Будаўніцтва ўнутрыгарадской магістралі ў Магілёве пад пагрозай адмены?

Магілёўскія ўлады прапануюць гараджанам падумаць, што лепей – адмяніць будаўніцтва ўнутрыгарадскога кальца альбо не адмяняць.

“Існуючая забудова горада Магілёва сфарміравалася такім чынам, што транспартная сувязь паміж мікрараёнамі ажыццяўляецца праз цэнтральную частку горада. Па гэтай прычыне дзеючая ў цяперашні час дарожная сетка не дазваляе забяспечыць бесперашкодны рух аўтамабільнага транспарту, што цягне за сабой узнікненні транспартных затораў як на асноўных магістралях агульнагарадскога значэння, так і на другарадных вуліцах”, – паведамляе Магілёўскі гарвыканкам, інфармуючы грамадзян аб грамадскім абмеркаванні будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі.

Унутрыгарадская магістраль, паводле Генеральнага плана развіцця Магілёва ад 20 красавіка 2017 года, заклікана забяспечыць зняцце часткі транзітнага руху праз цэнтр, што дазволіць разгрузіць рух па праспекце Міру. Аднак, як прызнаюць гарадскія ўлады, з-за вялікіх аб’ёмаў работ, складанасцяў узвядзення штучных збудаванняў, зносу жылых будынкаў, прамысловых збудаванняў і значных аб’ёмаў капітальных укладанняў, будаўніцтва аб’екта мяркуецца ажыццявіць у 22 чэргі.

Таму Магілёўскі гарвыканкам просіць магілёўцаў абраць адзін з варыянтаў далейшага развіцця сітуацыі з унутрыгарадской магістраллю. Першы, як і раней прадугледжвае будаўніцтва ўнутрыгарадскай кальцавой магістралі, якая дазволіць разгрузіць цэнтр горада, паменшыўшы транспартны паток, у тым ліку праз гістарычны цэнтр. 

“Новая магістраль злучыць ключавыя раёны горада, забяспечваючы хуткі доступ, знізіць колькасць коркаў, асабліва ў гадзіны «пік», павысіць бяспеку руху за кошт падзелу патокаў, а таксама створыць новыя магчымасці для забудовы, добраўпарадкавання і прыцягнення інвестыцый. Рэалізацыя праекта дазволіць знізіць уздзеянне на навакольнае асяроддзе ў частцы скарачэння колькасці выкіданых забруджвальных рэчываў за кошт скарачэння часу праезду аўтатранспарту ад перасячэння вул. Каралёва з праспекта Міра да вул. Касманаўтаў”, – гаворыцца ў абвестцы аб грамадскім абмеркаванні.

Другі варыянт – гэта адмова ад запланаванага будаўніцтва. “У выпадку адмовы ад рэалізацыі праектных рашэнняў станоўчымі фактарам будзе адсутнасць адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў частцы выдалення аб’ектаў расліннага свету, адукацыі адходаў, шумавога ўздзеяння”, – тлумачаць улады.

Грамадскае абмеркаванне, пачатае 19 чэрвеня, будзе цягнуцца да 19 ліпеня 2026 года. 

Фотаздымак: masheka.by

Улады Магілёва пачалі абмеркаванне будаўніцтва дома, але абмяркоўваць няма чаго

У Магілёве абвясцілі абмеркаванне будаўніцтва 10-павярхоўкі. Але спасылка на абмеркаванне вядзе ў нікуды.

У Магілёве ў раёне дома №40А па вуліцы Лазарэнкі плануюць пабудаваць новы дзесяціпавярховы жылы дом. У ім хочуць размясціць 72 кватэры, а на першым паверсе прадугледзець убудаваныя памяшканні. Таксама праект прадугледжвае добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Для будаўніцтва новай высоткі збіраюцца знесці прыватныя жылыя дамы №38 і №38А па вуліцы Лазарэнкі.

Грамадскае абмеркаванне праекта, паводле інфармацыі друкаванага органа аблвыканкама, павінна прайсці з 6 па 20 мая.

