Збор сродкаў абвешчаны на рэстаўрацыю Бабруйскай крэпасці

Пералічваць грошы на дабрачынны рахунак, адкрыты для рэстаўрацыі Бабруйскай крэпасці, заклікаюць мясцовыя ўлады.

У Бабруйску абвясцілі збор сродкаў на кансервацыю і рэстаўрацыю Бабруйскай крэпасці, якая без перабольшвання з’яўляецца адным з самых значных гістарычных помнікаў рэгіёна. Мясцовыя ўлады прапануюць жыхарам, прадпрыемствам і арганізацыям пералічваць грошы на спецыяльны дабрачынны рахунак, каб выратаваць ад разбурэння ўнікальны фартыфікацыйны комплекс.

Бабруйская крэпасць была ўзведзена ў першай палове ХІХ стагоддзя і лічыцца адным з найбуйнейшых помнікаў абарончага будаўніцтва ў Беларусі. Па маштабе яе часта параўноўваюць з Брэсцкай крэпасцю. 

Аднак значная частка збудаванняў знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе неадкладнай кансервацыі. Паводле спецыялістаў, у першую чаргу плануецца правесці работы на аб’ектах так званага трэцяга палігона. Асобна разглядаецца праект поўнага аднаўлення цэнтральнага горжавага рэдуіту, дзе ў будучыні могуць з’явіцца музейныя экспазіцыі. У перспектыве на базе крэпасці плануюць стварыць гісторыка-культурны музейны комплекс «Бабруйская крэпасць». 

Варта адзначыць, што крэпасць, якая мае статус помніка нацыянальнага значэння, гадамі патрабуе сістэмнай дзяржаўнай падтрымкі. Але замест таго, каб закласці неабходныя сродкі ў бюджэт, улады прапануюць збіраць грошы «ў складчыну», у той час як дзяржаўныя выдаткі традыцыйна ідуць на сілавыя структуры або на маштабныя афіцыйныя ўрачыстасці. Цяпер, відаць, грошы будуць збіраць дабраахвотна-прымусова на разнастайных суботніках ды і проста па разнарадцы.

Фотаздымак: Bobrlife

У Быхаве фрагменты замка адрэстаўруюць, а ў Княжыцах касцёл закансервуюць

Бег па замкнёным коле: улады Магілёўшчыны рухаюцца ад рэстаўрацыі да кансервацыі помнікаў нацыянальнай архітэктуры. Вынік – нуль.

Чыноўнікі Магілёўскай вобласці зноў загаварылі пра свае прыярытэты ў праграме аднаўлення абласных помнікаў архітэктуры ў новай пяцігодцы і чарговы раз агучылі свой спіс «жаданняў»:

  • працяг рэстаўрацыі аб’екта палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна; 
  • рэканструкцыя з кансервацыяй даху будынка «Былая казарма», які ўваходзіць у склад Бабруйскай крэпасці; 
  • кансервацыя касцёла Святога Мікалая ў Княжыцах; 
  • рэканструкцыя з рэстаўрацыяй дзвюх вежаў і кансервацыя фрагментаў замка Сапегі ў Быхаве.

Гэтыя абяцанні жыхары вобласці чуюць пастаянна: і пры «дыктатуры» Уладзіміра Даманеўскага, і ў гады «адлігі» Пятра Рудніка, і ў «эпоху адраджэння» Леаніда Зайца. Вынік заўсёды быў адзін і той жа: помнікі архітэктуры вобласці ператвараліся ў фрагменты, затым – у руіны, а «рэстаўратары-кансерватары» змянялі адзін аднаго. Падаецца, што разлічваць на «срэбны век» Анатоля Ісачанкі асабліва няма чаму, бо, напрыклад, у Быхаве ўжо самі руіны патрабуюць рэканструкцыі.

Фота з адкрытых крыніц.

Рэстаўратары раскрылі таямніцу магілёўскай іконы

Адкрыццё, зробленае рэстаўратарамі Нацыянальнага мастацкага музея пры працы над магілёўскай іконай, змяняе ўяўленне пра беларускую школу іканапісу.

Пры рэстаўрацыі іконы «Багародзіца Адзігітрыя Магілёўская» з фондаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь зрабілі важнае адкрыццё. Пад верхнім слоем фарбы было выяўлена больш ранняе, якое адносіцца да першай паловы XVII стагоддзя, пісьмо.

Ачыстка адваротнага боку іконы прывяла да іншага адкрыцця – праступілі надпісы, якія ўказваюць на паходжанне вобраза са знакамітай магілёўскай Барыса-Глебскай царквы і раскрываюць яго сапраўдную назву – «Багародзіца Казанская».

Гэтае адкрыццё змяняе ўяўленне пра гісторыю беларускага іканапісу.

