Мяняюць ахоўную зону манастыра ў Падміколлі – усё дзеля ажыўленай дарогі

Міністэрства культуры Беларусі пагадзілася на скарачэнне зоны аховы каля ўнікальнага магілёўскага гістарычнага помніка – комплекса манастыра з Мікалаеўскай царквой. Помнік, які ў свой час прэтэндаваў на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА як апошні прадстаўнік школы магілёўскага барока, цяпер будзе суседстваваць з чатырохпалоснай дарогай.

Навошта ў Падміколлі траса ажно на чатыры паласы – пакуль незразумела. Зацішная мясцовасць пакуль не трапіла ў планы пад маштабную разбудову. Тым не менш, праект, які нядаўна выносіўся на абмеркаванне ў Магілёўскім гарвыканкаме, прадугледжвае новую дарогу ад вуліцы Каралёва да Дзебры, паралельна з Падгорнай. А далей яна ў будучыні павінна будзе закальцавацца з існуючымі дарогамі ў Падмікольскім парку. І ўжо для наступнай пракладкі чатырохпалоснай трасы прыйшлося пацясніць зону аховы ўнікальнага гістарычнага помніка. 

Дзеля гэтага спатрэбіўся подпіс міністра культуры Чарнецкага, каб змяніць ахоўную зону, зацверджаную ў 2019 годзе, піша тэлеграм-канал “Спадчына”.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёў на «БелЭкспа»: у трэндзе – “Трафімава крыніца”

Магілёўшчына згуляла “джокерам” на выставе “БелЭкспа” – выставіла “Трафімаву крыніцу”, нібыта звязаную з дзедам Лукашэнкі.

Шмат цікавых экспанатаў можна было пабачыць на выставе ў міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Магілёўшчына актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемстве і дамаглася “глыбокага пагружэння ў багатую спадчыну, жывыя рамёствы і самабытную атмасферу народных традыцый”.

Сярод галоўных напрамкаў пагружэння – гістарычныя помнікі, што распавядаюць пра слаўнае мінулае рэгіёна.

Мабыць, галоўным экспанатам стаў макет, так званай, “Трафімавай крыніцы”.

Легенду пра дзеда Лукашэнкі, які, прадчуваючы з’яўленне геніяльнага ўнука, добраўпарадкаваў крыніцу, стварылі прапагандысты, выдаліўшы з біяграфіі шклоўскага самародка усе падазроныя факты і дадаўшы новыя. 

А вось стваральнікі макета забяспечылі яго дваістасным надпісам надпісам: “П’еш ваду – памятай пра крыніцу”.

Што яна павінна азначаць – нецяжка здагадацца. Маўляў, не забывай, да чаго дакранаешся.

Але трактаваць гэты заклік можна і словамі Алёнушкі, якая папярэджвае Іванушку пра тое, што той можа стаць казляняткам. І народная мудрасць пра калодзеж, у які плюнуць нельга, але вельмі хочацца, таксама дарэчы.

Фота: “Магілёскія ведамасці”

Рэйтынг артэфактаў: пра што новы падкаст “Усход – Захад”

Гісторык з Магілёва Аляксей Бацюкоў і краязнавец з Гродна Аляксей Шота прадставілі чарговую размову з параўнаннем культуры родных гарадоў. Гэтым разам гаворка зайшла пра самыя значныя артэфакты, якія можна сустрэць у Магілёве і Гродна. У цэнтры ўвагі аказаліся самыя старажытныя і важныя для гісторыі Беларусі рэчы: пліта з гербам Астафея Валовіча і Статут ВКЛ у Магілёве, гербавы картуш і старажытны гадзіннік у Гародні. Выпуск быў выкладзены на некалькіх платформах для падкастаў, а для вашай зручнасці яго можна цалкам паглядзець тут.


З’явіўся “Пашпарт вандроўніка па Беларусі”, Бабруйскі касцёл трапіў у топ-3 славутасцяў

У Беларусі пачалі выдаваць Пашпарт вандроўніка. Гэта невялікая, стылізаваная кніжачка, у якой пазначаны 65 лакацый па ўсёй Беларусі, дзе рэкамендуецца абавязкова пабываць. Наведвальнік мясціны атрымае налепку “быў – бачыў”, альбо “была – бачыла”, якой неабходна запячатаць патрэбную старонку. Кожная славутасць прафесійна праілюстраваная ў стылістыцы сярэдневяковых гравюр, а назвы падаюцца на беларускай мове і лацінкай. Наогул, праект такога пашпарта – гэта захапляльны квест – адзначаюць аўтары.
пашпарт вандроўніка па беларусі


Яны асобна падкрэсліваюць, што адна з іх мэтаў – гэта зацікавіць да наведвання невідавочных славутасцяў, якія могуць апынуцца ўбаку ад традыцыйных маршрутаў. “Гэтым летам, мы заклікаем вас паехаць… – і гэта не Мірскі замак” – кажуць яны ў дэманстрацыйным роліку і называюць свой топ славутасцяў, у якіх абавязкова трэба пабываць. На першым месцы – пасёлак Відзы, у якім знаходзіцца самы высокі касцёл у Беларусі. На другім месцы вёска Сар’я з неагатычным храмам, які стаў сімвалам каханню. Нумар тры – гэта “самы незвычайны пад’езд у Беларусі”. Так аўтары называюць шматпакутны касцёл у Бабруйску, да якога ў савецкія часы прыбудавалі хрушчоўку ў якасці новага фасада.
касцёл у Бабруйску

“Пашпарт вандроўніка” можна набыць за 47 рублёў у Мінску, альбо за 51 рубель – з дастаўкай па краіне. Ёсць нават опцыя каб замовіць яго з-за мяжы.
вандроўкі

Пакуль што незразумела, наколькі поўна прадстаўлена ў пашпарце Магілёўшчына, але дакладна вядома, што Мсціслава, напрыклад, у ім пакуль няма.

Фота: https://www.instagram.com/vander_groop/