Але ў гэтай гісторыі ёсць важная дэталь: спасылка на сайце MogilevNEWS.by, якая павінна весці да абмеркавання вядзе ў нікуды – яна бітая.

Гэта не дробязь, калі гаворка ідзе пра грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта.

Для жыхароў раёна важна разумець, што менавіта збіраюцца будаваць побач з іх дамамі: дзе будзе размешчаны новы дом, як зменіцца рух, што будзе з паркоўкамі, дварамі, зялёнымі зонамі, нагрузкай на інфраструктуру. Асабліва калі пад будаўніцтва плануюць знесці існуючыя прыватныя дамы.

Фармальна ўлады абвясцілі абмеркаванне. Фармальна афіцыйны рэсурс паведаміў пра яго. Фармальна спасылка ў публікацыі таксама ёсць. Але фактычна магілёвец, які хоча даведацца падрабязнасці і прыняць удзел, сутыкаецца з непрацоўным адрасам.

Дзяржаўныя і афіцыйныя рэсурсы ў апошнія тыдні актыўна асвятлялі падрыхтоўку да святочных мерапрыемстваў і парадаў. І, здаецца, выдыхліся ад перамогабесся.

Цяпер, замест сапраўды важнага дыялогу з людзьмі, магілёўскія чыноўнікі імітуюць іх удзел у абмеркаванні.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

У Бабруйскай крэпасці запланавана будаўніцтва новага мікрараёна

У Бабруйску заканчваецца грамадскае абмеркаванне праекта мікрараёна на тэрыторыі крэпасці.

Праект распрацаваны УП «БелНДІгорадабудаўніцтва» і закліканы вырашыць дзве асноўныя задачы. Гэта – захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і інтэграцыя цэнтральнай часткі горада ў сучаснае эканамічнае жыццё. Гаворка ідзе пра тэрыторыю каля 490 гектараў у межах цэнтральных вуліц і ракі Бярэзіны. Рэалізацыю плануюць у два этапы: да 2030 года і з завяршэннем у 2040-м.

Асноўныя змены закрануць тэрыторыю крэпасці, якая доўгі час заставалася амаль неасвоенай. Праект прадугледжвае яе падзел на тры зоны – жылую, грамадска-дзелавую і рэкрэацыйную. Найбольшую частку зойме зялёная зона, але значная ўвага надаецца і жылой забудове, адзначае komkur.info.

У межах крэпасці плануюць узвесці кварталы з чатырох- і пяціпавярховымі дамамі, а таксама аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Новая забудова будзе суседнічаць з адрэстаўраванымі гістарычнымі будынкамі, пры гэтым архітэктура сучасных дамоў павінна гарманічна спалучацца з гістарычным асяроддзем.

Праект таксама прадугледжвае прыцягненне інвестараў, якія змогуць удзельнічаць не толькі ў будаўніцтве, але і ў рэстаўрацыі аб’ектаў спадчыны. Усяго вылучана 13 зон для магчымай інвестыцыйнай дзейнасці.

Акрамя крэпасці, змены закрануць і іншыя часткі цэнтра. У прыватнасці, плануецца пашырыць пешаходную зону на вуліцы Сацыялістычнай. Транспартны рух там могуць абмежаваць на ўчастку больш за адзін кіламетр.

Праект таксама ўлічвае рызыкі падтапленняў: у паўночнай частцы тэрыторыі запланавана будаўніцтва ахоўнай дамбы ўздоўж Бярэзіны.

Грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца да 25 сакавіка.

Фотаздымак: komkur.info

Набярэжная на Бярэзіне: спрэчкі пра кавярню і маршрут

У Бабруйску прадстаўлены дэталёвы план праекта прыбярэжна-паркавай зоны каля санаторыя імя Леніна і гасцініцы «Турыст».

У гарвыканкаме прэзентавалі дэталёвы план развіцця тэрыторыі, распрацаваны БелНДІ горадабудаўніцтва, піша komkur.info. Пакуль дакумент вызначае толькі заніраванне: размяшчэнне набярэжнай, зялёных зон і аб’екта грамадскага харчавання на 150 месцаў каля спуску з вуліцы Сацыялістычнай побач з пляжам і валейбольнымі пляцоўкамі.

