Мяняюць ахоўную зону манастыра ў Падміколлі – усё дзеля ажыўленай дарогі

Міністэрства культуры Беларусі пагадзілася на скарачэнне зоны аховы каля ўнікальнага магілёўскага гістарычнага помніка – комплекса манастыра з Мікалаеўскай царквой. Помнік, які ў свой час прэтэндаваў на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА як апошні прадстаўнік школы магілёўскага барока, цяпер будзе суседстваваць з чатырохпалоснай дарогай.

Навошта ў Падміколлі траса ажно на чатыры паласы – пакуль незразумела. Зацішная мясцовасць пакуль не трапіла ў планы пад маштабную разбудову. Тым не менш, праект, які нядаўна выносіўся на абмеркаванне ў Магілёўскім гарвыканкаме, прадугледжвае новую дарогу ад вуліцы Каралёва да Дзебры, паралельна з Падгорнай. А далей яна ў будучыні павінна будзе закальцавацца з існуючымі дарогамі ў Падмікольскім парку. І ўжо для наступнай пракладкі чатырохпалоснай трасы прыйшлося пацясніць зону аховы ўнікальнага гістарычнага помніка. 

Дзеля гэтага спатрэбіўся подпіс міністра культуры Чарнецкага, каб змяніць ахоўную зону, зацверджаную ў 2019 годзе, піша тэлеграм-канал “Спадчына”.

Фота з адкрытых крыніц

Царкву ў Пячэрскім лесапарку пабудуюць – так вырашыў горадабудаўнічы савет у Магілёве

У Магілёве высекуць частку ахоўнай тэрыторыі ў Пячэрскім лесапарку дзеля будаўніцтва царквы Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Такое рашэнне было прынята на горадабудаўнічым савеце Магілёўскага гарвыканкама.

Інфармацыю пра вынікі грамадскага абмеркавання праекта будаўніцтва царквы напісаў у папулярнай групе “Магілёў – горад, які быў…” у Facebook карыстальнік Сяргей Шышкоў. Паводле яго слоў, большасцю галасоў – 6 з 11 – на пасяджэнні горадабудаўнічага савета было прынята рашэнне аб пачатку будаўніцтва. 

“Віншую вас, з Пячэрскам у яго першапачатковым, першародным выглядзе можна развітацца” – эмацыйна пракаментаваў гэтую падзею карыстальнік – “У добраўпарадкаванні тэрыторыі горад не зацікаўлены. Зацікаўлены толькі ў інвестарах і будаўніцтве. Так што гэта толькі пачатак. Леса ў нас дастаткова. А вось мецаў для будаўніцтва не хапае”. 

Паводле слоў Сяргея Шышкова, на пасяджэнні горадабудаўнічага савета былі агучаныя лічбы – колькі гараджан выказаліся за будаўніцтва царквы, колькі супраць. Галасоў “за” аказаліся тысячы, тады як “супраць” налічылі ўсяго 180 подпісаў. “317 жа подпісаў толькі жыхароў бліжэйшых дамоў да ўліку прынятыя не былі” – заўважае карыстальнік. Вялікую колькасць галасоў за будаўніцтва царквы пацвярджае іншы ўдзельнік групы “Магілёў – горад, які быў…” Ігар Санташоў, каментуючы, што яшчэ з восені ва ўсіх магілёўскіх храмах збіралі подпісы за будаўніцтва царквы Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы.

Нагадаем, што на ахоўнай тэрыторыі Пячэрскага лесапарку плануюць узвесці храм, дом кліру, гаспадарчыя будынкі, дзіцячую пляцоўку і паркоўку. Дзеля гэтага частка лесапарку будзе знішчаная.