Танк у Магілёве вяртаюць на гістарычнае месца

Знікненне танка Т-34-85 з пляцоўкі на вуліцы Якубоўскага выклікала актыўнае абмеркаванне ў магілёўскіх сацыяльных сетках. Многія гараджане звярнулі ўвагу на дэмантаж баявой машыны і пачалі будаваць здагадкі пра яе далейшы лёс. Падстаў для турбот, як высветлілася, няма. Гарадскія ўлады паведамілі, што танк адпраўлены на рэстаўрацыю і пасля завяршэння работ зноў стане часткай гарадской прасторы.

Першапачаткова афіцыйны тэлеграм-канал гарвыканкама паведаміў толькі пра рэстаўрацыю помніка, не ўдакладніўшы месца яго будучай устаноўкі. Аднак менавіта гэтая недагаворанасць стала прычынай шматлікіх чутак. У каментарыях жыхары горада выказалі здагадку, што танк можа з’явіцца на новым кальцы каля гандлёвага цэнтра «Перакрыжаванне», дзе цяпер працягваюцца будаўнічыя работы.

Неўзабаве гэтыя здагадкі атрымалі афіцыйнае пацвярджэнне.

Намеснік дырэктара ДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Магілёва» Андрэй Сухараў пацвердзіў, што пастамент з танкам сапраўды будзе ўсталяваны на новым кальцы. Такім чынам, горад фактычна вяртае помнік на месца, з якім звязана важная частка яго гісторыі.

Для старэйшага пакалення магілёўцаў гэтая навіна мае асаблівае значэнне. Да сярэдзіны 1980-х гадоў на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў знаходзілася плошча Перамогі. Менавіта там быў усталяваны танк Т-34, які стаў адным з самых пазнавальных сімвалаў горада. Пасля маштабнай рэканструкцыі транспартнай схемы плошча знікла з карты, а помнік быў перанесены на вуліцу Якубоўскага.

Цяпер гісторыя нібыта робіць поўнае кола. Вяртанне танка на ранейшае месца прымусіла многіх гараджан задумацца пра тое, ці не стане гэта першым крокам да адраджэння самой плошчы Перамогі. Пакуль афіцыйных заяў на гэты конт не прагучала, аднак сам выбар месца выглядае вельмі сімвалічным.

На сённяшні дзень можна казаць пра некалькі фактаў:

  • танк Т-34 быў дэмантаваны для правядзення рэстаўрацыйных работ;
  • пасля рэстаўрацыі помнік усталююць на новым кальцы каля ГЦ «Перакрыжаванне»;
  • месца ўстаноўкі супадае з тэрыторыяй былой плошчы Перамогі;
  • афіцыйных рашэнняў пра аднаўленне гістарычнай назвы пакуль не абвешчана.

Вяртанне помніка можа стаць не толькі элементам добраўпарадкавання, але і важным напамінам пра гарадскую гісторыю. Для многіх жыхароў танк звязаны не столькі з ваеннай тэхнікай, колькі з вобразам Магілёва другой паловы ХХ стагоддзя, калі плошча Перамогі заставалася адной з найбольш вядомых гарадскіх лакацый.

Нават калі гістарычная назва афіцыйна не вернецца на карту горада, устаноўка адрэстаўраванага танка на ранейшым месцы ўжо стане прыкметнай сімвалічнай падзеяй. А дыскусія, якая разгарнулася ў сацыяльных сетках, паказвае, што памяць пра старую плошчу Перамогі ў Магілёве па-ранейшаму жыве. Як і працэс мілітарызацыі сучаснага беларускага грамадства.

Фота  mogilev.in

У Магілёве перакрываюць праспект Міра – наступае самая складаная фаза будаўніцтва кальцавой (шмат фота)

У ноч з 28 на 29 мая участак праспекта Міра ад універсітэта імя Куляшова і да кінатэатра “Кастрычнік” будзе цалкам перакрыты для транспарта прыкладна. З гэтага моманту пачнецца самая складаная фаза будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі ў Магілёве. На працягу прыкладна месяца немагчыма будзе дабрацца да мікрараёна “Спадарожнік” альбо Казіміраўкі, выехаць на Мінск звыклым маршрутам. Кіроўцам прыйдзецца рабіць аб’езд праз Дачны альбо па новым пуцеправодзе ад плошчы Касманаўтаў да абласной бальніцы.

Прычына – работы на новым транспартным кальцы і падземным пераходзе на скрыжаванні праспекта Міра з вуліцамі Касманаўтаў і Якубоўскага выйшлі ў “сэрца” скрыжавання. За месяц тут плануюць сфарміраваць бетонную аснову кальца і працягнуць падземны пераход. 

Усяго праект унутрыгарадской кальцавой падзелены на 23 чаргі, зараз работы вядуцца на 11-ай, а першыя чатыры ўжо рэалізаваныя і ўведзеныя ў эксплуатацыю – там арганізаваны рух. 

Вось як выглядае працэс будаўніцтва ў розных лакацыях – у раёне Дачнага пасёлка, на вуліцы Арлоўскага і іншых (увага, напрыканцы будзе рапсавае поле).

Не бойся цені
новы раён
будоўля
старыя гаражы
экскаватар
пуцеправод
мост
унутраная
кальцавая
дарога
пункт
рапсавае поле