пасля рэстаўрацыі помнік усталююць на новым кальцы каля ГЦ «Перакрыжаванне»;
  • месца ўстаноўкі супадае з тэрыторыяй былой плошчы Перамогі;
  • афіцыйных рашэнняў пра аднаўленне гістарычнай назвы пакуль не абвешчана.

Вяртанне помніка можа стаць не толькі элементам добраўпарадкавання, але і важным напамінам пра гарадскую гісторыю. Для многіх жыхароў танк звязаны не столькі з ваеннай тэхнікай, колькі з вобразам Магілёва другой паловы ХХ стагоддзя, калі плошча Перамогі заставалася адной з найбольш вядомых гарадскіх лакацый.

Нават калі гістарычная назва афіцыйна не вернецца на карту горада, устаноўка адрэстаўраванага танка на ранейшым месцы ўжо стане прыкметнай сімвалічнай падзеяй. А дыскусія, якая разгарнулася ў сацыяльных сетках, паказвае, што памяць пра старую плошчу Перамогі ў Магілёве па-ранейшаму жыве. Як і працэс мілітарызацыі сучаснага беларускага грамадства.

Фота  mogilev.in

Калісьці ў Магілёве было некалькі «Бульбяных»

Партал «Наша Ніва» распавёў пра тое, што калісьці ў кожным буйным горадзе Беларусі працавалі ўстановы, якія гатавалі выключна стравы з бульбы і падкрэслена выкарыстоўвалі нацыянальны каларыт.

Свае «Бульбяныя» былі і ў Магілёве. Адна з іх размяшчалася ў «доме чыгуначнікаў» па праспекце Міру, 25.

Кафэ працавала з сярэдзіны 1960-х гадоў, гэта значыць з’явілася раней за гасцініцу «Магілёў», пабудаваную ў 1972 годзе.

Сёння там працуе фірмовая крама Магілёўскага мясакамбіната.

А ў 1976 годзе яшчэ адна «Бульбяная» адкрылася ў новым жылым раёне Магілёва. Кафэ плошчай 123 квадратныя метры магло адначасова прыняць 54 чалавекі і знаходзілася на вуліцы Народнага апалчэння, 20. Сёння ў гэтым памяшканні размяшчаюцца прадуктовыя і адзежныя крамы.

Стаўленне да ўстаноў такога тыпу і цяпер застаецца неадназначным: з’яўленне ў Мінску «Дранічнай № 1» выклікала хвалю абурэння. Беларусы ўбачылі ў канцэпцыі кафэ савецкую настальгію і гламурныя вобразы маскоўскіх «Патрыкаў».

Фота «Наша Ніва».

У Магілёве бясследна зніклі тры тысячы гранітных блокаў

Дэкаратыўнае пакрыццё, якім дзесяцігоддзямі карысталіся магілёўскія будаўнікі, бясследна знікае з вуліц горада. Каля былой 16-й школы яго замянілі на танную бетонную плітку. Расправіліся таксама з брукаванкай на вуліцы Камсамольскай.

Гранітныя сцены ператварыліся ў бетонныя

На YouTube-канале магілёўскага карыстальніка з нікам @chaschasov7994 з’явіўся ролік, зняты каля Магілёўскай Спецыяльнай школы №1 на вуліцы Мігая (былая 16-я школа). Параўноўваючы падпорную сцяну каля школы ў ранейшым выглядзе – у 2023 годзе і зараз, пасля яе рэканструкцыі, аўтар відэа адзначае – усе гранітныя блокі, з якіх калісьці складалася канструкцыя, былі замененыя на танныя і недалгавечныя бетонныя пліткі. 

Гранітныя блокі

Граніт Магілёў

Граніт – гэта вечны матэрыял, адзначае аўтар відэа. Для таго, каб ён працягваў служыць, дастаткова было проста перакласці падпорную сцяну ў адпаведнасці з тэхналогіяй. Але замест гэтага сцяну перарабілі цалкам, замяніўшы гранітныя блокі на танныя цэментныя пліты. У выніку каля 3 000 блокаў проста бясследна зніклі – падсумоўвае аўтар відэа.

Гісторыя паўтараецца

Гэта ўжо не першае знікненне гранітных блокаў у Магілёве. У 2023 годзе праходзіла рэканструкцыя ў цэнтры горада, і падчас яе беззваротна была знішчаная брукаванка на вуліцы Камсамольскай. Прычым падчас работ на гэтай вуліцы былі парушаныя нормы ахоўнага заканадаўства – заявілі спецыялісты Беларускай Акадэміі навук.

Брукаванка Магілёў
Рэшткі даваеннай брукаванкі на вуліцы Камсамольскай у Магілёве падчас рэканструкцыі дарогі ў 2023 годзе

Гісторыкі мяркуюць, што гранітныя блокі як з падпорнай сцяны каля школы, так і з вуліцы Камсамольскай з’явіліся ў Магілёве незадоўга да Другой Сусветнай вайны – калі ў горад планавалася перанесці сталіцу Беларусі. Тады ў Магілёве была пакладзеная новая брукаванка, але ў 1950-х гадах яе паступова пачалі мяняць на асфальт. Гранітныя блокі, з якіх будавалася брукаванка, выкарыстоўвалі ў іншых канструкцыях па ўсім горадзе, у тым ліку падчас узвядзення падпорных сцен.

Раней, такім чынам, каштоўны будаўнічы матэрыял занава выкарыстоўвалі ў горадзе. Цяпер жа ён проста знікае – і пакуль невядома, гэта быў наўмысны крадзёж, ці безгаспадарлівасць.

Фота: mogilev.media