У Бабруйскай крэпасці запланавана будаўніцтва новага мікрараёна

У Бабруйску заканчваецца грамадскае абмеркаванне праекта мікрараёна на тэрыторыі крэпасці.

Праект распрацаваны УП «БелНДІгорадабудаўніцтва» і закліканы вырашыць дзве асноўныя задачы. Гэта – захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і інтэграцыя цэнтральнай часткі горада ў сучаснае эканамічнае жыццё. Гаворка ідзе пра тэрыторыю каля 490 гектараў у межах цэнтральных вуліц і ракі Бярэзіны. Рэалізацыю плануюць у два этапы: да 2030 года і з завяршэннем у 2040-м.

Асноўныя змены закрануць тэрыторыю крэпасці, якая доўгі час заставалася амаль неасвоенай. Праект прадугледжвае яе падзел на тры зоны – жылую, грамадска-дзелавую і рэкрэацыйную. Найбольшую частку зойме зялёная зона, але значная ўвага надаецца і жылой забудове, адзначае komkur.info.

У межах крэпасці плануюць узвесці кварталы з чатырох- і пяціпавярховымі дамамі, а таксама аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Новая забудова будзе суседнічаць з адрэстаўраванымі гістарычнымі будынкамі, пры гэтым архітэктура сучасных дамоў павінна гарманічна спалучацца з гістарычным асяроддзем.

Праект таксама прадугледжвае прыцягненне інвестараў, якія змогуць удзельнічаць не толькі ў будаўніцтве, але і ў рэстаўрацыі аб’ектаў спадчыны. Усяго вылучана 13 зон для магчымай інвестыцыйнай дзейнасці.

Акрамя крэпасці, змены закрануць і іншыя часткі цэнтра. У прыватнасці, плануецца пашырыць пешаходную зону на вуліцы Сацыялістычнай. Транспартны рух там могуць абмежаваць на ўчастку больш за адзін кіламетр.

Праект таксама ўлічвае рызыкі падтапленняў: у паўночнай частцы тэрыторыі запланавана будаўніцтва ахоўнай дамбы ўздоўж Бярэзіны.

Грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца да 25 сакавіка.

Фотаздымак: komkur.info

Збор сродкаў абвешчаны на рэстаўрацыю Бабруйскай крэпасці

Пералічваць грошы на дабрачынны рахунак, адкрыты для рэстаўрацыі Бабруйскай крэпасці, заклікаюць мясцовыя ўлады.

У Бабруйску абвясцілі збор сродкаў на кансервацыю і рэстаўрацыю Бабруйскай крэпасці, якая без перабольшвання з’яўляецца адным з самых значных гістарычных помнікаў рэгіёна. Мясцовыя ўлады прапануюць жыхарам, прадпрыемствам і арганізацыям пералічваць грошы на спецыяльны дабрачынны рахунак, каб выратаваць ад разбурэння ўнікальны фартыфікацыйны комплекс.

Бабруйская крэпасць была ўзведзена ў першай палове ХІХ стагоддзя і лічыцца адным з найбуйнейшых помнікаў абарончага будаўніцтва ў Беларусі. Па маштабе яе часта параўноўваюць з Брэсцкай крэпасцю. 

Аднак значная частка збудаванняў знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе неадкладнай кансервацыі. Паводле спецыялістаў, у першую чаргу плануецца правесці работы на аб’ектах так званага трэцяга палігона. Асобна разглядаецца праект поўнага аднаўлення цэнтральнага горжавага рэдуіту, дзе ў будучыні могуць з’явіцца музейныя экспазіцыі. У перспектыве на базе крэпасці плануюць стварыць гісторыка-культурны музейны комплекс «Бабруйская крэпасць». 

Варта адзначыць, што крэпасць, якая мае статус помніка нацыянальнага значэння, гадамі патрабуе сістэмнай дзяржаўнай падтрымкі. Але замест таго, каб закласці неабходныя сродкі ў бюджэт, улады прапануюць збіраць грошы «ў складчыну», у той час як дзяржаўныя выдаткі традыцыйна ідуць на сілавыя структуры або на маштабныя афіцыйныя ўрачыстасці. Цяпер, відаць, грошы будуць збіраць дабраахвотна-прымусова на разнастайных суботніках ды і проста па разнарадцы.

Фотаздымак: Bobrlife