Менавіта кавярня ля вады выклікала найбольшыя спрэчкі. Гараджане і спецыялісты адзначылі, што ў цэнтральнай кропцы падыходу да ракі больш дарэчна захаваць рэкрэацыйную функцыю і прыродны ландшафт. Улады падкрэслілі, што гаворка ідзе пра зону грамадскага прызначэння.

Дыскусію выклікаў і маршрут набярэжнай. Паводле праекта, яна пройдзе ўздоўж кромкі берага, што, на думку ўдзельнікаў абмеркавання, скароціць плошчу пляжа і створыць рызыку падтаплення падчас паводак. У якасці альтэрнатывы прапанаваны верхні маршрут – за гасцініцай «Турыст», з агляднымі пляцоўкамі і захаваннем поймы.

Таксама абмяркоўвалася развіццё тэрыторыі да фандокаўскага моста з улікам будаўніцтва новай вяслярскай базы і магчымым стварэннем спартыўнай інфраструктуры.

Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 25 лютага. Будаўніцтва набярэжнай плануюць завяршыць да 2035 года.

Фотаздымак: komkur.info

Новы аўтацэнтр плануюць пабудаваць у Магілёве

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў аб грамадскім абмеркаванні што да будаўніцтва новага аўтасалона на праспекце Міру.

Новы будынак мусіць размясціцца паміж гандлёвымі цэнтрамі Sky Mall і «Калужскі». Яго агульная плошча будзе 2030 кв.м. Будынак прадугледжаны з панарамным шкленнем і будзе падзелены на дзве часткі – ў адной плануецца аўтасалон, а ў другой – СТА з мыйняй. 

Пабудаваць аўтацэнтр збіраюцца за паўгода – пачаць у траўні, а скончыць у лістападзе 2026 года.

Заказчык будаўніцтва новага аўтацэнтра ТАА “Аўтатраст”, якое здаўна мае аўтасалон на Пушкінскім праспекце ў Задняпроўі.

Грамадскае абмеркаванне, абвешчанае сёння, працягнецца да 19 лістапада 2025 года.

Фотаздымак: mogilev.gov.by

Царкву ў Пячэрскім лесапарку пабудуюць – так вырашыў горадабудаўнічы савет у Магілёве

У Магілёве высекуць частку ахоўнай тэрыторыі ў Пячэрскім лесапарку дзеля будаўніцтва царквы Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Такое рашэнне было прынята на горадабудаўнічым савеце Магілёўскага гарвыканкама.

Інфармацыю пра вынікі грамадскага абмеркавання праекта будаўніцтва царквы напісаў у папулярнай групе “Магілёў – горад, які быў…” у Facebook карыстальнік Сяргей Шышкоў. Паводле яго слоў, большасцю галасоў – 6 з 11 – на пасяджэнні горадабудаўнічага савета было прынята рашэнне аб пачатку будаўніцтва. 

“Віншую вас, з Пячэрскам у яго першапачатковым, першародным выглядзе можна развітацца” – эмацыйна пракаментаваў гэтую падзею карыстальнік – “У добраўпарадкаванні тэрыторыі горад не зацікаўлены. Зацікаўлены толькі ў інвестарах і будаўніцтве. Так што гэта толькі пачатак. Леса ў нас дастаткова. А вось мецаў для будаўніцтва не хапае”. 

Паводле слоў Сяргея Шышкова, на пасяджэнні горадабудаўнічага савета былі агучаныя лічбы – колькі гараджан выказаліся за будаўніцтва царквы, колькі супраць. Галасоў “за” аказаліся тысячы, тады як “супраць” налічылі ўсяго 180 подпісаў. “317 жа подпісаў толькі жыхароў бліжэйшых дамоў да ўліку прынятыя не былі” – заўважае карыстальнік. Вялікую колькасць галасоў за будаўніцтва царквы пацвярджае іншы ўдзельнік групы “Магілёў – горад, які быў…” Ігар Санташоў, каментуючы, што яшчэ з восені ва ўсіх магілёўскіх храмах збіралі подпісы за будаўніцтва царквы Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы.