Зараз ікону рыхтуюць да прэзентацыі ў Мінску, а потым яна вернецца ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Магілёве бясследна зніклі тры тысячы гранітных блокаў

Дэкаратыўнае пакрыццё, якім дзесяцігоддзямі карысталіся магілёўскія будаўнікі, бясследна знікае з вуліц горада. Каля былой 16-й школы яго замянілі на танную бетонную плітку. Расправіліся таксама з брукаванкай на вуліцы Камсамольскай.

Гранітныя сцены ператварыліся ў бетонныя

На YouTube-канале магілёўскага карыстальніка з нікам @chaschasov7994 з’явіўся ролік, зняты каля Магілёўскай Спецыяльнай школы №1 на вуліцы Мігая (былая 16-я школа). Параўноўваючы падпорную сцяну каля школы ў ранейшым выглядзе – у 2023 годзе і зараз, пасля яе рэканструкцыі, аўтар відэа адзначае – усе гранітныя блокі, з якіх калісьці складалася канструкцыя, былі замененыя на танныя і недалгавечныя бетонныя пліткі. 

Гранітныя блокі

Граніт Магілёў

Граніт – гэта вечны матэрыял, адзначае аўтар відэа. Для таго, каб ён працягваў служыць, дастаткова было проста перакласці падпорную сцяну ў адпаведнасці з тэхналогіяй. Але замест гэтага сцяну перарабілі цалкам, замяніўшы гранітныя блокі на танныя цэментныя пліты. У выніку каля 3 000 блокаў проста бясследна зніклі – падсумоўвае аўтар відэа.

Гісторыя паўтараецца

Гэта ўжо не першае знікненне гранітных блокаў у Магілёве. У 2023 годзе праходзіла рэканструкцыя ў цэнтры горада, і падчас яе беззваротна была знішчаная брукаванка на вуліцы Камсамольскай. Прычым падчас работ на гэтай вуліцы былі парушаныя нормы ахоўнага заканадаўства – заявілі спецыялісты Беларускай Акадэміі навук.

Брукаванка Магілёў
Рэшткі даваеннай брукаванкі на вуліцы Камсамольскай у Магілёве падчас рэканструкцыі дарогі ў 2023 годзе

Гісторыкі мяркуюць, што гранітныя блокі як з падпорнай сцяны каля школы, так і з вуліцы Камсамольскай з’явіліся ў Магілёве незадоўга да Другой Сусветнай вайны – калі ў горад планавалася перанесці сталіцу Беларусі. Тады ў Магілёве была пакладзеная новая брукаванка, але ў 1950-х гадах яе паступова пачалі мяняць на асфальт. Гранітныя блокі, з якіх будавалася брукаванка, выкарыстоўвалі ў іншых канструкцыях па ўсім горадзе, у тым ліку падчас узвядзення падпорных сцен.

Раней, такім чынам, каштоўны будаўнічы матэрыял занава выкарыстоўвалі ў горадзе. Цяпер жа ён проста знікае – і пакуль невядома, гэта быў наўмысны крадзёж, ці безгаспадарлівасць.

Фота: mogilev.media

Паглядзіце, як стылёва – у Бабруйску старажытныя дамы вызваляюць ад тынкоўкі

У Бабруйску працягваецца тэндэнцыя аднаўлення гістарычнага аблічча будынкаў: з фасадаў старой забудовы здымаюць пласт штукатуркі, адкрываючы арыгінальную цагляную кладку.​

Ачышчэнне фасадаў: вяртанне да вытокаў

На плошчы Перамогі, насупраць танка-монумента, з двухпавярховых дамоў часткова была змыта штукатурка. Другі паверх цяпер выглядае, як сто гадоў таму, з насычаным чырвона-цагляным колерам, які мастакі называюць «сіенна».​
тынкоўка

Цікава, што ачышчэнне фасадаў адбываецца фрагментарна, не цалкам. Гэта надае будынкам асаблівы шарм і падкрэслівае іх гістарычную каштоўнасць.​

Іншыя прыклады аднаўлення

Гэта не адзіны прыклад вяртання старых фасадаў да першапачатковага выгляду за апошнія некалькі гадоў. Напрыклад, часткова ачышчаны фасад яслей-саду № 42 на вуліцы Пушкіна, 116. Таксама частка фасада дома па вуліцы К. Лібкнехта, 35 была вызвалена ад штукатуркі падчас падрыхтоўкі да адкрыцця кафэ «Голден».​

Гэтыя дзеянні сведчаць пра імкненне захаваць і падкрэсліць гістарычную спадчыну Бабруйска, вяртаючы будынкам іх аўтэнтычны выгляд.

Фасады Бабруйска