Нагадаем, што на ахоўнай тэрыторыі Пячэрскага лесапарку плануюць узвесці храм, дом кліру, гаспадарчыя будынкі, дзіцячую пляцоўку і паркоўку. Дзеля гэтага частка лесапарку будзе знішчаная. 

Царква замест лесу: у Магілёве плануюць забудову часткі Пячэрскага лесапарку

У Магілёве грамадства ўсхвалявалася: ў Пячэрскім лесапарку хочуць высекчы частку ахоўнай тэрыторыі дзеля будаўніцтва новага царкоўнага комплексу. Праект ужо вынесены на грамадскае абмеркаванне, і выклікае спрэчкі паміж уладамі, жыхарамі і экалагічнымі актывістамі.

Што плануюць пабудаваць

На ахоўнай тэрыторыі Пячэрскага лесапарку плануюць узвесці храм Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы, дом кліру, гаспадарчыя будынкі, дзіцячую пляцоўку і паркоўку. Паводле праекта, тэрыторыя вакол будзе ўпарадкаваная, што, на думку распрацоўшчыкаў, павінна прыцягнуць турыстаў і палепшыць інфраструктуру.

Печерск церковь

Рэакцыя грамадскасці

Жыхары горада і экалагічныя актывісты негатыўна ўспрынялі навіну. Асноўная прэтэнзія – знішчэнне часткі ахоўнай зялёнай зоны, якая важная для экалогіі і адпачынку гараджан. Улічваючы агульнае скарачэнне зялёных тэрыторый у Магілёве, праект выклікаў хвалю абурэння.

Вось, напрыклад, як адрэагавалі ўдзельнікі самага папулярнага гарадскога пабліка на Facebook – суполкі “Магілёў – горад, які быў…”:

А вот и ещё одна плохая новость для Могилёва. Всё не знали как подойти к Печерску, но по итогу придумали! За счёт РПЦ! Начнут с “края” Печерска (да, это место ещё не полноценный Печерский лесопарк, а берёзовая рощица, но сути не меняет, ведь это шикарные природные места).” 

Парк должен быть парком. Для строительства храма можно найти другое место. В Могилеве уже не осталось настоящих скверов и парков. НА Подниколье настоящий парк будет еще не скоро, да, и добраться к нему сложно.”

Пячэрскі лесапарк
Месца меркаванага будаўніцтва царквы. Крыніца: Yandex.maps

“Вырубают все ,что только можно,везде. При этом сами селятся за городом,чтобы и птички,и бабочки,и деревья. Подниколье превратили в пустырь,выложенный плиткой-и всех уверяют,что стало необыкновенно красиво. Вы ещё вместо деревьев понаставьте пластиковые,в лампочках-и будет ЩАСТЕ,вот уж правда! Могилев-единственный город,где упорно и,надо заметить,успешно борются с парками. Ведь нет ни одного.”

Сярод заўваг ад грамадскасці гучыць таксама вельмі простае пытанне: навошта будаваць храм менавіта тут, калі недалёка ўжо знаходзіцца адна праваслаўная царква – Серафімаўская?

Афіцыйная пазіцыя

Улады заяўляюць, што новая забудова прынясе “сацыяльную і культурную каштоўнасць”, а страты прыроднага асяроддзя будуць мінімізаваныя. У рамках грамадскага абмеркавання кожны жадаючы можа выказаць свае заўвагі і прапановы.

Што гаворыць заканадаўства

Тэрыторыя, якая адводзіцца пад будаўніцтва, уваходзіць у ахоўную зону Пячэрскага лесапарка. Паводле заканадаўства, на ахоўных тэрыторыях будаўніцтва дазволенае, але забароненая вырубка дрэваў. Выглядае, што прадстаўнікі гарвыканкама, якія прымалі падобны праект да разгляду, сціпла замоўчваюць той факт, што запланаванае будаўніцтва можа прывесці да парушэння прыродаахоўнага заканадаўства.

Што далей

Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 9 мая. Канчатковае рашэнне будзе прынята пасля разгляду ўсіх заўваг.

З канцэпцыяй новай пабудовы можна пазнаёміцца тут.

Прыняць удзел у абмеркаванні – тут.